Прыгоды з жыцця прыроды Adventures from the life of nature Вячаслаў Грамыка

Прыгоды з жыцця прыроды

Adventures from the life of nature
Вячаслаў Грамыка
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Беларусь
Памер: 263с.
Мінск 2003
105.27 МБ
VYACHESLAV GROMYKO
VYACHESLAV GROMYKO
ADVENTURES FROM THE LIFE OF NATURE
MIHCK
« БЕЛАРУСЬ»
2003
УДК 821.161.3-93
ББК84(4Бен)
Г76
Грамыка В.І.
Г76 Прыгоды з жыцця npbipoflbi=Adventures from the life of nature // Вячаслаў Грамыка. — Мн.: Беларусь, 2003. — 263 с.: іл.
ISBN 985-01-0431-7.
Кніга ў мастацкай форме апавядае пра жыццё дзікіх жывёл Беларусі рачных волатаў самоў, шэрых драпежнікаў ваўкоў і іншых — у іх натуральным асяроддзі, змяшчае шэраг цікавых замалёвак з натуры. Ілюстравана фотаздымкамі аўтара.
Для сярэдняга школьнага ўзросту.
УДК 821.161.3-93
ББК 84(4 Бен)
© Грамыка В.І., 2003
© Блінцоў А.П., мастацкае афармленне, 2003
© Афармленне. РУП «Выдавецтва
«Беларусь», 2003
ISBN 985-01-0431-7
СЛЯДАМІ ШЭРЫХ РАЗБОЙНІКАЎ
Ваўкі з’явіліся нечакана, хоць раней, у вайну, яны выходзілі з лясоў і ў пошуках ежы наведваліся на хутары і ў вёскі, каб напасці на хатнюю жывёлу. Яны амаль не баяліся людзей.
Памятаю, дзед расказваў, што неяк мой хросны бацька Кастусь Мазалевіч (быў ён тады яшчэ падлеткам), убачыўшы ваўка, які забег у статак авечак, падумаў, што гэта сабака. Ён не разумеў, чаму сабака ўхапіў і не хацеў адпускаць ад сябе авечку. Хлопчык, у якога пад рукамі нічога не было, здзёр з галавы шапку і што было моцы стаў біць ёй па звар’яцелым сабаку, затым схапіў авечку абедзвюма рукамі і прыцягнуў яе ў статак. Так і тузаліся яны — хлопчык і воўк, адзін — спрабуючы ўтрымаць авечку, другі — авалодаць лёгкай здабычай. На шчасце, своечасова падбеглі вяскоўцы, і воўк, пакінуўшы ахвяру і ашчэрваючыся, паціху пабег у лес.
Але з той пары прайшло больш дзесятка гадоў. Вясно' выя паводкавыя воды змылі грудкі, занеслі глеем ямы; аджылі лясныя і садовыя дрэвы. Жыццё ўжо ўвайшло ў звыклае рэчышча, са сваімі паўсядзённымі радасцямі і турботамі. Апошніх было, вядома, больш, але наша хутарское насельніцтва, што з дзяцінства прывыкла да працы, не скардзілася на свой нялёгкі лёс. Людзі з ранку да вечара рупліва працавалі ў полі, а астатак працяглага дня завіхаліся на прысядзібных участках, дзе раслі бульба і агуркі, морква і цыбуля.
I толькі зімою, калі маразы скоўвалі вільготную зямлю і яна, захінуўшыся ў снегавую коўдру, адпачывала, надараўся час перадыхнуць селяніну.
Зімовыя клопаты на калгасным двары ды нарыхтоўка дроў для сябе здаваліся яму лёгкай забаўкай. Пакарміць жа скаціну духмяным, сваімі рукамі нарыхтаваным сенам, падаіць карову ды палюбавацца ўласным парасём, якое падрастала ў хляве,— ці гэта не надае гаспадару настрою?
Міналі дні, месяцы. Гады незаўважна, але шпарка беглі адзін за другім. Некаторыя эпізоды з пражытага паступова сціраліся з памяці.
Забыліся хутаране і пра ваўкоў. Можа, не тое каб зусім забыліся, але паколькі ваўкі больш не нападалі на хатнюю жывёлу, дык і ўспаміналі пра іх рэдка.
Аднойчы зімовым познім вечарам мы як заўжды сядзелі за сталом, які змайстраваў бацька, ажаніўшыся і аддзяліўшыся ад сваёй радні.
Смачны пах вячэры прымусіў усіх успомніць, што ўжо заканчваўся перадкалядны пост і вечарам адзначалася куцця, а па звычках у такі вечар акрамя іншага небагатага ласунку на стол падавалася тоўчанае льняное семя з адваранай у мундзірах бульбай і кіслым малаком.
Пакуль маці завіхалася каля печы і накрывала на стол, бацька расказваў брату Жоржыку пра начныя выхадкі ваўкоў. Расказваў, як драпежнікі сустракалі ў полі адзінокіх людзей, якія заблыталіся ці проста позна вярталіся дадому, як суправаджалі іх да самых хат. Здараліся выпадкі і больш страшныя, калі галодныя ваўкі раздзіралі чалавека, пакідаючы ад яго толькі боты з адгрызенымі нагамі.
Мяне чамусьці асабліва ўразіла тое, што бацька казаў, нібы вочы ў ваўка ноччу свецяцца яркім святлом, як ліхтарыкі. Я звярнуў на гэта ўвагу, хоць быў яшчэ даволі малы і забаўляўся каля ложка са сваім любімым катом, кідаючы яму прывязаную да вяровачкі шпульку, а затым, адбіраючы яе, заліваўся нястрымным смехам, калі той стараўся ўхапіць яе лапкамі і не выпусціць. Але тым не менш я ўжо многае мог усвядоміць, відаць, была тая пара майго жыцця, калі ўсё ўбачанае і пачутае ў дзяцінстве надзейна застаецца ў памяці. Безумоўна, гэта так, бо я і цяпер даволі падрабязна памятаю многія эпізоды маленства, а наша хата, хутарскі двор, наваколле і цяпер уяўляюцца мне даволі выразна.
Дык вось, у той вечар, калі наша сям’я сабралася ў хаце і маці паклікала нас вячэраць, мне чамусьці захацелася пажартаваць.
— А вунь у акне два агеньчыкі бліснулі! — скасаў я.
Словы мае былі настолькі нечаканыя, што бацька перастаў есці і паглядзеў у акно. Але там ён нічога не ўбачыў, строга паглядзеў на мяне і зноў прыняўся за вячэру. Незразумела было, як успрынялі гэта астатнія, можа, падумалі, што жартую, а можа, палічылі, што мне падалося.
Але бываюць у жыцці супадзенні! А можа, чалавек проста прадчувае штосьці? Так гэта ці не, але праз некалькі хвілін на падвор’і гучна забрахаў наш сабака Рапко. Брэх быў нейкі незвычайны, больш моцны і ў той жа час якісьці баязлівы. Потым ён стаў яшчэ больш моцны, залівісты і раптам пачаў аддаляцца ў бок глыбокага Папелышовага рова.
Злёгку слабеючы, брэх звінеў і звінеў у марозным паветры і добра быў чутны нават у хаце.
Што гэта? Хто мог так устрывожыць сабаку? Ноч жа на дварэ. Усе людзі даўно ў хатах. Да бліжэйшага хутара ці не дзве вярсты...
Раптам брэх абарваўся. Было чутна, што там, на вуліцы, ідзе нейкая барацьба, сабака заенчыў, нібыта яго раздзіралі на часткі.
Бацька кінуўся на двор. За ім — брат і маці. Трохі пасядзеўшы, не апранаючыся і ведаючы, што атрымаю ад маці прачуханца, выбег на двор і я.
Сабака ўжо не енчыў так жудасна, як раней, ён брахаў, як мне здалося, упэўнена і пагрозліва.
Праз колькі часу да хаты вярталіся бацька, брат і маці.
— А ты чаго распрануты выскачыў? — убачыўшы мяне, пачала сварыцца маці,— Ану, марш у хату! Прастудзішся во. Зноў керхаць будзеш!
— Нічога, нічога. He крычы! — сказаў бацька,— Бачыш, ён і ваўка першы заўважыў. А мы тут сядзім, вушы развесілі — думалі, жартуе.
У руках ён трымаў вілы, брат жа нёс сякеру.
Ашаломлены, гледзячы на іх, я нічога не разумеў.
Яны ўвайшлі ў хату, упусцілі туды і сабаку.
Усе былі ўзрушаныя, я зразумеў, што здарылася нешта нечаканае і важнае. Тады я паверыў, што да хаты сапраўды прыходзіў воўк. Мабыць, зауважыўшы сабаку, ён паціху, каб не пачулі людзі, спрабаваў адцягнуць яго далей ад хаты, у равок. Сабака адбіваўся, але дзе яму было справіцца з вялікім мацёрым воўкам. I, вядома, воўк адолеў бы нашага Рапка, калі б своечасова бацька, брат і маці не выскачылі сабаку на падмогу. Убачыўшы людзей, воўк пакінуў яго, сігануў на процілеглы бок рова, падаўся за горку.
На гэтым начныя візіты ваўкоў не скончыліся. Праз колькі дзён ваўкі зноў ноччу з’явіліся ў наваколлі. Яны блукалі непадалёку ад нашага хутара, але блізка не падыходзілі.
А потым стала вядома, што на адным хутары, які быў далёка ад нашага, ваўкі забраліся ў хлеў і зарэзалі там адзіную авечку гаспадара. Іх спрыту і кемлівасці можна было толькі здзіўляцца.
Па вялізнай гурбе снегу ваўкі (адзін ці некалькі — невядома) забраліся на страху хлеўчука. Воўк разгроб у адным месцы саламяную страху, зрабіў у ёй акно, праз якое і трапіў у хлеў. Вядома, расправіцца з авечкай яму было няцяжка, але здзіўляла іншае — ніякіх іншых выхадаў з хлява не было, дзверы былі шчыльна зачынены, а ў хляве, тым не менш, не знайшлі ні касцей, ні поўсці. Выходзіць, воўк разам са здабычай выскачыў з хлява праз тую ж дзірку ў страсе. Здзіўляліся людзі: гэта ж трэба так высока скокнуць з такой цяжкай ношаю, ды так трапна.
Гаворачы пра шэрых лясных разбойнікаў, трэба адзначыць, што воўк — буйны і дужы драпежнік. У яго магутныя сківіцы, маланкавая рэакцыя. Па звярынай хітрасці ён не ўступае лісу. Невялікая зграя ваўкоў можа імгненна разадраць дарослага каня ці быка. За адну ноч шэсць-сем ваўкоў не пакінуць нічога ад вялікага каня, пад іх магут-
нымі ікламі трашчаць конскія рэбры, яны лёгка крышаць і буйныя трубчастыя косці.
Сіле і пражэрлівасці ваўка можна толькі здзіўляцца. Ён без цяжка^ці можа скакаць са здабычай велічынёй з казу, несучы яе папераменна то перад сабою, то закідваючы сабе на спіну. 3 незвычайнай лёгкасцю воўк ловіць зайцоў, даганяе і растрыбушвае лісіц. За адзін раз ён можа з’есці болып дзесяці кілаграмаў мяса, а ў год — да паўтары тоны. Праўда, часам воўк можа і доўга галадаць, напрыклад два тыдні нічога не есці. Па знешняму выгляду воўк нагадвае буйнога сабаку. У ваўка стройнае, даўжынёю больш за паўтара метра цела. Важыць ён да васьмідзесяці кілаграмаў. Афарбоўка дарослага ваўка вохрыста-рыжая з чарнаватым адценнем уздоўж спіны, бруха звычайна светла-шэрае. Але, бывае, сустракаюцца жоўта-рыжыя і, наадварот, даволі цёмныя ваўкі.
У нас ваўкі водзяцца паўсюдна. Насяляюць яны лясы, балоцістыя мясцовасці. Гэтыя драпежнікі сустракаюцца сярод палёў з пералескамі, але, як правіла, яны стараюцца жыць паблізу чалавечых паселішчаў. Ваўкі пастаянна наведваюцца да хлявоў з жывёлай, магільнікаў, сметнікаў. Яны не грэбуюць мярцвячынай. Вядома, найбольш нападаюць на хатнюю жывёлу. Але некаторыя воўчыя зграі, наадварот, жывуць пастаянна ў глухіх, цяжкадаступных мясцінах, у гушчарах, у глыбіні пушчаў і харчуюцца выключна дзікай жывёлай. Тым не менш ваўкі паядаюць таксама і раслінную ежу. Праўда, не часта. У такіх выпадках раслінная ежа не толькі замяняе ім жывёльны корм — маладыя пар'асткі траў і карэнне дрэў, насенне, ягады, плады неабходны ім як вітаміны.
Думаю, многім даводзілася назіраць за хворым сабакам. Дык вось, хворы сабака абавязкова шукае лекавыя травы і карэнні, так і воўк.
Гон, альбо шлюбная гульня, у ваўкоў доўгі, ён цягнецца са студзеня па сакавік. Да гэтай пары воўчыя зграі пачынаюць распадацца, паміж самцамі ідуць лютыя бойкі, якія заканчваюцца потым так званымі воўчымі «вяселлямі».
Пасля гону самец і самка робяць логава ў цяжкадаступным месцы: пад вываратнем дрэва, у якой шырокай нары, пад стромай. Цяжарнасць у самкі працягваецца крыху больш двух месяцаў. З’яўляюцца ваўчаняты на свет звычайна з сярэдзіны сакавіка да канца мая. Нараджаюцца яны сляпыя. У першыя дні ваўчыца практычна не адлучаецца ад іх, ежу ёй у гэты перыяд прыносіць самец. Бачыць ваўчаняты пачынаюць на адзінаццаты-дванаццаты дзень, ссуць ваўчыцу да трыццаці пяці — сарака дзён, але ўжо недзе на трыццаты дзень узросту бацькі пачынаюць падкормліваць іх мясам, а таксама сваёй паўператраўленай ежай, якую адрыгваюць у логаве.