Прыгоды з жыцця прыроды
Adventures from the life of nature
Вячаслаў Грамыка
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Беларусь
Памер: 263с.
Мінск 2003
Вальдшнэп — птушка пералётная. На радзіму вяртаецца вельмі рана, як з’яўляюцца першыя праталіны. У гэты час ён трымаецца пераважна змешаных лясоў, любіць невысокія альшанікі, сустракаецца ля пералескаў і дарог, каля лясных невялікіх рэчак, на шырокіх высечках і месцах былых пажарышчаў.
Яго шлюбная гульня, ці веснавы ток (цяга), праходзіць у паветры. Цяга пачынаецца вечарам, з захадам сонца... Толькі апусцілася за небасхіл яно, і адразу ж у сваіх аблюбаваных месцах па-над самымі вершалінамі дрэў адзін за адным пачынаюць праносіцца лёгкія цені. Гэта вальдшнэпы-самцы, падняўшыся нібы па камандзе, лёгка і плаўна ляцяць — «цягнуць» над лесам, выглядваючы ў яго абрысах самку-вальдшнэпіху.
— Цві-цві! Хур-хур... Цві-цві! Хур-хур... — чуюцца з розных канцоў іх шлюбныя воклічы.
Дык вось, звычайна бывае гэта ранняй вясною, калі з’яўляюцца першыя праталіны, першыя бурлівыя ручайкі. Мо таму так маляўніча і ўпісваецца цяга ў агульны вобраз вясны нашага лесу. Вясна ў лесе і цяга вальдшнэпа — успомніш адно з гэтых паняццяў, і адразу наплывае другое, нібы працяг чароўнай дзеі часу першага святла і квецені...
Але ў нашым выпадку, як ужо гаварылася, цвіў бурна чэрвень. Ды гэта не бянтэжыла кулікоў. Яны настойліва цягнуліся і цягнуліся нізка над выемкай векавога лесу, якую ўтварылі нізкія дрэўцы і кустоўе над лясной рачулкай.
Ляталі яны марудна, апусціўшы ўніз галовы, і ўсё ўглядаліся і шукалі самак.
Час ад часу яны ўступалі ў бойкі між сабой, якія працягваліся, праўда, нядоўга. Сапернікі зноў разляталіся ў poshed бакі. Некаторыя з іх на імгненне прыпыняліся, нібыта завісалі ў паветры, часта махаючы крыламі і нейкі час кружачыся на адным месцы. Затым зноў пікіравалі над вяршынямі дрэў і зноў павісалі ў паветры...
Вось дзесьці побач пачуўся лёгкі свіст. Штосьці цёмнае невысока адарвалася ад зямлі. Адзін з такавікоў тут жа кінуўся ўніз, і праз хвіліну абодва цені схаваліся на зямлі. Аднаму пашанцавала ўжо — самка сама падала яму знак і паклікала.
Цяга была да самай цемры. I нават калі ўжо на фоне начнога неба нельга было разгледзець сілуэты птушак, яшчэ доўга чуліся то з аднаго, то з другога боку рэдкія хорканні і цвіканні, якія сталі ў цішы больш выразныя.
Нават маіх сяброў, не спецыялістаў у галіне экалогіі ці арніталогіі, вячэрняя цяга вальдшнэпаў глыбока ўразіла. Яны з захапленнем дзяліліся сваімі пачуццямі і распытвалі ў мяне пра жыццё гэтых таямнічых птушак, якіх да гэтага, аказваецца, не бачылі.
Мы між тым спяшаліся да поўначы паспець да развалін замка графа Тышкевіча, які знаходзіўся кіламетрах у васьмі ад месца нашай стаянкі. Я запэўніваў хлопцаў, што па начах па развалінах замка ходзіць прывід. Ён паднімаецца на другі паверх, і ў ясную летнюю ноч яго можна добра разгледзець. I хоць яны не асабліва верылі гэтаму, але вырашылі пайсці.
Гэты замак знаходзіцца ў тым месцы, дзе Іслач становіцца больш шырокай і паўнаводнай, і стаіць ён на яе ўзвышаным беразе, на шырокім прасторным месцы, абсаджаным рэдкімі векавымі дубамі.
У пару студэнцкай практыкі мы часта наведваліся сюды і ўначы і'днём. Гэта было магутнае збудаванне ў два паверхі з шырокімі цаглянымі сценамі, на якіх паабсыпалася тынкоўка, дзе-нідзе пакрышылася і цэгла, і толыз раствор, якім замуроўвалася цаглянае збудаванне, стаяў ні ў адным месцы не крануты. Раствор быў цвёрды і моцны, і здавалася, што ён будзе стаяць вечна.
Да цяперашняй пары ніхто не ведае сакрэту гэтага раствору. Яго аналагі, зробленыя ў наш час, не могуць з ім параўнацца. Дзіўна, як маглі зрабіць усё гэта людзі ў той час, калі не было сённяшніх будаўнічых матэрыялаў, фарбаў і іншых хімічных рэчываў, тэхнікі, ды яшчэ ў такой глыбінцы, куды дабрацца вельмі цяжка. А трэба ж было гэта ўсё завезці сюды, спраектаваць, прыгатаваць на месцы вялізныя аб’ёмы будаўнічага раствору, ды не абы-якога. Стаіць замак і цяпер, уражваючы і здзіўляючы нас, быццам для гэтага толькі і пабудаваны ў лясной глухамані. Дакладна вядома толькі адно — у састаў раствору ўваходзілі курыныя яйкі, якія збіралі ў час будаўніцтва па ўсёй акрузе.
Ды не для нашчацкаў, не для таго, каб яны здзіўляліся, вядома, будаваўся гэты замак. Знаходзячыся ў самай глушы багатай дзікай жывёлай Налібоцкай пушчы, ён быў месцам гульбішчаў графа Тышкевіча і ягонай світы. Грымелі тут у тыя часы пышныя панскія паляванні. Звера ў тую пару тут хапала. Пасля палявання графская кампанія да позняй ночы весялілася ў прасторных пакоях. Толькі для гэтых некалькіх дзён на год і будаваўся магутны замак.
Час прайшоў, пра замак забыліся, ды і цяпер, бадай, мала хто ведае аб ім. Хіба што жыхары маленькіх вёсачак гэтага краю.
Паступова згнілі страха і кроквы. Дашчэнту развалілася столь, і толькі непарушныя сцены з невялікімі аканіцамі ды перакрыцце другога паверха, якое больш-менш захавалася, сіратліва стаялі на прасторным калісьці пятачку. Замак зарос вакол высокай заслонай разнатраўя. Дзе-нідзе захаваліся і рэшткі некалі роўнай і дагледжанай жывой агароджы, ды тры магутныя цагляныя слупы брамы пры ўездзе падказваюць месца параднага пад’езда.
У начной цішы, пры лёгкім месячным бляску, замак уражвае таямнічасцю і невядомасцю. I нейкі страх прабягаў міжволі па целе, калі мы часам падыходзілі сюды ноччу і, схаваўшыся непадалёку ў кустах, ціхенька выглядвалі з надзеяй убачыць прывід.
I на гэты раз, калі мы ўтрох — дужыя маладыя хлопцы — падыходзілі бліжэй да таямнічай пабудовы, лёгкія дрыжыкі прабягалі па целе. I калі раптам гучна і нечакана залапатала ў некалькіх кроках ад нас на лясной дарозе спуджаная начная птушка, мы ўтрапёна застылі, нібы акамянелі, і толькі праз некалькі хвілін адышлі ад утрапення.
Тым не менш падыходзіць бліжэй да замка жадання ўжо не было ні ў кога. Пасядзеўшы з паўгадзіны на ўзлеску і пазіраючы на маўклівыя муры, якія выразна вымалёўваліся ў срэбным зіхаценні месячнага святла, вырашылі вяртацца. На гэты раз здань не прыйшла, а чакаць больш ніхто не хацеў.
I толькі па дарозе ўжо да стаянкі я расказаў, што здань, якая з’яўляецца ў замку, зусім не выдумка, бо бачыць яе калі-нікалі ўсё-такі сапраўды можна. Мясцовыя жыхары з вёсачкі Рудня расказвалі мне, што побач з іх вёскай жыве адзінокі стары. Ніхто не ведае, колькі яму гадоў, бо перажыў ён усіх родзічаў даўно, але быў яшчэ рухавы, ды быццам з галавою ў яго было трохі не ў парадку. Трымаўся ён стрымана, адзінока, пазбягаў сустрэчы з вяскоўцамі, больш або адлежваўся, зачыніўшыся ў хаце, або блукаў па лесе, збіраючы грыбы, ягады, a то і зусім без патрэбы бадзяўся.
Дык вось мне казалі, што дзядок гэты быў калісьці дварэцкім графа Тышкевіча. Ён глядзеў за парадкам, прымаў у замку гасцей, падаваў ім на званыя вячэры багатыя і смачныя стравы. Жылося дварэцкаму, што і казаць, някепска. Асабліва па тым часе, мо таму і памяшаўся крыху, страціўшы ласы кавалак з прыходам Саветаў. I калі ў чарговы раз успаміны не давалі яму спакою, дык ён уставаў апоўначы і прыходзіў да развалін старога замка. Моўчкі хадзіў па рэштках колішніх раскошных пакояў, паднімаўся на другі паверх, і на нейкі час яму здавалася, што ён ізноў
ходзіць то па пакоях, то па кухні, падае сваім гаспадарам пачастункі.
I калі надаралася выпадкова каму-небудзь пабыць ля замка менавіта ў таід час, то атрымлівалася, што ў замку сапраўды ходзіць прывід. Паспрабуй разгледзець яго здалёк — толькі нейкія цёмныя жывыя цені снуюць, а падысці да замка бліжэй такой парой хто адважыцца, тут і чалавека рэдка сустрэнеш, a то на табе... Страх, ды і толькі.
Нават дзяўчат-аднакурсніц іншы раз удавалася спакусіць паглядзець на начны прывід. Хадзілі тады спецыяльна апоўначы, расказваючы па дарозе розныя жахлівыя гісторыі. Да замка падыходзілі насцярожана, не хаваючы страху, каб яшчэ больш напалохаць дзяўчат.
...У гэты раз мы, трое юнакоў, дабраліся да свайго будана, леглі на папаратнікавай падсцілцы ў спальных мяшках і ўсе ўмомант заснулі.
Так і спалі, мо і прачнуліся дзесьці а восьмай гадзіне раніцы. I хоць гэта не позна, бо вярнуліся мы недзе толькі гадзіны ў чатыры, а мо крыху пазней, ды нелыа было не заслухацца ранішнім птушыным хорам, які пераліваўся на ўсе лады.
Характэрным тоненькім піскам вітае раніцу на вяршыні высокай елкі ружовагрудка-заранка.
— Фіць! Ф’ю-ф’ю-ф’ю-ф’ю... Фіць! Ф’ю-ф’ю-ф’юф’ю,— паўтарае за ёй зяблік.
— Цень-цень-цень-цень-цень, — быццам тоненькі струменьчык крынічнай вады, звініць у берагавых зарасніках пеначка.
А вось заспяваў пеўчы дрозд, і адразу ж падцягвалі за ім іншыя дразды, і нават начны пявун салавей не вытрымаў і таксама ўключыўся ў агульны ранішні хор.
Звычайна скрытная і маўклівая ў такі перыяд івалга, схаваная ў густой вершаліне лахматай ліпы, падае свой адрывісты характэрны голас:
— Фіцью-эцю! Фіцью-эцю!
Змоўкне, прыслухаецца і зноў:
— Фіцыо-эцю! Фіцью-эцю!
А ў чыстым ранішнім небе заліваецца лясны жаваранак.
Дзесьці ў глухамані нават мармытанне ўдода чуецца:
— Уп-уп-уп! Уп-уп-уп-уп-уп...
А прыгажосць якая! Лес стаіць нібы зачараваны, не зварухнецца, не кіўне ніводнай галінкай, быццам баіцца, каб не парушыць гэты зладжаны многагалосы хор. Спевы чуюцца з глыбіні, з бакоў, зверху, па-над самым буданом, прама над галавою. Шчабеча шматлікае лясное дробнае птаства, і здаецца, што і сам лес, яго зялёнае лісце, тонкія галінкі і маладыя хваёвыя лапкі таксама спяваюць, спяваюць нястрымна, натхнёна, непаўторна.
Яшчэ не высахлі на мяккіх лясных травінках бурштынавыя кроплі буйной расы, і яны, нібы рассыпаныя пацеркі асляпляльнага срэбра, ззяюць, пераліваючыся ўсімі колерамі вясёлкі.
Лес раптам раскрыўся ва ўсю шырыню, расхінуў нам тыя нябачныя дзверы і паўстаў зусім іншым, чым быў учора,— яшчэ больш добрым, прыгожым, ветлівым і шчодрым.
Мы яшчэ колькі цешыліся непаўторнай прыгажосцю прыроды, яе спрадвечнай чысцінёю, то прагульваліся, зачараваныя, па беражку Іслачы, то зноў ляжалі на мяккай папаратнікавай падсцілцы ў будане і слухалі птушыныя спевы.
Пасля, дзесьці ўжо а дзесятай ці адзінаццатай гадзіне, калі птушкі прыкметна заціхлі, а сонца паднялося вышэй, мы развялі на ранейшым месцы агонь, адварылі бульбы, пачышчанай і памытай у рачной вадзе, і з апетытам падсілкаваліся ёю і скрылікамі жоўтага салёнага сала з зялёненькімі свежымі пярынкамі цыбулі.