Прыгоды з жыцця прыроды
Adventures from the life of nature
Вячаслаў Грамыка
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Беларусь
Памер: 263с.
Мінск 2003
Але пачуўшы воўчы пах, коні спужаліся, насцярожана ржалі, уздымаліся на дыбы. Коней прыходзілася ўтрымліваць за аброці.
Цяпер, калі спрабавалі пагрузіць ваўкоў на сані, Кузьміч раптам зразумеў, што ваўкоў тут толькі пяцёра. А па яго разліках у абкладзе знаходзілася шэсць. He мог жа ён памыліцца!
Кузьміч уважліва і крышку далей з пярэдняга краю абагнуў стралковую лінію і пераканаўся, што сапраўды ні адзін з драпежнікаў не перайшоў праз яе.
Але ж і праз лінію абкладу ні адзін драпежнік не мог, не павінен быў перайсці.
Стары ляснік хуценька агледзеў ахвяры. Сярод іх былі чатыры ўжо зусім сфарміраваныя і дарослыя ваўкі-пераяркі і мацёрая старая адкормленая ваўчыца. Мацёрага самца сярод забітых не было. Прыйшлося абследаваць участкі абкладу.
Усе сцяжкі былі на месцы. Лінія стаяла такая ж класічна нацягнутая і некранутая. Снегавая паверхня ўнутры абкладу была густа здратавана слядамі людзей, сабак, ваўкоў.
Тады ляснік прыняўся аглядаць абклад з вонкавай часткі. I толькі прабег уздоўж яго сотні паўтары крокаў, як заўважыў, што з абкладу адыходзіць размашысты след шырачэнных адбіткаў лап мацёрага ваўка. Пабачыўшы шмат на сваім вяку, стары ляснік, уважліва прыгледзеўшыся, аж прысеў ад здзіўлення:
— Ты глядзі, дык гэта ж мацёры зверху па-над сцяжкамі махануў, ёха-маха!
Лесніку прыходзілася чуць часам ад іншых паляўнічых, што стары воўк, здараецца, не знайшоўшы іншага выйсця, можа сігануць і па-над сцяжкамі. Але сутыкнуцца з такім яму не даводзілася.
— Ну і ну! — не пераставаў здзіўляцца Кузьміч.— I тут перахітрыў. Вось жа нягоднік. Ну пачакай! Будзе на цябе ўправа.
Але сам па сабе добра разумеў, што цяпер да таго мацёрага амаль немагчыма будзе дабрацца. Агонь і ваду прайшоў. Недарэмна ж гавораць, што за аднаго бітага сем нябітых даюць.
Зрэшты, адзін воўк гэтулькі шкоды не наробіць. Колькі яму патрэбна? Досыць і лясной птушкі ды звяр’я. А галоўнае, пасля гэткага страху наўрад ці асмеліцца ў хуткім часе з’явіцца ў бліжэйшай акрузе. Адным словам, покуль што хутаране і вяскоўцы маглі з палёгкай уздыхнуць.
Так скончылася гэта вялікае паляванне, усе паехалі па сваіх хатах з хутара. Hi спрэчак, ні зайздрасці, як дзялілі, не было. Галоўнае, што знішчылі ваўкоў.
Кузьміча адвозілі дадому ганарова, як пераможцу, на фурманцы з лепшым жарабцом.
* * *
Набліжалася вясна. Прыкметна пацяплела днём, вышэй узнімалася ў неба сонца. Ажыўлена зачырыкалі на падворку вераб’і, гучна засвісталі ў голых садах сінічкі.
На пагорках снег пачаў увачавідкі раставаць, і апоўдні зпад яго прабіваліся першыя імклівыя ручайкі. 3 кожным днём іх станавілася ўсё болып, ручаі зліваліся, беглі з высокіх пагоркаў.
I калі спачатку людзі многа гаварылі пра паляванне, то далей, занятыя веснавымі клопатамі, пачалі ўспамінаць былое ўсё радзей, а затым і наогул яно быццам забылася, як забываецца з часам многае з жыцця чалавечага.
На палях разгарнуліся веснавыя работы: спачатку людзі вывозілі і раскідвалі ўгнаенні, потым рыхтавалі глебу да сяўбы, пасля выйшлі на палі аратыя. Пачалі сеяць яравыя, садзіць бульбу, буракі, гародніну.
Хутка ўсё навокал буйна і нястрымна пайшло ў рост. Паветра напоўнілася водарам свежай расліннасці і мноства кветак. Усё рознакаляровае спляценне радавала чалавека.
А дні між тым беглі і беглі. Ужо стаяла пагодлівая чэрвеньская пара. Тая самая, калі сонца з ранку да вечара лашчыць промнямі зямлю і ў лугах гучна трашчаць конікі. Дажджы выпадалі цёплыя і непрацяглыя.
* * *
Лета было якраз у тым сваім перыядзе, калі дні становяцца настолькі доўгія, што варта толькі зайсці сонцу за небасхіл, як неўзабаве яно ўжо зноў праглядвалася на ўсходнім даляглядзе. Так што ноч не паспявала нават кінуць на зямлю пялёнку халаднаватага туману, а досвітак ужо разганяў яго, прыбіваючы да зямлі кроплямі буйной срэбранай расы.
Менавіта ў гэты час у лесе з’яўляецца мноства ягад. Чырванашчокія суніцы, чорныя з лёгкім туманным налётам чарніцы так і вабілі да сябе і людзей і дзікіх лясных насельнікаў. Нават выключныя драпежнікі, такія як ласка, гарнастай, куніца, што ўвесь іншы час харчуюцца толькі жывёльнай ежай, у гэты час не без задавальнення ласаваліся ляснымі дарамі. А яноты ды барсукі і наогул не пакідалі суткамі ягадных палян.
У густых малінніках з асалодай чамкаў ягады буры мядзведзь. Вялізнымі нязграбнымі лапамі ён разам з лісцем зграбаў іх з галінак прама ў рот, а затым марудна высмоктваў, праглынаючы сок. Таму іншыя звяры, калі нават і хацелі паласавацца пяшчотнай малінаю, не рызыкавалі з’яўляцца ў гэтых месцах, а задавальняліся наземнай ягадай ці спрабавалі смакаваць маліны з аддаленых кустоў.
На некалькі дзён дажджы неяк быццам выпадкова зачасцілі. Яны прыйшліся якраз на той час, калі жыта, выпусціўшы маладзенькі колас, пакрываецца лёгкімі завушнічкамі.
А ў гэты час у лесе пачынаюць вылазіць першыя грыбы. Гэта і баравікі, і лісічкі, і асавічкі, і падабабкі, казлякі і шампіньёны. Растуць яны нібы на дражджах.
Калі ж з’яўляліся грыбы, бацька, як бы моцна ні быў заняты, усё ж знаходзіў час, каб вырвацца па іх. Нават, здаецца, ён болей любіў іх збіраць, чым есці. Але ў тыя часы, калі ежы не асабліва хапала, для сям’і кошык «расліннага мяса» быў жаданы.
Грыбы гэтага перыяду растуць нядоўга. I літаральна праз паўтара тыдні яны знікаюць гэтак жа раптоўна, як і пачалі расці. Толькі адкаласуе жыта, тут жа знікаюць у ле-
се грыбы. I з’явяцца яны толькі пад восень і ўжо больш працяглы перыяд будуць радаваць грыбнікоў. Некаторыя — да канца верасня, іншыя, як, напрыклад, апенькі, дык і ў лістападзе нават найбольш багатымі высыпхамі пацешаць, а такія, як рыжыкі і падабабкі, наогул да самых першых маразоў будуць, хоць небагата, з’яўляцца ў аголеным лесе. А пакуль гэта быццам першы, пробны дэсант выкідваецца і супадае з каласаваннем збажыны, то і называюць грыбы каласавікамі. Хай гэта будзе лісічка, падабабак ці нават сам баравік, а ўсё роўна завуць іх аднолькава — каласавік.
Бацька добра ведаў запаветныя грыбныя мясціны. A грыбы, нібы тыя людзі, хаваюцца, затойваюцца. I багатыя баравікамі ды рыжыкамі мясціны вядомы далёка не кожнаму і знаходзяцца ў самых патаемных кутках векавога лесу.
Блукаючы ў такіх, толькі яму вядомых мясцінах, бацька неяк забраўся ў самую глыбіню і нечакана напароўся на воўчае логава. Яно знаходзілася ў месцы асабліва глухім і патаемным, у нерушы. Мясціна была густа зарослая дробным і шчыльным дубняком уперамежку з шыпшыннікам і ляшчынай, з мясістым густым падросткам свежага, бурна раскінуўшага шырокае лісце трыпутніку. Логава мясцілася ў прасторнай яме пад вываратнем. 3 бакоў участак густога дубняку, сярод якога яно знаходзілася, акружалі дзве глыбокія лагчыны, зарослыя калючымі непралазнымі зараснікамі шыпшыны, якая перапляталася з вялізнай лясной крапівою. Хто сюды прабярэцца, нават калі і выпадкова трапіць у гэтую таемную лясную глыбіню?
Недалёка ад логава працякала невялічкая лясная рэчачка. Трэба сказаць, якое б месца ні выбрала сабе ваўчыца пад момант шчанення, блізка ад яго абавязкова павінен быць які-небудзь вадаём, хай гэта будзе возера, сажалка, крыніца ці проста вадзяністае хлюпкае балота. Здараецца, што гэта нават выкарыстоўваюць паляўнічыя, вышукваючы воўчыя логавы. Звяры часта наведваюцца да вадапою і пракладваюць да яго берагоў прыкметна вытаптаныя сцяжынкі.
Але тут падобных сцежак заўважыць не ўдавалася. Па ўсім было відаць, што ваўкі-бацькі былі вопытныя і вельмі ўдала маскіравалі сваё месцазнаходжанне. Толькі ля самага логава на вільготнай голай зямлі можна было разгледзець адбіткі іх лап. Прыкметна выдзяляліся асабліва вялікія старога ваўка, і сумненняў не было, што гэта быў той самы мацёры воўк, бо іншага ў акругу свайго разбою ён наўрад ці пусціў бы. А вось адкуль у яго з’явілася сяброўка, заставалася загадкаю.
Агульны малюнак маскіроўкі крыху парушала тое, што за некалькі дзесяткаў крокаў ад логава аддавала цяжкім пахам. Гэтым неахайныя драпежнікі выдавалі сваё засакрэчанае месца, хоць чалавек і не заўсёды здагадаецца, у чым тут справа. Хутчэй падумае, што напаткаў выпадкова нейкае гніллё, і адыдзе хутчэй прэч.
I бацька таксама ледзь не прайшоў міма. Але ў тым і быў яго характар, што, збіраючы грыбы, ён зашываўся ў самую гушчэчу, абследаваў кожны равок і лагчынку. Гэта і дазваляла яму заўсёды, нават калі іншыя вярталіся з пустымі кошыкамі, назбіраць рыжыкаў і баравікоў. I цяжкі пах гнілля яго насцярожыў.
Бацька адразу вызначыў, што логава менавіта воўчае, а не лісінае, бо часта яны вельмі падобныя, як падобны маладыя шчаняты лісіцы і ваўка. Пра гэта як нельга лепш сведчылі залішне вялікія сляды гаспадароў логава, ды і адрозніць ваўчанят ад лісянят бацька мог амаль беспамылкова.
Шкуркі іх мелі нізкі і грубы валасяны покрыў з цёмнашэрымі асцюкамі валасоў і значна больш светлым пухам. Уздоўж усяго хрыбетніка красавалася чорная доўгая паласа. Маленькія, яны выклікалі жаль і спачуванне. Тупыя, пакрытыя блякла-жоўтым валасяным покрывам пысачкі ваўчанят уздрыгвалі. Нібы пруткія маятнікі, часта-часта спружынячы, пагойдваліся завостраныя маленькія зусім чорныя вушкі. Нібы для забавы надзяліла прырода іх прыкметнай белай плямкай на грудзіне. Жывоцікі і асабліва заднія лапы былі яшчэ амаль голыя, а дзе і пачалі ўжо з’яўляцца на гэтых месцах валасы, нізкія і гладкія, нібы прыціснутыя да скуры. А хвасты няведама чаму былі
ўжо добра сфарміраваны, амаль як у дарослых, такія ж цёмна-шэрыя, амаль чорныя.
У лісянят жа валасяны покрыў заўсёды мяккі і пяшчотны, з доўгімі і рэдкі’й асцючкамі на канцах. Жываты, лапы і грудкі добра апушаны, галоўкі пакрыты дастаткова доўгімі рыжаватымі валасамі. А вушы лісянят значна большыя і рэзка адрозніваюцца па афарбоўцы з бакоў — з вонкавага пакрыты шчыльнымі і густымі валасамі чорнага колеру, а з сярэдзіны — зусім светлымі. Хвост у лісянят таксама прыкметна іншы — клінападобны, доўгі і з белым канцом.
Гледзячы на такіх зусім яшчэ маленькіх зверанят, нават не верыцца, у якіх дужых драпежнікаў вырастуць яны з часам і якой страшэннай пагрозай будуць для чалавека. I патрабавалася тэрмінова прыняць меры, каб прадухіліць гэта, якія б жаласлівыя пачуцці яны ні выклікалі. А галоўнае, трэба было як мага хутчэй абясшкодзіць дарослых ваўкоў. Бо калі яшчэ тыдзень-другі пройдзе, то ўся зграя, здабываючы ежу пражэрліваму вывадку, наробіць многа бяды сялянскім гаспадаркам.