Прыгоды з жыцця прыроды
Adventures from the life of nature
Вячаслаў Грамыка
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Беларусь
Памер: 263с.
Мінск 2003
Калі ваўкі пачнуць вучыць ваўчанят прыёмам палявання, шкоды будзе яшчэ больш. Мацёрыя ваўкі будуць безупынку шныраць па акрузе, паўсюдна шукаючы маладняк. Ваўчынымі ахвярамі часцей за ўсё становяцца ягняты, цяляты, парасяты, гусі, куры. Прынесеную здабычу ваўчаняты рвуць, злосна агрызаючыся адзін на аднаго. А бацькі здалёку толькі паглядаюць на гэта.
А пакуль ваўчаняты застаюцца яшчэ бездапаможныя, чалавек можа ўзяць іх. Ваўкі ля логава, насуперак думкам, што бытуюць часта, не праяўляюць да чалавека агрэсіўнасці і ніколі не нападаюць на яго. Нават ваўчанят не спрабуюць «адбіць» у паляўнічага. Але калі пабыў ужо ля логава чалавек ды не забраў шчанят, то адразу, як ён пойдзе, ваўкі перанясуць іх у іншае месца. Ля логава воўк чамусьці асабліва баіцца чалавека.
Але ваўкі, на шчасце, былі дзесьці на паляванні. I бацька хуценька пакінуў гэта месца, бо выспяваў у яго план, як здабыць дарослых ваўкоў ля іх логава.
Ён хутка вярнуўся дамоў, пакінуў сабраныя грыбы і, ні слова не кажучы, пабег да суседа Кастуся. Якраз некалькі дзён назад бацька чуў, што Кастусь ездзіў у горад і набыў там некалькі вялікіх рамачных пастак.
Пасля абеду бацька і Кастусь прыйшлі да нашай хаты. Яны прынеслі тры вялікія жалезныя пасткі, закінулі іх у напалову абрэзаную металічную бочку, залілі вадой і накідалі туды свежага галля. Прыстасаваўшы бочку на каменне летняга вогнішча, на якім маці варыла ежу парсюкам, бацька і Кастусь распалілі вялікі агонь і некалькі гадзін вытрымлівалі пасткі ў кіпені. Пасткі былі яшчэ новыя, трэба было ачысціць іх ад змазкі, перабіць адварам з галля пах салідолу і жалеза. Потым бацька і Кастусь дасталі і нацерлі пасткі свежым духмяным сенам, склалі іх у мокры, выпаласканы ў тым жа адвары, мяшок.
Збіраліся таропка. Паклалі ў вялікі клунак сякеру, нажы, кароценькую рыдлёвачку, скруткі дроту і нават маток рыбалоўнай сеткі прыхапілі.
Дабраліся да месца паспяхова. Старыя ваўкі, відаць, не заўважылі, што ля логава быў чалавек. Ваўчаняты былі на месцы. Бацька і Кастусь прыняліся ажыццяўляць свой план.
Яны спачатку распакавалі клунак, расклалі ўсё, што прынеслі, на траве. Затым у той жа клунак паклалі ваўчанят і асцярожна, бо іх было ўсё ж шкада, працягнулі па мяккай пясчанай сцяжынцы крокаў пятнаццаць убок. Па той вузенькай сцежцы, мабыць, старыя ваўкі хадзілі да вады, сцежка ў некаторых месцах была добра пратаптана. Такім чынам, цягнучы ваўчанят па сцежцы, бацька і Кастусь хацелі, каб там застаўся пах звяркоў. Пачуўшы яго, ваўкі абавязкова пойдуць следам.
Пасля гэтага ваўчанят змясцілі ў рыбацкую сетку, падвешаную, нібы гамак, між галінамі дрэў над сцежкай. Удушыцца ці загінуць у такім становішчы ваўчаняты не маглі. Разлічвалі так: прагаладаўшыся, ваўчаняты пачнуць скавытаць. А бацькі, пачуўшы гэта, паспрабуюць вызваліць іх з палону. А гэта і патрэбна: можна пасткі тут паставіць альбо пільнаваць ваўкоў са стрэльбамі.
Бацька і Кастусь паляваць са стрэльбамі не мелі намеру. Наўрад ці абяцала гэта поспех. Ружжо ў іх было адно. Ваўкі ж могуць з’явіцца і з аднаго і з другога боку.
Тры цяжкія стальныя пасткі паставілі тут жа. Дзве з абодвух бакоў на сцежцы кроках у пяці ад месца, дзе пагойдваліся ў «калысцы» ваўчаняты, трэцюю — прама пад «гамаком», разлічваючы, калі адзін з драпежнікаў абыдзе папярэдні старажок, то пасля, спрабуючы дацягнуцца да ваўчанят, можа трапіць у гэту пастку.
Выбралі месца, дзе сцежачка звужалася, меркавалі, што драпежнік, ідучы па ёй, абавязкова павінен трапіць у пастку. Рыдлёўкай выкапалі пад самым ходжаным месцам невялічкую траншэйку і ёй жа ўзведзеную пастку асцярожна апусцілі ў падрыхтаваную яму. Ланцуговы волак таксама працягнулі праз вузенькую траншэйку, прысыпалі зямлёй і зверху пасыпалі падсохлым дробным жвірам. Усё замаскіравалі.
3 процілеглага боку сцежкі пастку ўстанавілі такім жа чынам, прыстасаваўшы яе ля хмызняку, бо нельга было выключыць, што воўк можа з’явіцца на сцежцы менавіта тут, скарыстаўшы ўтворанае «акно», сігане з гушчару бліжэйшым шляхам да ваўчанят.
А трэцюю паставілі пад самай воўчай «калыскай».
Пасля зробленага адразу пайшлі дамоў... На зары Кастусь пастукаў у акенца: і яму, як і бацьку, не спалася. Бацька падняўся з ложка, і яны накіраваліся да воўчага логава.
Вось і абрысы знаёмай сцяжынкі. Толькі цяпер спадарожнікі сцішылі хаду.
Прайшлі некалькі дзесяткаў крокаў. Рэзка запахла гнілым мясам. Ужо і выразнае скавытанне ваўчанят пачулася. I тут бацька і Кастусь разам імкліва пабеглі наперад, забыўшыся на перасцярогу.
Першая пастка была не кранута. Сярэдняя была таксама пустая. 3 апошняй надзеяй кінуліся да трэцяй. У гэтай была маладая, але вялікая ваўчыца. Трапіла яна ў пастку не дзвюма лапамі, а галавою. Відаць, спрабавала, перш чым ісці, абнюхаць зламаны папаратнік і кранула старажок. Спружына спрацавала імгненна, і моцныя жалезныя дугі
самкнуліся, зашчаміўшы шыю адразу за галавою, нават падмялі адно вуха. Вострыя і моцныя зазубні не давалі магчымасці выслабаніцца. Ваўчыца была ўжо халодная і спруцянелая.
I толькі калі ваўчыцу прыняліся здымаць з пасткі, звярнулі ўвагу, што і сярэдняя пастка спрацавала, але мацёры пайшоў на крайнасць. Агледзеўшы ўсё, можна было ўявіць, што адбылося тут ноччу.
Ваўчыца хутчэй за ўсё трапіла ў пастку першая і хутка дайшла. Воўк, зразумеўшы, што сяброўку страціў канчаткова, спрабаваў вызваліць ваўчанят. Ён доўга хадзіў вакол гамака, аб чым сведчыла моцна здратаваная трава. Ён спрабаваў ікламі распаласаваць сетку. У некаторых месцах ён нават дасягнуў мэты. Але, страціўшы асцярожнасць, воўк крануў лапай адведзеную дугу. Хутка зарыентаваўшыся, спрабаваў імгненна выхапіць яе з пасткі, і толькі мо якіх сотых долей хвіліны не хапіла яму. Дугі зашчоўкнуліся, перахапіўшы лапу ля самай ступні, так што ўсе чатыры падушачкі засталіся ў пастцы.
Воўк яшчэ доўга круціўся на месцы, спрабуючы знайсці выйсце са складанага становішча, але дарэмна. Цягаў пастку за сабой, упіраўся ў яе лапамі, раз’юшана грыз, да крыві разразаючы сківіцы і дзёсны.
Відаць, так мінула ноч. Калі ж воўк пачуў, што набліжаюцца людзі, ён перагрыз сабе заціснутую ступню лапы і ўцёк.
Ваўчанят прывезлі на хутар, а пасля перадалі ў вобласць у мясцовы заапарк. Што было з мацёрым далей, ніхто не ведаў. Да логава ён наўрад ужо ці мог вярнуцца. Ды і наглядаць за ім не было часу.
Летнія дні міналі хутка. Пачыналася касавіца, на іншае часу асабліва не заставалася. Пакуль стаяла сонечнае надвор’е, трэба было спяшацца, каб своечасова сабраць ураджай.
Летнія ўборачныя работы змяніліся асеннімі, не менш напружанымі.
Пра ваўка ўспамінаць не было калі. Хатняя жывёла спакойна пасвілася ў полі. Ніякіх набегаў драпежнікаў не ча-
3 Зак 1784
65
калася. Мацёры наогул, здавалася, сышоў у іншыя мясціны.
Але з першым снегам мацёры аб’явіўся. Яго адзінокі след з адбіткам правай кульцяпкі бачылі многія. Толькі адзін гэты воўк пакуль што не нападаў ні на кога, блукаў па наваколлі. I называлі яго цяпер усе Клыпаногім.
А як толькі снежны покрыў прыкметна патаўшчэў і ўдарылі моцныя маразы, узнавіліся воўчыя разбоі. Ахвярай пачатку зімы стала хатняя птушка суседа-паляўнічага. Праз тры дні з канцавой вясковай хаты прапала гадавалая каза. А аднойчы Клыпаногі спрабаваў напасці нават на хутараніна, які вяртаўся позна з вёскі. Уратавацца таму дапамаглі толькі запалкі. Як толькі воўк падыходзіў зусім блізка, хутаранін паліў запалку, і воўк адыходзіў. Так паўтаралася многа разоў. Клыпаногі ішоў за чалавекам да самага хутара. Добра, што запалак хапіла да канца. А як толькі перапуджаны чалавек ля хаты схапіў частаколіну, Клыпаногі імгненна знік, нібы растварыўся ў цемры.
Трэба было нешта рабіць, каб знішчыць драпежніка.
Некалькі разоў паляўнічыя спрабавалі выйсці на Клыпаногага з сабакамі. У вёсцы было некалькі добрых ганчакоў, але ён па-ранейшаму значна пераўзыходзіў сабак у хуткасці і не пакідаў паляўнічым ніякіх шанцаў на поспех.
Спрабавалі прывадзіць ваўка да падлы. Некалькі разоў паляўнічыя выкладалі каля лесу вантробы здохлай жывёлы, забітых свіней. I ён ахвотна наведваўся туды. Але ні расстаўленыя вакол прынады пасткі, ні арганізаваныя засідкі вынікаў не давалі. Клыпаногі заўсёды абыходзіў пастку, з’ядаў мяса і зноў хаваўся ў лесе. А калі паляўнічыя прымайстроўваліся на ноч на засідку, дык беспамылкова адчуваў гэта і проста не хадзіў туды. А варта было паляўнічым толькі зрабіць адпачынак на адну ноч, як воўк прыходзіў і з’ядаў прынаду.
Адзін з паляўнічых наведаўся неяк да нас і папрасіў бацьку, каб той паехаў разам з ім прасіць дапамогі ў Кузьміча. Бацька рэдка адмаўляў людзям і адразу згадзіўся. Тым больш што і ён трывожыўся за жывёлу.
Але Кузьміч прыехаць не змог. Ён моцна занядужаў і амаль не злазіў з печы. Толькі калі хто да яго наведваўся, з цяжкасцю спускаўся на падлогу і, з паўгадзіны пасядзеўшы разам за сталом, лез назад.
Тым не менш Кузьміч даў ім некалькі парад, а таксама пахучую прыманку і некалькі пілюль стрыхніну. Пілюлі былі падрыхтаваны такім чынам, што калі іх раскусіць, то ўтвараецца сухі, у выглядзе пылу, парашок. На погляд Кузьміча, толькі гэткі сродак мог знішчыць драпежніка.
Паколькі да дзеда ездзілі ўдвух, то і далей вырашылі дзейнічаць разам. Падаліна ў калгасе знайшлася. Той жа дзень адвезлі яе да лесу і нават далі крыху пагрызці сабакам. Гэта стары ляснік параіў ім так зрабіць, бо ваўкі заўсёды ахвотней бяруць прынаду, калі яе краналі ўжо да гэтага іншыя жывёлы — лісіцы, сабакі ці хоць бы сарокі або вароны.
Пілюлі заклалі ў кавалкі мяса невялікіх памераў і кінулі іх на распораны трыбух. А каб воўк ухапіў перш-наперш менавіта гэтыя кавалкі, якраз і спатрэбілася спецыяльная пахучая прыманка, якую таксама даў ім Кузьміч.
Ён сам рыхтаваў гэту прыманку і часта карыстаўся ёю. Заўсёды, калі прыходзілася забіваць к зіме падкалядную свінню, нейкую частку печані і лёгкіх ён абавязкова пакідаў для гэтых асаблівых мэт. Кавалкі вантробаў драбіў да самых мізэрных памераў і змяшчаў у звычайны шкляны слоік. У разліку на літр дабаўляў туды яшчэ тры-пяць грамаў анісу. Затым шчыльна закрыты той слоік падоўгу выстойваў на акне, пакуль змесіва поўнасцю не раскладалася на прадукты распаду пад уздзеяннем хоць і бедных, але ж праглядваўшых калі-нікалі промняў зімовага сонца.