Прыгоды з жыцця прыроды
Adventures from the life of nature
Вячаслаў Грамыка
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Беларусь
Памер: 263с.
Мінск 2003
У перыяд, калі ваўкі выкормліваюць сваіх ваўчанят, цяжка даводзіцца недрапежным звярам, асабліва маладняку. Шнырачы па ўсёй акрузе, ваўкі-бацькі не прамінаюць ні зайчанят, ні маладых парасят, пажыраюць вывадкі птушак, выбіраюць яйкі з гнёздаў і г. д.
У двухмесячным узросце ваўчаняты пачынаюць хадзіць на паляванне — спачатку яны вучацца раздзіраць і дагрызаць цецерукоў, качак, зайцоў, якіх прыносяць бацькі, пазней самі пачынаюць лавіць дробных жывёлін.
Пад восень ваўкі зноў збіраюцца ў зграі, якія спачатку трымаюцца блізка ля свайго логава, але з першым снегам пераходзяць да вандроўнага ладу жыцця. Калі снег становіцца глыбокі, ваўкі робяць доўгія начныя пераходы. У час гэтых пераходаў зграю водзіць мацёрая ваўчыца, а стары самец замыкае яе.
Акрамя шкоды, якую ваўкі наносяць жывёлагадоўлі і дзікай фауне, яны, тым не менш, маюць у прыродзе і станоўчую ролю. Якую? Ваўкі паядаюць у першую чаргу хворых і слабых жывёлін. Яны не грэбуюць нават сваімі суродзічамі, такім чынам захоўваецца патомства толькі ад моцных і здаровых жывёл. Падбіраючы мярцвячыну, ваўкі ў значнай ступені перашкаджаюць распаўсюджванню многіх небяспечных захворванняў і эпідэмій. Як вядома, воўк — продак хатніх сабак. Але воўк — ён і ёсць воўк.
Што б мы ні казалі, але для селяніна ён — вораг. I вораг асабліва страшны, калі расплодзіцца ў нейкай мясцовасці
ў вялікай колькасці... Менавіта з такімі хітрымі і небяспечнымі драпежнікамі, з ваўкамі, нам і прыйшлося сутыкнуцца ў сваім тагачасным хутарскім жыцці...
Дык вось, ваўкі і пасля згадангга выпадку час ад часу нагадвалі пра сябе. To з аднаго, то з другога хутара даходзілі чуткі: там распатрашылі куратнік, там схапілі маладога сабаку, там зарэзалі ў хляве авечку...
Неспакойны стаў сон хутаран. Турботы за жывёлу не пакідалі іх. Насцярожана прыслухоўваліся сяляне да кожнага брэху сабакі, трывожна ўглядаліся праз акенцы ў начную цемру, час ад часу хадзілі ў хлеў: як там?
Бывала, выходзілі калі-нікалі сачыць ваўкоў невялікія групы паляўнічых, але беспаспяхова.
Бацька таксама спрабаваў хадзіць на ваўкоў, але дзе там...
Здарылася, што ў гэты час у калгаснай канюшні пала хворая кабыла. Бацька пагаварыў з ветэрынарам і брыгадзірам, папрасіў іх, каб яны аддалі кабылу яму на прынаду. Тыя аддалі. He марудзячы, мужчыны прывезлі труп да бліжэйшага лесу, не злазячы з саней, скінулі ў снег, каб не пакінуць пасля сябе слядоў (ваўкі заўсёды вельмі насцярожана ставяцца да чалавечага следу). Трэба сказаць, што мужчыны месца для прынады выбралі ўдалае, наўскраіне лесу, далей ад прасёлачнай дарогі, каля сцірты саломы, кроках у трыццаці — сарака ад яе. Адсюль добра было бачна навокал, а ля сцірты саломы можна было пабыць у засідцы.
Калі вярнуліся, бацька схадзіў да суседа, пазычыў у яго ружжо. Ён старанна перабраў патроны, а пад вечар на тых жа калгасных санях, ухутаўшыся ў доўгі, амаль да пят, кажух, накіраваўся да месца, у якім, як ён меркаваў, магла адбыцца сустрэча з драпежнікамі. Адвёз бацьку туды мой старэйшы брат.
Калі праязджалі каля сцірты саломы, бацька саскочыў з саней (зноў жа, каб не пакінуць следу), уладкаваўся ў ёй, стаіўся, стаў чакаць. Брат пагнаў каня назад.
У той дзень ваўкі да прынады не прыйшлі. He прыйшлі яны і назаўтра, паслязаўтра... Было зразумела, што драпежнікі пачулі прынаду, але ці залішне асцярожнічалі, ці штосьці западозрылі.
Час ад часу нават чулася іх выццё то ў адным, то ў другім баку лесу. Бацька быў смелы, інакш не рашыўся б пайсці на ваўкоў адзін, але казаў, калі ваўкі вылі паблізу, то ў яго ўзнімаліся на галаве валасы. Казаў, штс ваўкі вылі тужліва, што ў выцці таксама адчувалася дзікая сіла, жудасць...
На шостую ноч бацька застаўся дома. Ён ужо не спадзяваўся на поспех, ды і стаміўся. Раніцай бацька наведаўся да сцірты... а там — пуста. Толькі вытаптаная пляцоўка засталася на месцы, дзе ляжала прынада. Ваўкі нічога не пакінулі, нават костачкі...
Тым часам у акрузе рыхтаваліся да сапраўднага вялікага палявання — сяляне неаднойчы звярталіся да паляўнічых, каб тыя выйшлі на ваўкоў. Паляўнічыя хадзілі, і не раз, але дарэмна. I вось яны, паляўнічыя, самі звярнуліся па дапамогу ў суседняе лясніцтва да старога лесніка Андрэя Кузьміча, якога людзі між сабою звалі Кузьміч, альбо ЁхаМаха («ёха-маха» было любімым выразам лесніка, так ён гаварыў, дзе трэба і не трэба)... «Пайшоў гэта я, ёха-маха... I гэта ж трэба, ёха-маха... Цішыня якая, ёха-маха!..» — так і можна было пачуць з вуснаў лесніка дома, сярод блізкіх, сярод знаёмых і незнаёмых людзей.
А пражыў Кузьміч — Ёха-Маха амаль усё жыццё ў лесе, мабыць, і нарадзіўся там, толькі пра гэта гаворкі чамусьці не было. Ніхто так, як ён, не ведаў лес. Кузьміч ведаў, дзе якая трава расце, якія яна мае лекавыя ўласцівасці. Кузьміч любіў збіраць грыбы і арэхі, але больш за ўсё любіў лясных звяркоў. Ён з дзяцінства добра засвоіў звычкі і павадкі жыхароў лесу; пастаянная трывалая сувязь з прыродай надзяліла Кузьміча дабрынёй і сціпласцю, але вось гэтае недарэчнае «ёха-маха» злёгку бракавала яго. Яно іншы раз нібы сведчыла, што чалавек ён крыху грубы, неўтаймаваны, а іншы раз, наадварот,— што ён добры, просты і шчыры, у залежнасці ад інтанацыі, з якой гаварыў...
Кузьміч пастаянна сутыкаўся з ляснымі жыхарамі. У яго ў хляве нярэдка былі аслабелая касуля, пакалечаны заяц, птушка з перабітым крылом. Ляснік зімою падкормліваў птушак зернем, а таксама клаў у лесе сена і нарыхтаваныя летам венікі з галінак дзікім капытным. Ён добра ведаў, ці,
лепш сказаць, мог прадбачыць, як будзе паводзіць сябе ў той або іншай сітуацыі тая ці гэтая жывёліна, ведаў, што абазначае той або іншы крык лясной птушкі і г. д. Кузьміч па слядах звяроў на снезе мог прачытаць эпізоды з жыцця любога ляснога насельніка. He дзіва, што старога за жывое закранулі расказы сялян пра шкоду, якую робяць ваўкі, і ён вырашыў арганізаваць калектыўную аблаву на ваўкоў. Для гэтага яму трэба было спярша дэталёва разабрацца ва ўсім, што рабілася ў наваколлі, затым скласці план дзеяння.
Кузьміч доўга хадзіў у вёсцы па хатах, на шырокіх паляўнічых лыжах аб’ехаў многія хутары, гаварыў з людзьмі, распытваў іх пра ваўкоў, уважліва слухаў старых і малых і паступова складаў план аблавы. Пазней прыняўся вывучаць і «разблытваць» воўчыя сляды, параўноўваючы ўбачанае і чутае...
Дык вось, аднойчы, выйшаўшы на палеткі, што недалёка ад лесу, Кузьміч убачыў ланцужок воўчых слядоў і прыняўся іх уважліва аглядаць.
Была раніца. Але ноччу прайшоў густы снег і засыпаў усе ранейшыя сляды. Тыя, што засталіся, былі, вядома, свежыя. Кузьміч гэта адзначыў... Ён нават, калі доўга не было снегападу, без асаблівых цяжкасцей мог адрозніць свежы след ад старога. А тут... Наогул ад яго вопытных і спрактыкаваных вачэй не хаваліся ніякія нават самыя дробныя дэталі. Ён пальцамі добра адчуваў шчыльнасць і вастрыню краёў любога старога следу, вызначаў беспамылкова па ўтрамбаванасці адбіткаў лап, у якое надвор’е ішоў звер — у мароз ці адлігу, ці быў тады вецер, ці было бязветрана, свяціла сонца або было пахмурна... Словам, мог Кузьміч разгадаць любыя таямніцы лесу...
Ступаючы ў глыбокі снег, воўк заўсёды праціскае яго, ставячы лапу пад вострым вуглом, а выцягвае яе амаль вертыкальна. У тым месцы, дзе апускае лапы, воўк злёгку зрушвае край следу ўперад, крыху працягнуўшы лапай па паверхні снегу ў напрамку свайго руху. На следзе ўтвараецца невялікая баразёнка (пацяг, або павалока), а калі ж выцягне лапу, то сціскае пярэдні край следу і, адрываючы ад снегу, пакідае на ім выцяг, альбо вывалоку.
Па вугле следу, прыціснутага пры павалоцы і вывалацы, было добра бачна, куды ішлі ваўкі. Свежыя баразёнкі пацягу і выцягу на слядах, даволі прыкметныя, падказвалі Кузьмічу, што ваўкі прайшлі тут пад самую раніцу. Краі адбіткаў лап былі вострыя і не паспелі абледзянець, а гэта яшчэ раз сведчыла, што сляды свежыя.
Далей Кузьміч вызначыў, што ў воўчай зграі было прыкладна шэсць—восем асобін. Першай, як заўсёды, прайшла старая ваўчыца. Замыкаў зграю моцны мацёры самец. Гэта было добра відаць па апошнім выразным адбітку яго лап, які заўсёды яскрава адрозніваецца ад адбіткаў лап ваўчыцы масіўнасцю і значна больш выражанай акругласцю. Выразна вымалёўвалася на следзе і амаль квадратная яго пята, што таксама не характэрна для ваўчыцы.
Кузьміч добра ведаў, што чарада звычайна складаецца з старых ваўкоў — самца і самкі; ваўкоў-пераяркаў, дарослых, якія не ўтварылі яшчэ свае сем’і; мінулагодніх ваўкоў і маладых, гэтага года — прыбылых. Уважліва разгледзеўшы сляды, ляснік адзначыў, што прыбылых сярод іх не было — нідзе не парушалася дакладнасць ланцужка слядоў. Ён заўважыў сляды некалькіх звяроў-пераяркаў. Зразумеў, што ваўчыца, якая вадзіла чараду, — не першародак і што апошні памёт ваўчыцы загінуў. Такая зграя найбольш небяспечная, яна азлобленая і крыважэрная...
Ішлі ваўкі сваім класічным вывераным ходам — за ваўчыцай, трапна ступаючы ў яе след, рухаліся пераяркі, якіх прыкрываў ззаду воўк-бацька.
Кузьміч пайшоў далей побач з воўчым следам. I далей ланцужок быў такі ж роўны і вывераны. Ён цягнуўся да прабітай санямі дарогі, па якой сяляне ездзілі ў лес нарыхтоўваць дровы. Перасёкяе. Пакружыў у хмызняку і, здаецца, наогул прапаўтут. Але што да чаго, стары ляснік уцяміў адразу: ваўкі зноў вярнуліся да дарогі па тых жа сваіх слядах, якімі перасеклі яе ў першы раз. Прайшлі акуратна, мякка ступаючы. Нявопытны чалавек не здагадаўся б, у чым тут справа, бо след гэты на першы погляд нічым не адрозніваўся ад іншых. На самай жа справе быў двайны. Такім чынам, прайшоўшы назад сваім следам, воўчая
зграя выйшла на дарогу і пайшла па ўтрамбаванай санямі паласе, якая спачатку цягнулася ўздоўжлесу, а затым звярнула ў глыбіню. А некалькі сялянскіх фурманак, якія раніцою праехалі ў лес, сцерлі з дарогі воўчыя сляды. Але толькі не для Кузьміча.
Больш чым паўтара кіламетра прайшоў ён па той жа каляіне на лыжах. Кузьміч ужо нават пачаў падумваць, ці не прагледзеў тое месца, дзе драпежнікі саскочылі з дарогі, вырашыў яшчэ крыху прайсці ў глыбіню лесу. Неўзабаве ён заўважыў след, які пачынаўся прама ад дарогі.
Ён падумаў, што ваўкі палічылігхопіць і той маскіроўкі, якую яны зрабілі, а можа, яны яшчэ не збіраліся на днёўку. Крыху пакружыўшы, зноў вярнуліся на дарогу, пайшлі далей і яшчэ некалькі разоў збочвалі з яе, затым зноў вярталіся.