Прыгоды з жыцця прыроды
Adventures from the life of nature
Вячаслаў Грамыка
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Беларусь
Памер: 263с.
Мінск 2003
Ішоў ужо чацвёрты дзень, як звяры пакінулі нашы мясціны, дзе нападалі на жывёлу і адпачывалі. Кузьміч з калгаснікамі па дарозе ў лес заехаў дадому, пагрузіў на сані ўсё неабходнае для палявання: катушкі са сцяжкамі,
стрэльбу і патроны, некалькі самаробных драўляных трашчотак і, вядома ж, свае лёгкія самаробныя лыжы.
Снег ужо прыкметна асеў, стаў больш шчыльны, чым у пачатку зімы, нібы яго хто ўтрамбаваў. Конь амаль не правальваўся на роўнай, пакрытай скарынкай паверхні. Сані ішлі лёгка, парыпвалі абітыя жалезам палазы.
Вось і поле ўжо скончылася. Дарога, злёгку віхляючы, пабегла па ўзлеску, затым нырнула ў густыя зараснікі. Яны часам то радзелі, то змяняліся сцяною стромкіх высокіх хваін — пачынаўся неабсяжны змешаны лес з голымі ўскраінамі, а часам, наадварот, з густым непралазным падлескам.
Вось ужо і мясціны, дзе балявала і адпачывала раней воўчая зграя, мясціны, дзе трэба было пачынаць прыгатаванні палявання, якое абяцала быць цікавым.
Мужчыны скінулі тушу на вялікай паляне, бо ў час балявання ваўкі больш любяць прастору, чым густы зараснік ці шчыльны лес. На прасторы ваўкі адчуваюць сябе спакойна, яны ахвотней і смялей наведваюцца да прынады, даўжэй затрымліваюцца ў такіх месцах. Пры гэтым ваўкі, як наядуцца, становяцца менш асцярожныя. Яны тады, скруціўшыся клубкамі, моцна спяць дзе-небудзь у лясной крэпі, даверыўшыся старажавому ваўку. Ды і сам сыты старажавы звер становіцца менш пільны, а ўвесь вывадак, нават адчуўшы небяспеку, неахвотна пакідае месца лёжкі.
Воўчых слядоў тут, дзе скінулі тушу, не было відаць, але чакаць драпежнікаў можна было з дня на дзень.
Па дарозе назад калгаснікі падвезлі Кузьміча да нашага хутара.
Бацька мой не лічыўся заўзятым паляўнічым. У яго нават стрэльбы сваёй не было. Але, калі ўзнікала ў тым патрэба, ён пазычаў яе звычайна на суседнім хутары, дзе жыла вялікая сям’я нашых далёкіх родзічаў, сын якіх з дзяцінства займаўся паляваннем. Ён тады даваў бацьку сваё ружжо на адзін ці некалькі дзён. Словам, калі было патрэбна, дык бацька ішоў на паляванне, адносіўся ж да яго, як і да іншай хутарской справы, памяркоўна.
Але не таму стары ляснік Кузьміч спыніўся ў нас, што бацька іншы раз хадзіў на паляванне. Кузьміч добра ведаў майго бацьку. Ён некалі з ягоным бацькам, а маім дзедам Андрзем (цяпер нябожчыкам) сябраваў. Ды і з нашага хутара было зручней дабірацца да месца, дзе скінулі прынаду, а ў нашай хаце для Кузьміча заўсёды мелася месца. Хоць і цеснавата, але бацькі казалі:
— Ну што там! Калі ласка, да нас — месца ж хапае.
Вечарам разам з госцем мы вячэралі, а ён расказваў нам розныя дзіўныя і неверагодныя гісторыі са свайго жыцця. Болын размова ішла пра звяроў і птушак, пра жыццё старых дрэў, пра тое, як можа многа паведаміць чалавеку нават звычайны непрыкметны пень, калі яго ўважліва разгледзець.
Усе дружна елі камы — тоўчаную вараную бульбу, запраўленую маленькімі тлустымі скварачкамі, падсмажанымі разам з дробна накрышанай цыбуляй, са смакам хрумсцелі невялікімі салёнымі, усыпанымі малюсенькімі пупырышкамі гурочкамі, якія падала маці.
Брат тым часам вылез з-за стала; з цікавасцю, асцярожна аглядваў стрэльбу старога, няведама чаго больш баючыся — ці стрэльбы, ці таго, што зараз на яго насварацца; дрыжачымі ад напружання палыдамі кранаў прыклад і ствалы. Убачыўшы яго захапленне, Кузьміч дазволіў узяць ружжо ў рукі, і брат асцярожна ўзяў яго і нерашуча прыклаў да пляча. Захапленню і радасці яго, здаецца, не было канца. Гэта ж трэба — у яго ў руках сапраўдная паляўнічая стрэльба, хто з бедных сялянскіх хлапчукоў мог пахваліцца гэтым!
Толькі вось настаўляць яе на людзей і тым больш цэліцца дзед не дазваляў. 1 хоць ён упэўнены быў, што ружжо не зардджана, але няпісаны закон паляўнічых патрабаваў перасцярогі. Усякае ў жыцці можа здарыцца — ці забыцца можна, ці дзеці патрон могуць знайсці ды зарадзіць, адным словам, і не зараджанае, яно адзін раз у год страляе. Ды, наогул, цэліцца ў чалавека нядобра — штосьці жорсткае і прыкрае ёсць у гэтым...
...I цяпер, праз многа гадоў, успамінаючы часам пра гэта, я не магу не падкрэсліць лішні раз важнасці і мудрасці лесніковых слоў, такіх простых і зразумелых усім, такіх звычайных, якія нібы нічым не вызначаюцца, і ў той жа час... Можа, нават жыццё яны мне таксама ўратавалі, тыя простыя правілы перасцярогі, калі ў цябе ў руках стрэльба.
...Калі я, ужо сталым юнаком, закончыўшы біялагічны факультэт універсітэта і працуючы над кандыдацкай дысертацыяй па экалогіі птушак, меў дазвол на іх выбарачны адстрэл у Налібоцкай пушчы, быў выпадак. Аднойчы паехаў туды з двума маімі сябрамі, таксама выпускнікамі універсітэта, толькі з другога факультэта — хімічнага. Мы разам былі пасля чацвёртага курса на ваенных зборах — там і пасябравалі.
А выехалі мы ў выхадны, каб проста адпачыць на прыродзе, а заадно і якога матэрыялу для работы сабраць. Карысць, як кажуць, двайная. Сябрам мне хацелася зрабіць прыемнае. Мясціны там вельмі прыгожыя. Яны ўразілі мяне яшчэ з часу маёй летняй практыкі пасля трэцяга курса. Вось і хацеў я паказаць таварышам тыя прыгожыя, неапісальныя краявіды роднай зямлі. Гэта якраз там, дзе неабсяжныя прасторы налібоцкіх лясоў праразае тонкая блакітная стужачка чысценькай лясной рэчкі Іслач. Калі ехалі аўтобусам па трасе Мінск—Валожын, то пасля прыпынку ў вёсцы Пяршаі, праз якія пяць-шэсць кіламетраў, аўтобус зноў спыняецца ў невялічкай вёсачцы Даўбені. Калі пайсці там налева, па вузкіх, даўно няезджаных і няходжаных дарогах, кіламетраў праз дванаццаць можна зайсці ў некранутыя лясы. Там у радыусе дзесятка кіламетраў рэдка сустрэнеш чалавека. Як мала засталося ў нас такіх мясцін, а як хораша і прыемна пабываць у іх!
Калі і сустрэнеш там каго, то, хоць і ехаў сюды ад людзей далей, не засмуцішся. Наадварот, узрадуешся, бо людзі ў тых вёсачках таксама незвычайныя.
Дзе б я ні быў пасля, якія б краі ні наведаў, ніколі ні ў сваёй краіне, ні за мяжой, здаецца, не сустракаў больш чулых, добрых і шчырых людзей. Дык вось, калі часам напаткаеш у тых мясцінах чалавека пасля доўгага блукання па
лесе, то і адчуеш гэту шчырасць. Людзі заўсёды тут заўважаць цябе, падзеляцца ўсім, што ў іх ёсць, запросяць у хату, распытаюць, куды ідзеш, у чым маеш патрэбу, абавязкова дапамогуць.
У часы студэнцкай практыкі, калі ўдавалася на які дзень вырвацца ў Мінск, а пасля, вяртаючыся, даехаць аўтобусам да Даўбеней і ісці пешшу далей, да месца нашай дыслакацыі, мяне абавязкова падвозілі першая спадарожная машына альбо воз.
Неяк у кабіне спадарожнага парожняга лесавоза (акра, мя кабіны нікуды ж не сядзеш) ехала нас адразу пяцёра і шафёр. Нават здзіўляюся цяпер, як змог я тады зачыніць за сабой дзверцы, бо залазіў у машыну апошні. Сядзелі адзін на адным, сагнуўшыся і сціснуўшыся як можна. Ледзь удалося ўціснуцца, але ўсім здавалася, што нам тут зручна, усе былі задаволены.
Там пушча, і законы там свае. Але вядома, чым больш суровыя ўмовы жыцця, тым лепш бачны сам чалавек, тым мацней выяўляюцца ўсе рысы характару, тым больш такія, як чалавечнасць і дабрыня. Думаю, што дзіўная багатая прырода Налібоцкага краю перадала тутэйшым жыхарам сваю прыгажосць і багацце.
Гэтыя мясціны спадабаліся і маім сябрам-хімікам. Мы падоўгу купаліся ў невялікай Іслачы, дзе было больш глыбока, звычайна ў затоках. У іншых жа месцах вада не глыбей чым па калена. Невысокія, злёгку абрывістыя берагі з аднаго боку і плаўныя, пакатыя з намытага мяккага жоўтага пяску — з процілеглага. На беразе мы ўтрох гулялі ў футбол, загаралі. Вечарам любаваліся запозненай чамусьці да гэтай пары цягай вальдшнэпаў.
Калі ўжо ўспомніў вальдшнэпаў, то дазволю сабе зрабіць адступленне ад тэмы, расказаць пра іх.
Гэтыя таямнічыя лясныя кулікі распачалі свой веснавы ток. Яны лёталі адзін за другім, пара за парай, так прыгожа, удала ўпісваючыся ў наваколле, што наша блізкасць з прыродай здавалася яшчэ больш моцнай...
Я ніяк не мог зразумець, чаму гэта іх, вальдшнэпаў, ток разгарэўся цяпер, у канцы чэрвеня, калі птушаняты ўжо
вывеліся. А можа, то быў паўторны, другі ток? Такое часам здараецца, калі першыя вывадкі раннія і моладзь хутка пачынае жыць самастойна.
Але хочацца расказаць бэльш падрабязна пра дзіўнага ляснога даўганосіка, сустрэча з якім заўсёды радуе. Яго веснавы ток, ці, як называюць паляўнічыя і спецыялісты, цяга,— бадай, самы пяшчотны, самы паэтычны момант з усяго багатага і разнастайнага жыцця беларускай прыроды.
Вальдшнэп — птушка асаблівая. Гэта адзіны прадстаўнік з вялікага радаводу кулікоў, які жыве ў лясах. Іншыя яго суродзічы ў асноўным насяляюць балоты, а часам — стэпы. Вальдшнэп невялікі, з голуба, a то і меншы. Вось толькі нос у яго, як ні ў кога з лясных жыхароў, разоў у пяць даўжэй за галаву. Затое які гэта зручны інструмент для пошуку чарвякоў і лічынак! Ім гэтая птушка на вялікай глыбіні можа даставаць ежу з мяккага ляснога грунту. На канцы дзюбы ў вальдшнэпа ёсць спецыяльныя адчувальныя бугаркі. 3 іх дапамогай птушка нават пад зямлёй чуе сваю здабычу. Сярод дзікай прыроды вальдшнэп здаецца вельмі прыгожай і зграбнай птушкай, нягледзячы на доўгі нос, на звернутыя вочы, якімі ён бачыць нават тое, што робіцца ззаду. Птушка, бясспрэчна, прыгожая, а паколькі гэта адзіны з усіх кулікоў лясны жыхар, то яшчэ і незвычайная.
У асноўным кулік вохрыста-рыжага колеру з прымессю шэрых таноў. Галава ў яго спераду зусім шэрая. Патыліца і зашыйнік пафарбаваны чатырма чорна-бурымі ці цёмнарыжымі палоскамі, шыя белаватая, ніжняя частка цела больш светлага, жоўта-шэрага колеру. Нібыта кулік сапраўдны маскіровачны халат надзеў. Сядзе кулік на шэрую, пасыпаную леташнім лісцем траву — паспрабуй заўваж яго. Ды і месцы ён любіць найбольш глухія.
Вядзе вальдшнэп выключна таемны вобраз жыцця. Днём ён хаваецца ў густых зарасніках сярод папараці і маладой пораслі асінніку і альхі. Сядзіць там увесь дзень. Толькі калі лісіца ці іншы драпежнік патурбуе, ён паднімаецца на крыло і пералятае на іншае месна. А для крылатых
ворагаў вальдшнэп зусім незаўважны сярод шэрых траў, хмызняку і зямлі, на якой ён сядзіць нерухома.
Ноччу вальдшнэп актыўны. Ён шпарка бегае па мяккай лясной глебе. Пачуе нешта — адразу ж запусціць у зямлю свой доўгі нос. Дастаў, разгледзеў — чарвяк дажджавы. Падкіне яго ў паветры, спрытна схопіць на ляту самым кончыкам дзюбы, праглыне і пабег далей. Пераверне на хаду, як грыбнік палкай, лісцік, кавалак кары, кране сцяблінку — вось і слізнячок знайшоўся. Зноў праглынуў і зноў наперад. Чарвячкі, розныя лічынкі, насякомыя, смоўжыкі ды іншая дробная жыўнасць, што ля верхняга слою зямлі,— вось галоўная яго ежа. А часам і маладыя карэньчыкі травы паядае, здараецца, і на палі наведваецца, калі там можна паскубці свежыя парасткі жыта альбо азімай пшаніцы.