• Часопісы
  • Прыгоды з жыцця прыроды Adventures from the life of nature Вячаслаў Грамыка

    Прыгоды з жыцця прыроды

    Adventures from the life of nature
    Вячаслаў Грамыка
    Для сярэдняга школьнага ўзросту
    Выдавец: Беларусь
    Памер: 263с.
    Мінск 2003
    105.27 МБ
    У такім напружаным руху, то паскараючы і без таго шпаркі бег, то паступова сцішаючы яго, група паляўнічых на чале з Кузьмічом наблізілася да лесу. Як толькі даехалі да яго ўскрайку, дзед спыніўся, загадаў паляўнічым не рабіць лішняга шуму і крыху прызадумаўся.
    * * *
    А падумаць было аб чым. Трэба было пачынаць справу. Абкласці ваўкоў вельмі няпроста. Ваўкі часам могуць збіць з панталыку нават самага вопытнага паляўнічага. Таму, палюючы на іх, трэба быць вельмі пільным.
    Кузьміч успомніў, як некалі ён чыніў пагоню па слядах мацёрага ваўка. Драпежнік разы два ці тры сыходзіў з дарогі і зноў вяртаўся, затым дапяў да высокага куста ядлоўцу, шамнуў назад і, прайшоўшы па густых зарасніках яшчэ сотні паўтары крокаў, залёг. А ляснік тым часам згубіў яго след. Але, уважліва агледзеўшы лясную дарогу з абодвух бакоў, Кузьміч нечакана заўважыў скідку хітравана ля таго ж куста ядлоўцу.
    Чалавек ніяк адразу не патрапіць на яго апошні след, a пакуль будзе ісці ранейшым следам па дарозе побач, воўк пачуе небяспеку і неўпрыкмет схаваецца. Пакуль жа чалавек зразумее, у чым справа, яго ўжо і «след прастыў».
    А аднойчы неяк у аблаўны круг увайшлі чатыры ваўкі — важак і тры пераяркі. Калі ж іх абцягнулі сцяжкамі і паднялі з днёўкі, ваўкоў аказалася пяць. I як удалося пасля з цяжкасцю вызначыць, у той час, калі зацягвалі круг, на «не перакрытым» яшчэ ўчастку тым жа следам у абклад увайшла яшчэ і сярэдняга ўзросту ваўчыца. Вось і гадай тут.
    Многа чаго ведаў стары ляснік, і за сябе ён асабліва не хваляваўся. Але ж групу ў любым выпадку трэба было па-
    дзяліць на дзве часткі, і абыходзіць ваўкоў трэба адразу з абодвух бакоў. А ад менш вопытнага паляўнічага ўсяго чакаць можна. Ён можа і воўчы саскок дзесьці ўпусціць, і ў мудрагелістасці іх слядоў не заўсёды дасканала разбярэцца. Але ж паляўнічых для справы Кузьміч адабраў найбольш вопытных і сталых, спадзеючыся, што яны паспяхова справяцца са сваёй задачай.
    Асабліва раіў ён звяртаць увагу на тое, якія ездавыя дарогі трапляюцца на шляху, — ваўкі часта карыстаюцца імі. I, заўважыўшы след збоку ад яе, трэба абавязкова ўважліва агледзець, ці не выходзілі звяры на дарогу. Яны часта прыбягаюць да такога, робячы доўгі пераскок дзе-небудзь з-за куста ці невысокай елачкі, якія прыкрываюць іх след; сігаюць прама на дарогу. Тады і не пералічыш правільна, колькі слядоў ідзе ў месца абкладу, колькі з яго. А як у такім выпадку зразумееш, ваўкі ў абкладзе або выйшлі? Асабліва няпроста выявіць сляды ваўкоў-адзіночак, калі яны ўліваюцца ў агульны след. А гэта таксама можа нашкодзіць справе, заблытаўшы паляўнічага.
    У гэткай аперацыі здараюцца самыя нечаканыя моманты. Таму неабходна асабліва дасканала ведаць, колькі ваўкоў у акрузе, якіх месцаў яны трымаюцца. Асаблівай увагі таксама патрабуе, канечне, мацёрая ваўчыца, што верхаводзіць у зграі. Дзе знаходзіцца яна, там звычайна і астатнія члены сямейства. Але здараецца, некалькі ваўкоў адыдзе ўбок, асабліва гэта можна чакаць ад пераяркаў. А ў супольнасці са старым ваўком пераяркі на нейкі час могуць нават пакідаць сям’ю, хоць здараецца такое даволі рэдка, тым не менш улічваць усё гэта трэба.
    Галоўнае ж тут — не ўпусціць з віду ніводны след і ўважліва пералічыць, колькі з іх уваходзіць на тэрыторыю абкладу, а колькі выходзіць. Бо, замкнуўшы ў выніку абкладу круг, толькі па гэтым можна меркаваць, ці засталіся ваўкі ў абкладзе. Аб гэтым гаворыць наяўнасць аднаго лішняга ўваходнага следу. Калі, прыкладна, у абклад вядуць чатыры сляды, а выходзіць з яго тры, значыцца, ваўкі ў абкладзе. Аднак і гэта далёка не так проста.
    Звярнуў Кузьміч увагу сваіх спадарожнікаў і на тое, што ў час абкладу незнарок здараецца нават убачыць ваўкоў. Гэта ўжо зусім дрэнна. Але ўсё ж трэба паспрабаваць зрабіць выгляд і сваімі паводзінамі паказаць, што людзі не заўважылі іх. Тады ваўкі могуць не адрэагаваць на гэта. Калі ж толькі западозраць нешта, то справа будзе сапсавана. Мацёрыя не павядуць зграю на лёжку ў бліжэйшыя ўгоддзі, не залягуць блізка ад прынады, а адвядуць вывадак у далёкія ўрочышчы.
    Расказаўшы хуценька сваім напарнікам усё гэта, ляснік раздзяліў усіх на дзве групы — кожная з двух чалавек. Двух больш бывалых паляўнічых Кузьміч адправіў самастойна, а аднаго забраў з сабою. Падзялілі між сабой і сцяжкі, прыхопленыя на ўсякі выпадак запасы.
    Спачатку пусцілі ў ход найбольш вялікую катушку. Кузьміч замацаваў яе разам са спецыяльнай падстаўкай на спіне свайго напарніка, так што пад напружаннем вяровачкі катушка свабодна пракручвалася, размотваючы шнур. Ён паказаў паляўнічаму напрамак, у якім той павінен рухацца, адправіў наперад. Сам жа, ідучы ззаду, час ад часу карэкціраваў яго рух, замацоўваў асцяжкаваны шнур за галінкі кустоў і сукі дрэў. Гэтак жа зрабіла і другая пара паляўнічых. Пачалі з аднаго і таго ж месца, надзейна замацаваўшы пярэднія канцы шнуроў за стволік каржакаватай бярозкі, што служыла адначасова надзейным арыенцірам месца пачатку абклада.
    Ішла ўжо другая палова зімы. У ваўкоў з дня на дзень павінен быў пачацца гон, а з гэтага моманту іх ужо не ўтрымаць на адным месцы, тады яны цэлымі днямі блукаюць па лесе, пераходзячы з месца на месца.
    * * $
    Кароткія зімовыя дзянькі. А чацвёртай гадзіне пачынае змяркацца. А яшчэ столькі спраў наперадзе.
    Стары ляснік ішоў звыклым таропкім крокам. Дзе рукою, а дзе дзвюма мацаваў ён шнурок па хмызняках, выпраўляючы пры гэтым сняжкі, каб яны былі лепей бачны здалёк. Нават часам падштурхоўваў паляўнічага, які ма-
    рудна ішоў наперадзе. Дзед жа і сцяжкі паспяваў замацоўваць, і сляды ўважліва прыкмячаць, і напрамак руху вызначаць.
    Паступова яны адхіналіся ўправа, і сцлжковая лінія расла, падаўжалася.
    Вось ужо і шнур заканчваўся на першай катушцы. А абкладчык, які ішоў наперадзе, так захапіўся справай, што і не чакаў гэтага. I калі тузануў яго раптам назад замацаваны на катушцы канец шнура, дык ён ад нечаканасці кульнуўся ў снег і разгублена падхапіўся. Мо падумаў, што гэта воўк яго лапай па спіне «пагладзіў». Гэта рассмяшыла нават стрыманага і сур’ёзнага Кузьміча.
    Ды смяяцца часу не было. Дзед спрытна ўхапіў пяцельку першага шнура, борздзенька ўставіў у яе клячык з другога матка, і перадаўшы яго ў рукі свайму напарніку, зноў паказаў яму напрамак і прыняўся далей расцягваць асцяжкаваны маток, раскідваючы сцяжкі па кустах на вышыні 70—80 сантыметраў ад снегавога покрыва.
    Калі і гэты шнур скончыўся, ляснік спыніўся, даў напарніку перадыхнуць. Сам жа слізгануў на лыжах у адзін бок, затым у другі, потым наогул знік у гушчары хвілін на дваццаць. Яго спадарожнік ужо і хвалявацца пачаў.
    Дзед жа тым часам чуйна прыслухоўваўся да лесу. Па разліках, яны прайшлі ўжо болей паловы маршруту, дзесьці і сустрэчная група павінна была з’явіцца. Крычаць у такім выпадку нелыа. Ён толькі наказваў ім, каб тыя ўпаўголаса перагаворваліся, калі апынуцца прыкладна на сярэдзіне зацягваемай акружнасці. Але галасоў не было чуваць.
    Што за ліха? Здаецца, падрабязна ўсё было расказана. Дзе ж тут яны маглі адхіліцца ад намечанага напрамку?
    Дзед вярнуўся да свайго напарніка. Некалькі хвілін перачакаў тут, а пасля накіраваўся бліжэй да імшарнікавага балота, дзе парушыць маршрут другая група магла з-за драбналесся і недахопу хмызняку для мацавання шнура. Прабег якіх метраў сто і, калі ўжо выбраўся на суцэльную прагаліну нізкарослага кустоўя, убачыў удалечыні двух паляўнічых.
    Яны прыкметна адхіліліся ўправа ад вызначанага напрамку, а яшчэ і затрымаліся ў дарозе.
    Дзед шпарка пабег насустрач ім.
    — Ну што ды тут скрабяцеся, як каты ў торбе?! Злосці і той не хапае, ёха-маха! — незадаволена мармытаў ён.— Давай хутчэй шнур.
    Спрытна схапіў маток шурпатымі пальцамі і падаўся ў тым кірунку, адкуль толькі што прыйшоў. Шнур той, праўда, хутка скончыўся, а да вызначанага месца заставалася яшчэ добрай паўсотні крокаў. Тут ужо ён не стаў чакаць, пакуль разварушацца «блуднікі», а выхапіў з-за пазухі прыхаванае матавільца і, хутка-хутка раскідваючы сцяжкі па кусціках, замкнуў тую вялікую акружнасць.
    — Ну, а цяпер давайце разам прыкінем,— склікаўшы ўсіх у гурт, разважаў ён.— Колькі там на сваім адрэзку вы слядоў налічылі?
    — Тры сляды ішлі туды і два — адтуль,— сказаў вусаты паляўнічы,— Глядзелі, здаецца, пільна. I «выбрыкаў» асаблівых воўчых быццам на гэтым адрэзку не відаць.
    — Хоць запазніліся, а справу зрабілі надзейна,— дапоўніў думку вусатага яго напарнік.— Камар носа не падточыць!
    — Пажывём — паглядзім,— адказаў вопытны стары ляснік,— усяму свой час. А цяпер крыху памаўчыце.
    Ён зноў надоўга задумаўся. Ён налічыў чатыры лініі слядоў на сваім адрэзку — два ўсярэдзіну абкладу і два з яго. Калі сустрэчная пара не памылілася, то ў абклад вяло пяць слядоў, а з яго — чатыры. Значыцца, ваўкі павінны быць у абкладзе. Але другі адрэзак трэба было яшчэ праверыць.
    Дзед даў новую каманду, і ўсе ўчатырох падаліся па другім адрэзку круга. Кузьміч абавязкова павінен быў прайсці і гэты кавалак шляху сам, каб упэўніцца, што яго разлік правільны, і толькі пасля гэтага даводзіць распачатую справу.
    Па дарозе ён дзе-нідзе паправіў сцяжкі, падцягнуў шнур у некаторых месцах, праўда, заўваг і папрокаў да тых, хто выконваў гэтую лінію абкладу, ён не рабіў. Хаця, калі быць прыдзірлівым, крыўда была — і круг прыкметна скрывілі, і
    сцяжкі высакавата падвесілі. Ды лішні раз падкрэсліваць гэта не хацелася, тым болып што карысці ад таго ўсё роўна не прадбачылася, а дарэмна псаваць людзям настрой не варта было.
    Ішлі ўсе хутка і насцярожана. Як бы ўсё ж пабойваліся, каб не ўбачыў у іх рабоце Кузьміч якіх-небудзь пралікаў. Але той нічога не гаварыў, толькі раз-пораз абсоўваў рукавіцаю нацягнуты шнурок ніжэй і спяшаўся далей.
    Вось і тая карчакаватая бяроза. Яшчэ некалькі намаганняў, і «падарожнікі» ўжо каля яе. I тут дзед жартаўліва загадаў:
    — Стой, каманда!
    Ён нават павесялеў неяк. Усё сапраўды было ў парадку. He памылілася і другая група абкладчыкаў. Цяпер было дакладна вядома, што ваўкі не выйшлі з абкладу і сядзяць дзесьці ў самым лясным гушчары. Амаль што палова справы была зроблена.
    Ён адправіў другую групу ў вёску, а ўдвух з сябрам, пакуль дазваляў час, застаўся тут. Трэба было крыху падкругліць кола. Яны з напарнікам прыгладзілі бакавыя ўчасткі абкладу, сцягнулі непажаданы «мяшок», што ўтварыўся ў месцы сустрэчы абодвух груп. У некаторых месцах сцяжкі наогул даводзілася здымаць, пераносячы лінію абкладу крокаў на трыццаць, a то і болей, сціскаючы празмерна шырокі круг. Ад гэткіх нязначных, на першы погляд, акалічнасцей многае магло залежаць у далейшым, нават сам поспех палявання. Таму ляснік не шкадаваў часу на гэткія «дробязі». Яшчэ і яшчэ раз папраўляў, здаецца, ужо і без таго вывераную лінію.