• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прыгоды з жыцця прыроды Adventures from the life of nature Вячаслаў Грамыка

    Прыгоды з жыцця прыроды

    Adventures from the life of nature
    Вячаслаў Грамыка

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 263с.
    Мінск 2003
    105.27 МБ
    — Пінь-пінь! Пінь-пінь! Пінь-пінь! — радасна і бадзёра пасвістваюць яны.
    Скачуць адна за другою з галінкі на галінку, вышукваюць жукоў ды мушак.
    А дзесьці збоку раз-пораз чуліся прыглушаныя жахлівыя гукі:
    — Крум-крум! Крум-крум!
    Страхоцце якое!
    А вакол поўзаюць мітуслівыя мурашы. Снуюць і снуюць па зямлі з боку ў бок — сцяжынку для сябе зытапталі. A якія працавітыя і дужыя! Вунь адзін цягне да мурашніка кавалак абламанай галінкі — пэўна, разоў у дзесяць большы за самога мураша, а ён хоць бы што — звычайная справа.
    Сонца прыгравала мацней, і хоць яго промні не вельмі прабіваліся праз шчыльныя шапкі маладых хваін, не адчуць яго было немагчыма. Стала цяплей, ад адсырэлай зямлі і пажухлага лісця ўзнімалася ў паветра цёплая густая пара. На ўсе лады шчабятала пярнатае лясное насельніцтва. Зайчаня зусім было забылася пра асцярожнасць, яно радавалася шчодрасці прыроды і ўсё ўглядалася ў наваколле, адкрываючы для сябе шмат цікавага і таямнічага.
    Дзень прабег хутка, кудысьці схавалася сонца, неба стала шэрым, заціхлі галасы птушак, а працавітыя мурашы зніклі ў сваім мурашніку. Толькі зайчаняці хавацца не было куды, і яно так зайздросціла маленькай мышцы, з якой прыйшлося яму сустрэцца раніцай — ляжыць дзесьці ў глыбіні норкі на мяккай поўсці ці сухенькіх лісціках — цёпла там, утульна, а галоўнае — бяспечна.
    Хто да яе дабярэцца? А тут вунь з-за кожнага дрэўца, зза кожнага старога пянька і густога кусціка падсцерагае небяспека.
    Паступова цямнела, нават абрысы дрэў станавіліся невыразнымі, а хутка і наогул усё патанула ў цяжкай, густой, маўклівай цемры. Дзесьці ўдалечыні забрахаў сабака. Брэх звінеў злосна, і ў зайчаняці ад страху ўздрыгвала вузенькая спінка. Яно спрабавала шчыльней і шчыльней ціснуцца да зямлі.
    — Уп-уп-уп! — чулася з балота.
    — Тр-р-р-р... Тр-р-р-р...— даносілася з вяршыні высокай елкі.
    A то нехта раптам як зарагоча:
    — Ха-ха-ха-ха!
    Гэта вылецела на паляванне сава. Яна пільна выглядае ў цемры сваімі вялізнымі вачыма, што бачаць нават уначы, будучую ахвяру. I як толькі які-небудзь звярок ці адзінокая птушка выдадуць сдбе неасцярожным рухам — быць ім у моцных кіпцюрах начнога драпежніка.
    Так у страху і чаканні прайшла ноч. Зноў развіднела, паступова ажывала наваколле, пачынаўся новы дзень. Зайчаня не рухалася, сядзела смірненька.
    I тут патыхнула нечым непрыемным. Зайчаня як мага мацней прыціснулася да зямлі. Праз невялічкія шчыліны ў хвойніку яно ўбачыла каля самага зарасніку лісу. Худая і неахайная, з няроўнай, збітай у каўтун поўсцю, яна вышуквала лясных мышэй. Ліса не магла заўважыць нерухомае зайчаня, а шкурка ў зайца зусім не мае паху. Небяспека тым не менш была побач...
    Калі настаў трэці дзень, зайчыку ўжо вельмі захацелася есці. I як ні баяўся, прыйшлося пакінуць аблюбаванае месца і зрабіць спачатку адну, а за ёй другую і трэцюю перабежкі. Нечакана з-за куста выбегла зайчыха.
    Гэта была чужая зайчыха, і зайчаня спачатку разгубілася. Але ад зайчыхі пахла чымсьці родным, і зайчаня адважылася прасунуць сваю пысачку пад мяккую вільготную поўсць незнаёмкі. Зайчыха не збянтэжылася «нахабнасцю» чужога зайчаняці, бо так ужо прынята ў заечым свеце, што малых зайчанят корміць не толькі маці, але і чужая зайчыха.
    Наедку зайчаняці хапіла на цэлыя тры дні. Затым кармёжкі паўтарыліся яшчэ некалькі разоў, а дзесьці на дзесяты дзень у зайчаняці прарэзаліся востранькія зубкі, і яно само пачало грызці маладыя травінкі, салодкія карэньчыкі і мяккую кару маладых дрэўцаў.
    Спачатку было цяжкавата. Маладая трава яшчэ толькітолькі прабівалася з-пад зямлі, і трэба было затраціць не адну гадзіну, каб перабіць голад і смагу. Часта даводзілася задавальняцца саладкаватымі карэньчыкамі, якія ўдавалася адгрэбці лапкамі ў месцах, дзе зямля была рыхлай і мяккай.
    Але хутка на нізенькіх хмызняках з’явіліся першыя лісточкі. Рацыён стаў больш разнастайным.
    Паступова зайчаня прывыкла і да начной цемры, нават аддавала ёй перавагу ў час пошукаў ежы. Калі толькі апускалася на зямлю ноч, яно прабіралася на зялёную лясную паляну і ад’ядалася свежай сакавітай травой. Даспадобы прыйшліся зайчаняці таксама церпкаватыя галінкі чарніцы.
    Час ад часу зайчаня наведвалася на бліжэйшае верхавое балота і, пераскокваючы з купіны на купіну, дабіралася да свайго самага вялікага далікатэсу — надзвычай салодкай і апетытнай асакі, якой можна наесціся, амаль не сыходзячы з месца.
    Удзень зайчаня адлежвалася ў лесе, час ад часу мяняючы месцы свайго адпачынку. To прыладзіцца каля старога шэрага пня ў самым лясным гушчары, то пераднюе ў густым хвойніку, то заляжа пад прыземістым кустом арэшніку ў заросшым хмызняком раўку. I так дзень за днём, ноч за ноччу, тыдзень за тыднем.
    Паступова зайчаня навучылася заблытваць свае сляды, каб не трапіць у лапы ворагаў. Яму даводзілася асцерагацца ваўка і рысі, лісы і янотападобнага сабакі, тхара, ястраба-цецяроўніка, вялікіх соў, а пакуль што і больш дробных драпежнікаў. Калі надыходзіў час залегчы на днёўку, зайчаня пачынала хітраваць, рабіць «здвойкі» (паўторна праходзіць па сваім следзе і, нарэшце, скокнуць убок), залягала без далейшых перабежак і лішніх рухаў.
    За які месяц зайчаня падрасло, стала бадзёрым і зграбным зайцам. Заяц жыраваў ноччу і адпачываў днём, хаваўся ад драпежнікаў, рос і як мага лепш прыстасоўваўся да абставін жыцця. Цяпер ён выходзіў на ўзлесак да палеткаў, нават час ад часу дабягаў да вялікай лясной паляны, дзе раслі мяккі мятлік і смачныя парасткі асіны.
    Пасля начнога «балю» заяц любіў паскакаць, з асалодай пакачацца па казытлівых сцяблінках мятліку — яны прыдавалі нязвыклую прыемную лёгкасць і задаволенасць. Часам на палянку падыходзілі і іншыя зайцы — такія ж свавольнікі.
    I заяц з задавальненнем гуляў з імі, яны бегалі навыперадкі, гулялі, а пад раніцу зноў разбягаліся ў розныя бакі.
    Аднойчы вечарам заяц выбраўся на прагаліну, крыху падсілкаваўся лясным разнатраўем і вырашыў падацца на далёкую паляну, на якую не наведваўся ўжо некалькі начэй. Там ужо карміліся два шэрыя зайцы. Яны ласаваліся салодкай сакавітай травой, зрывалі апетытныя лісцікі з маладога асінніку, скрэблі зубкамі кару з маладых кусцікаў лазы. Пасля пачалі свае гульні: то бегалі невялікімі кругамі адзін за адным, то падскоквалі, то разбягаліся па паляне, то спыняліся і з цікаўнасцю разглядалі адзін аднаго.
    I вось калі зайцы, забыўшыся пра асцярожнасць, апынуліся пасярэдзіне вялізнай паляны, прыляцела сава. Маладыя зайцы стрымгалоў кінуліся ва ўсе бакі, імкнучыся як мага хутчэй дабрацца да выратавальнага лесу.
    Заяц бег з усёй моцы, так, як ніколі ў жыцці, пераскокваў з купіны на купіну, нават невялічкія кусцікі пераадольваў у адзін зацяжны скачок.
    Начны цень лёгка слізгануў зусім побач, над самай галавой пачуліся жудасныя ўзмахі вялізных крылаў. Яшчэ хвіліна — і драпежнік схопіць бездапаможнага зайца і панясе ў разгаліны векавых дрэў.
    Але ў апошняе імгненне заяц рэзка скочыў убок. Сава праляцела міма. Гэта надало зайцу сілы, і ён кінуўся наўцёкі, стараючыся як мага хутчэй дабегчы да выратавальнага густога ляснога зарасніку.
    Сава хутка набрала вышыню і пайшла ў новую атаку. Цяпер яна ляцела зусім нізка, так, што і падскочыць высока было небяспечна — сам кінешся ў кіпцюры або пад удар моцнай дзюбы. Зноў чуліся побач жудасныя ўзмахі крылаў, здавалася, кіпцюры вось-вось увап’юцца ў шэранькую спінку. Куды дзецца? I калі сава ўжо нацэлілася на ахвяру, заяц шуснуў у галлё. Удар моцнай лапы прыйшоўся адразу і па тым галлі, і па зайцы.
    Адчуўшы востры боль у галаве і шыі, зайчык з усёй сілы рвануўся ўперад і кінуўся наўцёкі.
    Зашыўшыся ў самы густы хмызняк, ён змог урэшце крышачку перавесці дух. Цела безупынна дрыжала, і хоць
    цяпер ён добра разумеў, што небяспека ўжо мінула, тым не менш супакоіцца не мог. Пераадольваючы боль, які ўзмацняўся пры кожным неасцярожным руху, заяц спрабаваў дацягнуцца да ран, каб хоць як-небудзь залізаць іх.
    Зайцу прыйшлося адседжвацца ў лясным гушчары, паменей рухацца: ад пастаяннага болю ў шыі хутка бегаць ён, вядома ж, не мог і мог бы апынуцца ў лапах якога-небудзь драпежніка. За харчам таксама далёка не трэба было хадзіць. Заяц не спяшаючыся грыз маладое лісце, «падстрыгаў» на невялічкіх купінах паміж кустоўя салодкі мятлік ды закусваў на гусценькіх высыпках трохлопасцевай кісліцай.
    Праз некалькі дзён ён падужэў, пачаў рухацца больш актыўна, адшукваючы нейкія горкія травы. Заяц настойліва грыз іх, як падказваў прыродны інстынкт, бо яны былі лекавыя.
    Хутка заяц мог ужо жвава бегаць, ён многа блукаў па лесе, але атрыманы ўрок не прайшоў дарма — цяпер ён быў куды болын уважлівы і асцярожны.
    Яшчэ праз нейкі час заяц пачаў наведвацца і на паляну. Яго цягнула туды хаця б ужо дзеля таго, каб пабачыць сябрукоў. Навучаны горкім вопытам, ён цяпер не адбягаў ад гушчару, што абступаў паляну, каб у патрэбны момант знайсці ў ім надзейнае сховішча.
    Яго знаёмыя зусім змяніліся. Гэта былі ўжо амаль дарослыя зайцы. Заяц адразу адчуў, што яго тут амаль не пазналі і разглядвалі яшчэ больш здзіўлена, чым ён іх. Іх здзіўленне пры гэтым перамешвалася з насмешлівай весялосцю: яны скакалі вакол, а некаторыя нават спрабавалі крануць яго за галаву лапкай. Праўда, у ранейшую кампанію яго прынялі. Цяпер можна было зноў гуляць і карміцца, а гэта куды лепей, чым у адзіноце: і смутак праходзіць, і час хутчэй ляціць.
    Цяпер нават успомніць было цяжка, як змянілася ўсё навокал ад тых першых веснавых дзён, калі зайчанём ён бегаў па яшчэ сырой ад паводкі зямлі. Уся лясная расліннасць разраслася так, быццам суцэльны дыван усцілаў у лесе ўсё: і зямлю, і кусты, і дрэвы. Тое ж самае рабілася і на
    лясных палянах, і на ўзбярэжжы ракі. У большасці звяроў падрасло патомства, паднялася на крыло моладзь лясных і палявых птушак, і бацькі з захапленнем вучылі яе самастойнаму жыццю.
    Ішла другая палова лета. Сонца з раніцы да вечара бязлітасна смаліла і смаліла, трава пачала вянуць і злёгку жаўцець, страціла былую сакавітасць і набыла гаркаваты прысмак. Нават лісце на кустах зрабілася нейкім вялым. У ежы не хапала вільгаці, і зайца ўсё часцей цягнула да рэчкі на вадапой. Ён некалькі разоў спускаўся ў глыбокую лясную даліну, дзе бераг невялікай лясной рачулкі быў больш пакатым і да вады можна было падступіцца, але кожны раз яму нешта перашкаджала. Якраз у той час вясковыя пастухі прыганялі на вадапой кароў, і заяц, не паспеўшы дабрацца да вады, вымушаны быў вярнуцца. Калі спрабаваў падысці да ракі, то нечакана ўбачыў на беразе вялізнага ваўка, які нагнаў на яго столькі страху, што, нягледзячы на смагу, заяц некалькі сутак зноў не адважваўся вылезці з гушчару.