• Газеты, часопісы і т.д.
  • Прыгоды з жыцця прыроды Adventures from the life of nature Вячаслаў Грамыка

    Прыгоды з жыцця прыроды

    Adventures from the life of nature
    Вячаслаў Грамыка
    Для сярэдняга школьнага ўзросту
    Выдавец: Беларусь
    Памер: 263с.
    Мінск 2003
    105.27 МБ
    Гаспадар падводных мясцін падплыў да яго галавы і акуратна расклаў на пяску перад ротам хворага корм.
    Сомік адплюшчыў вочы. Ён убачыў ежу, але не выказаў ніякай цікаўнасці, быццам там ляжалі звычайныя голыя каменьчыкі. Ежа не лезла ў рот, соміка нават адварочвала ад яе.
    Вялікі сом падплыў ушчыльную і падпіхнуў адну мяккую ружовую перлавіцу прама да рота. Калі зможа паранены сомік харчавацца, то, можа, як і выкарабкаецца з бяды, выжыве. А без ежы куды ж?
    Малады сомік быццам таксама разумеў гэта. Тым болей не мог не адрэагаваць на клопаты старэйшага сябра. Хоць да яды ў яго ніякай цягі не было, ён не хацеў тым самым пакрыўдзіць добрага волата. Праз сілу ён адкрыў рот і ўзяў губамі паднесены яму кавалачак.
    Але на большае яго намаганняў не хапіла. Перлавіца, якую ён з цяжкасцю захапіў у рот, так і засталася там, бо заглытнуць ежу сілы ў яго ўжо не было. Па ўсім было відаць, што апошнія надзеі на выратаванне зніклі.
    Гаспадар віроў пакінуў у спакоі свайго малодшага сябра, каб даць магчымасць спакойна правесці апошнія часіны жыцця.
    Так і заставаўся побач з параненым сомікам гаспадар бездані, ні на хвіліну не адлучаючыся ад яго. Ужо й самому аж надта захацелася есці, бо трое сутак не кранаўся ён з гэтага месца, каб хоць у апошнія развітальныя гадзіны пабыць побач.
    Параненаму соміку жыць заставалася зусім нядоўга. I калі халоднай цемрай дыхнуў чарговы вечар, ён у апошні раз адкрыў вочы, сумна паглядзеў на свайго магутнага сябра, нібы развітваючыся, і зрабіў сіплы працяглы выдых. Само жыццё выходзіла з яго разам з гэтым выдыхам...
    Панурым і маўклівым зрабіўся стары волат. 3 гэтых часін жыццё як бы зусім страціла для яго апошні сэнс. Цяпер заставалася толькі адзінока дажываць свой век. Але за гэта ён крыўды не меў — пражыў жа на свеце дастаткова. Куды болей было шкада загінуўшага маленькага сябра.
    Але бяда, як кажуць, адна не прыходзіць. Ля віру, дзе жыў у сумнай адзіноце стары сом, з’явіліся браканьеры. Яны абцягнулі яму з усіх бакоў шырокімі сеткамі, а самі на дзвюх лодках выплылі на сярэдзіну завадзі. На моцны плецены шнурок яны падвязалі вялікі трохраговы кручок, на кожны з ражкоў якога насадзілі смажаных вераб’ёў. Такая насадка вельмі ўжо прывабная для буйной рыбы.
    Але бывалы сом на насадку не клюнуў. Жыццёвы вопыт падказваў, што тут трэба асцерагацца і не спакушацца апетытнай прынадай. Увесь дзень рыбаловы прасноўдаліся безвынікова. Позна ўвечары яны адправіліся на начлег у вёску, а назаўтра раніцай зноў вярнуліся, каб праверыць свае снасці. Сеткі былі пустыя. Але браканьеры не адмовіліся ад свайго намеру і працягвалі паляванне... Прагнасць буйной пажывы не пакідала іх. Тым болей што яны дакладна ведалі, што здабыча ў віры існуе, і немалая.
    Моцны плецены шнурок, за які быў падвязаны кручок, браканьеры падоўжылі вяроўкай і замацавалі за пустую, забітую з абодвух бакоў днішчамі бочачку, што свабодна плавала. Калі схопіць рыбіна нарэшце прыманку, то так і будзе
    цягаць за сабою бочку, а паколькі тая пастаянна будзе ўсплываць на паверхню, далёка на глыбіню ахвяра не ўцячэ. Калі ж пасля наведацца сюды, то бочка, што будзе плаваць на вадзе, беспамылкова падкажа месцазнаходжанне здабычы.
    Але плямісты волат на гэтую хітрасць це паддаўся. Ноччу ён узняўся з глыбіні, агледзеў паверхню і ўбачыў сетку. Што рабіць? Паспрабаваць разарваць яе? А калі тут яшчэ якая пастка? Ад чалавека ўсякага чакаць можна. А паколькі асаблівай патрэбы выбрацца з ямы сому не было, то і не было падстаў рызыкаваць. Таму сом агледзеў сеткі, што закрывалі яму шлях зверху, і зноў залёг на дно.
    Раніцай ля віру зноўку з’явіліся людзі. Агледзелі свае снасці і засталіся расчараванымі. Падаліся ў вёску, але праз некалькі гадзін вярнуліся. Прылад у іх цяпер было болей. Яны прынеслі многа кручкоў, кавалкі акрываўленага мяса, вострыя жалезныя багры, усаджаныя на доўгія драўляныя жэрдачкі. Спусцілі на ваду дзве лодкі і зноў прыняліся за справу. Яны апускалі ў ваду вострыя кручкі з кавалкамі мяса, спрабуючы зноў прынадзіць ці раззлаваць рыбу. Тут яна магла не вытрымаць і ўхапіць насадку. А ім толькі гэта і патрэбна. Хоць нават самы моцны шнурок наўрад ці вытрымаў бы вялізную рыбіну. Але ж тым было дастаткова ўсяго толькі крыху падцягнуць яе да лодкі, a пасля ўжо яны намерваліся пусціць у ход вострыя багры.
    Паклёвак не было. Але настырныя здабытчыкі закідвалі і закідвалі нажыўку. Змянялі адмытыя ад крыві кавалкі мяса новымі, падаўжалі плеценыя шнуркі на большую велічыню і зноў закідвалі.
    Часам кавалкі падалі ў сома перад носам. Але ён не кранаў іх, адплываў убок, мяняў сваё месца. Падплываў да самай сеткі, але, не рызыкуючы чапаць яе, зноў вяртаўся да сярэдзіны віру, на глыбіню.
    Гучныя ўсплёскі на паверхні віру не толькі надакучылі сому, а нават абрыдлі. Нарэшце ён не вытрымаў і сарваў з кручка нажыву. I гэта пераканала браканьераў, што вялікая рыбіна знаходзіцца менавіта тут. Яны галёкалі, білі вёсламі па вадзе, каламуцілі вір доўгімі шастамі і баграмі. I нарэшце цярпенне сома лопнула. Ён зрабіў круты разварот і імкліва паплыў наверх, разганяючыся ўсё больш і больш.
    Ад магутнага ўдару лодка перакулілася. Людзі, што знаходзіліся ў ёй, з крыкамі і лаянкай паляцелі ў ваду.
    Але сом быў ужо не той. Стары і няўклюдны, ён не саўладаў са сваім целам і ві/зернуўся на паверхню побач з другой лодкай. Барадаты браканьер, які стаяў з краю лодкі з багром у руках, не разгубіўся. Багор імгненна ўзвіўся ў паветры і з сілай упіўся ў жывот рыбіны.
    Com рэзка павярнуўся, і вялікая хваля перакуліла і другую лодку. У гэтым рыўку волат сарваўся з багра, але паратунку ўжо не было: у жываце рыбіны крывавіла смяротная рана.
    Усё ж сілы ў сома яшчэ заставаліся. Ён зноў усплыў, дэманструючы браканьерам сваю веліч і моц, быццам не хацеў паказваць, што быў паранены. А тыя, забыўшыся на здабычу, як мага хутчэй плылі да берага. Сом яшчэ раз павольна развярнуўся на паверхні, пляснуў шырокім хвастом і схаваўся пад вадой.
    Людзі яшчэ доўга бадзяліся па беразе, выкручвалі мокрае адзенне, збіралі свае пажыткі і ўзбуджана абмяркоўвалі здарэнне. Страху хапіла на ўсіх. Ім здалося, што гэта была не рыбіна, а нейкае пачварнае страшыдла.
    Com ляжаў глыбока на дне і цяжка дыхаў. Ён разумеў, што набліжаецца яго канец. Аб развітанні з жыццём волат асабліва не смуткаваў. Пражыў жа на свеце дастаткова, спазнаў і радасці, і турботы, і гора. Усяго хапіла...
    Раніцай уладар таямнічых віроў, сабраўшы апошнія сілы, узняўся са дна, каб у апошні раз даплыць да паверхні. Ён хацеў развітацца з сонцам і небам, з тымі мдсцінамі, дзе жыў, радаваўся і сябраваў.
    Раптам сом заўважыў драпежніка-шчупака. Той нейкім чынам заблытаўся ў рыбацкай сетцы і спрабаваў вызваліцца з гэтай пасткі. Сустрэча з ворагам дала параненаму волату новыя сілы. Вось яна, доўгачаканая хвіліна расплаты! Жалезныя сківіцы сома самкнуліся на шчупаковай галаве. Хватка ўладара таямнічых віроў была мёртвай.
    Шчупак ірвануўся ў смяротнай агоніі, але вызваліцца не змог. Яны так і пайшлі на дно, два непрымірымыя праціўнікі: сом і шчупак. I ўсё ж перамога была за сомам — магутным гаспадаром таямнічых віроў.
    У КІПЦЮРАХ ДРАПЕЖНІКА
    Кожным дрэўцам і кусцікам, кожнай травінкай і лапікам імхоў, кожным подыхам пацяплелага ветру і прыветлівымі промнямі шчодрага сонца прырода ўступала ў познюю вясну.
    Зайчыха доўга блукала па лесе і хмызняках, вышукваючы найбольш зручнае месца. Яна ўважліва абследавала вялікі закраінак ляснога абшару, настойліва выглядала ўсе яго ўчасткі. Абгледзела балота, пакрытае асакою, маладымі дрэўцамі і высокім сакавітым травастоем. Вярнулася бліжэй да густога змешанага лесу і нарэшце абрала ціхі ўчастак з маладымі хваінкамі, якія ў некаторых месцах утваралі суцэльную жывую агароджу. Ніякі драпежнік ні зверху (сава ці ястраб), ні збоку (лісіца ці нахабны янот) не мог прабрацца сюды.
    Да аблюбаванага ёю хмызняку прылягала невялікая лясная паляна, на якой маладыя зайчыкі маглі б ласавацца травою. Удосталь было тут і маладога асінніку, які зайчанятам будзе даспадобы.
    Зайчыха не ладзіла спецыяльна гнязда, а прывяла зайчанят у вытаптанай ямцы, сярод пнёў і хмызняку. На свет з’явіліся чатыры маленькія, у гусценькай поўсці шэрыя камячкі. Яны яшчэ нічога не разумелі, але прыродны інстынкт падказваў ім, што трэба рабіць. Малыя не ведалі, што зайчыха хутка пакіне іх і ім прыйдзецца ціхутка сядзець, каб нават нязначным рухам не выдаць сябе і не трапіць у кіпцюры лясных драпежнікаў. А пакуль зайчаняты пілі салодкае, смачнае малако, апетытна прычмокваючы і цешачыся першым сняданнем. Малако ў зайчыхі пажыўнае — болып дваццаці, а то і да дваццаці пяці працэнтаў тлушчу,
    што дазваляе малым зайчанятам па два-тры, a то і больш дзён абыходзіцца без ежы.
    Насмактаўшыся ўдосталь малака, зайчаняты збіліся шчыльнай кучкай і прыціхлі. Зайчыха неўзабаве пакінула іх, каб зноў прадаўжаць свой род: летнія дзянькі прабягуць хутка. I трэба спяшацца, каб прывесці на свет яшчэ адзіндва, a то і болей разоў па тры—шэсць маленькіх зайчанят, з якіх не кожны выжыве ў суровых умовах ляснога жыцця.
    А тым часам зайчаняты добра абсохлі, пачулі ў сабе прыліў бадзёрасці і сілы і адзін за адным пачалі разбягацца ў розныя бакі. Больш яны, можа, ужо ніколі не пабачаць адзін аднаго, а калі выпадкова і сустрэнуцца, то ніхто з іх не пазнае ў суродзічы брата ці сястру.
    Агледзеўшыся, зайчаня заўважыла, што засталося адно, але не вельмі ад гэтага засмуцілася і таксама, як і ўся яго радня, пабегла ў найбольш бяспечнае месца, у густы хвойнік. Яно разгрэбла сваімі слабенькімі лапкамі пажухлую леташнюю траву і прылегла, прыціснуўшыся да адсырэлай зямлі. Сырасць асабліва не турбавала яго — гусценькая кучаравая поўсць надзейна абараняла цела ад холаду.
    Зайчаня сцішылася, вушкі прыціснула да спіны — усё роўна ад хуткіх ног лісіцы ці ваўка ўцячы яно не змагло б, і тут трэба было спадзявацца толькі на ўдалую маскіроўку. Вочы ў зайчаняці ўвесь час былі адкрытыя і ўглядаліся ў новы для яго свет з асаблівай цікаўнасцю і ўвагай.
    Вось прабегла побач шэранькая лясная мышка, на нейкі момант спынілася, бліснула малюсенькімі бусінкамі-вочкамі і спрытна шуснула ў сваю ўтульную норку. Збоку пастукваў па старой хваіне пярэсты дзяцел. Пастукае, пастукае сваёй моцнай дзюбай, спыніцца, агледзіцца навокал і зноў стукае і стукае па хваіне. Дзівак нейкі! А вось падляцела цэлая чародка рухавых жоўценькіх сініц.