Прыгоды з жыцця прыроды
Adventures from the life of nature
Вячаслаў Грамыка
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Беларусь
Памер: 263с.
Мінск 2003
Але вельмі хацелася піць, і ён зноў пайшоў да рэчкі, на гэты раз выбраўшы месцам пераходу пералесак, што быў укрыты кустоўем вербалозу. На рэчцы нікога не было. Ён дакрануўся губамі да вады і прагна пачаў піць. Ну вось, здаецца, ужо і годзе. Заяц падняў галаву, азірнуўся толькі тады, як упэўніўся, што небяспекі няма, рэзка страсянуў мордачкай і гучна фыркнуў.
I тут ён убачыў у вадзе сябе. He, заяц не прыняў сваё адлюстраванне за нейкага свайго сабрата ці, наадварот, Bopara, як гэта бывае часам з катамі ці іншымі хатнімі жывёлінамі. Але тое, што ён убачыў, здзівіла яго: замест двух, як ва ўсіх зайцоў, у вадзе адлюстроўваліся тры вухі.
Спачатку зайчык не паверыў сабе. Ён прыгледзеўся больш уважліва, паклаў на галаву свае вушы, затым паспрабаваў падняць адно, левае, — яно паднялося: вуха як вуха, вузкае, доўгае, менавіта такое, якое і павінна быць у зайца. Затым паспрабаваў падняць правае. Але замест аднаго падняліся два вухі. Заяц разгубіўся. Ён зноў прыклаў правае вуха да шыі і паспрабаваў падняць яго. Вынік быў
ранейшы. Праўда, вушы былі быццам нейкія вузейшыя, але па даўжыні такія ж.
Яму было не ўцяміць, што гэта сава распалавініла кіпцюром яго правае вуха. Паступова яно зажыло, але зрасціся, вядома, не змагло, бо палавінкі былі ў пастаянным руху. Вось і стаў заяц трохвухі. I раптам пачуйся крык:
— Глядзіце, заяц! Глядзіце! 3-а-а-а-яц!!!
А потым пасыпалася з усіх бакоў:
— Заяц! Заяц!
— Касабокі!
— Заяц малады!
— Лапавухі!
Гэта басаногая вясковая дзятва, якая ішла на рэчку купацца, застала зайца знянацку. Ён скочыў у адзін бок, скочыў у другі, а потым як паляцеў уздоўж рэчкі куды вочы глядзяць. А дзеці здзіўлена крычалі:
— Ён жа трохвухі! Заяц — Парванае Вуха...
Чутка тая хутка абляцела наваколле: у лесе на Слоўчы жыве заяц з трыма вушамі. Дзятва так узахлёб расказвала аб убачаным відовішчы, шго ўжо атрымлівалася, нібы заяц быў нават не з трыма, а з чатырма вушамі.
Паміж звяроў не менш хутка, чым сярод людзей, разнеслася вестка пра трохвухага зайца. I панеслася па лесе яна нават раней, з таго самага моманту, калі, трохі «падлячыўшыся», заяц наведаўся да сваіх знаёмых на паляну.
Лета тым часам пайшло на зыход. Неба ўсё часцей укрывалася густымі шэрымі хмарамі, з якіх пачыналі сыпаць нудныя дажджы. На некаторых дрэвах лісце пажоўкла, а на іншых стала ружовым і нават ярка-чырвоным. Яно доўга не трымалася на галлі, разносілася ветрам. Шапацеўшае лісце пужала зайца. Цяпер было цяжка вызначыць гукі небяспекі.
Прыкметна паменшала ў лесе птушак. Большасць з іх, асабліва дробных, прапала неяк адразу. А вось вялікія птушкі — буслы, гусі, журавы — адляталі марудна, у восеньскім небе адзін за другім цягнуліся іх доўгія, выцягнутыя клінам чароды, што падаліся далёка ў вырай, у цёплыя
краі. Нейкім болем і смуткам павявала ад іх, быццам бы неахвотна рухаліся яны, сагнаныя халадамі.
Халаднела дзень пры дні, паветра стала сырым, вадзяністым. Потым холаду дабавілі вягры. Зачасцілі дажджы.
Шэравата-рыжая шэрстка ўжо не сагравала Парванае Вуха. Горш станавілася і з кормам. Лясныя травы павялі і высахлі. Асыпалася з дрэў апошняе лісце, але яно было горкім і нясмачным.
Даводзілася мяняць месцы кармёжак. Спачатку Парванае Вуха пачаў вандраваць у далёкі малады асіннік, дзе на абкошаных палянах «выпырсквала» яшчэ зялёная трава. На днёўку адыходзіў глыбей у лес і залягаў часцей усяго ў збурэлай траве, альбо ў шчыльным хвойніку, ці сярод буралому.
Парванае Вуха ўсё часцей пачаў пакідаць суцэльныя зараснікі і наведвацца на палеткі: воддаль ад лесу распасціралася шырокае зялёнае поле з густой рунню азімай пшаніцы. Гэта было для зайца сапраўдным паратункам. Прыцемкамі Парванае Вуха накіроўваўся да месца сваёй чарговай вячэры.
Дні ішлі. Хутка і першыя маразы пачалі прыхопліваць мокрую глебу. А пад раніцу і пажухлая трава, і азіміна пакрываліся белым налётам інею. Мацнелі вятры. Усё радзей выглядвала з насупленых хмараў сонца. Прырода чакала зімы.
Парванае Вуха гэта болей не турбавала, бо белы кажушок надзейна саграваў яго. Сілы ў беляка прыкметна прыбавілася, доўгія ногі насілі яго лёгка і хутка. Але колькі невядомага чакала наперадзе, колькі незразумелага і нялёгкага рыхтаваў для беляка лёс!
А падвёў яго белы кажушок. Ён хоць надзейна ратаваў ад холаду, але ж затое і выдаваў на фоне фарбаў восені.
Ліса падпільнавала беляка водцаль рэчкі, калі ен спускаўся да вады. Драпежніца вывучыла маршрут яго пераходаў і залегла паблізу ад сцежкі, схаваўшыся за маленькаю купчастаю ялінкай. Ліса скруцілася ў клубок, прыціснула да жывата хвост. Толькі востранькія чорныя вушкі яе, здаецца, ні на хвіліну не расслабляліся і напружана «стрыглі»
чуйнае паветра, беспамылкова падказваючы, што адбываецца навокал.
Драпежніца не стала чакаць, пакуль заяц наблізіцца. Ёй дастаткова было своечасова адчуць яго месцазнаходжанне. А пасля ўжо яна без цяжкасці магла весці пагоню, бо белы колер заячай шкуркі быў бы для яе выдатным арыенцірам.
I хто ведае, чым бы закончылася пагоня, калі б не выпадковасць. Уцякаючы, Парванае Вуха натрапіў на ўжо знаёмы яму статак жывёлы.
Сабакі заўважылі зайца і кінуліся за ім. Але амаль у той жа час яны ўбачылі лісу, якая, захапіўшыся праследаваннем зайца, таксама выскачыла на луг. Сабакі адразу кінулі зайца і пагналіся за рыжай кумой.
Праўда, ліса без цяжкасці заблытала дварнякоў і пакінула іх, як гавораць, з носам. Але зайца яны ўсё ж выратавалі. Калі не ад смерці, дык пазбавілі ад доўгай пагоні і вымушаных схованак.
Цяпер Парванае Вуха не грэбаваў асцярогай. Зразумеўшы «здрадніцкую» ролю сваёй белай шкуркі, ён імкнуўся не трапляць на злое вока, падоўгу затрымліваўся ў найболып недаступным і, галоўнае, непраглядным гушчары, у кустоўі ядлоўцу ды ў зарасніку маладых ялінак і хвояў.
Так і хаваўся цэлымі днямі, як некалі ў самым пачатку жыцця, адчуваючы сваю бездапаможнасць. I толькі калі непраглядная цемра ночы густымі клубамі ахутвала халадзеючыя імшары, асцярожна вылазіў з гушчару і накіроўваўся да бліжэйшага поля.
Парванае Вуха па-ранейшаму пазбягаў адкрытых месц і хаваўся ад злога вока — то залягаў у шчыльным ельніку, то забіраўся ў суцэльны буралом, то клаўся на днёўку ў сухую густую траву. А ў самы апошні час аблюбаваў утульнае месца пад вяршыняй вывернутай ветрам елкі.
3 поўначы мацней падзьмулі халодныя вятры. Дробныя лужыны і невялікія азёры адразу зацягнуліся лёдам. Толькі імклівая лясная рака не здавалася марозу. Спачатку лёд утварыўся ўздоўж берагоў, дзе быў найбольш тоўстым і трывалым. А чым далей ад берага, тым больш празрыстай і Ta-
нейшай рабілася яго скарынка, сыходзіла на зусім танюсенькі крохкі край, ад якога адрываліся імклівым цячэннем крыштальныя кавалачкі. Глыбы лядовага панцыра з кожным днём пашыраліся, разрасталіся ад берагоў, імкну чыся поўнасцю захапіць сабою водную плынь, каб скаваць бурлівую рэчку.
3 надыходам вечара Парванае Вуха асцярожна выбраўся з гушчару і ельнікам паскакаў да поля. Марозік трохі адпусціў, свежая размякчэлая рунь стала больш пяшчотнай і лёгка скублася, праганяючы дзённы голад. Гуляць па полі, як гэта ён некалі рабіў, на гэты раз не стаў і накіраваўся ў гушчар. Яго адольвала стома, і ён з задавальненнем прылёг на знаёмым месцы. Была ўжо сярэдзіна ночы. Вецер паволі аціхаў. Мароз пачаў брацца з новай сілай. Зайчык падгарнуў лапкі, схаваў у поўсць свой вільготны носік і задрамаў.
Прачнуўся ён і не пазнаў наваколля. Усё было дзіўна белым, нібы абліта густым малаком. Белізна ўкрыла зямлю, галіны дрэў, нават самога зайчыка засыпала гэтай суцэльнай беллю.
Парванае Вуха быў здзіўлены і баяўся нават зрушыцца з месца. Толькі зацікаўлена і насцярожана лыпалі яго чорныя вочкі, падазрона і баязліва аглядаючы ўсё навокал. Пакуль ён яшчэ не разумеў, што гэта проста выпаў снег і ніякага дзіва ў гэтым няма.
Спачатку Парванае Вуха падазрона панюхаў перад сабою чуйным носікам. Тады нерашуча паспрабаваў крануць снеглапкай. Таксама нічога страшнага. Мяккі, халаднаваты. Зайчык пасмялеў. Ён узняўся і страпянуўся. Свежы сыпкі снег малюсенькай хмаркай завіс у паветры, ззяючы ў скупых промнях халоднага зімовага сонца мноствам іскарак, агеньчыкаў, зорачак. Ну, як тут не развесяліцца ад такой прыгажосці! I зайчык узрадавана заскакаў па белай коўдры.
3 гэтай раніцы Парванае Вуха адчуваў сябе куды больш упэўнена. Ён болей не хаваўся ў лясным гушчары, часам рабіў досыць далёкія пераходы на аддаленыя палі з пакатымі пагоркамі, з якіх вецер здзімаў снег. I не трэба было выграбаць азіміну з-пад яго тоўшчы.
Часам зайцу трапляліся воўчыя і лісіныя сляды. Гэта, вядома, насцярожвала яго, і бяляк адразу мяняў маршрут. Адначасова ён спасцігаў новую для сябе навуку—вучыўся заблытваць сляды на снезе і хавацца ад ворагаў.
Зіма з кожным днём усё больш упэўнена заяўляла аб сабе. Мацнелі маразы. Разгульвалі на апусцелых палях завірухі. Падсыпала снегу. Зайцы рабілі даволі значныя пераходы на самыя аддаленыя палі, наядаліся там, і калі снегапад не пераставаў, то не марнавалі сябе блытаннем следу, а напрасткі вярталіся назад, кожны да сваёй схованкі, і залягалі аж да наступнага вечара. Снег засыпаў за ноч сляды, і знайсці зайца было немагчыма, хіба што выпадкова натрапіць на лёжку.
Звычайна звяры трымаліся сваіх сцежак. I хоць тыя часта замяталіся, усё ж яны без цяжкасці адшуквалі іх.
Парванае Вуха такія цяжкасці не турбавалі. Заяц-бяляк у адрозненне ад многіх іншых звяроў добра прыстасаваны да жыцця ў зімовым лесе. Яму не страшны снег. Яго заднія лапы дастаткова шырокія, а пад зіму яшчэ і густа абрастаюць поўсцю. Пухнатыя круглыя лапы, нібы шырокія плашкі, надзейна ўтрымлівалі яго нават на зусім рыхлых гурбах снегу.
Ён па-ранейшаму трымаўся ляснога гушчару, залёгшы дзе-небудзь пад нізкім кусцікам, невялікай елачкай альбо за шырокім пнём. 3 надыходам прыцемкаў пакідаў месцы днёўкі. Прывычна наядаўся на пасевах азімых, часта разам з іншымі зайцамі-белякамі наведваў гэтыя мясціны. Падарожнічаў на бліжэйшыя лугі і абкошаныя паляны, дзе снег здзімаўся з адкрытых участкаў.
У пару працяглых снегападаў Парванае Вуха задавальняўся галінкамі асіны, карой маладых дрэўцаў. Калі-нікалі наведваўся на хутары і леснічоўкі і абгрызаў кару з маладых яблынек.