• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі

    Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі


    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 148с.
    Мінск 1993
    66.48 МБ
    ваннем — прадбрам’ем 16. Спазналі перабудову гатычныя вежы і абарончыя муры замка. У сценах былі прабітыя вялікія аконныя праёмы, якія, як і праёмы дзвярэй, аздобілі разнымі каменнымі абрамленнямі. 3 гэтага ж матэрыялу выточваліся балясіны для лесвічных маршаў, частка якіх была знойдзена пры раскопках, вырабляліся кансольныя бэлькі балкона. Гатычны дэкор быў амаль цалкам замураваны, а сцены пакрыты тынкоўкай. Некранутымі засталіся толькі надбрамная і паўднёвазаходняя вежы, якія, відаць, вызначаліся найбольшым хараством аздобы. Пры будаўніцтве палаца Мірскага замка захаваны ранейшы гатычны тыіГ муроўкі, хаця памеры цэглы ў гэты час у параўнанні з пачаткам XVI ст. значна паменшыліся. У той жа час пры будаўніцтве Нясвіжскага замка ўжыты рэнесансны тып муроўкі. У некаторай колькасці разам са звычайнай выкарыстоўваецца і клінкерная цэгла, хаця з яе ў адрозненне ад перыяду готыкі не выкладваліся дэкаратыўныя элементы. У адрозненне ад гатычных будынкі ў другой палове XVI ст. у Міры і Нясвіжы ўзводзяцца на падмурках, у якіх у значна большай ступені выкарыстана цэгла, а камяні — у невялікай колькасці, пераважна каля іх падэшвы. Неабходна зазначыць, што рэнесансная муроўка вытрымлівалася не заўсёды, бо ў гэты перыяд пачынаюць тынкаваць фасады і цагляная муроўка страчвае свае дэкаратыўныя функцыі.
    На апошнюю чвэрць XVI—пачатак XVII ст. прыпадае будаўніцтва Гальшанскага замка. Па асноўных прыёмах пабудовы плана, які склалі замкнёныя ў чатырохвугольнік карпусы палаца з чатырма нарожнымі і пятай надбрамнай вежамі, ён нагадвае Мірскі замак пачатку XVI ст. Аднак характар будаўнічай тэхнікі і прыёмы аздаблення фасадаў, дэкор у інтэр’еры з’яўляюцца яскравым сведчаннем новых традыцый у будаўніцтве палацава-замкавых комплексаў гэтага часу. Да 70—80-х гадоў XVI ст. адносіцца ўзвядзенне мураванага замка ў Любчы. Збудаванне ўзводзілася на наднёманскім пагорку, які быў павышаны больш чым на 3 м за кошт падсыпкі выбранага з рова вакол яго пяску. Гэта дало магчымасць аформіць пляцоўку замчышча ў выглядзе чатырохвугольніка, на якой і быў збудаваны мураваны замак з правільным чатырохвугольным планам. Па кутах яго былі ўзведзены шмат’ярусныя вежы, хаця да гэтага часу застаецца нявырашаным пытанне аб існаванні заходняй вежы. 3 паўночнаі паўднёва-заходніх бакоў замак абараняўся мураванымі прасламі сцен. 3 паўднёваі паўночна-ўсходніх напрамкаў яго прыкрывалі драўляныя «парканы». Да паўночна-заходняга абарончага мура паміж вежамі ў канцы XVI—пачатку XVII ст. быў прыбудаваны мураваны палац, у паўночнай частцы якога меліся падвалы са скляпеннямі. 3 пункту гледжання абарончых вартасцей Любчанскі замак можна аднесці да пабудоў такога тыпу, узведзеных у XV ст. у Гродне і Мядзелі, а таксама ў пачатку XVI ст. у Міры, у якіх будынкі абарончага і грамадзянскага характару былі аб’яднаны ў адным комплексе пры дамінаванні значэння першых функцый. Спалучэнне мураваных і драўляных элементаў збліжае яго з замкам у Іказні. Аднак у адрозненне ад апошняга, як і ад гродзенскіх і Мядзельскага замкаў, замак у Любчы вызначаецца пабудовай плана, які не залежаў ад абрысаў узвышша, на якім быў узведзены. Да канца XVI ст. адносіцца і перабудова Старога замка ў Гродне ў традыцыях рэнесанснай архітэктуры, у выніку чаго ён страціў асноўную колькасць абарончых вежаў. У ім быў перабудаваны палац з багатым аздабленнем фасадаў. На падворку ўздоўж сцен з’явіліся мураваныя будынкі, у якіх размяшчаліся розныя службы, што забяспечвалі паўнакроўнае жыццё на гэты раз ужо каралеўскай рэзідэнцыі17.	*
    У XVII ст. адбываецца далейшае развіццё палацава-замкавых комплексаў. У Мірскім замку на двары каля паўднёвага мура будуецца кухня, у якасці падмуркаў для якой часткова была выкарыстана аснова гатычнага палаца, а сцены яе змураваны з цэглы з увядзеннем у іх аконных і дзвярных каменных абрамленняў, што былі знятыя са сцен пры перабудове палаца ў барочным стылі. Звонку ад замкавых муроў прыбудавалі стайню. піваварню і іншыя пабудовы гаспадарчага прызначэння. Новабудоўлі вызначаюцца іншым падборам будаўнічага матэрыялу: як сцены, так і падмуркі будынкаў у гэты час узводзяцца амаль без прымянення камянёў. Падмуркі ж аднапавярховых гаспадарчых пабудоў у Мірскім замку складаліся з двух-трох радоў камянёў на вапнавай рошчыне.
    Пры пэўнай розніцы аб’ёмна-планавай кампазіцыі замкаў, якія будуюцца ў канцы XVI—пачатку XVII ст. або перабудоўваюцца ў гэты перыяд з ранейшых, па матэрыялах археалагічных раскопак прасочваецца значнае падабенства ў аздабленні іх інтэр’ераў. Літаральна з 80-х гадоў XVI ст., мяркуючы па знаходках з Мірскага замка, істотнае значэнне ў памяшканні мае кафляная печка 18. Пры даследаванні замка выяўлена багатая калекцыя, якая складаецца з тэракотавай, зялёнай і паліхромнай кафлі канца XVI—першай паловы XVII ст., аздобленай геаметрычным, раслінным, геральдычным і сюжэтным арнаментамі 19. Многія з вырабаў хаця і розняцца колерным пакрыццём вонкавай пласціны, але зроблены ў адной форме. Іх выкарыстоўвалі ў розных па вартасці памяшканнях палаца на першым, другім або трэцім паверхах, што добра прасочваецца па адкладанні іх фрагментаў у культурным пласце пад вокнамі будынка.
    Выкарыстанне печы як важнага элемента аздаблення інтэр’ера нароўні з творамі жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва было характэрным літаральна для ўсіх палацава-замкавых комплексаў гэтага часу. У Нясвіжскім замку знойдзены фрагменты кафлі, якая не толькі падобная па характары дэкору да мірскай, але і поўнасцю ёй аналагічная, што сведчыць пра адзін вытворчы цэнтр для Нясвіжа і Міра. Характар аздаблення кафлі не саступае па сваёй вартасці і ў другіх, менш вартых замках, напрыклад у Любчанскім. З’яўленне кафлянай печы ў мураваных пабудовах стала важным фактарам на шляху прыстасавання іх пад жыллё20. Аднак у XIV—XV стст. роля іх амаль не выходзіла за межы функцыянальнага прызначэння ацяпляльных прыстасаванняў. I толькі ў перыяд Рэнесансу, характэрны для беларускай архітэктуры з XVI ст., кафляная печка становіцца важным дэкаратыўным элементам у памяшканні. Аздоба печаў дасягнула асабліва высокай выяўленчай значнасці ў канцы XVI ст., калі пачала прымяняцца паліхромная глазура, а рэльеф вонкавай пласціны ўзбагаціўся многімі новымі элементамі.
    3 канца XVI ст. для вымасткі падлогі ў памяшканнях выкарыстоўваюцца керамічныя пліткі розных формаў. Гэта была значная перамена ў афармленні інтэр’ераў у параўнанні з перыядам готыкі, калі падлога, як правіла, выкладалася з цэглы або спецыяльных цэглападобных плітак, чаго патрабаваў характар памяшканняў жылых і гаспадарчых будынкаў. У Любчанскім замку ўжываліся квадратныя пліткі, пакрытыя зялёнай і карычневай глазурай, з якіх выкладаўся ўзор у шахматным парадку. Глазураваныя пліткі, якія ўжываліся ў меншай колькасці ў параўнанні з тэракотавымі, вядомыя на тэрыторыі Беларусі таксама па раскопках Гальшанскага замка. Падлога Мірскага замка насцілалася з розных набораў квадратных тэракотавых плітак21. У гаспадарчых па-
    мяшканнях таго ж замка рабілася таксама і цагляная падлога, што, відаць, абумоўлена іх функцыянальным прызначэннем.
    Пры раскопках у Мірскім замку знойдзены фрагменты аконных алавяных пераплётаў з двухтаўровым сячэннем, у якія ўстаўляліся прамавугольныя і дыскавыя шыбы з валікападобнымі або загнутымі краямі. Пераплёты ў аконных рамах утрымліваліся тонкімі шырынёй у 5мм жалезнымі ветраўніцамі, рамы замыкаліся з дапамогай жалезных закрутак. У XVII ст. куты аконных рам, зробленых з дрэва, мацаваліся фігурнымі вугалкамі барочных абрысаў. Такія ж формы мелі і аконныя завесы, толькі большага памеру, выразаныя з ліставога жалеза. Яны знойдзены, як і вугалкі, у Гальшанскім замку. У канцы XVI—XVII ст. адбываюцца змены ў характары дахоўкі. 3 аднаго боку, у канцы XVI— пачатку XVII ст. захоўваецца дахоўка жалабковай формы з рогападобным дэкаратыўным шыпам на вонкавай паверхні. Некаторыя з даховак, як, напрыклад, у Любчанскім замку, пакрываліся зялёнай глазурай. Паранейшаму бытавала і пляскатая дахоўка з прамавугольнай пяткай і акруглым наском. У Любчанскім замку знойдзены фрагменты даховак тыпу «бабровы хвост», якія вядомы з XV ст. У параўнанні з перыядам готыкі ў рэнесансных пабудовах прымяняецца дахоўка меншай таўшчычі, якая зменшылася ў XVII ст. да 1 см. Адбываюцца перамены і ў характары мацавальнага выступу на пятцы. 3 канца XVI ст. прымяняюцца трапецападобныя дахоўкі для пакрыцця стыкаваных пад нахілам плашчызнаў дахаў 22.
    У другой палове XVI—пачатку XVII ст. было завершана фарміраванне палацава-замкавых комплексаў, што выявілася ў поўным адасабленні мураваных пабудоў грамадзянскага характару ад абарончых умацаванняў. Працэс іх развіцця характарызуецца пераемнасцю паміж пазнейшымі і папярэднімі збудаваннямі. Захаванне складанага плана колішніх дзядзінцаў, на які вялікае ўздзеянне мелі прыродныя ўмовы, прасочваецца ў гатычных дзяржаўных замках (Стары замак у Гродне, Мядзельскі і Наваградскі замкі), а таксама ў некаторых прыватнаўласніцкіх замках (Іказнь). У перыяд позняй готыкі і Рэнесансу адбываецца пераход да рэгулярнага плана замкавых комплексаў, што звязана з выкарыстаннем абарончых умацаванняў штучнага характару ў адрозненне ад ранейшых прыродных (замкі ў Міры, Заслаўі, Нясвіжы, Любчы і інш.). Асноўны акцэнт дойлідаў паступова пераносіцца на стварэнне прадстаўнічай рэзідэнцыі з развітой сістэмай гаспадарчых пабудоў, функцыянальным прызначэннем якіх было забеспячэнне разнастайных жыццёвых патрэб насельнікаў такіх комплексаў. Для выкарыстання будаўнічых матэрыялаў характэрны адыход ад рацыянальнай эканоміі, калі значная ўвага надавалася прымяненню палявога каменю розных памераў. Паступова цэгла выцясняе камень, замяніўшы яго не толькі пры вымуроўцы найболып складаных архітэктурных дэталяў і ў інтэр’еры пабудоў, але і пры ўзвядзенні ўсяго іх аб’ёму. Ва ўжытак уводзіцца апрацаваны камень. Разам з тым па-ранейшаму бытуюць традыцыйныя будаўнічыя прыёмы: выкарыстанне змешанай цагляна-каменнай муроўкі, закладка каменных падмуркаў, што адбываецца па прычыне абмежаваных эканамічных магчымасцей фундатараў будаўніцтва або ў сувязі з адпаведнай вартасцю будынка (замкі ў Любчы і Міры).