Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
Князь даўно прывучыў сябе не надта верыць у благія прыкметы, бо ведаў, што пабойваннямі можна загубіць любую справу. Цяпер, калі да паходу заставаліся ліча-
ныя дні, даваць волю такім думкам нельга было і пагатоў. I ўчора, з жонкаю, і цяпер ён адразу нібы мячом адсек іх ад душы і адкінуў прэч. I ўсё ж немец нешта адчуў і ўзвысіў свой голас:
— Неба адкрыла нам тваю вераломнасць! Мы ведаем, на каго ты сабраўся ўзняць меч. Ты думаеш, твой хлуслівы бог выбраў цябе, каб спыніць мой народ? He, кароль, гэта мяне абраў Гасподзь і паслаў са мною свой праклён!
Князевым людзям здалося, што ў цёплыя сені ўварваўся вецер.
— Загадай яго забіць! — не вытрымаў Віславус.— Загадай, бо ён накліча бяду!
Кметы на парозе нацягнулі лукі. Усе глядзелі на Валодшу. Ігумен двума пярстамі клаў на сябе крыжы.
Князь устаў і ўладна падняў руку.
— Як ад аскоміны пакасць зубам і ад дыму — вачам, так і ад беззаконня — тым, што твораць яго.— Здавалася, ад зычнага князевага голасу затрымцелі цецівы ў луках.— Ты прыйшоў у мой горад, акі нань, назваўшыся чужым імем! Ты хацеў вызнаць, што думаюць і робяць палачане. Ты забіў кастаправа Данілу, які лекаваў мяне і маіх людзей. Ты заслужыў смерць, але не цяпер я буду судзіць цябе. Я буду судзіць цябе, калі вярнуся з паходу.
— Забі мяне зараз! — уграпёна закрычаў біскупаў пасланец. Ягоны белы, як сала, твар скрывіла нялюдская грымаса.— Забі мяне зараз! Ты нікуды не пойдзеш і ніколі не вернешся! Ты пойдзеш туды, адкуль не вяртаюцца.
— Забі яго, князь! — Усе паўскоквалі з лаваў.
— He! — перакрыў голас Валодша.— Вы бачыце, страх зацямніў яму розум. Кіньце нямчына ў поруб! — загадаў ён кметам.
Калі тыя, накінуўшы на шыю Тэадорыху скураную пятлю, выцягнулі яго з сяней, князь абвясціў:
— Заўтра падыдуць першыя палкі з удзелаў. Пешыя ратнікі, прашчнікі і лучнікі паплывуць далей на плытах і стругах. Конная дружына пойдзе сухазем’ем. Каля Герцыкі прымем дружыну князя Усевалада і літоўцаў. Прыспела пара пастаяць за зямлю і веру!
8
Дзень выхаду ў паход выпаў сонечны і цёплы. У пасадах цвілі сады, і па ўсім горадзе бруіў тонкі вясновы пах квецені.
Адстаяўшы з дружынаю ютрань у Сафіі, вялікі князь Валодша першы ўзбег па сходах на княжы струг і павярнуўся тварам да Полацка. Бераг быў чырвоны ад шчытоў. Травеньскае сонца грала на шаломах у ваяроў, што стаялі пад шматкалёрнымі сцягамі і белымі харугвамі. Князеву душу прасвятліла радасць. Чужынцы з крыжамі на плашчах ніколі не будуць гаспадарамі гэтай зямлі.
«Слава князю Валодшу!» — крычаў бераг. Але не паспела аціхнуць над Дзвіною водгулле, як полацкі валадар на вачах у Звеніславы з сынамі і ўсяго горада схапіўся аберуч за слямгу і пачаў асядаць на памост. Усё жыццё пранеслася ў князя перад вачыма, і ў астатнюю хвілю ён убачыў Барыску, да балючага выяўна ўбачыў, як сын водзіць пальчыкам па старонцы старой кнігі...
Віславус стралой узвіўся на княжы струг і паспеў пачуць апошнія, вымаўленыя ўжо неслухмянымі вуснамі словы: «...не аддайце...»
Так абарвалася жыццё князя Валодшы, але імя ягонае не згубілася ў стагоддзях.
Летапісец рыжскага біскупа Генрых не насмеліўся запісаць у сваёй хроніцы, што полацкага караля пакарала неба. Відаць, біскуп сам страшыўся кары за грахі і не хацеў, каб згадка пра іх дайшла да будучых пакаленняў.
У лета 6724 крыжакі дамагліся свайго. Абезгалоўленае войска ў паход не пайшло. Дарэмна ў вотчыне за Ба~ рысаеым каменем грузілі на караблі грозныя балісты. Дарэмна чакаў Збыслаў з герцыкскай дружынаю. Марна ўглядаліся з наддзвінскіх хвояў у рачную далячынь літоўскія дазорцы...
Ужо ў год смерці полацкага князя вялікі атрад мечаносцаў і рыцараў біскупа Альберта напаў на Наўгародскую зямлю. Кабударыць раптоўна, крыжакі пачалі набег у калядныя святы, а вялікі магіспгр перад гэтым адпусціў з дарамі дахаты палонных наўгародцаў.
Збыліся і іншыя Валодшавы прадгаданні. Праз дваццаць гадоў пасля бяссоннай ночы ў Бельчыцах прыйшла новая варожая сіла. Князь Конрад Мазавецкі падпісаў з Тэўтонскім ордэнам дамову аб скарэнні прусаў.
Аднак збылося не толькі благое. Спраўдзіліся і князевы надзеі. Неўзяў сабе Барыска жонкі з Ноўгарада, але наўгародскі князь Аляксандр Яраславіч вянчаўся з Параскеваю, дачкой полацкага Брачыслава. Цяпер два кня-
ствы радніліся не так, яку часы Рагвалода і Рагнеды, не пад звон мячоў а пад радасныя званы храмаў. Разам з пасагам везла княгіня абраз Багародзіцы Эфескай, што прыслаў некалі ігуменні Еўфрасінні яе сваяк візантыйскі кесар Мануіл, унук кесара Аляксея Комніна, жанатага з дачкою вялікага князя полацкага Усяслава Чарадзея. Пра гэты абраз казалі, што напісаў яго нібыта сам апостал Лука. Але Аляксандр Яраславіч, якога яшчэ не звалі Неўскім, відаць, больш разлічваў не на цудадзейны абраз, а на сілу полацкіх палкоў, што няраз хадзілі на рыцараў.
Апантанага немца Тэадорыха смерць знайшла ў той самы дзень, калі памёр Валодша. А ваявода Віславус жыў яшчэ доўга. На неўскіх берагах ён секся поручзлоўчым князя Аляксандра палачанінам Якавам. На ягоных вачах паваліўся долу золатагаловы шацёр свейскага ярла Біргера.
Мінулася яшчэ два гады, і побач з наўгародцамі і пскавічамі полацкія ваяры насмерць стаялі каля Варонінага Каменя на Чудскім возеры. ПасляЛядовага пабоішчаяны супольна гналі палонных тэўтонаў да Пскова, а адтуль павярнулі на радзіму, у Полацк.
Утой дарозе, каля вясёлых вечаровых вогнішчаў, старэйшыя векам дружыннікі неаднойчы згадвалі любамудрага князя і прастадушна верылі, што князь бачыў перамогу з захмарных высяў і радуецца цяпер разам з імі.
1985
ЧАС ЧУМЫ
Мы пад сякерай,
дык хай жа пачуецца ў свеце Гусаўца голас...
Песня пра зубра
Рым, 1521
I
— Гэта праўда, што вы нарадзіліся ў самым сэрцы варварства?
Жанчына хацела здавацца абыякавай, але ў трошкі прымружаных агатавых вачах пад негустымі цёмнымі бровамі свіцілася цікаўнасць. Вясновы вецер варушыў празрыстыя запавесы, раз-пораз напаўняючы іх і робячы падобнымі да ветразяў. Са спічастага прачыненага вакна, што глядзела на кветнік, плыў водар размарыну. Удалечы жаўцелі тэрмы імператара Каракалы. Мужчына маўчаў. Пытанне было не з тых, на якіх можна адказаць адным ці двума словамі, і ён задумаўся.
Ён быў непаглядны, прынамсі, непаглядны паводле канонаў гэтай краіны і свету, да якога належала жанчына. Невысокі і шырокі ў плячах, з выцягнутым тварам, адзінаю вартасцю якога знаўцы законаў прыгажосці назвалі б грубаватую правільнасць ліній, з доўгімі дужымі рукамі, ён быў падобны да прасталюдзіна, але гэтаму ўражанню пярэчыла ўнутранае святло, што адбівалася ў шырока пасаджаных вачах, выдаючы чалавека не толькі разумнага, але і асвечанага. Пра гэта казала і адзенне: белая кужэльная кашуля і строгі глухі каптан з квадратным выразам, такі, што носяць бакалаўры або іншыя людзі, якіх кормяць вольныя мастацтвы. Незвычайныя ў італьянцаў звіслыя вусы, густыя валасы колеру жытняй саломы і нетутэйшы халаднаваты блакіт вачэй сведчылі, што чалавек гэты з далёкіх паўночных краёў. Мужчыну было блізу сарака, і ён пражыў на свеце ўдвая болей за сваю суразмоўніцу.
— Вы прымушаеце даму чакаць,— незадаволена сказала жанчына, папраўляючы залацістыя, з масянжовым адлівам валасы.
— Я не хацеў бы пакрыўдзіць вас сваім адказам.— Мужчына гаварыў па-італьянску, крыху расцягваючы словы.— Мне таксама даводзілася чытаць кнігі, якія сцвярджаюць, што ў маёй краіне зоркі свецяць удзень і ўначы, што золата ў нас нязмерна больш, чым жалеза, a людзі, не раўнуючы як цыклопы, маюць па адным воку пасярод ілба. Mary вас запэўніць, што гэтыя звесткі настолькі ж праўдзівыя, як і тыя, што па Рыме ходзяць мядзведзі і што ў Вечным горадзе ляжыць вечны снег. Зрэшты, пра колькасць вачэй у маіх адназемцаў вы можаце меркаваць і самі, варта толькі ўважлівей зірнуць на аднаго з іх...
Ён, відавочна непакоячыся, што апошнія словы прагучалі занадта рэзка, кінуў на жанчыну хуткі позірк, але тая сядзела, не мяняючы паставы, і, як і раней, ленавата абмахвалася прастакутным ядвабным вахлікам з жоўтазялёнай выяваю заморскай птушкі.
— Але я схільны вінаваціць не аўтараў гэтых кніг і тым больш не чытачоў, якія мусяць верыць у бязглуздыя прыдумкі,— гаварыў далей мужчына.— Мы вінаватыя самі, бо яшчэ не здолелі сказаць свету слова праўды пра сваю зямлю.
— Няўжо ў вас няма дзівосаў, пра якія столькі гавораць? — расчаравана і недаверна спыталася жанчына.
— Дыму без агню не бывае. Ніхто не мае такіх бязмежных, як нашы, лясоў. Царства нашых звяроў і птушак найбагацейшае на ўсім свеце. Толькі ў нас жывуць зубры, якіх ахоўвае княжая грамата. Мы і самі пакуль што не зведалі ўсіх таямніц нашых пушчаў.
— Я чула, у юнацтве вы былі простым паляўнічым...
— Гэта праўда.
— Раскажыце.— Яе просьба прагучала амаль як загад.
Яна паднялася з лёгкага трохногага крэсла і наблізілася да вакна. На нізкім століку перад крэслам засталася ляжаць кніга. Гэта быў трактат Катарыны Сфорца «Як стаць прыгожай», які вывучалі цяпер знатныя дамы ўсёй Еўропы, і мужчыну захацелася сказаць, што донне Франчэсцы няма аніякай патрэбы чытаць гэтую кнігу, напісаную сваячкай вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай.
— Паляўнічымі былі мой бацька, і мой дзед, і дзед майго бацькі. Першы раз мяне ўзялі на ловы, калі мне
споўнілася сем гадоў. Тыя ловы запомніліся мне назаўсёды. Калі праз два тыдні мы вярнуліся, маці не сустрэла нас, а на месцы сялібы мы ўбачылі пажарышча. Ускрай пушчы прайшлі татары... — Ён на хвілю замоўк.— Пушча была маёй першай школай. Я і цяпер часта чую яе музыку...
Ён падышоў да крэсла, дзе толькі што сядзела жанчына, і паклаў на прыслон свае шырокія далоні.
— У нашых лясах няма такога звера, на якога мне не давялося б паляваць. Але гэта могуць сказаць пра сябе многія. У нас кожны — паляўнічы...
Мужчына непрытоена любаваўся доннай Франчэскай. 3 таго цьмянага і настылага зімовага дня, калі ён убачыў яе ля калоны ў саборы святога Паўла і яна здалася яму ўвасабленнем самой маладосці, ён упершыню быў з ёю з вока на вока... Ён лічыў за шчасце так блізка бачыць гэты пяшчотны авальны твар з бездакорнымі прапорцыямі, чысты і высокі ад прыроды лоб, над якім не трэба было на два пальцы галіць валасы, як рабілі рымскія красуні, гэтае лёгкае золата валасоў, перахопленае ніткаю жомчугу, і вялікія, крыху пукатыя вочы, і круглявы падбародак з трыма пацеркамі маленькіх радзімак... У донне Франчэсцы ўсё здавалася яму суладным: пашытая з цяжкога ядвабу бэзавая сукенка з гранатавым узорам дзіўным чынам адпавядала яе імю, а буйны смарагд у авянечніку не толькі надаваў бляск вачам, але і падкрэсліваў чырвань вузкіх, аднак жывых і паўнакроўных вуснаў. Нават абцягнутыя саф’янам чаравікі-цаколі на высокай, ледзьве не на локаць драўлянай падэшве, мода на якія прыйшла летась з Венецыі і якія ён, сустракаючы ненатуральна высокіх модніц, пагардліва ахрысціў дыбамі, нават гэтыя чаравікі на яе нагах выдавалі дарэчнымі.