Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
А ці здолее сёння ўтаймаваць свае пачуцці ён сам?
Так, іх з Гусоўскім можна назваць сябрамі, але пры ўсім пры тым ён — каралеўскі пасол пры двары яго святасці, а Мікола — усяго толькі ягоны сакратар, які не развітваецца са сваёй музай адно дзякуючы яму, Вітэліусу. Таму паміж імі паводле падпісанага дзесьці ў ду-
* У Вялікім Княстве Літоўскім баяры займалі сярэдняе становішча паміж шляхтай і народнымі нізамі.
** Ці пан, ці прапаў (лац.').
шах маўклівага пагаднення заўсёды пралягае неадольная мяжа, якую нельга парушаць і цяпер. Магчыма, цяпер — асабліва.
Пасол чуйна прыслухаўся да самога сябе і, не знайшоўшы ў сэрцы патрэбнага спакою, адклаў размову з паэтам на заўтра.
На Вечны горад апускалася мяккае вясновае сутонне.
III
Ён не любіў гэтай амаль разбуранай спаруды, што нагадвала яму страхотлівы вулей, куды час сабраў са свае бязмежнае лугавіны тое, што некалі было жыццём з ягонымі марамі і спадзяваннямі. Ён не любіў заходзіць сюды, але антычны калумбарый меў над ім нейкую ўладу, і час ад часу, вось як цяпер, па дарозе да Вітэліуса, у Гусоўскага ўзнікала неадольнае жаданне пабыць тут некалькі хвілін сам-насам з сабою.
Прыстояўшы пад выгбаю, ён ступіў у рэдкі халаднаваты прыцемак першай залы, і па засціле тонкага пяску, што ўкрываў каменныя пліты падлогі, пацягнуўся за ім ланцужок выразных слядоў.
Нязвычныя і трывожныя пачуцці агортвалі душу сярод гэтых сцен з сотнямі цёмных паўкруглых нішаў, якія глядзелі вачыма самае вечнасці. Большасць нішаў ужо даўно была пустая, толькі пад нізам кожнае бялеўся мармуровы прастакутнік з лацінскім надпісам. Ацалела ўсяго дзесяткі два урнаў з прахам і столькі ж бюстаў на нізкіх пастаментах: паблажлівыя твары эпікурэйцаў, твары вясёлыя і хіжыя, змрочныя і засяроджана-журботныя...
Гусоўскі чытаў імёны людзей, што жылі на пятнаццаць стагоддзяў раней ад яго. Ён чытаў гэтыя імёны з пільнаю ўвагай, быццам спадзяваўся сустрэць між іх знаёмае, ды белыя прастакутнікі казалі розуму толькі пра марнасць чалавечага жыцця.
Гусоўскі прысеў на ўломак калоны. Ён уявіў чалавека, што некалі будзе разбіраць на замшэлым камені ягонае імя...
Дні і месяцы сыплюцца, як жвірынкі ў пясочным гадзінніку, і ты не ведаеш, колькі іх у цябе засталося, затое ведаеш, што ніхто не пераверне твой гадзіннік назад. Спяшайся, пакуль гэты танюткі струменьчык пяску яшчэ не высіліўся ў сваім імклівым бегу.
Ад увахода цягнуў скавыш, і Гусоўскі бачыў, як ягоныя сляды на пяску ўвачавідкі губляюць свае абрысы.
Доктар Скарына ўжо выдаў у Празе чэшскай Біблію на мове свайго народа. Ужо адспявала журботнае сэрца Вісліцкага*, але ён паспеў сказаць свету пра герояў Грунвальда. А ён, Гусоўскі, яшчэ здабывае танную славу эпіграмамі і вершыкамі на патрэбу мецэнату і сяму-таму з рымскіх вяльможаў. Ці вартае такое жыццё чалавека, што прысягнуў аддаць свой дар роднай зямлі, каб уславіць яе багацце і мужнасць і аплакаць яе пакуты? Ён судзіў сябе сурова і жорстка. Тут, перад прахам сотняў людзей, якія не пакінулі па сабе нічога, акрамя жменькі попелу, іначай ён не мог.
Ён зноў пачуў учарашнія халодна-зняважлівыя словы Франчэскі. Так, ягонага імя няма ў геральдычных кнігах, няма ў спісах пасольства, але зараз, у гэтым храме нябыту, ён быў, як ніколі раней, перакананы, што сапраўдны гонар чалавек здабывае не праз шляхецкую кроў.
Мінулай зімой на адным з рымскіх мастоў ён спаткаў жабрака, які гінуў ад голаду і холаду. Гэта быў беглы янычар. Гусоўскі хацеў уратаваць чалавечую істоту, што вырвалася з крывавай няпамяці, ды былы султанскі ваяр вырашыў памерці. Пачуўшы ягоную гісторыю, Гусоўскі зразумеў, што іншага выйсця ў гэтага чалавека не было.
Ён не мог прамаўчаць пра гэты лёс і цяпер узгадаў дні і ночы, калі пісаў тую паэму. Усё пачалося, бадай, не з самой сустрэчы, а з таго сну, што стаў мучыць яго пазней. Ён сніў сябе янычарам. Гэта яго навекі забралі людзі султана, гэта па ім, надзеўшы жалобны ўбор, галасіла маці, а бацька пасыпаў попелам галаву. Гэта яго разам з тысячамі іншых хрысціянскіх хлопчыкаў змушалі забыць сваё імя і вучылі чужым мове, веры і майстэрству забіваць людзей. Гэта ён пасля вечаровай малітвы валіўся на смярдзючую лямцавую посцілку ў вялізнай кашары і не мог заснуць ад страшэннае стомы. Гэта ён утаймоўваў голад толькі пасля сечы, калі жывому належаў і чарпак плову, што застаўся ад забітага. Сны перапляталіся з яваю, і часам яму здавалася, што ён таксама ўмее за сорак крокаў прыкалоць чалавека да сцяны сваім ятаганам або адным ударам выпусціць з жаночага чэрава ненароджанае дзіця. Няўжо, шмат разоў пытаўся ён у самога сябе, няўжо прыйдзе
* Беларускі паэт-лацініст XVI ст., аўтар выдадзенай у 1516 г. у Кракаве гістарычнай паэмы «Пруская вайна».
час, калі падатак крыві будзе плаціць і ягоная зямля, калі яе Базылёў і Янаў будуць называць Ібрагімамі і Мехмедамі і пасылаць па душы родных мацярок?
Паэма пра янычара забрала ў яго кавалак сэрца, ды ён ведаў, што галоўнае і самае запаветнае, тое, што наканавана зрабіць толькі яму,— наперадзе. Яго будучую кнігу яшчэ ахутвала смуга, але ён ужо даўно жыў прадчуваннем таго дня, калі вецер развее засмуж і мара стане такою ж выяўнаю, як наднёманскія далягляды ў ясны восеньскі дзень. Ён прыехаў у Рым з надзеяю паслужыць Айчыне і разам з тугою па ёй, разам з пакутлівымі сумневамі, у хвіліны паняверкі і хвіліны радасці чуў у душы веру, што здолее сказаць сваё слова пра свой народ і сваю краіну. Сказаць так, каб потым нястрашна было і памерці.
Сляды на падлозе ўжо дазвання зніклі. Гусоўскі падняўся і пайшоў да выхаду. Пад выгбаю ён азірнуўся, і свежыя сляды на момант здаліся яму літарамі на чыстым аркушы паперы.
IV
Эразм чакаў за сталом у сваім кабінеце. Ён быў у новым каптане з вышыванымі залатымі ўзорамі, што прыгожа вылучаліся на цёмным аксаміце.
Пастава пасла нагадала Гусоўскаму прарока Іярэмію з роспісаў Сікстынскай капліцы. Той жа глыбокі одум на твары, гэтаксама пазіраюць удалеч вочы. Правая рука моцна і разам з тым неяк журботна падпірае падбароддзе. Толькі ў левай — зусім зямны ліст са зламанымі пячаткамі.
Вітэліус страпянуўся і, адклаўшы ліст, скінуў з сябе тужлівую задуменнасць. Паэт адчуў, што прычынілася нешта благое. Нібыта прачытаўшы ў душы ў Гусоўскага гэтыя здагадкі і жадаючы развесці іх, пасол адразу пасля вітанняў завёў гаворку пра набытую днямі карціну, што заняла ганаровае месца побач з палотнамі Карэджа.
— Зірні на Хрыста і грэшніцу. Быў час, калі гэты мастак дапісваў карціны Джарджоне, але, павер мне, ён перасягне настаўніка. Яго завуць Тыцыян. Я хачу, каб ягоныя палотны трапілі да нас на радзіму. Калі пасольства будзе вяртацца...
Эразм чамусьці не скончыў і адвёў прыцьмелыя раптам вочы.
— Я прачытаў «Янычара»,— загаварыў ён пра іншае.— Твая ліра зноў падаравала мне асалоду, а талент нагадаў спелую вінаградную гронку. Наш зласлівец Строццы хутка праглыне свой брудны язык. Я зраблю, каб паэма патрапіла ў рукі папы. Тым больш цяпер. A тая сцэна, дзе янычар забівае маці... Тваё пачуццё, талент і фантазія твораць там сапраўднае дзіва.
— На жаль, монсеньёр, там няма ні каліва фантазіі. Я сустрэў гэтага чалавека на мосце Фабрыцыя. Ён блізкі нам па крыві, балгарын. У пяць гадоў асманцы ўзялі яго па падатку крыві. Астатняе монсеньёр ведае з паэмы.
— I гэта была ягоная маці?
— У маленстве ён зваліўся з дрэва і параніўся. Паміраючы, яна пазнала яго па меціне на шчацэ.
— О Божа, у які жорсткі век прыслаў ты нас на зямлю!
Абодва на нейкі час замаўчалі.
— Султан Сулейман выступіў на Бялград,— звязваючы нітку размовы, сказаў пасол.— 3 Балгарыі даносяць, што загадана сабраць дзесяць тысяч вазоў правіянту для султанскага войска. Туркі ўвялі новы падатак — за працу, якую іхнія зубы зробяць, перажоўваючы хрысціянскі харч. А татары тым часам спусташаюць памежныя абшары Княства і Кароны.
— I Ватыкан па-ранейшаму маўчыць...
Гусоўскі разумеў, што пасол паклікаў яго не дзеля таго, каб паведаміць пра новы паход султана. За доўгія гады іхняга своеасаблівага сяброўства ён навучыўся выдатна адчуваць унутраны стан мецэната і цяпер быў пэўны, што апрача паходу, апрача татарскіх набегаў і беспаспяховых пакуль што намаганняў пасольства Эразма гняце сёння і штосьці іншае. Вітэліус часта казаў, што поруч з ім не чуе на чужыне адзіноты. Ен, Гусоўскі, не мог бы шчыра паўтарыць тое ж самае. Аднак ён па-свойму любіў Эразма, і ў ягоным сэрцы таксама пасяліўся неспакой.
Ён быў шмат за што ўдзячны Вітэліусу. Пасля дабрадзейкі Соф’і, чацвёртай жонкі караля Ягайлы, краіна, бадай, не ведала мецэната больш слыннага. Біскуп Вітэліус апекаваўся паэтамі і дойлідамі, на ягоны пасольскі двор у Рыме зляталіся лісты з пячаткамі знакамітых вучоных мужоў усёй Еўропы. Італьянец Кларэці нядаўна прысвяціў яму пераклад з Лукіяна, а немец Барэальд з Кёльна — свой трактат пра землятрусы. I ўсяго гэтага ён дасягнуў у зацятай барацьбе з зайздроснікамі і рада-
вітымі няздарамі. Ды найперш Гусоўскі любіў Эразма за вернасць дадзенай у маладыя гады прысязе верай і праўдаю служыць Княству. Польскія арыстакраты не маглі дараваць яму не толькі ўзлёту, але перадусім гэтага сумленнага служэння. Яны не маглі дараваць Вітэліусу прамоў у Рыме і ў Аўсбургу, дзе ён услаўляў Вялікае княства, яго былых валадароў і нават ягоную мову. Да таго ж нейкі спрытны рымскі друкар выдаў гэтыя прамовы асобнай кніжкай. Супроць пасла ўжо гучалі галасы на польскім сейме, і можна ўявіць, якая бура падымецца цяпер, калі ў Ватыкане пачалі гаварыць пра Вітэліуса як пра будучага кардынала. Відаць, нічога добрага не абяцаюць і каралеўскія пячаткі на лісце, які мецэнат чытаў перад ягоным прыходам.
Паэт рыхтаваўся пачуць благое і таму быў уражаны, калі Эразм абняў яго за плечы і загаварыў пра добрыя весткі з папскага палаца.
— Няхай узрадуецца тваё сэрца, як напоўнілася радасцю маё. Папа зацікавіўся паляваннем у нас на поўначы і выказаў жаданне мець у сваіх пакоях чучала зубра. Неба нарэшце пачула нашы малітвы. Табе давядзецца адкласці ўбок эпіграмы.
— Няўжо монсеньёр хоча паслаць мяне на паляванне? — спытаўся Гусоўскі са стрыманаю ўсмешкай і нейкім няясным, але ўсцешлівым прадчуваннем.
— Пра зубрыную шкуру няхай дбае Радзівіл, а мы з табою, Nicolaus, павінны ўпаляваць штосьці больш важнае. Папа пажадаў мець не толькі звера — яшчэ і праўдзівае паэтычнае слова пра ягоныя звычкі і пра лясы, што даюць яму прытулак. Ты няраз гаварыў, што твой човен застаяўся ў завані ціхіх азёраў. Выводзь яго ў мора і не бойся буры!