• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    * Тут і далей пераклад з лацінскай Язэпа Семяжона.
    най аздобаю бібліятэкі была шпалера з Дантэ і Вергіліем і цудоўнай залаціста-блакітнаю перспектывай. Усю астатнюю прастору сцен займалі друкаваныя і рукапісныя кнігі. Сярод лаціны тэалагічных і юрыдычных трактатаў, сярод кніг гуманістаў і антычных аўтараў тут можна было сустрэць кірыліцу летапісаў і выданняў апальнага Фіёля*. Было тут і слова пра паход ноўгарад-северскага князя Ігара на полаўцаў, якое Гусоўскі любіў час ад часу перачытваць, заўсёды знаходзячы падабенства між Вітаўтам і Усяславам Чарадзеем, князем полацкім.
    Усцешаны спатканнем, Вітэліус з тонкасцю сапраўднага знаўцы апавядаў пра роспісы Карэджа, захапляючыся зграбнасцю і лёгкасцю пуццы** пармскіх храмаў. Раз-пораз ён кідаў позірк на стос спісаных знаёмым почыркам аркушаў, якія суседзілі на стале з «Дэкамеронам». Гэтае суседства здавалася Эразму добрым знакам, і ён ужо смакаваў наперад хвіліны, калі будзе ўчытвацца ў першыя пяцьсот радкоў паэмы.
    У такім гуморы ён успамінаў вандроўку са шчыраю асалодай.
    — Уяві сабе, што ў царкве святога Яна анёлы лунаюць настолькі вольна, што купал знікае і ператвараецца ў неба. Пэндзаль мастака нараджае цуд, роўны боскаму. Ты ніколі не думаў, што менавіта ў геніях Госпад найпаўней выяўляе сябе і нагадвае нам пра сваю ўсемагутнасць?
    Разважанні Вітэліуса перарвала з’яўленне слугі.
    — Нейкі чалавек просіць у монсеньёра аўдыенцыі. Ён назваўся турэцкім купцом.
    Вітэліус і Гусоўскі перакінуліся здзіўленымі позіркамі.
    — Няхай зойдзе,— сказаў Эразм.— Мы выслухаем яго.
    Нізкарослы турак, які праз вялікі блакітны турбан выглядаў амаль што карлам, схіліўся ў нізкім паклоне.
    — Падзішах хім чок яш сана! Няхай жыве султан! — паўтарыў ён па-італьянску.— Няхай доўжыць Алах на зямлі ягоны цень!
    — Вітаем цябе, купец,— адказаў Вітэліус на лаціне.
    * Швайпольт Фіёль — заснавальнік кірылічнага кнігадрукавання.
    ** Выявы хлопчыкаў — улюбёны дэкаратыўны матыў у мастацтве Адраджэння.
    — Асаблівасці маёй справы,— турак лёгка перайшоў на лаціну,— вымушаюць мяне прасіць у пана пасла размову адзін на адзін.
    — Гэта мой сакратар і сябра,— падумаўшы адно імгненне, адказаў Эразм.
    Турак таксама на хвілю задумаўся, пацерабіў пальцамі даўгія рукавы зялёнага халата і, бліснуўшы чорнымі вачыма, у згодзе нахіліў турбан.
    — Мяне паслаў сам падзішах, валадар свету, месяца і сонца...
    — Валадар свету? — насмешліва перапытаў пасол.— Здаецца, у Рыме ўладараць іншыя.
    — На ўсё воля Алаха,— анізвання не збянтэжыўся блакітны турбан.— Нядаўна словы, падобныя тваім, казалі і ў Бялградзе. А сёння муэдзіны славяць з бялградскіх муроў імя Алаха і выканаўцу волі ягонае на зямлі султана Сулеймана, няхай доўжыць неба яго шчаслівыя дні. Дзе пройдзе турэцкі конь, трава ўжо ніколі не вырасце. Кароль венграў не мае сілы выступіць супроць Порты. Французскі кароль напаў на Італію. Венецыя не стане сварыцца з намі, а імператару трэба змагацца з Лютэрам. Лютэр жа смяецца з тых, хто збірае сілы на барацьбу з Высокай Портай. Ён мудры чалавек, ваш Лютэр. Ён вучыць, што неба паслала асманцаў, каб пакараць грэшных хрысціян, а значыць, той, хто ваюе з намі, працівіцца свайму Богу.
    — Гэты мудрэц ходзіць па слізкай сцежцы,— сказаў Гусоўскі, і турак укалоў яго зласлівым позіркам, відаць, шкадуючы, што пачаў гаворку пры гэтым дападкім сакратару.
    — А якая сцежка прывяла цябе? — з нецярпеннем запытаўся Вітэліус. Ягоную душу ўжо ўтнула здагадка.
    — Хто прыходзіць з добрым, таму — яшчэ лепшае,— унікліва адказаў блакітны турбан словамі з Карана.
    — А хто з’яўляецца з благім, тых аддадуць агню,— прамовіў Вітэліус.
    — Шаноўны пасол чытае Каран! — у шчырым ці ў прытворным здзіўленні ўзняў рукі візітант.— Папраўдзе ўсемагутны Алах любіць людзей высокіх думак. Няхай прасветліць ён вашыя сэрцы.
    Турак зусім па-гаспадарску абабег на сваіх кароткіх ножках бібліятэку, зазірнуў за паліцы і нават, прачыніўшы дзверы, выглянуў у вітальню.
    Пасля гэтае беганіны ён вярнуўся на ранейшае месца і непарушна склаў рукі на круглявым жывоціку.
    — Шаноўны пасол, няхай лічыць Алах ягоныя дні, мае вялікія заслугі. Слава пра іх пераляцела мора і дапяла вушэй самога султана, чый розум абдымае зямлю і ападае залатымі і срэбнымі дажджамі.— Турак загаварыў цішэй.— Алаху было б дагодна, каб шаноўны пасол перайшоў на службу да Высокай Порты. Падзішах шчодра ўзнагароджвае сяброў. Сакратар пана пасла таксама атрымае сваю долю,— дадаў ён, барабанячы па жываце пальцамі.
    — У мяне ёсць манарх, інтарэсы якога я абараняю,— павольна адказаў Эразм.
    — Хто ж гэта? — шчыра здзівіўся блакітны турбан.
    — Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт,— перамагаючы сябе, з цяжкасцю прамовіў Вітэліус.
    — Султан ацэніць паслугі пана пасла ў дзесяць разоў даражэй.
    — He ўсё на свеце прадаецца.
    — He ўсё? — выказаў сумнеў турак.— Што ж не прадаецца?
    — Зямля, якая завецца Радзіма,— рэзка сказаў Эразм.
    Турак, закідваючы галаву з даўгой вузкай барадой, зарагатаў:
    — Радзіма? О-хо-хо! Няўжо пан пасол думаў, што ў палацы падзішаха не ведаюць, які загад пан пасол атрымаў ад караля?
    Вітэліуса затапіла чорная хваля лютасці. Ён сапраўды можа добра паслужыць султану, можа адпомсціць за сваю ганьбу. Задаволены турак моўчкі чакаў, цудоўна разумеючы, што чыніцца ў Эразмавай душы.
    I раптам пасол сустрэў цяжкі, дапытлівы і адначасова насмешлівы пагляд Гусоўскага. Гэта была сцяна. Гэта быў паратунак.
    — Я думаў, ты пасол, а ты і напраўду купец,— з невыказнаю палёгкаю сказаў Вітэліус.
    — Мы пачакаем,— адгукнуўся турак, ціхамірна разглядваючы шматкалёрную шпалеру.— Мы пачакаем, бо сказана ў Каране: чалавек створаны з паспешлівасці.
    Двое мужчын глуха маўчалі.
    — У імя Алаха літасцівага і міласэрнага! — зноў нізка сагнуўшыся ў поясе, праспяваў блакітны турбан.— Хвала яму, валадару свету і цару цароў у дзень апошняга
    суда. Няхай вядзе ён нас па дарозе простай, па дарозе тых, каго асыпаў ён сваімі ласкамі. Няхай вядзе ён нас дарогаю шчаслівых, а не тых, на каго ўпадзе з нябёсаў гнеў ягоны,— пагрозліва скончыў турак.
    VII
    У такія, як сёння, стылыя дні, калі дождж не дазваляў праскакаць некалькі зазвычаеных міляў па рымскіх ваколіцах, Вітэліус замяняў конную прагулянку развагамі ў кабінеце. Пасол любіў гэтыя гадзіны адзіноты, калі думка лёгка пераносіла яго ў любўю сталіцу, у любы куток айкумены.
    Сканчваецца год 1521 ад увасаблення Божага. Па Еўропе паўзуць чуткі пра набліжэнне новага патопу, і легкаверныя людзі ўжо будуюць каўчэгі. Васалы асманцаў зноў вырваліся з крымскіх абшараў, спустошылі Бельскую і Холмінскую землі і разбілі палякаў пад Сокалем. А кароль Жыгімонт зноў казаў пра яго на сейме незычлівыя словы, паўтараючы, што Вітэліус прагне выгады не дзяржаве, а самому сабе. Чаму ж тады выгады Кароне і Княству не шукае сам кароль? Чакае, пакуль султанскі шацёр з’явіцца на ўзгорках пад Кракавам?..
    Дождж зацята палівае брукаваны двор, скрозь сухое лісце павойнага вінаграду засякае на пліты галерэі.
    Французскі і гішпанскі каралі ваююць за панаванне ў Еўропе. Порта робіцца хаўрусніцай хрысціянскай Францыі. А ў Стамбуле здарылася неверагоднае: дачка нейкага рагацінскага святара Лісоўскага стала султаніхай. Прададзенае татарамі ў рабства дзяўчо не згубілася сярод безлічы адалісак, а выбілася ў лік чатырох дазволеных Алахам законных султанскіх жонак. Венецыянцы ўжо сцвярджаюць, што яна — баш-кадуна, улюбёная жонка...
    Вецер шамаціць выпетранымі вінаграднымі сцяблінамі.
    Канкістадоры руйнуюць старажытныя дзяржавы Новай Індыі. Другі год плывуць дзесьці каравелы гэтага партугальца Магелана, які збіраецца дапяць Малукскіх выспаў заходнім шляхам. Калі ён дасягне мэты, значыць, старажытныя мудрацы не памыляліся і зямля сапраўды круглая...
    Калісьці ў такія вось хвіліны, абдымаючы позіркам свет, Вітэліус усцешана адчуваў упэўненую сілу свайго 308
    розуму. Ён паспрабаваў знайсці ў душы гэтую радасць і зараз, але яе не было. Замест яе ён адшукаў толькі старанна прыхаваныя ад іншых паняверку і разгубленасць.
    Папа ўжо не дапускае да сябе амаль нікога. Учора пасол гутарыў з папскім лекарам: пульс хворага, а таксама пах і колер мачы паказваюць на самае благое. Папу турбуе цяпер блізкая сустрэча з Усявышнім, а не ловы ў паўночных пушчах і не паэма, якую ён, Вітэліус, меўся паднесці яму на Каляды. У вітальні, побач з бібліятэкаю, стаіць ужо непатрэбнае шыкоўнае чучала зубра, якое ён сёння загадае прыбраць з вачэй. Каб жа можна было гэтаксама лёгка прыбраць з душы няспраўджаныя спадзяванні! Спадкаемец святога Пётры памірае, а разам з ім згасаюць і надзеі на кардынальскую шапку, на ўдачу пасольскай місіі, на тое, што ён пакіне сваё імя будучым пакаленням.
    Эразму ўзгадалася, як гутарыў з Гусоўскім, прачытаўшы першую палову «Песні». Пасол і тады прызнаваўся сабе, што перадусім дбае, каб паэма спадабалася папу. Але ж ён і быў спярша дыпламатам, паслом, a мецэнатам ужо потым. I вось калі «Песня пра зубра» гатовая, папа ляжыць на Божай пасцелі, а ён пачынае саромецца той размовы.
    Спачатку ён шчодра хваліў бездакорную метрыку паэмы, казаў пра свежасць і паўнагучнасць радкоў.
    — Пушчу, паляўнічых і князя Вітаўта напісаў вялікі майстар,— шчыра захапляўся ён.— Ты дасягнуў амаль немагчымага. Ты выпускаеш рой стрэл па заганах грамадства, твая паэма ператвараецца ў палітычны трактат і пры гэтым застаецца высокай паэзіяй. Твой паранены зубр — цудоўная алегорыя Айчыны, увасабленне яе лёсу і сімвал яе былой велічы.
    Гусоўскі слухаў, нічым не выяўляючы пачуццяў. За лета ён прыкметна змяніўся. Вочы не згубілі сваёй жвавасці і вастрыні, але як быццам выцвілі і зрабіліся пакутніцкімі. Шырокія рамёны, як і раней, дыхалі дужасцю, ды прыгорбіліся, нібыта ён дзень пры дні трымаў на іх нейкі вялікі цяжар. Вітэліус памятаў пачуццё, якое кранула тады ягонае сэрца. Ён ведаў, што ў Рыме зноў з’явілася Франчэска. Ён хацеў бы суцешыць Гусоўскага, узяць частку ягонага цяжару на свае плечы, але ж ён ведаў, што менавіта пакуты, а не душэўная раўнавага
    могуць удыхнуць у радок, у карціну ці ў мелодыю тую боскую субстанцыю, якая робіць іх неўміручымі. Замест суцяшальных слоў гучалі іншыя.
    — Я пакрывіў бы душою,— гаварыў ён,— калі б змаўчаў пра тое, што адмаўляюцца прыняць маё сэрца і мой розум. Ты пішаш пра выпрабаванні ведзьмароў вадою, пра мяса глушца і іншыя паганскія звычаі і прымхі. Ці прыспорыць гэта пашаны нашаму краю?