• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    Гусоўскі маўчаў, таймуючы хваляванне, а пасол казаў далей:
    — Памятай, што пасля Грунвальда пра нас даведаліся ва ўсім свеце. Кожны італьянскі вяльможа хацеў бы мець кнігу пра нашу краіну. Я ўжо стаміўся ад бясконцых роспытаў пра волатаў з вачыма на патыліцы і іншую бязглуздзіцу, народжаную хворым уяўленнем несумленных пісакаў. Дакуль яны будуць пашыраць чуткі пра варварства і дзікасць нашых земляў? Мы даўно адкрылі для сябе Захад, і ўжо даўно прыспела пара паказацца на людзях самім. Наша мінуласць мусіць належаць да гісторыі ўсёй Еўропы.
    — Я хачу,— пасля пярэрвы сказаў Эразм,— каб ты памятаў і словы боскага Дантэ:
    О, voi, ch’avete gl’intelletti sani Mirate la dottrina, che s’asconde. Sott’il velame degli ver?i strani*.
    Mapa трох апошніх гадоў пачынала збывацца, аднак Гусоўскі не мог даастатку аддацца радасным пачуццям, бо чуў у мецэнатавых словах недагаворанасць.
    — Сённяшні дзень з тых, што могуць перавярнуць усё жыццё,— прамовіў ён.— Але чаму радасць у вачах у монсеньёра патанае ў смутку?
    Позіркі паэта і мецэната сустрэліся. Яны ўбачылі адзін у аднаго падзеленыя напалам удзячнасць і трывогу і ўадначас збянтэжана апусцілі вочы.
    — Сёння я атрымаў ліст з Кракава.— У Эразмавым голасе з’явілася звінючая расколінка.— Інтрыганы дамагліся свайго. Кароль загадвае нам вярнуцца. Я ўжо не пасол.
    Вітэліус сеў. Ягоныя плечы бяссіла апусціліся, маска ўпэўненага ў сабе дыпламата ўпала з твару, як сарваны ветрам ліст. Перад Гусоўскім быў разгублены няшчасны чалавек з пагаслымі вачыма.
    — Я ўжо не пасол...— паўтарыў ён.
    — Няхай монсеньёр скажа, каго з вялікіх не грызла ненажэрная пашча зласліўцаў. Але ж у пакутах гартуюцца дух і воля. Для Кракава монсеньёр ужо не пасол, але для Рыма і Еўропы ён застаецца знакамітым дыпламатам і не менш знакамітым апекуном музаў.
    — Пасол без дзяржавы...— са слабаю ўсмешкаю азваўся Вітэліус.
    — Кароль і двор — яшчэ не ўся дзяржава. У той час калі Сулейманавы сланы топчуць няшчасных сербаў, калі турэцкая чума распаўзаецца ўсё шырэй і шырэй...
    — Sapienti sat. Разумнаму дастаткова. Я ведаю, пра што ты хочаш сказаць,— перапыніў мецэнат.— Статак сапраўды невінаваты, што ягоныя пастыры больш падобныя да ваўкоў.— Ён зноў уладна браў нітку гаворкі ў свае рукі, і Гусоўскі здзіўлена ўбачыў, што за сталом
    * О вы, разумныя, зірніце самі, I кожны зразумее настаўленне, За дзіўнымі схаванае радкамі.
    сядзіць заўсёдны, рашучы і гатовы да любых паваротаў лёсу біскуп Вітэліус.
    Мікола заўжды зайздросціў волі апекуна, але такое хуткае вяртанне разгубленага і зламанага Эразма да сваёй звычайнай іпастасі нарадзіла акрамя зайздрасці і крыўду: паэт зразумеў, што шчырасць у паводзінах мецэната зараз была добра-такі разбаўлена падступствам. Ён ведаў, што Эразм разлічвае на ягоную дапамогу, але разумеў, што хвілінная біскупава слабасць таксама была маскаю. Той і цяпер заставаўся дыпламатам, вёў сваю гульню, і ад немагчымасці прабіцца нават да гэтай блізкай душы, ад усведамлення мяжы, што пралегла паміж імі, як пралягае паміж дзвюма рэкамі ўзвышша водападзелу, не дазваляючы ім сустрэцца ў адным моры, ад гэтых думак, хоць Гусоўскі і разумеў, што замова папы ўсё адно ў сіле, яму зрабілася непрытульна і самотна.
    — У нас няма выбару,-— прамовіў Эразм,— 3 гэтага дня мы — ізгоі. Табе не трэба тлумачыць, колькі залежыць цяпер ад тваёй музы. I для цябе, і для мяне, і для мільёнаў нашых суайчыннікаў.
    Гусоўскі задуменна пазіраў на новую карціну. Востры сонечны прамень крануў чало Збавіцеля і слізгануў па малітоўна складзеных руках грэшніцы.
    — Няхай умацуе мае слабыя сілы Усявышні.
    Паэту хацелася пабыць на адзіноце, каб паўтарыць прамоўленыя словы таму, каму належала іх пачуць, але Вітэліус яшчэ не адпускаў яго.
    — Дарагі Nicolaus, прызнаюся, што сярод трывог апошніх дзён у маім сэрцы знайшло свой куток і тое, пра што мы абодва пакуль што маўчалі. Мяне турбуюць твае сардэчныя справы.
    — Я...— з выклікам пачаў Гусоўскі.
    — Паслу ex officio* належыць ведаць усё, што чыніцца з ягоным сакратаром,— паспешліва сказаў Эразм, каб дапамагчы ці то паэту, ці то самому сабе.— А я не толькі пасол і мецэнат. Я сябра. Я ведаю імя тваёй абранніцы. Гэтая жанчына ніколі не пераступіць цераз забабоны, з якімі мы змагаемся ўсё жыццё...
    — Яе няма ў Рыме. Я ўбачу яе не раней як праз паўгода,— сказаў Гусоўскі, каб хутчэй скончыць гэтую
    * Паводле пасады (лац.).
    цяжкую тэму, і мецэнату не ўдалося схаваць ад яго радасць.
    -— Я ведаю, што ты пісаў да яе, і здагадваюся, што яна табе адказала. Няхай расстанне будзе бальсанам на твае раны. Памятай, у тваіх руках не толькі твой лёс.
    Вітэліус падышоў, каб развітацца, і калі ён злёгку сціснуў Гусоўскаму плячо, той насупор зусім нядаўнім пачуццям адчуў да мецэната спагаду. Знячэўку ён на ўсю поўніцу зразумеў, наколькі знітаваліся іхнія лёсы, і ў гэты момант зноў убачыў ланцужок слядоў на плітах калумбарыя.
    V
    Цяпер трэба зацяць дыханне і знерухомець, каб не трэснуў пад нагою сухі сучок. Закаханы спявак пяе кароткімі, не даўжэйшымі за тры стукі сэрца, каленцамі і ў гэтыя імгненні не чуе анічога — хоць палі з гакаўніцы. Тры стукі сэрца — тры імклівыя крокі, і песня абрываецца, а ён замірае, не паспеўшы паставіць нагу на дол. Адзін неабачлівы рух, адзін прытоены ўздых, і чырванабровы пяюн, залопаўшы крыламі, знікне ў лясной гушчарні. Здаецца, пярэрва доўжыцца бясконца, але вось глушэц зноў падае голас. Тры крокі, галінка ляшчыны ледзьве не выколвае вока, і зноў нерухомасць. Ранішняя сцюдзёнасць лезе пад світу, паветра — як халоднае даўкае віно. Яшчэ тры крокі. «Мой! Мой!» — заходзіцца ад паляўнічага шчасця душа.
    Пачуццё такое пранізлівае, што ён ачынаецца. Бярэцца на ранне. Яшчэ праз туманец сну Гусоўскі бачыць над ложкам ладунку з барсучынае шкуры. У Max­pax цьмяна пабліскваюць каваныя трокі. Цела дагэтуль памятае, як ладунка прыемна адцягвае плячо, і, каб узгаданае адчуванне было паўнейшае, ён на момант заплюшчвае вочы.
    На белай сцяне праваруч вакна — скіфскага выгіну лук вышынёю на рост паляўнічага. Кібіць абкладзена касцянымі пласткамі з нябачнымі яшчэ маленькімі выявамі тарпанаў. Цеціва ўжо даўно аслабла, а часам, вось як у гэтую хвілю, так хочацца ўскінуць лук, нацягнуць да лёгкага звону і адчуць хвосткі ўдар па скураной наручцы. Калісьці ён мог выбраць за сотню крокаў дубовы стаўбур і дванаццаць стрэлаў малявалі роўны шасціканцовы крыж.
    Ён спрабуе разгадаць сон. Эх, пад’есці б зараз печанага на вуголлі глушцовага мяса! Учора яму выпаў зусім нішчымны дзень: думкі былі быццам камяні ў крушні, і на паперу леглі ўсяго два нежывыя радкі, а кожны паляўнічы Княства ведае, што глушцовае мяса дае спажыву не толькі целу, але найперш розуму; нездарма кажуць: жывіся глушцом — будзеш мудрацом.
    Бліжэй да вакна, пры самым стале, тул з тузінам даўгіх стрэлаў з лебядзінымі пёрамі. Гэткія ж пёры і на стальніцы, побач з кнігамі, свечкай і пясочным гадзіннікам. На перасценку, пад простым абразом Багародзіцы, вісіць няраз працёрты крывёю з мезеніка — каб быў шанцунак — самастрэл з казінаю нагой.
    Туга па лясной маладосці заўсёды жыла ў ім, як у сухмень пад мохам і шыгавіннем жыве грыбніца. Сёлета туга прыходзіла да яго асабліва часта, але ён сустракаў яе з радасцю, бо разам з ёю ажывалі і абкружалі яго прызабытыя зыкі і пахі і ён чуў у сваім пакоі пошум пракаветных лясоў. Ён аддаваўся ўспамінам усёй сваёй істотаю, і надыходзіла хвіліна, калі знікалі сцены, знікалі камяніцы і галасы Вечнага горада, знікаў Тыбр і разлогія кроны піній, і ён бачыў мірную зубрыную чараду на тым баку Нёмана. Потым яму было цяжка даць веры, што гэтыя роўныя лацінскія радкі накрэсліла на паперы ягоная, а не чыясьці іншая невідочная рука, што іх пакінуў звычайны атрамант з сажы і гарэхаў, а не нейкае магічнае рэчыва.
    Але надаралася і шмат іншых дзён, такіх, як учора і пазаўчора, такіх, калі ягоныя блуканні па рымскіх вуліцах і плошчах нязменна выводзілі яго на Апіеву дарогу і вялі да пахавальні Цэцыліі Метэлы, сваячкі таго самага Краса, што ўкрыжаваў тут тысячы непакорлівых рабоў. Нядаўна ён даўмеўся, чым надзіць яго гэтая цыліндрычная спаруда сярод чэзлых дрэўцаў і хмызняку: у яе абрысах хавалася падабенства з Камянецкай вежай.
    Вітэліус чацвёрты месяц падарожнічаў па Італіі, a ён пісаў і цешыўся са свае адзіноты.
    У вузкія шыбы высокага вакна ўсё больш напорліва лілося ранішняе святло. Сталі відаць фігуркі звяроў на кібіці, а на сцяне насупраць ложка выступілі з прыцемку тры павешаныя ўсутыч гравюры. Бывала, ён цэлымі гадзінамі стаяў перад імі, зачараваны іхнім таемным, суладным у сваёй жуддівай несуладнасці светам. Левая гравюра з
    прасветленымі тварамі Адама і Евы, з аблітымі сонцам, поўнымі птушак і зверыны эдэмскімі садамі, змушала душу трымцець ад нейкай няўцямнае радасці. Тут усё дыхала злагадай і ціхамірнасцю, і самі вочы адмаўляліся бачыць котку, якая ўжо трымала ў зубах прыдушаную мыш, і саву, што зладзіла кубло ў вадаліве жыцця. Але радасць хутка гасла, бо сярэдняя гравюра — безліч аголеных чалавечых істот і звяроў, іхні няспынны бег вакол загадкавай азярыны, фантасмагарычныя напалову жывёлы, напалову механізмы — нараджала ў сэрцы самыя змрочныя прадчуванні. I нарэшце душа трапляла ў палон пякельных пачвараў правай гравюры. Тут валадарылі жах, смерць і пакуты, напэўна, ва ўсіх сваіх магчымых абліччах. Невялікая гравюра выдавала бязмежнаю. Няхай невідочна, але на ёй стаяў і белы султанскі шацёр, складвалі піраміды з людскіх галоў янычары і брыла па папялішчы спаленай татарамі вёскі звар’яцелая старая...
    Гэта быў падарунак мецэната, копія з алтара галандскага майстра Гераніма Босха. Геніем ці вар'ятам быў чалавек, што здолеў змясціць на адной карціне ўвесь крывавы хаос гэтага свету? — часта пытаўся ў сябе Гусоўскі. А можа, сам свет ужо даўно страціў розум, a мастак толькі адкрыў людзям вочы?
    Але зараз паэт быў у абладзе іншых думак, бо сон пра радзіму не мог вешчаваць благога.
    Паснедаў ён, як звычайна, у таверне каля моста Фабрыцыя, дзе ўранні падавалі свежую рыбу і кубак таннага віна. Трэба было вяртацца да стала і паперы. Сон абяцаў яму ўдачлівы дзень, аднак Гусоўскі нечакана для сябе рушыў вуліцаю ў бок Калізея.
    Трохповісная аркада амфітэатра сустрэла яго цішынёй і пустэльнасцю. Калісьці, у свае першыя дні і месяцы ў Вечным горадзе, ён часта прыходзіў сюды. Яму дастаткова было заплюшчыцца і лёгка націснуць пальцамі на павекі, і пусты амфітэатр да краёў напаўняўся гулам дзесяткаў тысяч галасоў. Ён быў то гледачом, то адным з тых няшчасных, што, павярнуўшыся да імператарскай ложы, ускідвалі над галовамі мячы і адрывіста крычалі кесару словы свайго змрочнага прывітання.