• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    Божа, маліўся я, Ты нагадаваў пяццю хлябамі пяць тысяч галодных! Ад Твайго слова засохла смакоўніца! Ад дотыку Тваёй рукі ў невідушчых расплюшчваліся вочы! Злітуйся над не вінаватаю ні ў чым, апрача свае прыгажосці, дзяўчынаю! Уратуй яе ад ненажэрнага полымя! Ты чуеш, Божа?
    А мо Ты хочаш узяць яе на неба? Тады пакарай яе катаў, пакарай медыкуса, бо грэх ягоны трыкроць варты смерці!
    Новыя роспачныя малітвы вырываліся з маёй душы, але Ён не чуў, а мяне ўжо дапінала гарачае дыханне вогнішча. I тады я пачаў блюзнерыць і ў думках сваіх даходзіў да грахоў, адпусціць якія не можа нават самая дарагая прошча*. Але Ён застаўся глухі, і т;іды я ў адчаі звярнуўся да Яго астатні раз. Божа, папрасіў я, калі Ты ёсць, спапялі мяне.
    I Ён зноў не пачуў.
    А дым ужо ахінуў Хрысцініну постаць, і па-над пляцам разлёгся вусцішны крык звар’яцелага старога Лявона, і ў разнасцежаныя дзверы касцёла згледзеў я, як белыя галубы скінулі па пёрку на цёмна-русую голаў чалавека з неўразуменнымі вачыма. I быў гэты чалавек мой бацька Антось...
    Ачуўшыся ад прыгадаў, я бачу поруч аточаную дзецьмі настаўніцу і чую штосьці пра цёмных продкаў і рэлігійную ачмару.
    Як вы мяркуеце, шаноўныя, ці ўратавала б мяне гэтая кабета ў той даўні ўжо дзень, калі на цвінтары загарэлася вогнішча з абразоў і старадрукаў нашае друкарні, і на самым яго версе, быццам ерэтыкі, ляжалі мы з Паўлам і братамі Янам, Мацвеем, Маркам і Лукашом? У перадсмяротнай тузе я глядзеў, як полымя паспешліва
    * Індульгенцыя.
    гартае кнігі, ператвараючы словы ў тло, а калі агонь надышоў усутыч, я стаў развітвацца з сінім, нібы бацькавы вочы, небам, і апошняе, што ўбачыў, перш чым нізрынуцца ў нябыт, была кніга, якую святы Паўла трымаў ва ўзнятай над полымем руцэ.
    Мяне выцягнуў з агню стары настаўнік, і па тым часе, шаноўныя, гэта быў не абы-які ўчынак. А ў дрывотні я пачуваўся, далібог, лепей, чым прарок Іёна ў чэраве ў левіяфана. Праўда, вылячэнню чыхаўкі новы прытулак не спрыяў, ды затое майму ратаўніку ўдалося пераканаць усіх, што яму проста трэ было сухое дрэва на распалку ў печы.
    Вы не ўяўляеце, як прыемна адчуваць, што вунь той модны танклявы юнак з рудымі вусамі зрабіў бы на месцы настаўніка тое самае. Ён яшчэ не наблізіўся, адно глянуў здаля, а маё драўлянае сэрца ўжо страпянулася, кранутае чыстым і цёплым струмком яго думак. А думкі ягоныя пра майго бацьку, пра безыменных мастакоў, што малявалі гэтыя дзівосныя абразы, пра зямлю, якая іх нарадзіла. (Ты маніў у сваім пасланні, мой аднайменнік святы Пётра, калі пісаў, што ўсякая плоць, як трава, і ўсякая слава чалавечая, як квет на траве; засохла трава, і квет яе апаў. Ты маніў.)
    О не, шаноўныя, я не абмовіўся, што ведаю, аб чым думае гэты юнак.
    За столькі гадоў кожны на маім месцы навучыўся б чуць думкі людзей не горш за іхнія словы. А ці трэба здзіўляцца таму, што я магу зазірнуць у кнігу чалавечага лёсу? Бачу ў ёй, што хлопец гэты — мастак і свечка яго душы будзе гарэць моцна і роўна і не пагасне, пакуль ён не збярэцца ў сваю астатнюю дарогу.
    Чаму пячатка маўчання ляжыць на маіх вуснах?! Я распавёў бы яму пра мастакоў, што размалёўвалі мой старадаўні прыстанак фрэскамі.
    Іх было двох — бацька і сын, і яны гаварылі між сабою той моваю, што і Антось.
    Цяпер на месцы фрэсак белая неруш тынку — сам Пан Бог не здолеў бы дапамагчы рэстаўратарам пасля таго, як на фрэскі гадамі любаваліся вецер і дажджы. А тады...
    Гэтыя двое, што пачыналі свой дзень з пацераў святому Лукашу*, былі праўдзівыя цудатворцы. Здавалася, іхнім пэндзлям аддалі барвы самыя зыркія і зіхатлівыя з вясёлак, што ад стварэння свету запальвала над гэтай зямлёю сонца. Здавалася, з вуснаў намаляваных імі сівабародых прарокаў вось-вось зляціць вешчае слова, а кветка ў руках у ца-
    * У сярэднявеччы апостал Лука лічыўся апекуном мастакоў.
    рыцы Саўскай была гэткай жывою, што на яе аднойчы ўсцешана апусцілася заляцелая ў храм пчала-медавіца...
    Князь па-каралеўску адарыў мастакоў золатам з бяздонных сваіх скарбніц ды, мала гэтага, абвясціў наваколлю, што дае ў гонар слынных майстроў баль. Кажуць, болей за сотню суседзяў і васалаў сабрала ў замку тая бяседа, і на пачэсным месцы сядзелі мастакі ў дараваных князем адамашкавых, з залатым тканнём каптанах, і слугаваў ім на знак асаблівае міласці адмысловы стольчы — накладаў на ўзорыстыя срэбныя споды дзічыну, падліваў у звонкія венецыянскія келіхі французскае віно. А ў глухім замкавым сутарэнні, куды знадворку не даляціць нават гарматнага стрэлу, ужо чакаў кат з гострым, бы асінае джала, кінжалам.
    Ноч навылёт вірыла застоліца, а на світанні, у няпэўным святле аплытых свечак, трохі цверазейшыя з бяседнікаў змецілі, як бацька і сын заснулі ў высокіх, аздобленых разьбою крэслах, звесіўшы русявыя галовы на грудзі, і княскія людзі асцярожліва паднялі крэслы і панеслі некуды па заблытаных пераходах.
    Напоеныя падступным зеллем мастакі ціха ўсміхаліся ў сне і не ведалі, што больш нідзе і ніколі не паўтораць свайго дзіва, бо з гэтае раніцы іх вочы будуць заўсёды бачыць адно цемру...
    Зірніце, шаноўныя, як лазуркава, пунсова і бурштынава ўспыхнулі вітражы ў заходніх вакенцах! Гэта значыць Алена пабегла ўжо на свае вечаровыя лекцыі на гістарычным факультэце і хутка я застануся сам-насам з марудлівай паўнаватаю прыбіральшчыцай цёткай Ядвісяй.
    Узнятыя ёю пылінкі будуць павольна танцаваць у стомленым сонечным промні, і, выбачайце, не будзе ўжо ніякае змогі ўтаймоўваць чыхаўку... Паглядзелі б вы, як пасля майго чыху цётка Ядвіся няўцямна-палахліва азіраецца на бакі і хапатліва жагнаецца на мяне і чамусьці на жалезнага рыцара, які вартуе ўваход. Ну даруйце мне, старому, гэтую бяскрыўдную забаву.
    Недабудаваны гараж... Паўтары тысячы доўгу... Тэрмінова трэба майстар, каб змураваць на летніку камін... Цікава, якая нітачка прывяла яго сюды? Ага, хоча вызнаць, ці каштоўныя яго абразы, тыя дзве цёмныя дошкі, на якіх амаль нічога не відаць і якія ён забраў пасля хаўтураў з матчынай хаты. Мо пашэнціць каму-небудзь выгадна збыць, каб вярнуць пазычкі?
    Гэты лысаваты дагледжаны чалавек прыпыняецца каля мяне, я на імгненне сустракаюся позіркам з мітуслівымі
    вачыма за круглымі шкельцамі акуляраў, і гэтага дастаткова, каб кінуць вока ў яго будучыню.
    Ён яшчэ не ведае, што там засталося зусім мала дзён. Але журботна мне з іншае прычыны.
    Ну што, скажыце, зменіцца, калі ён даведаецца пра пухліну, якая ўжо расце ў ягоным страўніку? Пачне бегаць, шукаць нейкія лекі...
    Я хацеў бы, шаноўныя, каб ён пачуў пра друкароў з нашае друкарні, што стаяла водбліз гарадскога млына да таго страшнага пажару пад час даўняй вайны са шведамі.
    Пра худога і цыбатага, нібы птушка жораў, мніха, які ўзімку і ўлетку хадзіў у адной лапленай сутане і які насмельваўся казаць непачцівыя словы самому князю, вінавацячы яго ў адступе ад бацькоўскіх звычаяў і слова. Казалі, мніх той быў заможным шляхцічам, ды змяняў поўны трыбух на друкарскі варштат, каб даць люду паспалітаму духоўную лусту, як запавечыў Францішак Скарына са слаўнага места Полацкага.
    Згадаў бы я і другога ў друкарскіх справах майстра, чалавека простай сялянскай крыві, што, ратуючыся ад гневу маскоўскага патрыярха, вярнуўся на Бацькаўшчыну, знайшоўшы прыстанак у княскай друкарні. He ведаю ягонага аблічча, бо быў ён не рымскае веры і касцёл абмінаў, не перажагнаўшыся, але ведаю, што ў астатні свой дзень друкаваў ён лемантар на роднай мове, калі ворагі былі ўжо на вуліцах места, і астатні раз убачыў сонца, баронячы на парозе друкарні кнігі.
    Лысаваты ўжо далёка адсюль — спяшаецца кудысьці ў вулічным збоі, а я па-ранейшаму думаю аб ім. Ці патрэбна яму тое, што я памятаю?
    Раней я меркаваў, што яна, гэтая памяць, наогул не трэба нікому, апрача некалькіх дзівакоў, бо жыць без яе людзям больш зручна і ўтульна. Ды апошнім часам да мяне ўсё часцей прыходзяць іншыя думкі. Бо ёсць жа Алена, і той мастак з рудымі вусамі, і фацэтны паэт, што складае пра мяне паэму... А пакуль ёсць сейбіты, будуць і ўсходы. Хіба могуць вякі велічы, перамог і пакутаў пакінуць па сабе толькі тло?
    Зрэшты, дбаннем рэстаўратараў стагоддзяў пяць жыцця мне яшчэ забяспечаныя.
    Так што, шаноўныя, пагледзімо.
    КАЛЯ ДЗІКАГА ПОЛЯ
    Разам з ноччу на галявіну апусцілася мёртвая вусціш. Здавалася, яна запанавала ўжо да самае раніцы, але неўзабаве ў небе зашумелі крылы і, на імгненне пагасіўшы сярпок маладзіка, галявіну абляцела вялікая чорная птушка.
    — Крук-крук-крум! — прыцішана крыкнуў крумкач і важка сеў на дзіду, што тырчала між лапатак войніка ў славянскім шышаку. Войнік шырока раскінуў рукі, быццам у той астатні міг, калі адлятала душа, хацеў абняцца з кімсьці на адвітанне, абняўся ж з самой зямлёю. Каля яго ляжаў конь і тры раскосыя воі ў пашчапаных шаломах з дубовых дошчачак.
    Доўгая дзіда заківалася і нахілілася ніжэй. Крумкач павярнуў галаву і проста пад сабою ўбачыў яшчэ аднаго чалавека, таго самага, якога шукаў...
    Крумкач жыў на разгатай бярэзіне ўскрай галявіны. Адвячоркам, умасціўшыся на высокай расошцы каля свайго кубла і нейкім таемным чуццём прадчуваючы пажыву, ён згледзеў унізе гуж наладаваных вазоў і чараду вершнікаў. Наперадзе ехаў на вараным кані светлабароды чалавек у жалезнай шапцы і ў падобнай да рыбінае лускі жалезнай кашулі, што людзі надзяваюць на сябе, каб мячы і дзіды, якімі яны б’юцца, не маглі дастаць да сэрца. Акурат пад бярэзінай светлабароды махнуў рукой, і ягоныя людзі спешыліся. Яны пачалі секчы хваіну-сухадрэвіну, насіць з ручая ваду, і крумкач здагадаўся, што людзі ладзяцца нанач. Ён ужо меўся ляцець у стэп, каб да цёмнага ўпаляваць там сусліка ці хаця б пару мышэй, але ранейшае прадчуванне пажывы не пускала, і хутка крумкачовае вока змеціла іншых людзей, якія, навязаўшы коней, нячутна прабіраліся па дне яра. Крумкачу карцела крыкнуць ад радасці, ды ён быў стары і разумны і таму адно мацней сашчапіў дзюбу, пракаўтнуў свой крык, і той упаў у пусты страўнік першым кавалкам салодкае мярцвячыны.
    Людзі светлабародага біліся добра, але тыя, з яра, напалі знянацку. Іх было болей, па трое, па чацвёра на
    аднаго, і яны адолелі. Уцёк, ускочыўшы на варанога, толькі адзін чалавек, аднак не светлабароды, а іншы, і крумкач цешыўся з гэтага: ён быў важак навакольных крумкачоў і меркаваў, што павінен павячэраць не першым-лепшым мерцвяком, а чалавечым верхаводам.