Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
Міхаліну ж, каб не прычынілася якое ліха, аддалі скора за злотніка Міколу, і, як уведаў я пра гэта, стала ў мяне ўваччу, як ясачка мая ў вясельную ноч іншага разувае, ласкі ягоныя прымаючы, і нічога, апрача гэтага, вочы мае не бачылі. Выйшаў я на бераг за замкам, дзе самыя віры, і благую думку на камені пад алешынай задумаў. Да граху было, як да цёмнай вады, але пачуў я нейкі голас таемны. Няўжо ты, Лаўрын, голас гэты казаў, дзеля таго дасюль па зямлі хадзіў, каб кругі па рацэ пайшлі і рыба з цябе наедак мела? Ходзіш па зямлі, дык пакінь па сабе не адно гаршкі, што ад любога каменя на чарапкі разляцяцца. I акрыяла душа мая, бо прыняў я голас як знак, што зменіцца жыццё маё.
I не зманіў той голас.
Лета ад нараджэння Сына Божага 1413 у месяц красавік прыйшлі па Дзвіне велікакняжыя стругі і ладдзі з войскам і почтам* і прысталі да берага проці Альгердавага замка. I спяшалі з двух бакоў насустрач ім людзі
* Світаю.
лацінскае веры і людзі нашай дзедаўскай веры са сваімі мошчамі і харугвамі. I пабачыў я гаспадара нашага Вітаўта, што трымаў пад сваёй рукою дзяржаву ад мора да мора; былі на ім латы з сабалінаю накідкаю і шалом з пяром паўлінавым, і меў гаспадар наш бараду, быццам срэбра, сівую, а веку меў болей за шэсцьдзесят летаў, але відаць было, што не кожны яшчэ малады рыцар патрапіць яго з сядла выбіць. I пабачыў я разам з людам паспалітым места Віцебскага таго нашай крыві воя, што тры леты таму ў Грунвальдскай сечы ўваткнуў у гарляк тэўтонскаму магістру рацішча і адправіў душу ягоную ў пекла, а паказаў мне таго воя бацька мой, бо быў і ён у векапомнае сечы і меў напамінкам пра яе шнар безвалосы на галаве і не меў левага вуха. I была пагудка, што разам з княжымі людзьмі едзе муж вучоны Геранім Пражскі, пасланы ў нашу зямлю вялікім бязбожнікам Янам Гусам, якому паводле ўказу папы рымскага спявалі анафему ва ўсіх цэрквах Чэшскае зямлі.
Гаспадар жа наш Вітаўт на дзвінскім беразе лагадней на лацінцаў-аднавернікаў пазіраў і галавою ім ківаў ласкава. I прычынілася тады такое, што многія людзі хрысціцца пачалі, а біскупа віленскага ажно перасмыкнула, нібыта ён карэц палыновага адвару выпіў. Выступіў з княжага почту муж паважны ў карзне нетутэйшага крою і перад людам паспалітым лікам чатыры ці пяць тысяч мужчын, жанчын і дзяцей укленчыў і людзей нашай старой веры назваў добрымі хрысціянамі, а святыні нашыя назваў праўдзівымі святынямі; імя ж гэтаму мужу было Геранім.
Успамінайце настаўнікаў вашых, вучыў апостал Павел, і часта ўспамінаю я Гераніма, бо, калі раўнаваць чалавека з глінаю на кружары, бачыць Бог, быў ён добры ганчар. Жыццё чалавечае мінулася з таго дня, як казаў ён нам казань сваю першую, я ж і цяпер яе чую, быццам зноў у храме Іаана Багаслова з бацькам маім стаю.
Нашаю моваю казаў ён, і хоць перакручваў на свой капыл словы, не смяяўся ніхто, бо словы тыя былі, як зярняты, і надышла пара, калі прараслі яны ў душах і закаласіліся; і не смяяўся ніхто, бо казань тая была як бура над дзвінскаю плынню, і надышла пара, калі закінула бура гэтая многіх свайчакоў маіх далёка ад родных агменяў.
3 усіх турботаў роду чалавечага самы вялікі клопат — аб Радзіме. Дзеля прышласці яе аддаюць людзі маетнасць і жывот свой і жывуць шчасліва, а пасля смерці славяць нашчадкі іхнія імёны. Так казаў вучоны чэх, і голас ягоны бунтаваў сэрцы, а вочы ягоныя над гарбатым носам гарэлі, як у юрода Апанаса з Заручаўя, але не шалам свяціліся яны, а вялікім розумам. Той жа, хто жыве салодка, вучыў ён пазбавіцца і жыцця і імені. I казаў ён: браты-беларусіны! Чэхі і настаўнік наш Гус вераць, што ў ліхую часіну мячы вашы падымуцца супраць ворагаў разам з нашымі мячамі.
I яшчэ казаў ён, што ўладараць над зямлёй ягонаю немцы, і чыняць уціскі вялікія, і імкнуцца зрабіць, каб чэхі і думалі, і гаварылі па-тэўтонску, бо лягчэй тады будзе адбіраць набытак іхні. I казаў ён, што многія чэхі гавораць ужо напалову па-свойму, а напалову па-нямецку. I казаў ён, што ўладары павінны гаварыць з народам на ягонай мове. I казаў ён: самае вялікае злачынства перад Богам не тое, калі чалавека жыцця пазбаўляюць, a тое, калі цэлы народ з душою ягонай разлучыць хочуць. I казаў ён: сёння над маім народам смерць, нібыта каршун у небе, кружляе, а ёсць уладары — хочуць, каб і беларусінаў на свеце не было, каб дзеці вашыя мовы свае выракліся і на магілы продкаў сваіх плявалі. I казаў ён: хіба не бачыце, як рымская зараза на вашай зямлі расце? I казаў: з аднаго мы з вамі кораня, дык будзьма разам за праўду стаяць, каб на зямлі жыць!
Да самага лета, пакуль вада ў Дзвіне не апала, казаў Геранім свае казані, і лацінцам насуперак адпусціў паводле наскага звычаю бараду, і не галіў танзуры, і адмовіўся ад апраткі клірыка, насіў жа такую, як у нас носяць. I кожны раз у царкве Багаслова людзей збіралася столькі, што пеўню не было куды дзюбнуць, і круціліся між імі віжы і асочнікі з касцёла францысканаў, бо не шанаваў вучоны чэх святароў сваіх лацінскіх і выкрываў нястомна ірахі іхнія. I пачулі мы, што ў Чэшскай зямлі б’юць манахі на плошчах у барабаны і прадаюць ілжывыя святыні і адпушчэнні грахоў, і той нават можа купіць сабе адпушчэнне, хто мае пажадлівасць да Маці Божай, і той, хто сабраўся забіць, таксама купляе гэта д’яблава адпушчэнне і забівае бліжняга свайго. Святыя ж айцы ходзяць у дамы распусты да выляжанак, а адзін прайграўся ў косці і цераз усю Прагу бег дахаты ў чым Бог яго на свет пусціў. Дый не дзіва, што такое дзеецца, бо сам рымскі намеснік
святога Пётры* быў некалі на моры расколам, а цяпер чыніць смертазабойствы і творыць грэх пралюбадзейства з манашкамі і з жонкаю брата свайго. Нездарма круціліся ў храме віжы лацінскія, але і нашым бацюшкам былі Геранімавы словы не ялеем на сэрца, бо прамаўляў ён, што няможна збіраць царкве дзесяціну, таму што запавечыў Збавіцель апосталам не мець у пасах ні золата, ні срэбра, ні медзі, а жыць у беднасці; кожны жа ведае, у якой злыбедзе нашыя папы жывуць.
Дзівіліся людзі места Віцебскага з розуму і вучонасці Геранімавай, і сам гаспадар наш Вітаўт літасціва яго слухаў, а птах той дзівосны, у жалезную клетку ў маіх ірудзях замкнёны, усё мацней крыламі біў і на волю прасіўся. I, прычакаўшы аднойчы магістра Гераніма на цвінтары, скінуў я магерку і, не спытаўшы рады бацькавае, сказаў, што хачу спасцігнуць розныя навукі, каб прасвятліць розум свой, а таксама дзеля асветы адназемцаў маіх; горка цяпер сэрцу майму, што не дало мне неба спраўдзіць словы мае, бо няма мне дарогі дадому, пакуль кідаюць там у цэлі і судзяць тых, хто чынам і словам сваім славіў імя пакутніка Гуса.
Сказаў магістр Геранім на словы мае, што дагодныя яны Богу, і наказаў вучыць мову лацінскую, бо ў Чэхах і ў іншых землях, сваёй навукаю знакамітых, вучацца шкаляры на лаціне, і назваў мне манаха з віцебскіх францысканаў, што па ягонай, Геранімавай, волі і па сваёй ахвоце будзе вучыць мяне мове гэтай.
Лета ж наступнага, пасля святых Калядаў, памінаючы добрым словам бацьку майго Арцёма, які заплакаў і абняў мяне, даўшы сваё блаславенне, і з якім ужо не даў мне Бог зноў перабачыцца, і манаха Марку, які навучаў мяне лаціне, пакінуў я роднае места маё Віцебскае разам з купцом Алехнам. Вёз Алехна ў Чэшскую зямлю гарнастаі і куны, а таксама замкі і бабровы струмень, і праз два месяцы, трыкроць адбіўшыся па дарозе ад ліхіх людзей, прыйшлі мы ў Прагу, дзе знайшоў я магістра Гераніма, як і было некалі між намі казана, і прыняў ён мяне міласціва і пасяліў у бурсу, званую Ерусалім, фундаваная ж яна была каралеваю Ядвігаю дзеля шкаляроў з Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.
* У той час рымскім папам быў Іаан XXIII (Балтазар Коса), які выславіўся сваёй распустаю і злачынствамі.
Жылося мне ў бурсе так уежна, што почасту рабіў я лыжку з хлеба, з’ядаў rapox, а потым лыжкаю і прыкусваў, але радавалася сэрца маё, бо вучыў я сем навук вызваленых у славутай alma mater Пражскай, што завецца таксама Каралінеум, і многія прамудрасці адкрыліся розуму майму на лекцыях і ў доўгія гадзіны над кнігамі, калі былі суразмоўцамі маімі Арыстоцель і Платон і іншыя мужы мудрасці вялікай, а таксама на дыспутах і ў разважных гутарках з магістрам Амбражам з ІІльзеня, які адарыў мяне сваёй увагаю і браў на вежу сачыць зоры. Ад яго ўведаў я шмат аб руху нябесных свяцілаў і, апрача астатняга, пачуў ад яго пра камень філасофскі, які простыя металы ў золата пераварочвае, і любую хваробу лекуе, і вечную маладосць дорыць; тыя ж людзі, што шукаюць гэты камень, завуцца чарнадзеі, або алхімікі, і магістр Амбраж быў з гэтых людзей.
А ў Чэхах было неспакойна, і на вуліцах пражскіх і дзеці і людзі паважнага веку крычалі святарам: «У сак, мнісе, у сак!», і на вачах маіх разарвалі на рынку манахаў, што за сходную цану прапаноўвалі салому асла, на якім Ісус ехаў у Ерусалім, слёзы Марыі Магдалены, а таксама малако Багародзіцы і промні Віфлеемскае зоркі, што паказвала шлях вешчунам. I хадзіў я разам з іншымі шкалярамі па месце Пражскім у сціжме людзей, а наперадзе нас ішла выляжанка, усяму месту вядомая, і была яна ва ўборы папы рымскага і на пацеху народу раздавала ахвотнікам паперкі, званыя індульгенцыямі. I трывожна было ў сэрцах нашых, бо даходзілі чуткі, што судзіць будзе Рым заступніка чэхаў Гуса і сябра ягонага найадданейшага, а майго дабрачынца Гераніма, у доме якога заўсёды мог я тою парою насыціць голад мой...*
...а вялі яго туды паўз вогнішча, з кніг, ягонаю рукою напісаных, складзенае, і ўзышоў ён на сваю Галгофу вогненную з мужнасцю вялікай. Калі дагарэлі дровы, знайшлі сэрца ягонае жывое і білі яго кіямі, а затым насадзілі на пожаг і засмажылі асобна. Прах жа ягоны, каб не засталося на зямлі магілы і не было куды людзям збірацца памінаць заступніка свайго, кінулі ў раку, а на агнішчы закапалі асла, што належаў нейкаму кардына-
* У гэтым месцы пергамен абгарэў і тэкст нечытэльны.
лу, і зрабілі гэта, каб напалохаць людзей кепскім паветрам, але, бачыць Бог, спудлавалі яны, бо стаяў бы там большы смурод не ад няшчаснага стварэння Божага, а ад ягонага гаспадара. Вялікі ж князь наш Вітаўт, каб абараніць пакутніка Гуса, паслаў на сабор у Канстанс мітрапаліта свайго з біскупамі, ды спазнілася пасольства ягонае і вярнулася ў смутку.