Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
He сказаў яшчэ я, што паміж тымі, хто прыняў веру гусіцкую, быў свайчак і пагодак мой чаляднік бондара Міхея з Багародзіцкай вуліцы Юрка Батыніч, празваны Жаркім, бо рабіўся ён у сечы апантаны, і цэп ягоны, жалезам акуты, расколваў ворагам нашым галовы, не раўнуючы як лесавыя гарэхі. Пабраўся Юрка з чэшкаю Марыяй, і нарадзіўся ў іх сын, ахрышчаны на ўспамін пра Гуса-пакутніка Янкам. Калі ж вярнуліся мы з паходу ў польскія землі, уведаў Юрка, што наляцелі аднаго разу тэўтоны, і захапілі ў полі жанчын з дзецьмі, і над жанчынамі гвалт чынілі, а потым выразалі ім персі і
рвалі дзідамі ўлонні, дзяцей жа і сярод іх Янку малога з залацістымі валосікамі кінулі ў агонь. 3 тае пары замаўчаў Юрка і маўчаў тры леты, робячы на цапільне страшнага цэпа свайго зацінкі, і была кожная напамінкам пра чорную душу ворага Хрыстовага, якога адправіў Юрка ў апраметную; набралася ж зацінак такіх больш за сотню. Маліў ён неба, каб хутчэй дало яму сустрэцца з жонкаю і сынам, але наканавана яму было помсціцца да самай бітвы на праклятым полі Ліпанскім, а была бітва гэтая ў лета ад нараджэння Сына Божага 1434.
Стаялі мы на тым полі тры дні і тры ночы, акурат у парў, калі вясна з летам абдымаюцца, і салоўкі цёхкалі, і такая навокал лагода была, нібы хацеў сказаць Збавіцель людзям, каб не забівалі адно аднаго, а нараджалі дзяцей і аралі зямлю. Але не маглі мы апусціць мячы і цапы свае, і кожны з нас паспавядаўся і прычасціўся, a паны ўсё не адважваліся напасці на нас, хоць і было войска іхняе большае трыкроць.
He мелі мы страху ў сэрцах, ды страшнейшая за страх была паняверка, бо бачылі мы, як дужэюць з кожным годам ворагі нашы і ў самім месцы Табары з’явіліся ўжо сярод братоў і сясцёр жабракі і людзі, што паслі чэрава сваё ў раскошы. Прысніў жа я перад сечаю сон дзівосны: нібыта ляжу на гарачым каменні пад сонцам, ад спёкі канаючы, і бачу раку перад сабою ў зялёных берагах, да Дзвіны падобную, але не магу яе дапасці, каб смагу наталіць, і зразумеў я, што благі то знак.
А ў дзень пасля тае ночы, калі перайшло сонца на трэцюю гадзіну, разамкнулася кола вазоў панскіх, і сталі вазы іхнія баявыя шыхтавацца па адзінаццаць у рад, і налічылі мы радоў больш за пяць дзесяткаў. Былі ж вазы панскія, як папаўзлі на наш пагорак, да вялізнае вужакі падобныя, і на галаве вужака гэтая мела джалаў дзесяткі, а былі то тарасніцы і бамбарды. Бачыў я, як забіла ядром жанчыну, што мела ў чэраве сваім, але паспелі дзіця яе перахрысціць, каб трапіла душа ягоная на неба. Калі ж развеяўся дым ад стрэлаў, пабеглі нападнікі, і, адкінуўшы вазовыя шчыты, кінуліся мы ў пагоню, і здавалася, блізка ўжо была перамога, але ўдарыла з засады конніца панская і, здратаваўшы пагоню, наляцела на табар наш. Дарэмна чакалі мы падмогі, бо гетман Чапек, пад рукою якога былі коннікі табарыцкія, пакінуў нас на вырак лёсу. А следам за рыцарамі пайшлі на прыступ найміты-кнехты, і тады
забраў Збавіцель душу Юркі Жаркага, і душу чэха Мікулаша, і душу паляка Франака, што ваявалі на возе нашым.
Зямля ў той дзень стамілася піць кроў чалавечую, і стаяла цёмная кроў у кожным следзе ад конскага капыта. А перад заходам сонца прайшлі ланцужна па полі Ліпанскім кнехты, і дабівалі яны даўгімі мячамі параненых, а наперадзе ішла з касою сама смерць у сталёвым панцыры. Багатым было жніво яе, бо болей за дзесяць тысяч вояў Божых засталіся навекі на тым полі, і няхай будзе вам вядома, што было паміж імі беларусінаў лікам да пяцісот. Мне ж дадзена была сіла стрымаць крык у грудзях, калі ўкалоў мяне найміт мячом у калена, і прыняў ён мяне за мёртвага, хоць быў я адно паранены ў ногі. Ляжаў я ўначы на тым полі страшным, і крумкачы пільнавалі мяне, каб выпіць вочы мае, але адзін добры чэх простага звання ўратаваў мяне і загаіў мае раны; зваўся ён Марцінам, і часта малюся я за душу ягоную.
Разлучыўся з душою ў той сечы і Аўдзей Гуцька, несвіжанін. Быў ён чалавек вясёлы, штукар і гудошнік, дастаць мог з магеркі галубку, а з пустой торбы вытрасці зайца жывога, прыслоўе ж меў улюбёнае — а каб цябе ў раі камары таўклі. Затрымцелі ў грудзях ягоных дзве стралы зубчастыя, што ні выцягнуць, ні вырваць няможна, і, калі глядзелі ўжо вочы Аўдзеевы ў неба, пабачылі мы апошнюю штуку ягоную: выпырхнула з Гуцькавай запазухі ў небясную сінечу галубка, як снег белая. Была ж галубка гэтая, быццам праўда наша, якая датуль жыць будзе, пакуль хоць адзін ваяр за яе ваюе, хоць адно сэрца чалавечае да яе любасць мае.
Было гэта пяць летаў таму, а ў мінулую ноч зноў убачыў я смерць у панцыры, што ішла наперадзе кнехтаў, і сон гэты, як і сузор’і, паказвае на благое. Але dum spiro, spero*, і пешчу я надзею, што спраўдзіцца прароцтва старой Агаты з Задзвіння і не зачэпіць мяне крылом сваім чорная смерць. Калі ж станецца так, аброкся я пакінуць славутага князя Гвальдоні, сардэчна аддзячыўшы яму, і ісці ў места Страсбург, бо дайшлі да нас чуткі, нібыта атабарыўся ў месце гэтым вучоны немец Ёган Гутэнберг, што вымысліў варштат дзеля перапісвання кніг без пёраў і атраманту. Калі праў-
* Пакуль жыву, спадзяюся (лац.).
дзівая гэта пагудка, падамся я да яго ў навуку, бо не пагас яшчэ ў душы маёй лятунак паслужыць асвеце люду нашага паспалітага.
Калі ж наканавана мне скончыць хутка зямны шлях мой, няхай дойдзе кроніка гэтая да бацькоўскае зямлі, каб не згубіліся ў бязмежным моры часу жыццё маё і жыцці адназемцаў маіх, што ваявалі ў далёкіх землях за Божую праўду, бо кожная справа чалавечая мусіць застацца ў памяці наступнікаў нашых дзеля прыкладу і ўспаміну.
3 гэтым сканчваю кроніку сваю і аддаю яе ў рукі Таго, хто ўладарыць над светам.
1986
ШШУ BAM У МАСКОВІЮ
ГР AMATA 3 МАПСТРАЦКАГА АРХІВА
Паклон вам нізкі, ласкавыя мае бацюхна і матухна, ад сына вашага, якога ўжо колькі летаў вы перад вачыма сваімі не бачылі і які кожнага вечара за вас і за цябе, брат мой малодшы Глеб, моліцца, дом бацькоўскі ўспамінаючы, і ліпы нашыя, і як Глебушка малы з кацянятамі гуляў, і тое нават, як наш Малахвей брэша. Малю Госпада, каб ахаваў вас ад хваробаў, а найперш, каб у смутныя гэтыя часы ад ліхіх людзей абараніў, якія ў нашай дзяржаве маскоўскай уладу забралі і няправедны суд чыняць.
Цешуся надзеяю абняць вас, ды часта апаноўваюць мяне думкі, што разлучыліся мы ўжо да сустрэчы нябеснае. A пішу да вас з места старажытнага і слыннага Полацкага, дзе хутка ўжо як тры леты Божай воляю знаходжуся, і колькі яшчэ мне тут быць, аднаму Госпаду вядома.
Памятаеце вы, мусіць, бацюхна, як дом я родны пакідаў і сядзелі мы з вамі пры збане з трайным мёдам, ды не маглі горыч нашую падсаладзіць. Згадаліся нам тады словы вялікага князя маскоўскага Васіля Іванавіча, бацькі цяперашняга гасудара нашага, няраз ім моўленыя. «Дакуль конь мой хадзіць будзе і меч секчы, не дамо спакою Літве»,— любіў князь Васіль казаць, і сын ягоны таксама з юных летаў у той бок, куды сонца садзіцца, паглядаў і хацеў пад сваёю рукой мець і Полацк, і Віцебск, і іншыя гарады і землі, якія некалі Уладзімір Краснае Сонейка ваяваў, і пасля яго князі рускія з дружынамі ваяваць хадзілі, і якія потым вялікія князі літоўскія да сваіх вотчын прырасцілі.
Вядома вам, што сем летаў таму ўступіла наша войска з агнём і мячом у Лівонію. Напачатку фартуна цару Івану Васілевічу спрыяла, і занялі ваяводы нашыя Нарву і Юр’еў, наблізіўшыся да мора. Тады магістр лівонскі пачаў шукаць падмогі ў вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Аўгуста і даў яму спярша шэсць фартэцый, а потым і зусім пад ягоную ўладу ад-
даўся. Услед за тым войска гетмана Радзівіла Рудога ўвайшло ў Інфлянты, і на трэцім леце вайна Лівонская ў вайну Літоўскую ператварылася, а цар наш і гасудар Іван Васілевіч нямецкаму імператару пісаў, што трэба сілы злучыць і Польшчу з Літвою ім між сабою падзяліць і на векі вечныя ўпакорыць.
У лета 7070* хадзілі літоўцы на Апочку, Невель ды Вяліж, а нашыя ваяводы зямлю Мсціслаўскую плюндравалі ды наваколле Воршы і Дуброўны палілі. Тады ж князь Андрэй Курбскі быў у паходзе на места Віцебскае, астрог узяў і папаліў і пасады ўсе і сёлы і людзей без ліку жыцця пазбавіў. Спаліў таксама, апрача лацінскіх, дваццаць чатыры храмы праваслаўныя і да палону не меў літасці, але цар і вялікі князь Іван Васілевіч скрыва на яго пасля паходу пазіраў і дакараў, што, пятнаццаць тысяч людзей маючы, не здолеў чатыры тысячы літоўцаў пад Невелем разбіць.
«Уся Літва ёсць вотчына гасудароў маскоўскіх»,— цар на саборы сказаў, а дваране сказалі: «Мы, халопы царскія, за адну дзесяціну зямлі Полацкага або Азярышчанскага павета галовы скласці гатовыя». Сам я такое гатоўнасці ў душы не чуў, але і таго, якой крывёю тая царова навага скончыцца, не ведаў.
А зімою, у месяцы снежні, сабраліся палкі ў Мажайску і сам цар туды выехаў.
Але перш чым распавесці вам пра паход той, хачу я колькі слоў пра цара і гасудара Івана Васілевіча сказаць, хоць і рызыкую галавы свае пазбыцца. Вусцішна таго судзіць, хто самім Богам над намі пастаўлены, ды не дае мне спакою памяць пра незабыўнага настаўніка і апекуна майго Аляксея Фёдаравіча Адашава, блізкасць да якога мне з прычыны маладога веку ды становішча невысокага схаваць пашчасціла — быццам каменьчык на рачным дне, я ў царскім войску сярод ратных людзей згубіўся і смяротнае небяспекі пазбегнуў.
Ведаеце вы, бацькі мае ласкавыя, што дзесяць з лішнім летаў быў Аляксей Фёдаравіч Адашаў пры цару давераным чалавекам і царства яго сваім розумам дзяржаўным мацаваў. Спрыяў ён прырашчэнню да нашых айчынных межаў княстваў Казанскага ды Астраханскага і перамовы няраз з Лівоніяй і з Даніяй вёў і з карапём польскім і вялікім князем літоўскім. Меў душу суворую ды ўладную, але пабожную і так, бывала, у малітву і ў пост улягаў, што цэлы дзень
* Паводле сучаснага летазлічэння — 1562.
адною прасвіркаю жывіўся. Выславіўся ён і дабрачыннасцю вялікай: карміў пры доме людзей лёзных, а ў доме дзесяць струплявых трымаў, сваімі рукамі іх абмываючы.
He хацеў муж гэты дбайны і любамудры вайны Лівонскае і адгаворваў цара ад паходу ў зямлю Полацкую. Разам з настаўнікам душы царовай Сільвестрам казаў апякун мой, што трэба спярша выкараніць няверных, злых ворагаў Хрыста і святой зямлі Рускай. Але не той ужо быў гасудар наш, не слухаў парадаў мудрых, а слухаў людзей злых і падступных. Загінуў Аляксей Фёдаравіч Адашаў разам з дабрачыннасцю царскай.