• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    А трэба вам, бацюхна і матухна, і табе, брат мой Глеб, сказаць, што цёмныя ды варожыя сілы каля манарха нашага ад самых першых дзён царства ягонага стаялі і няспыннае змаганне за душу яго вялі. Застаўся ён у восем летаў круглым сіратою; сядзела на троне дзіця ў Манамахавай шапцы ды са скіпетрам і дзяржаваю, а баяры яму на каленях рукі цалавалі, вялікім князем і гасударом называючы — хто са шчыраю душой, а хто і крывадушна, так што, бывала, апекуны і пакарміць яго свойчас забываліся. Улада такая для малалетняй душы кволай гібельная вельмі, а нячыстаму — спадзяванне і ўсцеха.
    Яшчэ дзіцем любіў цар Іван Васілевіч тым бавіцца, што з высокіх дахаў катоў ды іншых тварын бязмоўных скідваў, а летаў з пятнаццаці пачаў і чалавекаў з высачыні ўпускаць, таварышаў дзіцячых гульняў сваіх, і глядзеў з асалодаю, як яны ў смяротных курчах гінуць. Шмат грахоў учыніў гасудар яшчэ ў маладосці ранняй — і да гульні ў зернь і іншых забаў непрыстойных хіліўся, да зелля хмельнага быў ахвочы і на дзевак такі ласы, што схопіць у хораме сваім любўю за грудзі, акі таць татарскі, і ў спіжарню на забаву цягне. А колькі людзей чорных на вуліцах і на торжышчах маскоўскіх канём да смерці здратаваў. А павянчаўшыся на царства, маючы ад нараджэння семнаццаць летаў, дзікую расправу ўчыніў над пасланцамі пскоўскімі. Прыехалі да яго з чалабітнаю на намесніка свайго князя Турунтая-Пронскага семдзесят пскавічоў, людзей немаладых і шаноўных, цар жа Іван Васілевіч у нечуваную лютасць увайшоў, што простыя пасадскія людзі чалом біць на князя асмеліліся. Загадаў ён з тых людзей сівых адзенне сарваць і целяшом на сыры каменны дол пакласці, а сам віном гарачым* галовы ім
    * Спіртам.
    паліваў і свечкаю валасы і бароды падпальваў. I не чуў у душы страху перад знакамі нябеснымі — ні тады, як вялізны звон у Крамлі сарваўся і на кавалкі разбіўся, ні тады, як пусціў Бог дымам на Вялікдзень усё жывое на рацэ Яўзе, ні тады, як Масква ў той самы год, як прыняў ён тытул царскі, ад Крамля да далёкіх прадмесцяў выгарала і бунт у народзе маскоўскім прычыніўся, які царову бабку-сербіянку за ейныя чары вядзьмарскія смерцю караць хацеў.
    Але паслаў Бог гасудару маладую царыцу Анастассю Раманаўну, стварэнне анёльскае, усіх убогіх ды пакрыўджаных заступніцу, і пачаў мяняцца Іван Васілевіч, закаваўшы ў кайданы дэманаў душы сваёй. Новыя храмы гасудар фундаваў і з царыцаю на багамолле ў ТроіцаСергіеву лаўру пешкі хадзіў, і маліўся там, і пасціў, і з браціяй паважную гаворку вёў. Але сілы д’яблавы тым часам да рашучае бітвы рыхтаваліся, і прыйшоў дзень, як вырваліся дэманы з ланцугоў на волю і завалодалі душой ягонай. 3 таго чорнага дня лютая жорсткасць яму, як ежа, неабходнаю зрабілася, як віно ды паветра, і нічога мілейшага сэрцу ягонаму не было, як чужыя пакуты бачыць — ці то чалавека, ці то жывёліны неразумнай.
    Памятаю, прывезлі гасудару нашаму Івану Васілевічу слана-звера з Персідскае краіны, і, як не стаў ён на калені па загадзе царскім, наказаў цар пасекчы неразумнае стварэнне на дробныя кавалкі. Ракою й нявінная кроў людская паплыла. Сільвестр, Божая душа, ад няміласці царскае зачыніўся ў манастыры, а настаўнік мой Адашаў ад’ехаў ваяводам у Лівонію, ды нядоўга пад небам хадзіць яму ўжо заставалася.
    Забраў Госпад душу царыцы нашае, і нашапталі цару, нібыта звялі Анастассю Раманаўну таемныя зласліўцы ейныя і чарнадзеі Сільвестр з Адашавым. Крычалі на судзе ворагі іхнія, смяротнае кары вымагаючы, а іншыя суддзі, вочы ў масніцы ўтупіўшы, маўчалі, адзін мітрапаліт Макарый сказаць цару адважыўся, што трэба і падсудных, вярнуўшы ў Маскву, выслухаць. Заківалі згодна пасля слоў гэтых разважных суддзі, але губіцелі апекуна майго да цара Івана Васілевіча лісліва загаварылі, што няварта злачынцаў у сталіцу заклікаць, калі іх сам цар маскоўскі наймудрэйшы і літасцівы асудзіў. Вось узор правасуддзя нашага, што не законам, а воляю ліхіх людзей кіруецца. Страшна пра тое думаць, колькі яшчэ летаў будзе суд наш маскоўскі лепшых людзей у магілу
    зводзіць за адно толькі, што валадарам ды шаптунам іхнім і сябрам крывадушным не дагадзілі.
    Цар пасля суда Сільвестра ў далёкую абіцель Салавецкую паслаў, што на выспе сярод Паўночнага мора, a да Адашава ў Лівонію адмысловыя людзі паехалі, і, вярнуўшыся, абвясцілі яны гасудару ўрачыста, што выкрыты ў грахах сваіх і падкопах здраднік, не стрываўшы ганьбы, сам сябе атрутаю вынішчыў. «3 гнаішча я яго ўзяў, у гнаішча ён і вярнуўся»,— цар на гата сказаў, хоць быў Аляксей Фёдаравіч Адашаў роду, што праўда, не знакамітага, ды ў нашай мінуласці прыкметнага.
    Загубіўшы гэтага мужа дзяржаўнага, узяліся і сам дух ягоны адусюль вынішчаць. Як адышла на вечны спачын царыца нашая, і тыдня ў палацах царскіх жалоба не трывала.
    Выдумляліся штодзень новыя пацехі, Богу агідныя, дзе любую цноту і дабрачыннасць цар з новымі сябрамі за непрыстойнасць мелі. У той час ратаваўся я ў сядзібе ў сябра сардэчнага вёрстаў за пяцьдзесят ад Масквы, але не чуўся і там у бяспецы, бо даходзілі і туды весткі, ад якіх дранцвелі мы ў жаху, не раўнуючы як звяры, на крывавым царскім паляванні зацкаваныя.
    Як злятаецца адусюль крумкаччо пасля бітвы на баль свой, павылазілі на свет сціжмы слухачоў, віжоў і даказчыкаў, што на вуліцах і ў дамах размовы ціхія падслухоўвалі і ў твары людскія пільна ўглядаліся, пакрыёмыя думкі і злачынствы прыдумляючы. Паказалі шаптуны гасудару на адну жанчыну, слынную ў Маскве сваёй пабожнасцю і прыхільнасцю Адашавай, і вымыслілі з д’яблавае падказкі, нібыта баярыня гэтая хоча дзяцей царскіх чарамі пагубіць, і пакаралі яе смерцю, ды не адну, а з пяццю сынамі.
    Скоры і люты цароў суд быў. Князю АбаленскамуАўчыніну, які ўлюбёнцу гасудараваму Басманаву нелагоднае слова сказаў, усадзіў Іван Васілевіч сваімі рукамі нож у сэрца, і не ў цёмную ноч таемна, а на вачах ва ўсіх за бяседным сталом. Баярын жа, князь Міхайла Рапнін, убачыў у палацы, як цар, мёдам упіўшыся, са жлуктамі ў масках сатанінскіх скача, і ад гора заплакаў. Хацеў цар і на яго тую лічыну агідную надзець, ды князь кінуў яе на дол, нагамі здратаваўшы, і запытаўся адважна: «Ці ж дазволена гаспадару зямлі Рускае скамарохам быць?» А праз колькі дзён, як стаяў ён на малітве, зарэзалі баярына проста ў храме Божым. А князя Юрыя
    Іванавіча Кашына, волю царскую выконваючы, на бабінцы ў сэрца кордам ударылі.
    Сватаўся тады наш цар і вялікі князь Іван Васілевіч да дачкі Жыгімонтавай, атрымаў жа ад каралеўны гарбуза і лютаваў яшчэ болей. Тады і песню ў Пскове ды ў Ноўгарадзе пра цара шэптам спяваць пачалі:
    У того царя да у Собакн а окол двора да тын железный, а на каждой-то на тычннке по человечей-то свднт головке.
    Кожны дзень падалі з рамёнаў галовы, як быццам плады крывавыя цар з нейкага дрэва сатанінскага на пажыву дзікім звярам нястомна атрасаў. I казалі пошапкам, што Іван Васілевіч прылюдна рукі з кішэняў не дастае, бо не можа кроў з іх адмыць.
    Абвянчаўся гасудар з хрышчонаю дачкою валадара чэркескага Цемрука, але марна да яе тыя прыглядаліся, што ў чэркешанцы другую Анастассю Раманаўну, душу рахманую і пабожную, убачыць хацелі. Была паўдзённая князёўна норавам дзікая і сэрцам, як горы іхнія каменныя — адно ўмацавала цара ў грахах. А ён пра каралеўну польскую шкадаваў і да помсты каралю рыхтаваўся — і за нехаценне сватам стаць, і за Лівонію, што пад Жыгімонтаву руку перайшла. Можа, таму і прынялі многія вестку пра паход полацкі калі не з радасцю, дык з палёгкаю: мелі надзею, што ратныя клопаты лютасць царову да сваіх людзей утаймуюць і кроў нявінная ліцца пакіне. Як ліхі чалавек шукае прыстанак бяспечны ў тым самым доме, дзе зло ўчыніў, так і я падумаў, што лягчэй мне будзе затаіцца ад цара паблізу, хоць грэшна раўняцца мне з ліхадзеем, бо ніякага злачынства на душы не насіў, апрача любасці і шкадобы да настаўніка свайго.
    Цяпер вярнуся да таго, як выехаў гасудар у месяцы снежні лета 7071 у Мажайск, дзе стаяла ўжо войска маскоўскае. Ехалі з ім цары казанскія Аляксандр і Сімяон, царэвічы Ібак, Тахтамыш, Бекбулат ды Кайбула, дванаццаць баяраў думскіх, пяць акольнічых і шаснаццаць дзякаў. Людзей вайсковых меў гасудар 200 тысяч конных, ды 60 тысяч пешых, ды людзей абозных тысяч 80. Кажуць, аднак, што разы ў тры, а мо і ў чатыры гэтую сілу прыменшыць належыць, каб супроць праўды не саграшыць, але ўсё адно здавалася, нібыта цэлая дзяржава Маскоўская на вайну сабралася. Мела войска 200 rap-
    матаў, з якіх чатыры — сцены біць, 36 — такія, што агонь і камяні кідаюць, а яшчэ — абложныя, палявыя, паўгарматы і чвэрцьгарматы, фальканеты і іншыя. Ішлі яшчэ з намі шэсць тысяч грабараў дарогі правіць. Было таксама колькі тысяч мяхоў, з радна пашытых, каб у іх зямлю ды жвір насіць і абложныя туры наладоўваць. A гарматы, і порах, і кулі, і ўвесь рыштунак везлі на сабе сорак тысяч чорных людзей, бо uap і вялікі князь загадаў коней берагчы.
    I пайшла сіла нашая да літоўскіх межаў. 3 Мажайска на Тарапец пайшла, дзе некалі ва Уваскрасенскай царкве князь Аляксандр Яраславіч, пазней Неўскім названы, з полацкай князёўнаю Параскеваю вянчаўся. 3 Тарапца рушылі мы на Вялікія Лукі, і цар загадаў дарогу перад сабою чысціць і на рэках масты ладзіць. 3 Вялікіх Лукаў на Невель пайшлі, а адтуль дарогаю лясною і цеснаіо -— на Полацк, места на той час у Вялікім Княстве Літоўскім найбуйнейшае і найбагацейшае, што на гандлёвай рацэ Дзвіне стаяла, якая з Варажскім морам каля Рыгі зліваецца. Так зрабілася вайна Літоўская вайною Полацкаю. Я ж сярод царскіх пісцоў і перапісчыкаў ехаў, таму шмат чаго мне ведаць дадзена было, ад іншых вачэй схаванага.
    Лета 7071* студзеня 31 узялі мы галоўную цвярдыню варожую ў аблогу і адразу пачалі каля места вялікія туры ставіць, што ў лесе за тры вярсты адтуль зрабілі, і загадаў гасудар Іван Васілевіч дзецям баярскім з баярскімі людзьмі быць каля тураў і ягоную царову справу рабіць. I агонь з ядрамі праз сцены кідаць пачалі, так што назаўтра ўжо чорны дым над местам паплыў.
    Бараніўся Полацк сілаю невялікаю, але мужна і ўмела, аднае начы палачане нават на вылаз адважыліся, каб гарматы ў нас адбіць, аднак няроўныя сілы былі, і хутка мы непрыяцеля назад утапталі. А ваявода полацкі Станіслаў Давойна спудлаваў ды нам, не хочучы таго, услужыў. Выправіў ён з места дзве тысячы сялянаў, што сцены мацавалі, нашыя ж людзі іх палавілі ды змусілі ямы паказаць, дзе палачане харч хавалі. А потым ваявода Давойна ізноў безразважнасцю нам паспрыяў: людзей сваіх у замкі адвёў, а пасады падпаліў. Нашыя ж стральцы, і мне між іх быць давялося, у дыме густым у места ўварваліся і гарматы туды перацягнулі.