Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
Так прабыў я ў месце Полацкім вясну, і лета, і восень, а зімою прычынілася ў снежні залева нечуваная, і паводка пачалася, і на рэках з трэскам вялікім ільды паўзламала, так што па Дзвіне да самага свята Нараджэння Хрыстовага на караблях ездзілі. Таго ж месяца снежня, як вядома мне, прыйшлі да цара і вялікага князя Івана Васілевіча з Літвы староста бельскі пан Юры Аляксандравіч Хадкевіч, ды староста слонімскі пан Рыгор Багданавіч Валовіч, ды дзяк Міхайла Галабурда і з імі каралеўскае шляхты семдзесят чалавек і іншых людзей да дзвюх тысяч. I прасілі яны ў цара замірэння ад снежня да ліпеня месяца на паўгода. Як зазвычай, вымагалі паслы Жыгімонтавы ад нас Ноўгарада і Пскова, апрача ўсіх заваёў дзеда і бацькі цара нашага і земляў, ім самім да Маскоўскае дзяржавы прырошчаных. Баяры ж нашыя на гэта адказвалі, што трэба нам дзеля міру не толькі Кіеў ды Валынь з Падоліяй у Літвы ўзяць, але і Вільню, ды наракалі на караля, што не хоча Івана Васілевіча царом менаваць. Потым паменшылі цану і паслы, і баяры, аднак гасудар загадаў паслам адмовіць, бо стаяла ўжо наша раць зімовая напагатове, у Літоўскую зямлю сабраная.
Наказаў гасудар так каралеўскім пасланцам сказаць: калі хочуць замірыцца, дык могуць тое і на дзесяць гадоў учыніць, абы воласць Полацкую і Лівонію нам адпісалі. I яшчэ сказаў Іван Васілевіч: «Не хоча мне кароль царскага імя даваць — вольнаму воля! He маю патрэбы ў тытуле, бо ўсім вядома, што род мой ад рымскага кесара Аўгуста, а дадзенага Богам чалавек не адбярэ». Паслы аб продках царовых спрачацца не сталі, але ні Полацка, ні Лівоніі пацвердзіць за намі не захацелі, а білі цару чалом, просячы прапускную грамату да Барысава, каб заставы ім ніякай крыўды не чынілі.
Думаю я, невялікая карысць дзяржаве нашай з таго, што гасудар сябе вышэйшым ад усіх іншых уладароў каранаваных уважае і манархаў не спадчынных, а на трон 55
абраных, абражае безразважна, паўтараючы, што ён цар паводле волі Божае, а не паводле шматмяцежнага хацення чалавечага. Няма разважання дзяржаўнага ў тым, што караля і вялікага князя Жыгімонта называе цар «паче худейша худейшнх рабов суіца», а каралеву ангельскую Лізавету — пошлаю маладзіцаю. Суседа ж нашага караля шведскага, якога бацька быў не каралеўскае крыві, a просты дваранін, Іван Васілевіч сабе роўным не лічыць і ў лістах, якія мне Божай воляю перапісваць давялося, роспытамі даймае: «А ты скажы, бацька твой — чый сын, і з якімі гасударамі быў у сваяцтве, і якога ты роду гасударскага?» I смяяўся з караля, што ён, як маскоўскія купцы ў Швецыю сала і воск прывезлі, сам, рукавіцы надзеўшы, тавар гэты глядзеў і важыў.
У той жа час як паслы Жыгімонтавы з царскаю граматаю ад’ехалі, сканаў ад старасці мітрапаліт Макарый, і абралі замест яго першасвятаром маскоўскім інака Чудава манастыра Афанасія, духоўніка царскага. Кажуць, што выслухаў ён ад Івана Васілевіча вітальнае слова і багаславіў яго, просячы ў Госпада ўладару нашаму жыццёвае сілы ды перамогі, пра дабрачыннасць жа ўзгадаць святы айцец не наважыўся.
А ваяводы царскія збіраліся ўжо ў Вязьме, і ў Дарагабужы, і ў Смаленску. I полацкаму намесніку князю і гаспадару майму Пятру Іванавічу Шуйскаму наказаў гасудар ісці да Воршы і, не даходзячы да яе пяць вёрстаў, у пэўны дзень у сяле на Барані з ваяводамі вяземскімі князямі Сярэбранымі-Абаленскімі сустрэцца і ісці ад Воршы да Менска і да Наваградка, варожую краіну палячы.
Тады акурат, як загадаў князь Пятро Іванавіч да выступу рыхтавацца, чытаў я ў Сафіі прамудрасці Божай старадаўнія граматы і напаткаў між іх слова пра бітву, што за пяцьдзесят летаў перад тым пад Воршаю на рацэ Крапіўне прычынілася. Дзяржава наша ў тыя леты таксама з Літвою ваявала, і мы з Божаю дапамогаю Смаленск узялі, і вялікі князь Васіль Іванавіч ужо загадаў ваяводам войска літоўскае ды польскае з каралём да Масквы, як быдла, пугамі прыгнаць. Вось там, пад Воршаю, нашыя ваяводы, 80 тысяч людзей маючы, з гетманам літоўскім Канстанцінам Астрожскім сышліся, у якога пад рукою 25 тысяч жаўнераў было, і той гетман нашае войска разбіў, ды так, што палова на полі палегла ды ў Дняпры і ў Крапіўне патанула, а ваяводы галоўныя Чаляднін і Булгакаў-Голіца, а з імі яшчэ восем ваяводаў, у 56
палон трапілі. Прачытаў я тое, бацюхна і матухна мае, і ад чорнага прадчування сэрца затрымцела.
Выступіўшы з Полацка з дваццаццю з лішнім тысячамі войска, ішоў князь Пятро Іванавіч Шуйскі ў сваёй сіле пэўны і ворага не сцярогся, так што варты наперадзе не было і браню на санях везлі. А вялікі гетман літоўскі, ваявода троцкі Мікалай Радзівіл у Лукомлі стаяў; узяў ён адборных коннікаў і каля ракі Вулы, паблізу ад вёскі Іванск, на нас знячэўку ўдарыў — ні браню нашы воіны надзець не паспелі, ні ў палкі стаць. Дзве гадзіны сеча доўжылася, а надвечар адвярнуўся ад нас Бог, і пабеглі мы, увесь абоз кінуўшы. Непрыяцель нас да глыбокае ночы ў поўным месяцавым ззянні гнаў, і ўся зямля мёртвымі целамі заваленая была крумкаччу на ўсцеху. Дзесяць тысяч вояў нашых над Вулаю ад куляў, шабляў і дзідаў літоўскіх палегла і столькі сама ў рацэ патанула. Налажыў галавою і князь Пятро Іванавіч Шуйскі, а з ім чатыры князі і тры ваяводы. Забіты быў і Восіп Быкаў, муж высачэнны, росту на чатыры з паловаю локці, які нашаю артылерыяй загадваў. Абмыліўшыся, літоўцы і некаторых жаўнераў князя Прапойскага пазабівалі, якія перад тым за колькі месяцаў на іхні бок перакінуліся, але ў маскоўскіх панцырах ваявалі. Вялікі палон Радзівіл там узяў, і з тым палонам дванаццаць ваяводаў і шмат дзяцей баярскіх, і абоз з трох тысяч вазоў з харчовым прыпасам, і з футрам, і з посудам срэбным, і з панцырамі ды іншым рыштункам вайсковым на дзве тысячы воінаў. Была тая бітва лета 7072* месяца студзеня на 26 дзень.
Князя ж Шуйскага ў рацэ знайшлі, а забіў яго сякераю, калі ён паранены ўцякаў, просты селянін, бо мужыкі з паблізных вёсак таксама пасля сечы нас гналі і білі. Завезлі князя ў Вільню і там у царкве Прачыстай Багародзіцы з пашанотаю пахавалі, а гетман Радзівіл на ягоным кані ў места Віленскае ўрачыста ўехаў.
Ледзьве я, бацькі мае любыя і брат малодшы Глеб, у той бітве жывот свой уратаваў, але пасечаны быў і, Полацка дапяўшы, ад зімы да самае Сёмухі адлежваўся, зёлкамі сілу жыццёвую ў сабе мацуючы, і кожны дзень думкамі да вас і да дому бацькоўскага ляцеў, дзе я ўроджаны і ўзгадаваны і дзе хачу, калі будзе на тое воля Божая, аддаць душу ў рукі Ягоныя. А месцічы полацкія
вельмі з перамогі Радзівілавай цешыліся і паміж сабою гаварылі, што добры ўрок даў гетман літоўскі, як маскавітаў біць, сыну Хрыстафору, яшчэ гадамі юнаму, які на Іванскім полі пры бацьку быў.
3 паўгода пасля паходу няўдалага мы з літоўцамі не ваявалі, пакуль улетку ваявода Юры Такмакоў з Невеля да Азярышча не пайшоў і перадавую дружыну непрыяцельскую не разбіў, а як падышло галоўнае войска літоўскае, адступіў і ўвесь свой палон перад гэтым усмерціў. I смаленскі ваявода Бутурлін з татарамі і з мардвою правы бераг Дняпра сплюндраваў і пяць тысяч палону вывеў.
А раней такое прычынілася, што несціханую трывогу нарадзіла ва ўсіх сэрцах, якія зямлю Маскоўскую яшчэ любіць не развучыліся. Перакінуўся да караля адзін з найслаўнейшых ваяводаў нашых, дбайца вялікі аб славе Айчыны князь Андрэй Міхайлавіч Курбскі. Вялікая-то страта дзяржаве нашай, але не магу я, бацюхна мой, князя Андрэя здраднікам-пераветнікам назваць. He было на славе ягонай ценю ніякага, ды знелюбіў яго цар за сяброўства з Адашавым. Быў князь ваяводаю ў Юр’еве і ўведаў там, што рыхтуе яму цар падступна згубу. Пасадзіў ён, кажуць, аднае начы жонку сваю любую насупроць сябе і пытаецца: хоча яна над мёртвым над ім галасіць ці з жывым да скону дзён развітацца? Жонка ж адказала: адно хоча ведаць — што ён хоць на краі свету, ды жывы. Тады багаславіў ён сына, а двое коней яго за брамаю ўжо чакалі.
Ад літоўцаў, што ласкава яго прынялі і шчодра надзялілі, напісаў ён, душу адкрыўшы, цару Івану Васілевічу, абяцаючы таму суд нябесны. У Маскве на Чырвоным ганку падаў слуга князеў ліст, пячаткаю запячатаны, самому гасудару, і той у лютасці вялікай князевага вернага чалавека вострым жазлом выцяў, ды слуга, крывёю сплываючы, пакуль ліст цару чыталі, стаяў і ні слова не вымавіў і потым, як мучылі яго і жалезам ірвалі, не сказаў нічога, адно гаспадара славіў. Пасля гэтага пачалі гасудару ўсе людзі знаныя таемнымі аднадумцамі князя Андрэя Міхайлавіча здавацца, і ўсё больш даносаў цар на радасць паклёпнікам вымагаў.
Казалі людзі, з Масквы ў Полацк да нас прыезджыя, што ставілі па ўказу цара і вялікага князя перад Крамлём плахі, і каты пры іх з сякерамі станавіліся, і сам цар Іван Васілевіч у чорным уборы на вараным кані выязджаў і глядзеў, як па рэспісу знакамітых мужоў
смерцю караюць. Найбольшую ж меў усцеху, з полацкім вайсковым палонам расправу чынячы, які па маскоўскіх сутарэннях сядзіць. Аднаго разу проста з бяседнае вячэры кінуўся цар з застоліцаю ў крамлёўскія лёхі вязняў полацкіх біць, і тады толькі здаволіліся, калі болей за сотню, як авечак, зарэзалі, а пасля зноў за хмельныя сталы вярнуліся. Нейкі шляхціч полацкі пад час той разні ў Івана Васілевіча дзіду выхапіў і ледзьве не працяў цара, ды Бог ягоную руку адвёў, каб новыя выпрабаванні дзяржавё нашай паслаць.
Ад вестак гэтых горкіх я над кнігамі ў Сафіі прамудрасці Божай ратаваўся і прызнаюся вам, бацькі мае ласкавыя ды брат Глеб, яшчэ адну суцеху меў. Звалася яна Еўдакія і красы была такой, што глянеш на яе і нібыта віна кубак выпіў: тварам — як кужаль белая, каса — як бярэзінка ўвосень, залатая, а вочы — быццам Дзвіна ў пагодны дзень, чыстыя і ці то зялёныя, ці то блакітныя, разабрацца няможна. I душу мела такую, што вам, матухна і бацюхна, добраю б нявесткаю быць магла. Праўда, роду была не шляхецкага, але ў Полацку паважанага, а бацька ейны Валодша збройнік быў слынны, той самы, што з нашае казкі пра Ямелю смяяўся. Няраз я ў доме ў іх бываў, і стральцам наказваў іхняе дворышча не чапаць, і праз князя Пятра Іванавіча Шуйскага, няхай супакоіць Госпад душу ягоную, два разы Еўдакію з бацькам яе ратаваў, калі полацкіх людзей майстравітых у Маскву на вечнае пасяленне выводзілі, і яшчэ раз Валодшу ад вернае смерці ўратаваў, калі пасля бітвы на рацэ на Вуле двое сыноў баярскіх намесніку чалом білі, што той Валодша-збройнік панцыры ім, як і яшчэ некаторым, зрабіў важкія, але ад дзідаў і ад іншае зброі ненадзейныя.