Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
За гэтыя гады я звыкла да жахаў вайны. Я бачыла целы без скуры, бо немцы часта здзіралі з забітых чалавечы тлушч, маючы яго за найлепшы сродак гаіць раны. Я бачыла закатаваных маскавітамі немцаў: звязаўшы палонніку рукі, стральцы ранілі яму жывот і ўсё цела так, што ўтвараўся суцэльны панцыр з ранаў. Мне даводзілася бачыць касцякі палонных, якіх маскоўскія ваяводы загадалі зварыць жыўцом у вялізных саганах. Пад Дзісною пан Каспар Бекеш паказаў мне жудлівую гроню павешаных на запаведным дубе маладзіц, на якіх царскія татары практыкаваліся страляць з арбалетаў, цаляючы ў грудзі і ў пупок.
Чалавек да ўсяго прывыкае, але ў тую хвіліну, каля шіытоў на дзвінскім беразе, нечая невідочная рука так перацяла мне горла, што я не адразу здолела выдыхнуць. Ад краю, поруч з маладзёнам, якога перад смерцю катавалі, бо ён не меў левага вуха, а правая яго рука выдавала на крывавую аладку, поруч з гэты*м маладзёнам, на вуснах якога застыгла ўсмешка нянавісці, ляжала прывязаная да таго самага плыта маладая жанчына.
Мусіць, то вялікі грэх, але я падумала, што яна, гэтая жанчына ці мо дзяўчына, бо шлюбнага пярсцёнка на руцэ ў яе не было, прыгажэйшая за мяне. На яе зусім жывым твары яшчэ не пагас румянак. Саскочыўшы з каня, я нахілілася і, намагаючыся не глядзець на маленькую ранку пад левай грудкай, зазірнула ў яе зялёныя расплюшчаныя вочы. Яны дзівілі глыбінёю і глядзелі ў неба ўважліва і спакойна.
У надзвычай светлых, быццам прыпудраных мукою, густых і даўгіх валасах, падобных да падводнае травы, якую ў нас называюць русалчынымі косамі, заблыталася серабрыстая рыбка. Рыбка была жывая, і мне заманулася вызваліць яе і выпусціць у ваду, аднак мая рука спынілася. Здалося, што гэта не проста рыбка, што ў серабрыстай бліскаўцы тояцца апошнія кроплі дзяўчынінага жыцця.
На Белагаловай, як і на іншых, не было адзення, і я падумала, што ў нас з ёю падобныя постаці, адно яна трошкі вузейшая ў клубах. I зноў мяне ўтнула адчуванне грахоўнасці параўнання. Я зняла сваю адамашкавую накідку; яе хапіла, каб прыкрыць Белагаловую ад налітых высокіх грудзей да костачак.
Якраз тады і пад’ехаў кароль з почтам. Віленскі ваявода Мікалай Радзівіл запытаўся, ці не мелі нябожчыкі
выпадкам пры сабе якіх-небудзь пісаных іхнімі забойцамі граматаў, а тады распарадзіўся пахаваць усіх, паклікаўшы ксяндза, бацюшку і кальвінскага святара, бо ў адных прыплылых былі на шыі крыжыкі праваслаўныя, у другіх — рымскія, а трэція, як Белагаловая, не мелі ніякіх. Ніхто не сумняваўся, што плыты — з Полацка, а пусцілі іх насустрач нашаму войску царскія ваяводы.
Нехта з жаўнераў-палачан пазнаў сярод забітых суседа, а нехта — роднага брата. У закатаванага брата былі адсечаныя на руках усе пальцы, і жывы брат прысягнуў на крыжы, што за кожны палец маскавіты заплоцяць галавой.
Але найстрашнейшая навіна прыйшла ў мой намёт назаўтра. Юста, якая прыслугоўвае мне ад пачатку паходу, расказала, што на берагавой строме пахавалі не ўсіх людзей з плытоў. Пакуль чакалі святароў, двое вугорцаўблізнятаў забралі Белагаловую і выправіліся ў лес. Увечары яны хваліліся, што нацешыліся лепей, чым з жывою, і пакінулі яе на начлег, прывязаўшы ад звяроў на бярэзіне, каб уранні наведацца туды зноў. Толькі раніцой аднаму з іх ужо нічога не жадалася, бо яго знайшлі каля вогнішча цэлага-цалюткага, без драпінкі, але нежывога. He зважаючы на гэта, ягоны брат-блізнюк усё адно вырушыў з сябрукамі ў лес, ды Белагаловай на дрэве яны не знайшлі. Затое сустрэлі на сцежцы сляды босых ног.
Другога вугорца Белагаловая забрала ўжо тут, у полацкім лагеры. Трэцім стаўся немец фон Бок. За што гэткі лёс напаткаў нямецкага рыцара? Юста кажа, што ў Дзісне ён хацеў узяць на гвалт жонку майстра-залатара. Той стаў на парозе са зброяю ў руках і склаў галаву пад двухручным рыцарскім мячом, апе памёр з гонарам, абараніўшы сваю жанчыну ад знявагі.
Мой гаспадар, мой трэці нявенчаны муж кароль і вялікі князь Стэфан, не верыць у Белагаловую, але ж хіба не сам апавядаў пра ўваскрэслых наўцоў, якіх у яго на радзіме, у Семіграддзі, гэтак шмат, што, бывае, у самога трансільванскага князя збіраецца на бале поўны чортаў тузін. Нездарма ж яго мосць паўсюль возіць з сабою вялікі вянок з часныку, што надзейней за любую малітву дапамагае ад пярэваратняў і вампіраў-крывасмокаў. Гэткі сама, толькі меншы вянок, вісіць і над маім ложкам.
He, я не баюся Белагаловай, але гэтымі днямі яна ўсё часцей завалодвае маімі думкамі.
Калі паміж маім і яе векам і ёсць розніца, дык усяго нейкі год ці два. Значыцца, малыя — каб ейныя бацькі таксама жылі ў Запалоцці — мы маглі разам гушкацца з заміраннем душы на той вярбіне, што каля бацькавага млына вымыкала над хуткай Палатой доўгую спружыністую галіну, або — сорам успомніць — маглі, прысеўшы на стромкім беразе, мерацца з хлопчыкамі, хто далей сікне ў рачную плынь.
Калі сталася вядома, што маскоўскі цар ідзе з незлічонай ардою на Полацк, я мела шэсць гадоў. Пасля Калядаў тата запрог коніка ў лёгкія сані, і прыцемкам гнеды ўжо хрумстаў авёс у татавага брата Ціхаміра. Дзядзька Ціхамір таксама трымаў млын, а жыў пры маёнтку пана Корсака за сорак вёрстаў ад Полацка, як ехаць старым Вітаўтавым шляхам на Вільню.
Дзядзька намаўляў тату, каб забіраў маю маму, Агату, і сам атайбоўваўся, пакуль мінецца ваеннае ліхалецце, у пана Корсака. Маўляў, як возьме маскоўскі цар Іван места Полацкае, літасці нікому чакаць не выпадае. Гэты цар і сваіх людзей без віны і суду карае, нават найзнатнейшых баяраў кліча халопамі і проста ў застоліцы сваімі ж рукамі, бывала, рэзаў да смерці.
Але тата не паслухаўся. Сказаў на братавы ўгаворы, што млын яго абароніць, бо мука трэба ўсім — і сваім, і чужаніцам. Ускудлаціў мне валасы, паабяцаў прыехаць на Вялікдзень і два разы з саней азірнуўся. Болей я ні таты, ні мамы не бачыла і, відаць, спаткаюся з імі ўжо ў чыстцьі ці на небе. Калі не засталіся яны ў сумётах на тых зімовых дарогах, якімі гналі полацкі палон у Масковію, то ўсё роўна наўрад вернуцца. Нешта ме чуваць, каб хтосьці з нашых адтуль вяртаўся. Адзін полацкі ваявода Станіслаў Давойна праз чатыры астрожныя гады выкупіўся за дзесяць тысяч чырвонцаў, жонка ж ягоная, Пятронія з Радзівілаў, так і загавела душой на маскоўскіх харчах у няволі.
Праз месяц, як тата пакінуў мяне, людзі з маёнтка пана Корсака ўбачылі аднойчы ўначы на небе ў тым баку, дзе Полацк, крывавую паланіцу. Толькі на трэцюю ноч неба пагасла, а раніцой змораны конь прывёз па Вітаўтавым шляху ўчарнелага з твару чалавека, што, ссунуўшыся з сядла, адразу заснуў на руках у слугаў. Спаў цэлы дзень і цэлую ноч, а прачнуўшыся, папрасіў есці і, выпіўшы мёду-трайняку, нарэшце загаварыў.
Цар Іван здабыў Полацк пасля двух тыдняў аблогі і, парушыўшы абяцанне, палоннымі абвясціў не адных вай-
сковых, а ўсіх палачанаў. Месцічаў рымскае веры стральцы пасеклі, юдэяў патапілі пад лёдам у Дзвіне і Валовай азярыне, а праваслаўных узяліся выводзіць у няволю.
У той дзень цётка Арына карміла мяне салодкімі наліснікамі і называла дачушкай, а я злавалася і казала, што няпраўда: маці маю завуць Агатаю, а бацьку — Цыпрыянам.
Мінуўся Вялікдзень, на Сёмуху патрусілі ў хаце падлогу пахкім аерам, а бацька па мяне ўсё не ехаў. Перад яблычным Спасам дзядзька Ціхамір сеў на свайго дэраша і вырушыў у той бок, адкуль узыходзіла сонца.
He знайшоў ён у Полацку ні нашага млына, ні маіх бацькоў і сказаў, што буду я цяпер за дачку ім з цёткай Арынаю, якім сваіх дзяцей Бог не даў.
Адтуль сплыло шаснаццаць гадоў, а я дагэтуль памятаю смак сваіх слёз і печаных яблыкаў, якія тады ела. Плакала, але ела, бо надта ж любіла такія яблыкі, асабліва калі цётка Арына палівала іх ліповым мёдам.
Дождж цурболіць за скураю намёта, не даючы сабе ні хвіліны спачыну.
За ўсе дні аблогі сонца так і не выбліснула. Лужыны стаяць нават у сенатарскіх намётах. Яго мосць кароль і вялікі князь кажа, што дождж трапляе жаўнерам у кроў і робіць яе радзейшаю.
Па лагеры паўзуць чуткі, быццам залевы насылаюць нанятыя царом маскоўскія чараўнікі. Пяцёра з іх ужо разлучыліся з жыццём. А можа, гэта былі гэткія самыя чараўнікі, як той, якога ўчора злавілі каля свайго абозу палякі? Юста чула, як ён бажыўся, нібыта ніякі не йарскі вядзьмак, а тутэйшы чалавек. I сапраўды, гаварыў чыста па-наску і да апошняй сваёй хвіліны чытаў пацеры. Яго мосць Мікалай Дарагастайскі, едучы паўз абоз, спрабаваў заступіцца за нешчасліўца, ды палякі не паслухаліся полацкага ваяводы-кальвіна*. Праўда, пастанавілі абысціся без катаванняў: сцягнулі адным вузлом рукі з нагамі і ўкінулі ў Палату, каб сам Пан Езус разабраўся, дзе гэтай душы месца: у пекле ці ў раі...
А на дварэ тым часам лінула як з цэбра, быццам сапраўды цвердзь нябесная раскалолася.
Зноў будуць захрасаць у глыбачэзнай гразі вазы з харчам і гінуць у балотах абозныя коні. Ніхто не памятае такіх коштаў на правіянт і фураж. Асьміну аўса прада-
* Кальвініста.
юць за дзесяць талераў, і яго хутка будуць купляць толькі для каралеўскіх коней. Вільня не можа прысылаць правіянту, бо замак Суша на Віленскім шляху яшчэ трымаюць маскоўцы. У руках у царскіх людзей застаецца і замак Сокал, адкуль вораг робіць вылазы на Дзісненскую дарогу. Сам кароль, апрача таго, што ядуць простыя жаўнеры, дазваляе сабе адно пару яек.
У лагеры пахне голадам. Кажуць, палякі паціху пачынаюць есці конскую падлу. Немцы-найміты, што звыклі ваяваць на ўрадлівых землях сярод багатых гарадоў, пакутуюць найболей і спрэс хварэюць на крываўку. Нашы, літвіны, трымаюцца стойка, але вытрываласцю ўсіх пераўзыходзяць вугорцы пана Каспара Бекеша. Ён днюе і начуе каля сваіх гарматаў, там есць, спіць і заўсёды ў такой небяспецы, што няраз бываў абпырсканы крывёю тых, хто гінуў побач.
Днямі ён прыязджаў да караля і прывёз мне барылку чырвонага вугорскага віна, якое добра піць у такое надвор’е гарачым, зварыўшы з цукрам, гваздзіком ды лаўровым лістам і абавязкова дадаўшы шчопаць цынамону. Твар у пана Каспара зжаўцеў, як стары пергамен. На пытанне караля пра здароўе ён сказаў, што ніколі не пачуваўся лепей і што ягоная пяхота рвецца на прыступ. Але маю душу сціснулі кіпці благога прадчування — не так праз пергаменавыя лоб і шчокі, як праз некалі бяздонныя вочы пана Каспара, дзе я раптам убачыла зусім блізкае дно, гэткае ж, як некалі ў маладога пана Багуслава, майго першага нявенчанага мужа.