• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    Юстына, Юста, клічу я і загадваю пахолцы згатаваць гарачага віна, каб выпіць за супакой душы майго Богуся, а таксама за душы цёткі Арыны і дзядзькі Ціхаміра, што пакінулі гэты свет яшчэ раней. Неба забрала іх, калі ў Полацкім ваяводстве лютавала занесеная маскоўцамі чума, што выкошвала цэлыя вёскі, і не хапала святароў, каб адпяваць нябожчыкаў.
    Стары пан Літавор Корсак загадаў пасля дзядзькавай смерці забраць мяне ў маёнтак. Ім з пані Мальгрэтаю было сумна ў гасподзе без дзяцей. Адзіны сын вучыўся ў Італіі і вярнуцца абяцаў толькі праз два гады.
    Вайна тымі часамі прыгасла. Маскавіты сядзелі ў Полацку ды па сваіх замках. Найбліжэйшы ад нас замак, Туроўля, стаяў за трыццаць вёрстаў, а гэтак далёка ў бок
    Вільні царскія ваяводы хадзіць пасля сечы на рацэ Вуле не наважваліся. Тады, праз год пасля страты Полацка, найвышэйшы гетман літоўскі Мікалай Радзівіл ушчэнт разбіў войска ваяводы Пятра Шуйскага. Дзесяць тысяч маскоўцаў палегла на берагах Вулы ад літвінскіх куляў і шабляў ды не меней, казаў пан Літавор, патанула.
    Жыццё ў маёнтку плыло спакойна, як вада ў Дзвіне. Я дапамагала пані Мальгрэце гаспадарыць. Увечары стары пан Корсак зазвычай ладзіўся пры каміне і прасіў пачытаць яму, каб уначы саснілася што цікавае. Я чытала «Баву-каралевіча», «Трышчана», а найчасцей — «Александрыю», кнігу пра македонскага цара, якому праглася зваяваць увесь свет.
    Асабліва любіў пан Корсак слухаць аб прыгодах цара Аляксандра ў Індыі. Тая далёкая Індыя чамусьці ўяўлялася яму надта падобнай да Італіі.' Відаць, пану Корсаку, які ніколі не ездзіў далей Вільні, прыемна было думаць, што сыну могуць выпасці гэткія ж дзівосныя авантуры, як і старажытнаму цару.
    Чытаць і пісаць я навучылася яшчэ ў дзядзькавым доме, адтуль прынесла з сабой і кнігу, што дала мне першую навуку. Кніга называлася «Юдзіф» і пачыналася са страшнай рыцыны*, якой я, малая, доўга баялася. На рыцыне ўдавіца Юдзіф у адной руцэ трымала меч, а ў другой — адцятую галаву акрутнага вавілонскага намесніка Алаферна. Там была таксама пахолка, трохі падобная да маёй Юсты, што падстаўляла пад вусцішную галаву мех. Разоў колькі той малюнак мне сніўся, палохаючы яшчэ болей. У сне рыцына ажывала: Юдзіф з пахолкаю выходзілі з яе, не раўнуючы як з карэты, а вусатая галава забітага вавілонца шалёна круціла налітымі крывёю вачыма і брыдка лаялася памаскоўску.
    Пэўна, дзядзькава кніга каштавала немалыя грошы, бо пан Літавор забраў яе ў свой паляўнічы пакой, дзе на сценах былі паразвешаныя ласіныя ды турыныя рогі, а ў дубовай шафцы леваруч дзвярэй заўсёды стаяў поўны штораніцы і пусты надвечар штоф з вішнёўкаю.
    Неяк стары Корсак, вярнуўшыся з Вільні, прывёз вучонага габрая Гіршу, чалавека з сівымі пейсамі і маладымі вачыма. Гірша ўзяўся навучаць мяне нямецкай мове і лаціне. На той час мяне ўжо перахрысцілі ў рым-
    Гравюры.
    скуто веру і з Домны я ператварылася ў Дамініку. Гірша і пачаў свае ўрокі лаціны з таго, што патлумачыў маё імя: Дамініка — значыць нядзеля. Пан Багуслаў пазней і зваць мяне так будзе — спадарыня Нядзелька.
    Мне споўнілася чатырнаццаць гадоў, і мае дабрадзеі Корсакі вырабілі паперы, што прымаюць мяне ў сям’ю на правах дачкі. Пані Мальгрэта пачала клапаціцца пра мае ўборы і сказала, што зробіць з мяне сапраўдную шляхцянку, якую не сорам будзе паказаць самому каралю і вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту.
    Юста нясе кубак гарачага духмянага віна. Налі сабе, Юста! Выні за свайго Рыгора, што служыць у ваяводы Дарагастайскага.
    У наіпых гаворках Юста, трымаючыся старога літвінскага звычаю, аніколі не называе нарачонага на імя. Калі мужчына на вайне, лепей пакінуць ягонае імя адно ў думках, бо іначай воін пачуе яго ў небяспечную хвілю, азірнецца, забыўшыся на асцярогу, і спаткаецца са смерцю.
    Ну, Юста, каб куля мінала і шабля не брала!
    Віно грэе і трошкі кружыць голаў. Калі адкінуцца на падушкі і прымружыць вочы, зусім лёгка вярнуцца ў той дзень, як мы з панам Багуславам спаткаліся каля Вітаўтавых талерак. Так зваўся валун паблізу маёнтка. Там, на беразе возера, калісьці спыняўся палуднаваць гаспадар Вітаўт Кейстутавіч з войскам. Стуль нібыта і засталіся ў камені глыбокія ямкі-талеркі.
    Я любіла гуляць пры Вітаўтавых талерках — і малая, і калі падрасла. Там хораша было плесці вянкі з красак, або ўяўляць высокага дужага князя Вітаўта ў рыцарскім панцыры, або проста, схаваўшыся ад усяго свету, мроіць пра нешта такое, чаму ў чалавечай мове яшчэ няма наймення. Цёплыя дажджы напаўнялі каменныя талеркі вадой, і туды можна было пускаць апалонікаў і плямістых жабак. Або можна было проста глядзецца, як у люстэрка, хоць у тую пару такога люстэрка мне ўжо не хапала.
    За вясну і лета я дзівосна перамянілася. Грудкі, што зусім нядаўна нагадвалі няспелыя грушкі, нібы прачнуліся: выраслі, яблычна акругліліся і, як у Юдзіфі з маёй кніжкі, прасіліся са шнуроўкі на волю. Клубам было цесна ў старых сукенках і андараках. Мая скура зрабілася ядвабнаю, а постаць як быццам да краёў налілася сокам.
    Уранні і ўвечары я зачынялася ў спачывальні на зашчапку і з усцешлівым недаверам разглядвала сваё новае
    цела ў срэбным люстэрку. Я любіла лашчыць яго рукамі, асцярожліва дакранаючыся да смочак і да пупка, у якім затаілася радзімка. Аднойчы рука слізганула ніжэй, туды, дзе пасля зімы з’явіўся густы светлы пушок, і яшчэ ніжэй, дзе было горача і вільготна і дзе звіло гняздо салодкае чаканне.
    Молячыся перад тым, як легчы ў ложак, я прасіла ў Дзевы Марыі спакойных і чыстых сноў, але і сны да мяне прыходзілі новыя, і ад іх я почасту прачыналася сярод ночы і ўжо не магла заснуць, пакуль пальцы самі сабой не апыналіся ў трапяткім міжножжы...
    Такою я была ў тое лета, калі адышоў у лепшы свет пан Літавор Корсак і з Італіі вярнуўся малады пан Багуслаў.
    Тады таксама канчаўся жнівень, але цёплы, з зарніцамі і зарападамі. У той дзень недзе ў пушчы за дальнім азёрным берагам спела, грукочучы невідочнымі жорнамі, навальніца. Яе начная папярэдніца да краёў наліла Вітаўтавы талеркі, і я раз-пораз пырскала з іх сабе ў твар, каб змыць хваляванне, што не пакідала мяне ад самае раніцы.
    Калі я адыходзіла з дому, пан Багуслаў, скрыжаваўшы, паводле завядзёнкі, рукі на грудзях, глядзеў мне ўслед з адчыненага вакна. Ягоны позірк не адпускаў і цягнуўся па-над утравелаю сцежкай, нібы нітка з клубка ў маім кошыку. Я ведала, што па гэтай невідочнай нітцы ён пойдзе шукаць мяне і неадменна знойдзе.
    Прыхінуўшыся да нагрэтага сонцам валуна, я, здаецца, на хвіліну задрамала, а калі прахапілася, ён ужо стаяў насупроць у высокай траве сярод рамонкаў. Ён вельмі нагадваў князя Вітаўта з маіх мрояў, толькі заміж рыцарскага панцыра на ім была белая, як лебядзінае пяро ў яго на стале, расшпіленая на грудзях кашуля і нетутэйшыя шчыгульныя нагавіцы з зялёнага фаляндышу. Каб не разарвацца, маё сэрца падзялілася на безліч маленькіх сэрцаў, якія калаціліся ў розных кутках мае істоты, што была перапоўненая і сілаю і знямогай.
    Пан Багуслаў апусціўся побач на траву, узяў мяне за руку і сказаў заплюшчыць вочы. Далей усё адбывалася так, быццам перад маім высокім люстэркам, Толькі мяне распраналі і лашчылі ўжо не мае, а мужчынскія рукі. Яны аднекуль ведалі, што смочкам даспадобы, калі іх трошачкі сціснуць. Яны хутка знайшлі схаваную ў пупку радзімку. Яны казыталі пушок унізе жывата і прабіраліся далей. А потым мяне пакінула разуменне таго, што ад-
    бываецца, бо цела трапіла ва ўладу ўжо не рук, а ягоных вуснаў, якія паўтаралі ўвесь шлях, пройдзены рукамі...
    У той дзень я стала пану Багуславу нявенчанай жонкаю.
    Дадому мы вярнуліся разам. Трапіўшы пад навальнічную залеву, прамоклі да апошняй ніткі, і гэта дапамагло мне збольшага адолець сорам, хоць на вячэры я баялася сустрэцца вачыма і з панам Багуславам, і з пані Мальгрэтаю, якая, мне здавалася, усё чыста разумела, ды так яно, пэўна, і было.
    Уначы навальніца вярнулася, і, калі першыя кроплі залапаталі па лісці старой яблыні-пепінкі пад маім вакном, дзверы ў спачывальню адчыніліся. Пан Багуслаў прысеў на ложак, запытаўся, чаму я не зашчапіла дзверы, і ціха засмяяўся.
    У далёкіх краях разам з сямю вызваленымі навукамі ён спасцігаў і навуку любоўную. Ужо ў нашу першую ноч не розумам, але сваёй жаночай існасцю я зразумела, што такі мужчына — як дарагі падарунак Фартуны.
    Пан Багуслаў расказваў мне пра італійскаг' ’астака Рафаэля. Той кахаў жанчыну, якую ўсе звалі Фарнарына, што значыць булачніца, хоць яна мела і прыгожае сапраўднае імя — Маргарыта. Яна нарадзілася ў простай сям’і, аднак мастак, роўнага якому знайсці амаль немагчыма, маляваў з Фарнарыны мадоннаў. Калі яе не было побач, Рафаэль не мог закончыць ні карціны, ні фрэскі. Але Фарнарына не ведала, што такое стома ў любоўных уцехах, і слабы на здароўе мастак увачавідкі таяў і сканаў, не дажыўшы да сарака гадоў.
    Маладому пану Корсаку гэткая смерць не пагражала. Я не Фарнарына, аднак я таксама любіла гэтую асалоду, у якой растаеш, быццам кінутая ў студню драбінка солі.
    Яму падабаліся мае грудзі, і ён зваў іх то вінаграднымі гронкамі, то танкаруннымі козачкамі, то келіхамі з амброзіяй. Ён кожны раз доўга цалаваў іх — і проста так, і змазаўшы смочкі верасовым мёдам, якім аднаго разу напоўніў мне найпатаемнейшае месца, каб выпіць яго і давесці мяне да салодкага нябыту толькі вуснамі і языком.
    Удзень ложам для нас служыла трава каля азёрнай затокі са сціжмаю сініх, смараідавых і бурштынавых стрыбавак. Неяк ён зрабіў з белых лілеяў каралі і надзеў іх мне на шыю. «Ты русалка, а русалак трэба любіць вось так». Сказаў і, ласкава павярнуўшы да сябе спінаю, рас-
    сунуў мне крумянкі. Я думала, ён памыляецца, а ён хацеў менавіта гэтага...
    А ноч зноў зводзіла нашы целы і душы — то ў маёй спачывальні, то ў ягонай, дзе драўляныя львы трымалі ў лапах старое люстра з вясёлкавымі разводамі. Пан Багуслаў падводзіў мяне да львоў і запальваў кандэлябру. «Ва ўсёй Італіі не знойдзеш карціны прыгажэйшай...»
    Там, перад люстрам, ён зазвычай і пачынаў любіць мяне. Гэта было дзівосна: бачыць яго маладую постаць і набрынялаю жаданнем плоць, назіраць і адчуваць, як ён уваходзіць у мяне, бачыць на сваіх клубах або на грудзях ягоныя прыгожыя ўмелыя рукі... Ён любіў, калі я цалавала яго мужчынскае месца і высмоктвала з яго белую кроў, якую ён называў элексірам маладосці.