• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    Цяпер скажу вам пра места Полацкае і пра людзей, сярод якіх мне Госпадам Богам ужо трэцяе лета жыць наканавана і якія хоць і не ганаруюць мяне, але ўсё ж не за звера ўважаюць і гаварыць са мною не баяцца.
    Векам сваім і славаю места гэтае раўня Кіеву і Ноўгараду, і Сафія прамудрасці Божай у тыя самыя часы, што і кіеўская, туг над Дзвіною пастаўленая. Здавён Полацк, як пра тое летапісы кажуць, чужой улады не прымаў і то з Ноўгарадам, то з Кіевам ваяваў. Пяць таму стагоддзяў вялікі князь полацкі Усяслаў Чарадзей з наўгародскае Сафіі званы зняў, а потым у Кіеве ў порубе сядзеў, ды з той вязніцы земляной выйшаў і на кіеўскі пасад сеў. Пісана ў старых граматах і пра тое, што з Яраславам Мудрым і з Уладзімі-
    рам Манамахам полацкія князі ваявалі і вольнасць адстаялі. Пад татарынам зямля гэтая ніколі не была, а да Літвы сама адышла, вялікія прывілеі сабе пакінуўшы.
    Завецца ж гэтая дзяржава, нам варожая, Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, а людзі тутэйшыя, што і ў Полацку, і ў Менску, і ў Вільні, скрозь да самае Самагіціі жывуць, называюцца па дзяржаве сваёй літоўцамі, гавораць жа на мове, што да нашае падобная, хоць, бывае, і нялёгка яе разабраць. Вось, да прыкладу, нашае слова «блага» ў іх зусім супраціўнае значыць. Памятаю, калі мы места забралі, пачалі да цара на цалаванне людзей вайсковых прыводзіць, і загадаў Іван Васілевіч непакорлівых на месцы жыцця пазбаўляць; аднаму рыцару літоўскаму вантробы выпусцілі, а ён, ля ног царовых канаючы і вантробы свае назад у чэрава запіхнуць намагаючыся, усё крычаў: «Ой блага мне, Божа, ой блага», а мы дзівіліся, думаючы, чаму ён так перад смерцю крычыць, няўжо сады райскія ўбачыў?
    А яшчэ, што нам нязвычна, гады яны ад нараджэння Божага лічаць, як і ў Нямеччыне, і ў Чэхах, і ў Францыі, і ва ўсіх іншых краінах, а не ад стварэння свету, як мы, і з нас пасміхаюцца і наракаюць, што мы імя Хрыстовага не шануем.
    Да вайны мела места гэтае шэсць пасадаў, з якіх адзін на выспе пасярод Дзвіны. Дворышчаў мяшчанскіх было ў пасадах паўтары тысячы, але болей тысячы ў аблогу выгарала. Замак жа полацкі галоўны на высокай гары самароднай паміж Дзвіной і Палатою стаіць, з хваёвага дрэва рублены і дзевяць вежаў перад аблогаю меў.
    Ёсць у месце манастыроў паўтара дзесятка і шмат храмаў мураваных. I дзіўна нашаму чалавеку чуць, што маліліся туг праваслаўныя мірна побач з лацінцамі. Няможна такое ў нашай Айчыне, у Масковіі, і ў сне прысніць, каб побач з нашымі лацінскія цэрквы стаялі і дамы, дзе габраі свайму Богу моляцца; а вядома мне, што ёсць у гэтай зямлі яшчэ і мірныя татары-магаметане, што свайму Алаху паклоны кладуць, і ўсе між сабою неяк ужываюцца. Па радзе айца свайго і багамольца Макарыя, мітрапаліта ўсяе Русі і багамолыдаў ягоных архіепіскапаў і епіскалаў і ўсяго сабора ўчыніў гасудар Іван Васілевіч у Полацку ў Сафіі прамудрасці Божай архіепіскапію, каб былі людзі полацкія маскоўскаму мітрапаліту падлеглыя, і пастаўлены быў на яе архіепіскап Трыфан, аднак месцічы царскага ўладыку не любяць і ў храм, дзе ён служыць, не ходзяць.
    Дзіўлюся я і з таго, што не забыліся людзі полацкія на купаллі ды русаллі і вясну гукаюць ды іншыя старадаўнія святы памятаюць, якія ў нас у Масковіі і ўспамінаць баяцца, бо можаш за чарадзейства на дыбе павіснуць ды ў роспытнай хаце чырвонае жалеза сваім белым целам пачаставаць.
    Вераць таксама полацкія месцічы ў розныя прыкметы і шмат тайніц ведаюць. Некалі вы, матухна, з нянькаю маёй Мікітаўнай, няхай будзе ёй зямля пухам, усё ўвечары пра ведзьмаў ды ведзьмакоў баялі, як і дзе іх распазнаць можна, а я пасля тых размоў засынаць баяўся. Дык тутэйшыя людзі кажуць, што, калі сабраць з дзесяці цэркваў святую ваду і зварыць на ёй жур, неадменна ўсе ведзьмакі прасіць таго журу прыбягуць. I так яшчэ ведзьмака распазнаць можна: схаваць кавалачак сыру, што ядуць на загавінах перад вялікім постам, і насіць той сыр увесь час у мяшэчку пад пахаю. А на ютрані велікоднае, калі святар абвяшчаць будзе: «Хрыстос уваскрос!», трэба ўслед за ім прамовіць: «А ў мяне сыр ёсць», і тады ўсе ведзьмы і ведзьмакі сыру прасіць будуць.
    Некаторыя людзі тут кажуць, што разумеюць мову звярыную і птушыную і кожны яе спасцігнуць можа, калі адмысловае стравы з вужовага мяса пад’есць. А як у каго дом загарэўся, дык у суседзяў, каб туды полымя не перакінулася, голая дзеўка ці маладзіца з поўным гарлачом малака вакол свайго дворышча аббягае і той гарлач у агонь кідае. Бачыў я колькі пажараў на свае вочы і сведчу: сродак гэты надзейны, нават калі заместа малака вады наліць, так што, калі ў вас там, крый божа, загарыцца нешта, няхай Палушка ці Варварка, не баючыся сораму, тое ўчыняць.
    Вераць туг і ў вадзяніка. Жыве ён у рацэ Палаце па вірах і крадзе людзей: мужчыны самі вадзянікамі робяцца, а жанчыны — русалкамі. Але гэты нячысцік не заўсёды ў вадзе сядзіць, бо яго Бог ганяе. Пасля Вадохрышча мусіць ён з вады ў лазу пераходзіць, адтуль у травы прыбярэжныя, а пасля Спаса дазволена яму бывае зноў у раку нырцануць.
    Пра чорта кажуць, што лёгка яго ўбачыць, калі не баішся,— трэба адно ў віхуру плюнуць тры разы і прамовіць: «Чорт, чорт, пакажы хвост», бо калі па зямлі віхура ідзе — гэта чортава вяселле коціцца. У навальніцу чэрці нібыта ў крыжах на цэрквах хаваюцца, каб туды пярун біў, але я ў гэта не веру, бо нячысцікі крыжа больш за ўсё на свеце баяцца.
    Асабліва ж вераць тут у ваўкалакаў-пярэваратняў. Гаварыў я, крыж на сябе паклаўшы, з адным чалавекам, які быццам бы сам пяць летаў ваўком быў. Павадзіўся неяк з суседкаю, а тая яму сваімі чарамі і адпомсціла. Павёз з кумам у Дзісну тавар бандарскі прадаваць, распрэглі ў дарозе коней і пусцілі пасвіцца. I так таму чалавеку млосна зрабілася, і нудзіла яго і круціла, і прымроілася яму, што адзіны паратунак ад наслання — праз хамут пралезці. А як пралез — ваўком зрабіўся і ў лес пабег. Тры зімы і леты адзінцом бегаў, а на чацвёртае лета прынялі яго ваўкі ў гайню. Колькі ваўкалаку чараўнік начаруе, столькі ён у звярыным абліччы і хадзіць мусіць. Так той гаротнік з ваўкамі і жыў, пакуль яго аднаго разу, як цягнуў з чарады авечку, пастух дванаццаць разоў пугаю не перахрысціў, а пасля гэтага ваўчыная шкура адразу і злезла. Цяжка яму ў лесе жылося, ды яшчэ забыць баяўся, што не звер ён, a чалавек, а таму кожнае раніцы мыўся, пысаю па роснай траве водзячы, і ўвесну лапамі зямлю разграбаў, бо такой парою людзі аруць і сеюць. I казаў мне той ваўкалака былы, што як ні жудліва сярод ваўкоў жыць, a цяпер, калі цар наш Іван Васілевіч Полацк пад сваю ўладу забраў, ён, чалавек гэты, каб прымеў, зноўку ў лес вярнуўся б.
    Месцічы полацкія ў розных рамёствах умелыя і абазнаныя, працаваць любяць, а пра лайдака ды чалавека няўмелага кажуць — перапрашаю, матухна,— што ў яго рукі ў срацы, і такіх яны за апошніх людзей маюць. I смяяўся адзін збройнік мне знаёмы, пра якога пасля скажу, з казкі нашай маскоўскай пра Ямелю, і дзівіўся, што мы гэтага Ямелю, які на печцы рукі склаўшы сядзіць, не ганім, а нібыта і любім. Працуюць жа майстры полацкія цяпер мала што не задарма на цара і вялікага князя Івана Васілевіча, а шмат якіх людзей рамесных у Маскву жывасілам павялі.
    Народ гэты чысціню шануе, і вясёлы, і незлапомны, і гасцінны. Калі да каго госці прыйдуць, гаспадар кажа: «Госць у хаце, Бог у хаце» і ўсё лепшае на стол ставіць. Але занепадаюць іхнія звычаі адвечныя пад нашаю ўладаю, бо стральцы завядзёнку завялі, у чужыя дамы, як у свае, заходзіць, і не толькі маетнасць чужую за сваю маюць, але і жонак чужых таксама. Дзіва што нас людзі полацкія, хоць і адной з намі веры, не ганаруюць і ўсё ўспамінаюць, як гасудар кроў ліў і габраяў у Дзвіне пад-
    лёдным хрышчэннем хрысціў, бо яны з габраямі зжыліся і не варагавалі.
    Было ў месце Полацкім багата людзей у мовах замежных, і ў навуках багаслоўскіх, і граматычных, і рытарычных, і іншых абазнаных, і іх гасудар наказаў у Маскву адпраўляць, але і цяпер тут па манастырах такіх людзей даволі.
    Паказваў мне адзін манах любамудры тое месца, дзе да вялікага пажару абложнага дом стаяў, у якім вучоны доктар Скарына на свет прыйшоў, які нашымі літарамі кнігі не перапісваць, а на варштатах ціснуць пачаў. Адціснуў ён Біблію і гнеў на сябе царкоўных валадароў наклікаў, бо ператлумачыў Святое Пісьмо на мову, простым людзям зразумелую, да таго ж кнігі свае ерэтычнымі малюнкамі аздобіў, дзе на адным сам Госпад Бог без німба, а на другім уласнае сваё аблічча іэты Скарына ў святой кнізе паказаць не збаяўся. Чуў я, што прывозіў ён кнігі свае да нас у Масковію яшчэ за бацькам нашага гасудара, за вялікім князем Васілём Іванавічам, і загадаў вялікі князь тыя кнігі, як спакусу д’яблаву, спаліць.
    Адну з кніг таго вучонага доктара бачыў я ў Сафіі прамудрасці Божай, і шмат іншых кніг там, у саборы Сафійскім, ёсць, бо ад самога князя Усяслава Чарадзея манахі там летапісы пісалі і кнігі старадаўнія збіралі. Ёсць у ёй кнігі вучоных грэцкае царквы, спаміж якіх «Небесная і царкоўная гіерархія» Дзяніса Арэапагіта, што вучнем у апостала Паўла быў, і кнігі святога Мяфодзія, апостала славянскага, ды брата ягонага, святога Кірылы. Усе яны на славянскай мове і не толькі рукою пісаныя, але і на друкарскіх варштатах ціснутыя. У княстве Літоўскім ужо летаў з паўсотні, а ў іншых краінах, з ім сумежных, і больш за сотню летаў, як друкарні ёсць. У нас жа ў Масковіі толькі нядаўна варштаты друкарскія завяліся, і летась, чуў я, Пятро Цімафееў, родам мсціславец, з гэтае зямлі літоўскае, ды разам з ім дыякан царквы святога Міколы Гастунскага Іван Федаровіч, таксама на зямлі літоўскай уроджаны, кнігу з дзеямі і пасланнямі святых апосталаў ціснулі. Пішу гата найбольш дзеля цябе, брат мой малодшы Глеб, таму што хачу, каб быў ты чалавекам кніжным, а не да ратных справаў смертазабойчых гарнуўся.
    Шмат дзён я ў Сафіі прамудрасці Божай сярод старых кніг сядзеў, бо прыйшоў ад цара Івана Васілевіча таемны загад летапісы полацкія ды граматы перагледзець
    і спіс скласці, каб потым іх у Маскву везці, а каторыя і агню аддаць. Уважае гасудар, што не трэба памятаць палачанам, як некалі сваю дзяржаву мелі, і як князі полацкія з візантыйскімі кесарамі радніліся, і як сам Полацк з вялікімі вольнасцямі да Літвы адышоў. А чаму так гасудар уважае, зразумець няцяжка, бо людзі, якія даўніны свае не ведаюць, усё жыццё дзяцьмі застаюцца, і падмануць іх гэтаксама лёгка, як дзіця неразумнае.