• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    На наступнае лета вытрымаў я экзамен, і ахрышчаны быў у бакаляры, і надзеў шапку бакалярскую кантовую і карзно з чырвонаю на рукавах аблямоўкаю, але не было радасці ў сэрцы маім, бо таго ж лета схапілі слугі папскія дабрачынца майго Гераніма і паставілі ў вежы на калоду і ногі прыкавалі цяжкімі кайданамі да калоды, а рукі да жалезных кольцаў у столі. Вісеў ён шмат дзён, і рукі і ногі ягоныя былі ў язвах гнойных, і пахіснулася вера ягоная, і выракся ён публічна вучэння настаўніка свайго Гуса, але Збавіцель у сваёй міласэрнасці даў яму сілы, і адмовіўся ён ад адрачэння, прыняўшы смерць у агні на тым самым месцы, дзе і нявінны Гус. Вялікая журба была тады ў Чэхах і ў іншых краінах, і ведаю я, што многія людзі ў месце Віцебскім, і ў Полацку, і ў Вільні таксама журбу чулі ў сэрцах сваіх, бо ведалі, што стаяў магістр Геранім калісьці перад людам віцебскім на каленях і вялікую ласку меў да народа нашага.
    Няхай жа будзе вам вядома, што ў смутныя тыя часы прызваў мяне магістр Амбраж і абвясціў, што наблізіўся ён да таямніцы філасофскага каменя, званага яшчэ вялікі магістэрый, але век ягоны і сілы вымагаюць, каб узяў ён вучня, бо іначай пайсці можа праца рук ягоных тунна. I загарэлася сэрца маё, як сухая былінка, бо даўно ўжо перачытваў я пакрыёма кнігу вялікага чарнадзея Зосімы, і ведаў многія формулы, і спасцігаў таямніцы магніту і бурштыну. I ўвёў мяне магістр Амбраж у сутарэнне пад домам сваім, дзе быў куб перагонны, і горан, і ўсё, што трэба на доследы. Удвух пайшлі мы да цёмнага і невядомага праз яшчэ больш цёмнае і невядомае і датыкаліся ў доследах сваіх да чорных сіл хаосу і ў апантанасці сваёй прыраўноўвалі Хрыста да вялікага магістэрыя і вялікі магістэрый да Сына Божага і, аддаўшыся роспачы, няраз здзіралі да крыві рукі аб каменныя сцены прыстанку нашага.
    Два леты жылі мы, чужаючыся людзей, а на трэцяе лета замуравалі сябе, і ежу з вадою падавалі нам цераз атвор, і не ведалі мы, што чыніцца ў месце Пражскім і
    на ўсёй Чэшскай зямлі. Але ў адзін з дзён быў пасланы нам знак, і ўбачылі мы на сцяне крывавую пляму, і, калі пахолак прынёс нам хлеб, парушыў я прысягу сваю і насуперак волі настаўнікавай загаварыў з пахолкам. I ўведалі мы, што Рым абвясціў чэхаў ерэтыкамі, і падняліся яны з імем Гуса супроць папы і няправедных уладаў, і бяруць места за местам. I сказаў магістр Амбраж на гэта, што няма нічога вышэй як ісціна, а ісціна ёсць вялікі магістэрый, усё ж астатняе — марнасць марнасцяў, і розум мой гатовы быў пагадзіцца з ягонымі словамі, ды не згадзілася сэрца маё. Тады ўзвысіў настаўнік голас і вінаваціў мяне ў адступе ад прысягі, і аблілося сэрца маё горыччу, але пакінуў я настаўніка, бо чуў у душы голас Геранімаў, што клікаў адназемцаў маіх узняць у ліхую гадзіну мячы свае разам з братамі-чэхамі. Было гэта ў лета, калі забраў Гасподзь душу старога караля Вацлава і не прызналі чэхі спадкаемца ягонага рудога Зыгмунда-імператара.
    Тады ў месце Пражскім крышылі храмы і нішчылі абразы і стоды царкоўныя, а таксама выколвалі ім вочы і адсякалі насы, кажучы пры гэтым: калі ты бог або святы, адбараніся сам, і мы ўверуем у цябе. Тады ж сабраліся чэхі на гару, званую Табар, і збудавалі места новае, і не было дагэтуль такіх ні ў якой зямлі, бо багаты ў месце гэтым дзяліў ежу сваю з бедным, а хто прыходзіў туды з грашыма, апускаў іх у бочку, што стаяла дзеля гэтага на плошчы. He было там таксама крадзяжоў, і не бавіў ніхто часу ў гультайстве, і ва ўсіх, як у апосталаў, было адно сэрца і адна воля, бо кожны дбаў найперш аб выратаванні душы сваёй. I вучылі там чытаць і пісаць па чэшскай Бібліі, і не трымаліся пастоў, і не верылі ў чысцец. He пілі ж у месце Табары нічога, апрача вады, як гаспадар наш Вітаўт, і было гэта мне даспадобы, бо няма нічога агіднейшага за чалавека, што ад віна губляе розум свой, але няхай даруе мне Усявышні, усё ж праглася мне зрэдку прамачыць нутро сваё добрым кухлем чорнага чэшскага піва. I слухаў я там святара, які вучыў, што прыйдзе хутка царства справядлівасці і не будзе на зямлі караля і валадароў, не будзе паншчыны і падаткаў, і людзі будуць жыць, як браты і сёстры. Два месяцы жыў я ў тым месце і бачыў, што думкі жыхароў ягоных і справы іхнія дагодныя Збавіцелю, бо ўсе людзі народжаныя роўнымі між сабою, і почасту сніў я места сваё роднае Віцебскае, нібы места
    Табар, і цешылі гэтыя сны душу маю; маліўся ж я паводле гусіцкага абраду.
    Кароль Зыгмунд у тую пару прывёў войска незлічонае, і нечуваныя здзекі чыніла яно над гусітамі. Каля Кугнай Гары кідалі іх у капальні, і за кароткі час кінулі туды шаснаццаць сотняў мужчын і жанчын, так што нават каты валіліся на зямлю ад стомы. Секлі рыцары дзецям і немаўлятам рукі і ногі, а мацярок іхніх гналі перад сабою і падвешвалі за персі, мёртвых жа мужчын клалі на жанчын, кажучы: злучайцеся і размнажайцеся. Паганцы ніколі не здзекаваліся так з целаў хрысціянскіх, як яны, і не прамінула неба паслаць ім кару за страшныя грахі іхнія, і разбілі гусіты войска рудога Зыгмунда на Віткавай гары, і тады ўзяў я ўпершыню зброю ў рукі свае.
    I выправілі гусіты пасольства вялікае да гаспадара нашага Вітаўта, аддаючы яму карону чэшскую і чакаючы падмогі ад братоў сваіх па крыві. Богу ж было дагодна, каб у пасольстве гэтым ехаў і я, і радасць вялікая жыла ў сэрцы маім, бо меў я надзею пабачыць бацьку і места Віцебскае і прынесці адназемцам слова праўды...*
    ...Вітаўт не сам, а паслаў сыноўца свайго князя Жыкгімонта Карыбутавіча з рушэннем, і прыйшлі мы ў месяцы траўні ў Прагу, і прызналі чэхі князя Жыкгімонта валадаром; было гэта ў лета 1422. Беларусінаў прыйшло ў тым войску лікам да пяці тысяч, і ўсе біліся мужна, і многія заручыліся там з зямлёю. He магу я сказаць пра кожнага, а таму скажу тут пра тых, хто пайшоў са мною з места Віцебскага, каб дзеці і ўнукі іхнія паміналі свайчакоў добрым словам у размовах і думках сваіх.
    Быў з намі Якуб-мечнік, а прозвішчам Жаробка, бо еў, як пяць добрых кметаў, і сам князь падзівіцца прыходзіў на Якуба ў паходзе нашым. Але і ў сечы выславіўся Жаробка не горай, чым ля катлоў кухарскіх, і забраў яго Жыкгімонт, сабе на шчасце, у ахову сваю княжую. Часта прыгадваю я Якуба-мечніка, бо дзіўнаю была смерць ягоная. Адмовіўся ён перад днём сваім вячэраць, а калі прыступіліся да яго з роспытамі, бо большае гэта было дзіва, чым калі б Барысавы камяні па Дзвіне паплылі, прызнаўся Жаробка, што ўзяла яго за сэрца туга невыказная і хоча ён песню ўзгадаць, якую
    * Тут у рукапісе няма дзвюх старонак.
    маці яму на сон спявала, калі малы быў, і як узгадае ён песню тую, так і туга адкаснецца, і есці ён зноў захоча. Многія тады ад слоў Якубавых бакі сабе рвалі і кпінкі з яго строілі. Назаўтра ж ішло войска па чэшскім мястэчку, князь Жыкгімонт з аховаю наперадзе ехаў, і як выкіравалі на плошчу, гакнула з касцёла рушніца варожая. Якуб князя захінуць ірвануўся, проста паміж вачэй куля яму і ўвайшла, там, дзе бровы на пераноссі зрасліся. А са званіцы касцельнае арганістага сцягнулі, прызнаўся на прэнгу, што далі яму ксяндзы кулю срэбную асвячоную з пісьмёнамі і намовілі пагубіць князя беларусінскага, дакляруючы за гэта царства нябеснае. Ці паспеў хоць тую песню матчыну Якуб успомніць, пакуль душа не адляцела?
    Быў там і халоп нявольны баярына Завішы Цімошка Гром, празваны так за дурную звычку, якую не буду я тут узгадваць, але ваяр харобры; няраз з адной паліцаю ішоў на рыцара і перамогу меў над многімі. Сустрэў жа пагібель сваю Цімошка ў сечы векапомнай пад Маляшовам. Мы ў дзень той стаялі на гары, і, калі спешыліся ворагі нашы і рынулі на прыступ, гетман наш Ян Жыжка, які і безвач бачыў лепей, чым трое відушчых, махнуў рукой, і пакаціліся долу вазы цяжкія, каменнем наладаваныя, a калі пабеглі рыцары, ударылі ім у спіну гарматкі-тарасніцы, і паляцела ў пагоню конніца. Паўтары тысячы паноў і людзей моцных места Пражскага маліліся тады астатні раз богу свайму. Адзін жа з іх, чалавек небаязлівы і немалой сілы, распалавініў Цімошкаву галаву, як гарбуз, але сам перажыў Грома адно на міг, бо не паспеў ён узняць меч, як закіпела сэрца ягонае на маёй суліцы. Было гэта ў лета, калі забрала адважнага Жыжку чорная смерць і мы назвалі сябе сіротамі.
    Пасля Маляшова ваявалі мы разам з чэхамі яшчэ дзесяць летаў і няраз білі і гналі, як парасятаў, самыя адборныя раці, і няраз адно рыпенне баявых вазоў і хваласпеў наш, што дагодны быў небу, змушалі ворагаў паказваць нам свае спіны. Так доўга ваявалі мы ў Чэшскай зямлі, што з’явіліся паміж нас такія, што забываліся мовы сваёй, і вучыў іх я, што няможна чалавеку забываць, хто ён ёсць і з якога ён народа, бо за пашану да свайго будуць ганараваць нас людзі з іншых краёў, бязродных жа ніхто не ўшануе. I вучыў я іх, што нельга выракацца тае мовы, з якой ты на свет прыйшоў, бо пусціш у душу мову чужую, і душа твая зменіцца, і не
    станеш ужо тым, кім на раду табе напісана, а гэта грэх вялікі перад усім светам, бо не скажаш тады свайго слова запаветнага і не зробіш тое, што пасланы ты на зямлі зрабіць. Так казаў я, і многія слухалі мяне, бо ведалі, што спасціг я кніжную мудрасць, але быў сярод іх простым воінам і еў і піў разам з імі.
    Былі ж і такія, што казалі: поле наша пустуе, а мы чужыя нівы баронім і не шкадуем жывата свайго за праўду чужую. I казаў я ім, што няма на свеце чужой праўды, ні чэшскай няма, ні беларусінскай, ні літоўскай, а ёсць адна праўда на ўсіх. I калі пайшоў князь Жыкгімонт Карыбутавіч з Чэхаў, многія адназемцы мае пайшлі з ім, а многія засталіся і, прыняўшы веру гусіцкую, біліся за справу Божую і за тое, каб места дзівоснае Табар, дзе людзі сябе братамі і сёстрамі называюць, на зямлі стаяла.
    3 Вялікага ж княства даходзілі да нас весткі сумныя вельмі. Крывёю былі залітыя нівы нашыя, бо, як сышоў у магілу гаспадар наш Вітаўт, пачалася звада крывавая між князем Свідрыгайлам і князем Жыкгімонтам Кейстутавічам. Места ж Віцебскае адчыніла браму перад Свідрыгайлам і прызнала яго за князя свайго, бо заўсёды хіліўся ён да нашай дзедаўскай веры, дарма што ўзяў у хаўруснікі сабе лівонцаў і конніцу татарскую. I звёў князь Свідрыгайла ў Віцебску падрахункі з людзьмі Жыкгімонтавымі: князя Міхала Альшанскага загадаў пасадзіць у мех і кінуць у палонку, а князя Сымона Альшанскага загадаў скінуць у Дзвіну з Замкавае гары. У нашым жа месце Смаленску ўзялі мітрапаліта Герасіма, і спаліў яго князь Свідрыгайла ў Віцебску на вялікім камені пад замкам, бо трымаў Герасім перавет на яго. Ваявалі князі зацята, дзелячы ўладу над краем, зямля ж наша і люд яе мелі з гатага няшчасце і рабункі несканчоныя бедных двароў сваіх.