Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
краіна яго ўжо не абыходзіла. Так на ўцеху ворага^ Княства і Кароны пачалося другое бескаралеўе.
Віленскі сойм пастанавіў абраць гаспадаром Эрнэста Габсбурга, ды тое засталося на паперы. Тады сенат абвясціў каралём і вялікім князем яшчэ аднаго немца, імператара Максіміліяна, але шляхта не пагадзілася і аддала галасы трансільванскаму князю Стэфану Баторыю, ці, як у нас яго завуць людзі паспалітыя, Сцяпану Батуру. Дзеля трона мусіў ён воленс-поленс пабрацца з той самой Ганнай Ягелонкаю, якой ішоў пяцьдзесят пяты год і якая была старэйшая за свайго нарачонага на цэлыя дванаццаць гадоў.
Тры гады таму Батура каранаваўся ў Кракаве, але наша шляхта прызнала яго вялікім князем толькі пасля таго, як выдаў грамату, што Карона і Княства — дзяржавы ва ўсім роўныя, што палякаў ваяводамі ў Княства прызначаць не будзе, а соймы будуць збірацца па чарзе то ў Полыпчы, то ў нас, у Літве.
Як бы радаваўся пан Богусь, каб пачуў, што кароль Стэфан пацвердзіў Княству ўсе дзяржаўныя правы! Але яго, майго першага нявенчанага мужа і заступніка, ужо не было на свеце.
Падлі віна, Юста!
Трэцяе лета сыходзіць, як прывезлі пана Богуся зраненага і такога знябытага, што заносілі ў дом на руках. На Віленскім шляху ён апынуўся са сваімі людзьмі ў аўстэрыі і траніў у маскоўскую засаду. Стралыдоў з Тураўлянскага замка — спапялі яго сваім гневам, Госпадзе! — прыпадала на кожнага нашага па трое. Добра хоць, што здолелі адарвацца ад пагоні.
За колькі тыдняў мы са старой пані Корсакавай ды зялейніцай Грыпінкаю, што гатавала ўзвары і прымочкі, раны нашаму маладому гаспадару загаілі, але сіла да яго не вярталася. Грыпінка вызначыла, што стралецкае зялеза перацяло пану Багуславу жыццёвую жылу.
Збіўшыся з ліку дзён, я сядзела пры маім Богусю, то чытаючы яму, то вартуючы ягоны цяжкі сон і прыслухоўваючыся да слабога дыхання. Ён заставаўся ў ясным розуме і, калі пачуваўся трошкі мацней, браў мяне за руку і апавядаў пра Італію ды іншыя краі. Я чула розныя дзівосы: пра горы са снегавымі шапкамі, што не растаюць і ў самае спякотяае лета, і пра горад, дзе заміж вуліцаў — рэкі і людзі ездзяць адзін да аднаго на лодках, а дамьі вырастаюць проста з вады. Ён казаў пра звера малпу,
што падобны да чалавека, але мае хвост і начуе на дрэвах, прывязаўшыся гэтым хвастом, як вяроўчынай, да галінаў. Побач з малпамі, далёка за морам, жывуць людзі з чорнай, як сажа, скураю. Ён расказваў і пра само мора, што мяняе колер, падымаецца і апускаецца, спакойна спіць і раз’ятрана разбівае караблі.
Мора здавалася мне найвялікшым дзівам, і пан Богусь абяцаў, што неадменна пакажа мне яго, але я ўжо не давала веры, што ён некалі ўстане. Дзень пры дні яго рука ставала ўсё слабейшаю, нібы жыццё выцякала з яе невідочным тонкім струмком.
Аднойчы ўвечары ён папрасіў мяне распрануцца і легчы з ім. Мне раптам здалося, што здолею абудзіць яго плоць і вярнуць майго Богуся да жыцця. Я лашчыла яго, як толькі ўмела: цалавала, пакусвала, як яму заўсёды падабалася, смочкі, прынікала вуснамі да таго, што калісьці гэтак хутка вырастала і запаўняла, здавалася, усю мяне...
Але яго плоць маўчала.
Некалі мае грудзі імгненна запальвалі яго, нават выснажанага шматдзённымі ловамі. Гэтым разам Богусева рука таксама, нібы ўзгадаўшы тыя дні, пацягнулася да грудзей, адаак яе дотык быў бязважкі — як быццам сеў, склаўшы на момант крылцы, матылёк.
Мяне працяло горкае веданне, што ён ужо ніколі не падвядзе мяне да люстра і не запаліць свечнік, не абдыме, не зможа кахацца... Я зразумела, што ў яго вачах блішчэлі не водбліскі жадання, а слёзы.
Я не заплакала — абняла яго сама і чытала пацеры, пакуль не правалілася ў сон, а калі прачнулася, мой Богусь ужо схаладнеў.
Ён адышоў, не даведаўшыся, што ў мяне пад сэрцам варушыцца дзіця. Часам мне нясцерпна — так, што мусіла сціскаць вусны — хацелася сказаць пра гэта. Я думала, нашае пакуль не народжанае малое ўтрымае Богуся на свеце, ды знахарка Грыпінка ўгаворвала мяне маўчаць, каб — наадварот — душа майго мужа не паклікала следам душу дзіцяці.
Можа, дарма паслухалася Грыпінкі, хоць пан Богусь напраўду забраў з сабою яшчэ адну душу. Пасля хаўтураў пані Корсакава пачала таяць, як свечка, і сарака дзён па сыне ўжо не прычакала. Нейкая сіла не дазволіла мне адкрыода і пані Мальгрэце, якая сышла ў магілу, не ўведаўшы, што будзе мець унука ці ўнучку.
Яна пакінула мне маёнтак, а пан Багуслаў — чатырыста чырвоных злотых ды ліст да віленскага шляхціча Якуба Неміровіча, з якім вучыўся разам у Італіі і якога прасіў узяць мяне ў сваю апеку. Апрача таго, у спадчыну ад Богуся застаўся вось гэты, ён у мяне і зараз на безыменным пальцы, пярсцёнак з тайніцай, што паспрыяў мне болей і за грошы і за ліст, бо пан Якуб апекавацца мною мог адно з нябёсаў: недзе пад I лыбокім маскоўская куля ўжо заручыла яго з зямлёй.
Стральцы з Тураўлянскага замка наляцелі, як шулякі, назаўтра пасля пахавання пані Мальгрэты. Той жах трэба зачыніць у памяці ў самай далёкай спіжарні на цяжкі замок і выкінуць ключ у бяздоннае возера.
Баярскі сын, што прывёў стральцоў, болей выдаваў на чалавека, які моліцца не Хрысту, а Алаху. Ліхадзеі шныпарылі па хлявах і свірнах, з конскім гігатаннем цягнулі ў адрыну маладую ахмістрыню Завею, ганяліся па двары за дзяўчатамі. Сам стралецкі верхавод, секануўшы шабляю фурмана Шэмета, што заступіў яму дарогу, паспеўшы крыкнуць: «Спадарыня Дамініка! Сцеражыся!», уварваўся да мяне ў спачывальню. Вузкія сонныя вочы загарэліся юрам, а рэдкая рудая барада паказала ў пажадлівай ухмылцы жоўтыя зубы.
Я жагналася і прасіла не чапаць мяне, кажучы, што толькі днямі пахавала мужа і ягоную маці, ды мае благанні толькі распалялі баярскага сына. Ен ашчаперыў мяне, памацаў грудзі і крумянкі і, зацмокаўшы языком, паабяцаў забраць з сабою ў замак, а пакуль загадаў чакаць яго з лазні.
За дзвярыма тырчаў гэтаксама падобны да нехрысця вартавы. Адчыніла вакно — пад ім уладкаваўся яшчэ адзін барадаты бамбіза. Заплачу золатам, сказала я, паказаўшы жменю дукатаў. Ён імгаенна згадзіўся, высыпаў грошы ў гаманец, а калі я села на падваконне, каб саскочыць у сад, зарагатаў і прыставіў мне да грудзей спічак алебарды. Каля ног у нелюдзя стаяў збан з медавухай, і, як толькі мае вочы змецілі гэта, я ўжо ведала, што рабіць.
Лазня не змыла са стралецкага верхавода ні зладзейскага поту, ні нейкага саладкавага паху, пра які ў мяне мільганулася думка, што, можа, так пахне кроў. Масковец быў ужо моцна захмялелы і, угледзеўшы на стале штоф з мёдам-трайняком і дзве налітыя шкляніцы, аж закалаціўся ад радасці. Я не ведала, як хутка забівае атрута з майго пярсцёнка, а гаму схавала пад падушкаю
Богусеў італійскі корд з гострым, бы змяіны язык, джалам.
Усё ледзь не пайшло прахам. Заместа таго каб піць са шкляніцы, ён прысмактаўся да штофа, але, на шчасце, адляпіўшыся ад рыльца, перакуліў у рот і шкляніцу.
Баярскі сын паспеў зачыніць дзверы на засаўку і ступіць да мяне два крокі. Я сціснула пад падушкаю тронак корда, але трэці крок стаўся дпя маскавіта апошнім.
Атрута з пярсцёнка забівала без пакутаў.
Я асцярожліва зірнула ў вакно. Вартавы прыткнуў алебарду да сцяны і, ашчаперыўшы парожні збан з-пад медавухі, хроп, бывдам ерыхонская труба. Пакуль апусцілася ноч, мне наканавана было пабачыць, як брыла, нібы непрытомная, з адрыны Завея і як на грушы стральцы павесілі старога Гіршу. Выскачыўшы з вакна, я першы раз спынілася, каб звесці дых, толькі каля Вітаўтавых талерак.
Ты, Белагаловая, зрабіла б тады на маім месцы тое самае. Але ты не патрапіла ўратавацца...
Адкуль, з якога прытулку выходзіш ты ўначы? Каго пакінула на гэтым свеце? Ці даў табе Бог тваю крывінку, твой працяг?
Мой хлопчык, якога хацела назваць Багуславам, нарадзіўся ў Вільні нежывы. Лекар з Замкавай вуліцы, нечым падобны да кажана немец з сумнымі вачыма, сказаў, што — колькі б ні дзяліла я ложа з мужчынамі — болей дзяцей у мяне не будзе.
А дождж не сунімаецца, быццам няўцешна шіача сама гэтая зямля. У намёце непрытульна, як у сутарэнні. Здаецца, сырым зрабілася ўжо і паветра, і сам час, у якім я чакаіо яго мосць караля і вялікага князя. А можа, цябе, Белагаловая?..
Няўжо ты вярнулася з моста, каб забраць мяне за тое, што я забіла чалавека? Той жа баярскі сын быў ворагам. Мо гэта ягоныя людзі пазбавілі жыцця цябе і юнака з аднаго з табою плыта?
Якія яшчэ грахі ляжаць на маёй душы? Так, я нявенчаная жонка ўжо трэцяга мужчыны, але ці такая цяжкая гата правіна, калі неба звяло мяне з самім каралём і не пакарала за два гады. пражытыя з панам Каспарам Бекешам, які ніколі не моліода і не трывае посту і, даруй Госпадзе, кажа, што не Бог стварыў чалавека, а чалавек — Бога...
Ліст да пача Каспара даў мне стары Антон Неміровіч. Страціўшы сына, ён зрабіўся сівы як лунь і, заклаўшы
сваю гасподу на Татарскай вуліцы, сам зазбіраўся на вайну, бо не хацеў ад жыцця ўжо нічога, апрача помсты.
Доўгія месяцы пасля нараджэння майго мёртвага хлопчыка я і сама чулася, як не дакапаная да вады студня, і калі ў Вільні, а потым у Горадні лавіла на сабе ўважлівыя мужчынскія позіркі, мая душа ўмомант ашчаціньвалася.
Тады я яшчэ болей прыахвоцілася чытаць. Пан Каспар меў добрую кніжніцу з лацінскімі і нямецкімі кнігамі. Сярод іх я знайшла выдрукаваную па-наску кнііу «Юдзіф» і сустрэлася з ёю, быццам са старой знаёмай.
Я перагортвала старонкі фаліянтаў пана Бекеша і ўчытвалася ў радкі, якія ён адкрэсліў для сябе зялёным атрамантам. Гэткім чынам я нібы зазірала свайму апекуну ў душу. Мне было цікава і трошкі ніякавата, быццам я займаюся нечым недазволеным.
У рымскага кесара Марка Аўрэлія пану Бекешу спадабалася думка, што ўсё ў жыцці мімалётнае: і той, хто памятае, і тое, аб чым памятаюць. У іншай кнізе — яе напісаў Эразм з Ратэрдама — пяро пана Каспара пазначыла словы: «Не плакаць, не смяяцца, але разумець».
Ён так і жыў, і не існавала, відаць, рэчы, якой бы мой апякун не разумеў ці не ведаў.
Напачатку пан Бекеш абыходзіўся са мною, як з дачкой, чаго і вымагалі ягоныя гады, бо яму пераваліла за пяцьдзесят пяць. Я чула да яго ўдзячнасць за такія стасункі. Мне было дастаткова маёй памяці пра Богуся.
Але аднойчы я змеціла, што пан Каспар глядзіць на мяне іншымі вачыма, і неспадзявана адказала на яго позірк. Мінуўся ўжо год, як дцляцела душа пана Багуслава, і маё маладое цела прачыналася, як дрэва пасля зімы. Увечары, перад малітваю, я зноў, як некалі, падыходзіла да люстэрка і тады найбольш востра адчувала, як маім грудзям, маім клубам і ўлонню трэба мужчынскія ласка, ценлыня і сіла.