Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
— Я абвінавачваю яго ў тым, што на 265 старонках свайго трактата ён насмеліўся паказаць Бога як няіснае стварэнне фантазіі і зрынуў яго з недасяжнай вышыні, прыпісаўшы кіраванне зямлёй і небам натуральнай прыродзе. Самога ж Пана Бога ён назваў выдумкай і хімерай, якая не мае рэальнага быцця. Страшнае злачынства вымагае страшнага пакарання. Dixi*.
I зноў у запанавалай цішы недзе далёка ўпалі глухія ўдары гадзінніка.
— Шляхціч Лышчынскі! — прагучаў голас маршалка.— Зараз вам будуць паказаны паперы, якія высокі сойм мае падставы лічыць вашымі.
Зноў сотні позіркаў спыніліся на чалавеку з raneeHaft лавы, але цяпер спагада і шкадаванне адных былі прытоеныя, а нянавісць другіх вырасла настолькі, што нібыта пачала разлівацца ў паветры.
Падсудны неяк беражліва паклаў далоні на стос сшыткаў у скураных вокладках і з хвіліну заставаўся нерухомы. Затым асцярожна перагарнуў некалькі старонак.
— Шляхціч Лышчынскі! Ці прызнаяце вы гэтыя паперы сваімі?
Падсудны, скрыжаваўшы рукі на грудзях, з годнасцю выпрастаўся.
— Прызнаю,— сказаў ён у застылую ў чаканні залу. Падобны на пошум дрэў пад ветрам гоман не паспеў аціхнуць, як Лышчынскі загаварыў зноў:
— Але хачу паведаміць высокаму сойму,— нунцый увесь падаўся наперад,— што сабраныя тут думкі я збіраўся абвергнуць у другой частцы трактата, якую маю намер напісаць, каб даць у ёй новыя доказы існасці Хрыста...
* Я сказаў (лаі/.).
Знячэўлены гэткім паваротам справы маршалак ударыў у гонг.
3 соймавых лаваў з літвінскай шляхтай пачуліся выгукі:
— Няхай кажа! Права шляхціча!
— Паслы высокага сойма,— абвясціў маршалак,— жадаюць чуць вашы доказы.
3
— Ты можаш ісці, брат Джузэпе.
Кантэльмі адкінуў нагалоўнік простай манаскай сутаны. Тонкія малакроўныя вусны нунцыя ўсміхаліся зычліва і крыху па-змоўніцку.
Ён упершыню бачыў гэтага чалавека так блізка. Цёмныя правалы вачніц, злямчаныя валасы. Невялікі шнар над левым ражком вуснаў. «Вызначыўся ў турэцкую кампанію,— узбег на памяць запіс у блакітнай кнізе.— Браў удзел у кампаніях маскоўскай і шведскай...» Зашмальцаваныя рукавы некалі багатага кунтуша. Пяцьдзесят пяць гадоў, а выдае цяпер на ўсе семдзесят. I зноў гэты спакой на твары. На што ён спадзяецца?
— Паверце,— мякка прамовіў Кантэльмі,— мой візіт выкліканы шчырым імкненнем дапамагчы вам. Ваша права сумнявацца ў маіх словах, але, застаўшыся з вамі сам-насам, я нават рызыкую.
— Чым? — у вачах у Лышчынскага загарэліся жарынкі кплівае цікавасці.
— На духоўную асобу, якая без сведкаў гутарыць са слугой д’ябла, незалежна ад яе сану падае цень падазрэння...
— Як вы сказалі? Са слугой д’ябла? — Лышчынскі голасна засмяяўся, і нунцыя непрыемна ўразіла, што смех не быў удаваны.— Ваша правялебнасць, я магу пайсці ў заклад на мой маёнтак пад Бярэсцем, што вы самі не вельмі верыце ва ўсіх гэтых слуг д’ябла і ў самога анёла-адступніка, калі не сказаць больш... Няўжо вы меркавалі пачуць у гэтых мурах серны смурод?
Нунцый на імгненне сумеўся.
— Я разумею, доўгія месяцы зняволення...
— Незаконнага зняволення, ваша правялебнасць...
— ...не могуць не накласці адбітку на паводзіны і словы чалавека,— непарушна працягваў нунцый.— Але ваш розум варты таго, каб дараваць вам гэты... як у вас кажуць?.. выбрык.
Зыркія язычкі свечак затрымцелі, сцены вязніцы дыхнулі зімовай стыласцю. У куце, там, дзе стаяў тапчан, засланы тонкай шэраю посцілкай, размерана крапала з невысокіх, чорных ад куродыму скляпенняў. Кантэльмі прыслухаўся да хворай ныркі і шчытней захінуў сутану. Ад шчыліны ў сцяне поўз па падлозе белы пасак снегу.
— Цаню ваш учарашні ход. Ненапісаная частка трактата, дзе будуць абвергнуты высновы першай... Ардынарны розум на такое не здатны. Аднак вашы новыя доказы існавання Госпада нашага выглядаіоць... не зусім пераканаўчымі. Зрэшты, магчыма, я проста не ўсё як след зразумеў. Згадзіцеся, на сойме было даволі шумна...
Вязень дапытліва паглядзеў нунцыю ў вочы, але Кантэльмі ганарыўся тым, што мог вытрымаць любы позірк.
— Я сказаў,— трохі нервова загаварыў Лышчынскі,— што ў кожным родзе істот ёсць найболып дасканалая. У Сусвеце найдасканалейшым і найважлівейшым з’яўляецца Сонца, у свеце жывёл — чалавек, а сярод разумных стварэнняў самая дасканалая істота — Бог.
— Вельмі, вельмі цікава. Але, прабачце,— вочы ў нунцыя металёва бліснулі,— вашы доказы, па сутнасці, з’яўляюцца нечым зусім процілеглым. Са слоў пана філосафа вынікае, што ён прымае небяспечную і асуджаную царквой тэорыю Мікалая Каперніка і ставіць Сонца ў цэнтр Сусвету, хаця бясспрэчна, што яго цэнтр — найдасканалейшая Зямля, населеная створанымі на вобраз і падабенства Божае людзьмі. Далей вы сцвярджаеце, што чалавек — найвышэйшая жывёліна. Ці не сведчыць гэта пра сумненні ў тым, што Адама і Еву стварыў Бог? Відаць, пан філосаф занадта старанна вывучаў сачыненні Арыстоцеля. Той, як вядома, лічыў, што людзі мусяць выводзіць сваю генеалогію ад малпаў. Ці можна ўявіць што-небудзь больш бязглуздае і недарэчнае? А чаго варты ваш трэці доказ, які зводзіць Госпада нашага да ўзроўню анёлаў і самога грэшнага чалавека!
— Заўважце,— сумна сказаў нунцый пасля цяглай пярэрвы,— не выключана, што мае словы не зусім адпавядаюць маім уласным поглядам. Але гата пазіцыя царквы.— Ён падняў палец.— Паўтараю: царквы! На маёй радзіме, а таксама ў многіх іншых хрысціянскіх краінах любога з вашых доказаў было б дастаткова, каб адправіць чалавека на аўтадафэ. Вы хацелі абараніць сябе, але толькі пагоршылі сваё становішча.
— Я ведаю,— спакойна адказаў Лышчынскі,— што інквізітары паслалі на вогнішча мільёны людзей і праз менш важкія прычыны. На шчасце, на маёй радзіме інквізіцыя скасаваная яшчэ дзвесце гадоў таму*. Мяркуйце самі, ваша правялебнасць, у каго ў гэтым сэнсе большыя падставы ганарыцца радзімай.
Усмешку вязня падаўжаў шнар, і ад гэтага яна выдавала яшчэ больш саркастычнаю. Кантэльмі адчуў, як хворую нырку ўтнула новая іголка.
— Вам пагражае вогнішча...— нягучна вымавіў нунцый.
Страх! Хай толькі адно імгненне, але ён бачыў на твары ў гэтага чалавека страх!
— Вашы біскупы настойваюць менавіта на такім пакаранні. Баюся, што пасля прамовы інстыгатара Куровіча...
Белы снегавы пасак на падлозе пачаў ператварацца ў невялічкі сумёт. У вязніцы зрабілася зусім зімна. Са скляпенняў ужо не крапала.
— Вы кажаце, вогнішча...— Лышчынскі паднёс азяблыя рукі да кандэлябра.— Вы верыце ў тое, што, спаліўшы чалавека, можна спаліць думкі, якімі ён набліжаўся да ісціны?
— Папера нядрэнна гарыць...
I зноў на бледным твары мільгануў страх. Зараз, падумаў нунцый, зараз!
— Заклінаю вас паверыць, я ваш сябра,— усхвалявана загаварыў ён.— Я хачу выратаваць вас. Я хачу выратаваць ваш трактат. Ён патрэбны будучым пакаленням. Вы будзеце жыць. Вы абдымеце жонку, будзеце гушкаць на каленях унукаў. У вас будзе магчымасць пісаць кнігі...
На твары ў Лышчынскага змагаліся недавер і надзея.
— Вы павінны толькі... Гэта адзінае выйсце... Вы павінны... дзеля будучай перамогі ісціны... вярнуцца ў лона ордэна.
— Вярнуцца ў лона ордэна? — Вязень і яго вялізны згорблены цень на сцяне затрэсліся ад рогату, і нунцый спалохана адхіснуўся.— Вярнуцца ў лона ордэна! Каб глядзець на старшага, як на самога Хрыста? Каб аддацца ягонай волі, як труп, які можна паварочваць на ўсе бакі? Гэтага вы прагнеце? Альбо як там яшчэ ў трынаццатым параграфе? Каб ні ў чым не памыліцца, мы абавязаны
* Уведзеная ў 1436 г. у Вялікім Княстве Літоўскім інквізіцыя праз 43 гады была зліквідавана.
верыць, што тое, што мы бачым белым, ёсць чорнае, калі такім яго называе царква...
— Цытуеце Лаёлу*...— ашчэрыўся нунцый.— Як я зразумеў, вы не гатовы прынесці ахвяру на алтар ісціны. Ну што ж, у такім разе царква паклапоціцца, каб пасля вас не засталося нічога. Нашчадкі не будуць ведаць нават вашага імя. Ваша жыццё скончыцца марна, як жыццё матылька ў полымі свечкі.
Надоўга павісла маўчанне. Двум мужчынам каля нехлямяжага стала ўжо не было аб чым гаманіць, але Кантэльмі парушыў цішыню:
— У вас ёсць яшчэ адна магчымасць палепшыць свой лёс.
Лышчынскі насмешліва ўскінуў брыво, і нунцыю здалося, што страх, які ён нядаўна бачыў у вачах у гэтага чалавека, яму толькі прымроіўся.
— У «Маніфесце» вашага суседа і сябра...— вусны нунцыя кранула ледзяная ўсмешка,— Яна Бжоскі я сустрэў вельмі цікавую мясціну. Ён піша, што вы шчодра дзяліліся сваімі поглядамі. «Ён заражаў гэтай навукай, як атрутнаю заразай, нявінныя розумы юнакоў і людзей сталага веку...» Вы не назвалі б мне некалькі імёнаў? Цана — надзейны схоў для вашага трактата. Скажам, стагоддзі праз тры яго нечакана знойдуць у бібліятэцы Віленскай акадэміі... Прыйдзе час, калі ваша alma mater будзе ганарыцца такім выхаванцам. Усяго некалькі імёнаў...
— Ваша правялебнасць, мне здаецца, сярод нас сапраўды ёсць служка Вельзевула...
У нунцыя адхлынула ад твару кроў.
— Вы забываеце, што святая царква мае сродкі развязаць язык самым зацятым!
Зняволены ўстаў.
— Наша шляхта можа аддаць галасы за вогнішча, але свае прывілеі яна будзе бараніць да апошняга. Шляхціча не выдадуць на катаванне. Нават калі ад яго пахне серай,— стамлёна скончыў ён.
— Запомніце...— прасычэў нунцый,— у вас быў адзіны шанц. Вас спаляць...
— Прынамсі, на колькі хвілін можна будзе сагрэцца.
— Вы... вы...— задыхнуўся Кантэльмі і раптам з бяссілай злосцю на сябе самога зразумеў, што разам з ня-
* Ігнацы Лаёла — заснавальнік ордэна езуітаў. Лышчынскі цытуе «Духоўныя практыкаванні» Лаёлы, дзе выкладаліся прынцыпы паводзін сяброў ордэна.
навісцю ён насуперак свае волі адчувае да Лышчынскага і нешта зусім іншае.
Няўжо ён гутарыў з бязбожнікам не толькі дзеля справы ордэна, няўжо ў словах пра выратаванне быў хоць драбок праўды? — хутаючыся ў футра, думаў нунцый па дарозе дамоў.— Няўжо атэіст атрымаў над ім, прадстаўніком папы, нейкую ўладу? He, гэта немагчыма...
4
— Расследаваўшы справу Казіміра Лышчынскага, абвінавачанага шляхцічам Бжоскам з шасцю сведкамі, роўнымі яму па паходжанні, мы пераканаліся, што абвінавачаны заслужыў больш суровае пакаранне, чым за крымінальныя злачынствы, і вынеслі наступны прысуд...— Голас маршалка гучыць урачыста, амаль узнёсла.— Напісаныя Лышчынскім бязбожныя лісты аддаць агню пры выканаўцы правасуддзя ў яго правай руцэ на эшафоце, самога ж абвінавачанага спаліць і ператварьшь у попел. Маёмасць канфіскаваць, падзяліўшы напалам паміж даказчыкам і скарбам. Будынак, у якім асуджаны тварыў ганебныя пісанні, разбурыць як прытулак вар’ята. Зямля яго маёнтка павінна навечна застацца пустэльнай і бясплоднай... Апавешчана року ад нараджэння Божага 1689, месяца марца, 28 дня...