• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    1	яны вярнуліся, і з году ў год іхнія караблі падымаліся па Дзвіне ўсё вышэй і вышэй і ўжо даходзілі да падуладных яму, Валодшу, гарадоў Куканоса і Герцыкі, дзе сядзелі крывіцкія князі...
    Знадворку, недзе за блізкай сцяной цёмнага бору, завухаў пугач. Князь перахрысціўся на абраз з кволым агеньчыкам лампадкі. Пугач падаў голас акурат тады, калі ён падумаў пра біскупа Альберта. Валодша раптам зразумеў, што яны падобныя: рыжскі валадар і гэтая вушастая птушка з такой самаю, як у Альберта, круглай галавой і вялікімі слепаватымі вачыма. Князю зрабілася ніякавата, яму здалося, што загадкавае начное стварэнне можа невідочна заляцець у пачывальню і падслухаць яго пакрыёмыя думкі. Ён мімаволі ўспомніў аб кметах, што гэтаю парой за пяць пералётаў стралы адсюль стаяць варту пад старым дубам у лесе і ў прыдзвінскіх зарасніках алешніку. Там выходзяць наверх лёхі, што пачынаюцца з княжага двара: адна — якраз пад ягонаю пачывальняй, другая — у малой мядушы.
    Пугач зарагатаў зноў, і князь зачыніў вакно на зашчапку, адразу адчуўшы на душы палёгку.
    He, ён не баяўся Альберта. Зараз ён хацеў засцерагчыся ад тых таемных сіл, што ўладараць у глухую начную часіну і могуць умяшацца ў любую чалавечую справу. Што да рыжскага біскупа, дык Валодша ведаў: далей ім двум на берагах Дзвіны не жыць. Застанецца нехта адзін: або ён, вялікі князь полацкі, або гэты пугач з чалавечым абліччам.
    Валодша думае пра біскупа так даўно і так шмат, што часта ў яго з’яўляецца дзіўнае і, відаць, грахоўнае жаданне хоць на дзень, на гадзіну самому стаць Альбертам, атрымаць ягоныя розум і сэрца. Тады ён здолеў бы вызнаць гэтую душу, уведаў бы, што біскуп мысліць пра яго, полацкага караля Вальдэмара*.
    Няўжо рыжскі пугач смяецца з яго? Так, смяяцца ёсць з чаго. Дагэтуль амаль заўсёды выйграваў ён, Альберт. Але біскуп ніколі не мог лічыць сябе поўным пераможцам. Нават тады, пад Гольмам, у дзень ганьбы полацкага войска.
    I цяпер, праз дзесяць гадоў, князь не можа прыгадваць той паход спакойна. Аднекуль з глыбіні падымаецца і туманіць розум цёмная хмара лютасці, ад якой самі сабой сціскаюцца кулакі.
    Ён ізноў бачыць непрыступныя шэрыя вежы Гольма. Лучнікі з полацкага войска не даюць немцам і носа выткнуць з-за каменных зубцоў. Першая страла яшчэ не сустрэлася з зямлёй ці варожым панцырам, а наўздагон кожны лучнік паспявае паслаць яшчэ тры. Але немцы паставілі балісты і пачалі кідаць на табар абложнікаў камяні і цяжкія бёрны. Тады ён загадаў адказаць тым самым. Палоннаму рыцару абяцалі жыццё, калі навучыць рабіць балісту.
    Як абложнікі выцягнулі з лесу свае балісты, у Гольме стала так ціха, нібы ўсім немцам заняло мову. Аднак палачане радаваліся рана. Здаецца, усё было як належыць — і даўгія асверы, і цяжкія супрацьвагі, і трывалыя кашы, куды кладуць камяні,— але калі ратнікі напялі вяроўкі і разам стрэлілі з усіх пяці балістаў, двухпудовыя камлыгі паляцелі не цераз замкавыя сцены, а ў другі бок, акурат туды, дзе стаяла гатовае да прыступу полацкае войска. Пятнаццаць ваяроў былі забітыя на
    * Так называе князя Валодшу сярэднявечная «Хроніка Лівоніі».
    месцы, а тут яшчэ каменны град пасыпаўся з замка, брама расчынілася, і немцы пайшлі на вылаз. Ён, князь, даў знак адысці, і тае ж хвілі з неба гахнуў камень і забіў пад ім каня. Войска кінулася да выратавальнага лесу. Рыцары несліся на яго з думкаю, што кароль Вальдэмар ужо ў іх у руках, а ён стаяў з аголеным мячом і рыхтаваўся як найдаражэй адцаць жыццё. Але малады дружыннік Віславус на скаку павярнуў сваю буланую кабылу і, падляцеўшы да яго, цяжкой дзідаю выбіў з сядла пярэдняга рыцара. Буланка вынесла іх абодвух з-пад стрэл, і невядома, ці зрабіўся б Віславус ваяводам, каб не тая ягоная адвага.
    Назаўтра ганцы ад ліваў паведамілі, што на моры паказаліся караблі, і ён зняў аблогу. Так закончыўся той паход, аднак і тады рыжскі біскуп не перамог.
    I ён не пераможа ніколі.
    Хай, прыйшоўшы на падмогу Куканосу, ён застаў на месцы горада адны галавешкі, бо князь Вячка пасля лютай сечы з крыжакамі мусіў падпаліць сваю дзедзіну ды ісці з дружынаю ў свет. Хай ездзіў на паклон у Рыгу Усевалад з Герцыкі. Хай ужо не ідзе ў Полацк даніна ад ліваў і летаў. Ен загадаў сваім вірнікам і мечнікам, радовічам і пад’язным не мець літасці да смердаў. Хто бунтуе — або галаву з плячэй, або ланцуг у вязніцы на княжым двары. Ад восеньскага Юр’я сядзяць там сем смердаў з Чорнай Лужы, што хавалі ў лесе хлеб. Баярын Міхайла зачыніў перад вірнікамі вароты, думаў адседзецца за дубовымі вотчыннымі сценамі. Цяпер грыміць ланцугом у порубе. I так будзе з кожным, хто пойдзе супраць ягонай волі, таму што не павінны пусцець збройні, свірны і мядушы ў Бельчыцах.
    Ен, князь Валодша, з роду Рагвалодавічаў, не пусціў і не пусціць немцаў на крывіцкія землі. He пусціць, пакуль за ягонымі плячыма веча, а яно стаіць за яго ўжо трыццаць летаў і будзе стаяць, пакуль жывы. I баяры, і полацкі епіскап не пойдуць супраць, бо цяпер гораду і княству трэба моцны абаронца.
    Неспадзявана яму прыгадаліся дзвінскія парогі вышэй Віцебска, што цягнуцца на некалькі попрышчаў. Раку перагарадзілі там вялізныя каменныя валы, але яна, не моіучы перапілаваць іх, не здаецца, паволі падымаецца на вал, абрываецца ўніз, творачы вадаспад, і зноў б’е ў камень, зацята точыць яго і ўсё ж праразае сабе вузкі ды глыбокі ход скрозь парог і ляціць з шалёнай хуткас256
    цю, неўтаймоўна і пераможна. Гэтае змаганне ракі і парогаў, што назаўсёды запала яму ў памяць, цяпер, у бяссонную ноч, прынесла нейкую палёгку.
    За біскупам — кесар, папа, нямецкія гарады, але за ім, князем Валодшам, зямля яго прадзедаў. За ім — купцы і рукамеслы люд, за ім — цёмныя смерды з вотчын і глухіх весяў. За ім — пастаўленая вялікім князем Усяславам Сафія і кніжная муцрасць, сабраная ў манастырах і цэрквах. Калі б чужынцы прыйшлі ў полацкія храмы, калі б яны пачалі паліць кнігі і на свой капыл выпраўляць летапісы, продкі ўсталі б са сваіх магіл і ўзбунтавалася б сама зямля. Праўда — за ім, князем, а не за крыжакамі.
    Рогат пугача пачуўся ўжо зусім блізка, але гэтым разам Валодша не перахрысціўся.
    Хутка паплывуць уніз па рацэ полацкія стругі. У ягонай вотчыне за Барысавым каменем стаяць дзесяць балістаў, таемна зробленых на ўзор тых, што князь Вячка некалі адбіў у крыжакоў і прыслаў у Полацк. Цяпер камяні не паляцяць у сваіх. I войска ў яго будзе не такое, як калісьці.
    Яшчэ ў студзені, пасля першых чудскіх паслоў, ён на радзе з Віславусам і трыма самымі вернымі баярамі наважыў збіраць сілу. Па езджых дарогах і звярыных сцежках ён адправіў пасланцоў у літоўскія лясы, дзе гараць знічы на капішчах Пяркуна, да земіголы і ў балотную краіну кураў, якія ідуць на бітву, закрыўшыся белымі шчытамі, і адсякаюць сваім параненым галовы, каб пазбавіць іх ад пакутаў. Ён паслаў людзей да дручанаў і лагажан, у Менск і Віцебск...
    У Смаленск паслы не паехалі. Смаленскі князь сам глядзіць, каб адарваць кавалак ад Полацкай зямлі, ад сваіх братоў-крывічоў. Добра, калі ў спіну не ўдарыць. Затое ён, князь Валодша, моцна спадзяваўся на паўночных суседзяў. У Ноўгарад і Пскоў павёз пісаныя ім граматы сам Віславус. Ваяводзе было наказана, калі прычыніцца ў дарозе якое ліха, памерці, а лісты ў чужыя рукі не аддаць.
    He з лёгкай душой, а заціснуўшы гонар у кулак, пісаў ён тыя граматы. Наўгародцам і пскавічам нямецкія замкі на Дзвіне выгадныя: больш купцоў едзе да мора сухаземным шляхам праз іхнія княствы. Пскоўскія ратнікі нават хадзілі купна з немцамі вайной на эстаў. Праўда, калі пскоўскі князь Уладзімір Мсціславіч апаганіў свой
    род, выдаўшы дачку за брата рыжскага біскупа, веча выгнала яго з горада разам з дружынай. Чатыры леты таму біскуп узяў швагра на перамовы з палачанамі і пачаў змушаць яго, вялікага князя полацкага, адмовіцца ад ліўскай даніны. I тады, калі ён павёў свае палкі на крыжакоў, Уладзімір Мсціславіч пскоўскі стаў з дружынаю ў нямецкі строй. Адзінае, што ён, Валодша, вытаргаваў тады для Полацка,— вольны праезд купцам па Дзвіне.
    I ўсё ж склаў ён тыя граматы, а апроч пісанага загадаў Віславусу перадаць суседзям, што нядоўга будуць багацець ад сваіх выгодаў. Рыцары паставяць на калені чудзь і пойдуць на рускія землі. Прыспеў час забыць старыя крыўды і стаяць за свае рубяжы плячо ў плячо. Іначай палягуць паасобку, як дружына князя Ігара ў палавецкім стэпе. А выступаць трэба цяпер, калі рыжскі біскуп Альберт паехаў да папы і кесара разбіраць спрэчкі з мечаносцамі.
    Валодша ўсміхнуўся, павесялеў. Ён разумны, біскуп. Кожны раз, як едзе ў Нямеччыну, ён набірае сабе не толькі рыцараў, але і майстроў, каб глыбей пусціць карані ў чужую зямлю. Нядаўна ён дазволіў лівам замест дзесяціны плаціць меру збожжа з аднаго каня. Цяпер лівы не паўстануць. Біскуп вельмі разумны, ды здаралася аступацца і рыжскаму пугачу. Відаць, не раз гатовы быў кусаць сябе за локці, што заснаваў ордэн. Войска Альберта служыла яму толькі ад лета да лета, а потым, заробіўшы адпушчэнне грахоў і ў жадобу парабаваўшы, крыжакі вярталіся на караблях дадому. Ен думаў, ордэн памножыць ягоную моц. Але браты-рыцары, увабраўшыся ў сілу, зрабіліся не памагатымі, а заклятымі ворагамі. He першы год біскуп і ордэн грызуцца, як злыя сабакі за смачную костку. Некалі Альберт даваў ім траціну заваяванай зямлі, а цяпер ужо мечаносцы даклярутоць яму гэтую траціну, дый то на словах. Пакуль не замірыліся, пакуль няміласцівы да біскупа папа ў Рыме, і трэба біць псоў.
    I аб тым загадаў ён Віславусу сказаць у Ноўгарадзе і Пскове, што не сёння, дык заўтра можа прыйсці на берагі Варажскага мора новы вораг. Вугорскі кароль пусціў на свае землі рыцараў-тэўтонаў, што дагэтуль ваявалі з сарацынамі. Полацкія князі здавён маюць сярод купцоў верных людзей, якім наказана ў падарожжах дбаць не толькі аб добрым гандлі, але мець вушы і вочы дзеля сілы і прышласці роднага гнязда. Летась купец Васіль
    прывёз вестку, што ляшскія князі просяць у тэўтонаў падмогі супроць прусаў...
    Поўня скацілася з неба, дзесьці далёка за лесам пачынала разгарацца вогнішча дзянніцы. Каб адпрэчыць бяссонне, князь паклаў у галовах вялікі, з Барыскаў кулачок, кавалак бурштыну і зноў прылёг. Але сну паранейшаму не было ні ў адным воку.