• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    Пра свайго мужа, а майго дзеда Максіма бабуля Аўгіння мне ніколі не казала. Зрэшты, тады я быў малы дый не было яшчэ даведкі з дзесяцітысячным (?) накладам, і бабуля, пэўна, лічыла такія размовы небяспечнымі. Пра дзеда я найболей ведаю ад мамы.
    У вайну, якую да 1917-га часта называлі Вялікай Айчыннаю, а потым перахрысцілі ў першую імперыялістычную, дзед Максім як чалавек пісьменны (ён выпісваў перад вайною нейкую газету, і мне, вядома, хочацца, каб гэта была «Наша Ніва») даслужыўся да унтэр-афіцэра. Пад час страшных баёў на Нарачы, калі ў 1916 годзе расейскія войскі, дапамагаючы французскім хаўруснікам, пачалі зусім непадрыхтаванае наступленне, дзед трапіў у палон. У Нямеччыне ён працаваў у баўэра і мог пераседзець рэшту вайны на сытных харчах, але разважыў іначай: у адну цёмную ноч паклаў у кайстру два боханы свежага хлеба і праз два месяцы дапяў роднае капысіцкае хаты.
    У вёсцы лічылася, што дзед ведае «планэты», і звычайна ніхто не адважваўся раней за яго пачынаць сеяць або жаць. Той жа, хто, не даючы веры дзедавым здольнасцям, кіраваўся сваімі «планэтамі», мог потым наракаць адно на самога сябе. Калі капысічанаў загналі ў калгас, яны, мусіць, усё-такі маючы надзею, што можна будзе неяк жыць і там, выбралі дзеда Максіма за брыгадзіра.
    Праз тры гады наш далёкі сваяк, што служыў у раённым Шклове ў НКВД (я прынцыпова супраць беларусізацыі і гэтага і іншых падобных скаротаў), папярэдзіў дзеда і ягонага брата Ціхана, калгаснага бухгалтара, што на іх і яшчэ на дзесяць вяскоўцаў прыйшоў данос. Хапун, казаў сваяк, чакаўся вялікі, і калі з’ехаць кудынебудзь на данбаскія шахты ці проста зашыцца месяцы на тры ў лес, усё абыдзецца, бо возьмуць іншых.
    Дзед з братам сабраў у сваёй хаце сход тых дванаццаці, чые імёны ўжо перадрукоўвалі машыністкі НКВД. Думкі падзяліліся: адны стаялі на тым, каб ратавацца; дзяды Максім і Ціхан лічылі, што хавацца — значыцца прызнаць, што яны і сапраўды ў нечым вінаватыя. Надзвычай дарагая мне і такая драбніца: на той зборні дзед Максім сказаў, што ўсё адно замест хаванцаў схопяць іншых, якіх ніхто нават не папярэдзіў.
    Назаўтра трое «ворагаў народа» падаліся ў лес, a дзевяцера засталіся ў вёсцы, спадзеючыся, што там разбяруцца. Людзі верылі, што ўлада, якая ўжо пятнаццаць гадоў называла сябе іхняю, хоць калі-нікалі здатная на справядлівасць.
    Па дзеда прыйшлі ў першы дзень 1933-га. Ён сядзеў на палку, плёў рэзгіны і, як запомнілася маме, спяваў:
    Што рабіць мне, як мне быць?
    Ці пакінуць, ці любіць?
    Мама басанож бегла за санямі да аселіцы.
    Праз два тыдні бабе Аўгінні і іншым жонкам арыштаваных дазволілі перадаць ім у Шклове харчы і памяняць бялізну. Старую бялізну давялося спаліць, бо яна кішмя кішэла вошамі.
    Наступнаю звесткаю пра дзеда была ўжо згаданая даведка на шэрым бланку, дзе не знайшлося месца хоць бы на колькі слоў крывадушнага казённага спачування. Чалавека забілі, але няхай вас суцешыць тое, што яго забілі ні за што, невінаватага. Праўда, я маю моц232
    ны сумнеў, што тыя, хто падпісваў такія даведкі ў шасцідзесятыя гады, і тыя, хто падпісвае іх цяпер, шчыра лічаць такіх, як мой дзед, невінаватымі. Яны сапраўды былі вінаватыя — у тым, што ведалі «планэты», што за царскім часам выпісвалі несавецкую газету, што ім людзі верылі болей, чым розным камісарам і люцыпанерам...
    Бабуля Аўгіння сустрэлася з дзедам Максімам на небе за два гады да таго, як дзяржава рабочых і сялян ашчаслівіла нас гэтым бланкавым сведчаннем свае гуманнасці і некалькімі рублямі, якія маці з цёткаю адмовіліся атрымліваць.
    Імя даносчыка, што загубіў дзевяць душ, пакінуўшы бязбацькавічамі без малога тры тузіны дзяцей, хутка адкрылася. Гэта быў самы недалужны капысіцкі гаспадар камбедавец Цыбулька.
    — Наша горніца з Богам не спорніца! — з дурным гонарам весела казаў ён пра сваю хаціну-развалюху, дзе адно на печы маглі сагрэцца ягоныя вечна галодныя дзеці.
    Мамін брат дзядзька Язэп шмат разоў, выпіўшы дзеля смеласці гарэлкі, браў уначы стрэльбу і ішоў помсціцца за бацьку. Бабуля Аўгіння і мама з сёстрамі, галосячы, як па нябожчыку, беглі за дзядзькам да Цыбулькавае развалюхі. Ейны гаспадар спярша аднаго за адным выпускаў на падворак усіх сваіх васьмярых дзяцей, потым жонку, потым выходзіў у споднім сам, і дзядзька Язэп, заплакаўшы ад бяссілля, паварочваў дахаты.
    — Усё адно заб’ю! — крычаў ён.
    — Няхай, сынок, яго Бог уваб’е,— хрысцячыся, казала бабуля Аўгіння.
    Бог не спяшаўся, і Цыбулька пераваліў за дзевяць дзесяткаў. Аднойчы, калі я з вясковаю блазнотаю тоўкся каля крамы, дзе вечна выпівалі і пра штосьці спрачаліся капысіцкія мужчыны, сівенькі падпіты дзядок з чырвонымі слязлівымі вачыма паклікаў мяне пальцам, завёў у краму і купіў грамаў трыста зліплых у суцэльны камяк ірысак. Змеціўшы такі манеўр, адзін з падкрамных пітакоў сурова сказаў мне:
    — Выкінь цукеркі! Ён твайго дзеда прадаў!
    У тым вяку «прадаць дзеда» значыла прыкладна тое самае, што і «прадаць мяне» — малодшая сястра штодня рабіла гэта, паведамляючы бабулі пра кожны мой вылаз
    у суседчыны вішні або трускаўкі. Адбегшыся ад крамы, я са смакам з’еў падораныя ірыскі, не чуючы да сівога дзядка анічога, апрача ўдзячнасці. Падумаеш, прадаў нейкага там ніколі не бачанага дзеда!..
    Трое капысічанаў, што, не паслухаўшыся дзеда Максіма, схаваліся ад роднае ўлады ў лесе, памарозіліся, але засталіся жывыя. Адзін потым не вярнуўся з вайны, другі ўжо даўно перасяліўся на пагост пад старыя бярэзіны, a з трэцім у апошнія пагасціны на мамінай радзіме мы выпілі пляшку гарэлкі.
    — He паслухаўся нас, Воўка, твой дзед,— казаў ён,— а то б цяпер з намі чарачку ўзяць мог. Здаровы быў Дзянісавіч, як гэта, каб яго халера, рускі багатыр Ілля Мурамец. Неяк на станцыі рэйку да грудзей падняў...
    Ад маці бабы Аўгінні — маёй прабабкі Пёклы — засталося толькі гэтае імя, амаль зраўнаваны з зямлёю грудок на кладах і згадка пра тое, што прабабка страшэнна не любіла жоўтых кветак. Затое, хоць і страціўшы ўжо сваё імя, трывала ўвайшла ў няпісаныя дагэтуль аналы нашага роду ейная маці — гэта значыць мая прабабка з дзвюма прыстаўкамі «пра».
    Паводле маіх падлікаў, тое лета, у якое пры лесе ля капысіцкіх могілак стаяў цыганскі табар, было яшчэ за першым, царскім, прыгонам.
    Цыганяты займаліся экспрапрыяцыяй садавіны і яек. Цыганкі хадзілі па хатах, варажылі па руцэ і на картах, паказвалі розныя штукі: напрыклад, налівалі ў шклянку вады, перакульвалі яе на далонь, і вада не толькі не вылівалася, але хутка пачынала кіпець — за гэта гледачы мусілі разлічвацца кавалкам сала. Бывалі выпадкі, калі заварожаныя гаспадары выносілі смуглявым гасцям цэлыя кублы, шасткі з кілбасамі або рэшаты яек. Цыганы ж мужчыны, удзень не грэбуючы штукарствам, дачакаўшыся свайго цыганскага сонца, чынна скарачалі ў наваколлі конскае пагалоўе. Адзін з іх сярод гэтых клопатаў і атрымаў ад мае прабабкі нешта больш істотнае, чым рэшата яек.
    Кажуць, у такіх выпадках гены наймацней праяўляюцца праз некалькі пакаленняў. Баюся, што гэта праўда. Калі сустракаю цыганоў, душа мая трывожна і ўадначас соладка сціскаецца, і я нібыта чую ў ёй звон крышталёвых келіхаў. Раз-пораз кроў майго безыменнага
    чарнявага продка ўладна змушае мяне забыцца пра найпільнейшыя турботы і з’ехаць на колькі дзён проста ў свет, начаваць у гатэлях і на вакзалах ці, прынамсі, ад’ехацца на спадарожнай машыне на паўсотні кіламетраў ад горада і, закінуўшы рукі за галаву, да ночы ляжаць недзе пад стогам, сочачы аблокі.
    У мяне нядобрае вока: варта мне пільна паглядзець на чалавека, як ён — асабліва калі гэта жанчына — спатыкаецца. Цыганкі ніколі не бяруць з мяне грошай за варажбу. Што да іхніх прароцтваў, яны, нібы змовіўшыся, абяцаюць мне нейкую «наглую» смерць.
    Цыганкаю была і тая юная, кучаравая і ўмелая істота, якая зрабіла мяне мужчынам.
    Калі я бачу сучасны табар: пасцеленыя паміж вакзальных лавак коўдры, мурзатых дзяцей, маладзёнаў, што проста ў прыцемным кутку могуць адважна займацца любоўю, мяне часам перасмыквае, але насуперак усяму вусны ўсё адно шэпчуць немаведама калі і як запалыя ў памяць словы: «Лачо дывэс тумэн, гэ ромалэ!» — «Шчаслівай дарогі вам, цыганы!..»
    На цыганскім сучку абломваецца жаночая галіна мамінага радаводу і застаецца апошняя мая надзея і паратунак — маміны продкі па мячы.
    Прадзед Дзяніс, бацька дзеда Максіма, не вярнуўся з апошняе расейска-турэцкае вайны. Калі ў менскім храме Аляксандра Неўскага, што на Вайсковых могілках, я перачытваю імёны беларускіх воінаў ЗО-й артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палка, палеглых 18 ліпеня 1877 года пад Плеўнаю,— «Каноннры Іосіфь Вайшвіло, Іаковь Чнрка... Рядовые Іоаннг Гунька, Франідь Тваска, Стефань Комарь, Грнгорій Мурашка, Стефань Сысь...» — зазвычай на імені «Іосіфь Войннчь» ува мне пачынае звінець струна загадкавага хвалявання. Якая сувязь існуе паміж мною і гатым воінам? Магчыма, ён ваяваў разам з дзедам, спаў з ім побач на балгарскіх камянях, а магчыма...
    Хто скажа, што пераважыць на вагах гонару: смерць за свабоду іншага народа ці жыццё, аддадзенае за вызваленне свае зямлі? I ўсё ж невыказна горка ад таго, што ўжо два стагоддзі, як на першую з гэтых шаляў — за свабоду нашых далёкіх і блізкіх суседзяў — пакладзена беларускіх жыццяў нязмерна болей, чым за свабоду ўласную.
    Мой прапрадзед Баўтрамей, народжаны (паводле запісу на некалькіх, дзівам ацалелых старонках царкоўнае
    кнігі) у 1830 годе, меў ва ўзросце Хрыста магчымасць абраць другі з двух гэтых шляхоў.
    Якраз у тых мясцінах Прыдняпроўя дзейнічаў атрад Ігната Будзіловіча, пазней расстралянага царскімі карнікамі ў Воршы. Звабліва думаць, што Баўтрамей валіў тэлеграфныя слупы, вазіў па вёсках паўстанцкі маніфест чырвоных і з адчаем асуджанага на смерць біўся з казакамі 26 красавіка 1863 года ў няроўным баі пад Пагосцішчамі. Але верагоднасць гэтага досыць малая. Архіўныя дакументы сведчаць, што сярод прыдняпроўскіх беларусаў непараўнана болей было не тых, хто пайшоў пад штандары Касы-Будзіловіча і Тапара — паўстанцкага вайсковага начальніка Магілёўскага ваяводства Людвіка Звяждоўскага, а тых падманутых, што дапамагалі лавіць і забіваць інсургентаў, атрымліваючы ад улады пяць рублёў за жывога і тры за мёртвага.