• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    На беразе вірыўся вялікі збой гараджанаў. Тут былі і купцы, і рукамеслыя людзі ў магерках, і манахі ў даўгіх чорных рызах. Наперадзе тырчалі чырвоныя баярскія шапкі з сабалінаю ірхой. Богуш, націскаючы плячом, прабраўся наперад. Пры самай вадзе ляжалі двое мужчын з туга скручанымі скуранымі паскамі рукамі і нагамі: адзін — таўсматы і вірлавокі, другі — драбнаваты і вастраносы, з ускудлачанай галавой. Апранахі на абодвух былі разадраныя і прыпаленыя.
    Поруч з Богушам апынуўся той самы дзед, што прадаваў ляшча,— прыклыпаў са сваім вядром, з якога вытыркаў рыбін хвост.
    — Што за людзі? — напаўголаса запытаўся аршанскі майстра.
    Сусед аказаўся гаваркі.
    — Нямчыны-выведнікі, у нядзелю злоўленыя. Таўсты на Ганчарным канцы ў студню зелле сыпаў. Хацелі яго з той студні напаіць, дык так зубы сцяў, што мячом не расціснеш. Тады сабачку валачашчаму тае вады далі. Сабачка і пажыў, як Дзвіну на чоўне пераплысці. А гэтага,— кіўнуў дзед на ўскудлачанага,— Няжыла з Запа-
    * Даспех накшталт кальчугі, але зроблены з металёвых пластачак.
    ** Рыцары.
    лоцкага пасада злавіў. На пастой да Няжылы папрасіўся, а ў сне па-свойму гергетаць пачаў. Пад жаркім жалезам абое прызналіся.
    Богуш упіўся вачыма ў звязаных выведнікаў.
    — А кажуць жа, у князя Валодшы вечны мір з Рыгай,— зноў загаварыў ён да дзеда.
    — Мір,— пацвердзіў той.— Купцоў нямецкіх князь у крыўду не дае. Дружына іхні тавар вартуе. А выведнікаў наказана не літаваць.
    — Пасаднік! Пасаднік!..— пранеслася па натоўпе, і людзі расступіліся, даючы дарогу чатыром цівунам і пасадніку ў вавёркавым футры.
    Вастраносы кудлач, што дагэтуль ляжаў ціха, перакаціўся са спіны на бок, тварам да натоўпу, і тонкім пакутным голасам закрычаў:
    — Людзюхны, ратуйце! He нямчын я, людзюхны! Пятром мяне завуць. I бацька быў Пятро. Купец я з Друцка. Адстаў ад сваіх, хацеў на Вялікдзень у святую Сафію схадзіць. Жонцы і дзеткам хацеў пасвячонае ў Полацку яечка прывезці. Няжыла мяне апаіў і грошы забраў, а пасля нямчынам абвясціў!
    Збой прыслухаўся і пацішэў.
    — Пятро я. Хрыстом Богам прашу, не губіце бязвінную душу! — маліў вастраносы.
    Богуш глядзеў на яго, і на твары ў аршанскага лучніка не было шкадобы.
    Але знайшліся ў грамадзе і жаласныя сэрцы.
    — Можа, і праўда Пятро ён? — прамовіў нехта.
    — На агнёвым роспыце прызнаў сябе нямчынам! — гучна сказаў да людзей пасаднік.
    — Грэшны, не сцярпеў пакуты,— зноў падаў голас кудлач.— Сам на сябе нагаварыў.
    — Да князя паслаць! Няхай князь судзіць! — закрычалі ў натоўпе.
    — Другі ў князя клопат. Перавозчык паслоў у Бельчыцы павёз. Можа, і нашай ён крыві,— пасаднік паказаў нагой у зялёным боце на вастраносага,— ды ўсё адно пераветнік. А пераветнікаў князь Валодша загадаў судзіць скора.
    Збой незадаволена загудзеў.
    — Пятро я! — адчайдушна заекатаў кудлач.— Крыж буду цалаваць, што Пятро!
    У гэты момант нечакана загачарыў таўсматы выведнік. Ён сказаў толькі тры словы:
    — Яго імя Готфрыд.
    — He верце яму, людзі! — у смяротным жаху заверашчаў кудлач.— Бога ў цябе няма, лацінец пракляты!
    — У Дзвіну іх! — выгукнуў Богуш, і вакол таксама закрычалі: — У Дзвіну!
    Пасаднік махнуў рукой. Цівуны забілі выведнікам раты анучамі і пацягнулі абодвух да чаўноў. У вострых вачах аршанскага лучніка было змрочнае здаваленне. Грамада зноў загула, але ў гэтым гудзе ўжо не было шкадавання. Людзі пабеглі па беразе вышэй, каб лепей бачыць.
    — Далей адвозьцеі! — загадаў пасаднік.— A то вада спадзе, дык с...кі тырчаць будуць.
    Чаўны хутка выйшлі на самую строму. Цівуны, надзеўшы выведнікам на шыі пудовыя камяні, асцярожна, каб не выкуліцца самім, спіхнулі іх у каламутную імклівую ваду.
    — Hi воўк ваўка, ні змяя змяю не губіць, а чалавек чалавека губіць і радасць з гэтага мае,— пачуў аршанскі майстра. Гаварыў, хрысцячыся дрыготкай рукой, падстаркаваты манах.
    — Нядобра кажаш, мніх. He да такога чыну словы,— сурова азваўся нехта.— Самі яны свае душы загубілі.
    Збой ужо рассыпаўся, як па-над берагам разлёгся ўсцешаны жаночы крык:
    — Глядзіце! Глядзіце!
    На ўзвозе зарагаталі. Богушавы вусны таксама расцягнуліся ў міжвольнай усмешцы.
    Хтосьці, відаць, нейкі весялун з княжых вотчын, што стаялі вышэй горада, пасадзіў на крыгу жарага, як агонь, пеўня. Крыгу несла па самым быстраку, а небарака-певень на пацеху разявакам мітусіўся на сваім хісткім прыстанку і раз-пораз пачынаў махаць крыламі, нібы збіраўся пераляцець на трывалае месца. Але да зямлі было не меней траціны палёту стралы. Жарага гарапашніка згледзелі і на чаўнах. Пад радаснае галёканне берага весляры павярнулі і ўзялі напярэймы крызе. Людзі не разыходзіліся, пакуль уратаванага пеўня не выпусцілі на траву.
    Пасля гэтых прыгодаў Богушавы пасталы адмералі яшчэ не адно попрышча па драўляным насціле вузкіх вулак дзядзінцы, па Вялікім пасадзе і вакольным горадзе, дзе дамы стаялі трохі вальней, а ў блізкіх гародах ужо прабілі зямлю першыя стрэлкі цыбулі. Адвячоркам лучнік маліўся ў царкве за Чорным ручаём і паставіў
    свечку перад абразом Багародзіцы. А калі на горад апусцілася знобкае красавіцкае сутонне, Богуш, распытаўшы перад тым, дзе жыве кастапраў Даніла, пераехаў у ціхае Запалоцце і пастукаў у дзверы моцнай хаты над Палатой. Пастукаў адмыслова: два разы гучна і тры — прыцішана.
    3
    Валодша адкінуў мяккую лісіную коўдру і сеў на краі шырокага ложа. Княгіня Звеніслава спала, звыкла падклаўшы пад шчаку далонь. Заснула залагоджаная, усцешаная, што сёння муж рана прыйшоў ад застоліцы.
    Князю не спіцца, і, відаць, сон ягоны заблукаў недзе надоўга. Думна ў князевай галаве, неспакойна на сэрцы. Уваччу яшчэ стаіць гаворка з пасламі, у зацішнай пачывальні гучаць іхнія галасы: адрывісты і хрыпаты — чудскага старэйшыны і малады, звонкі — тлумача, маці якога была крывічанкаю.
    — Наша неба не сіняе, як мора і азёры, а чорнае ад хаўтурных вогнішчаў. Крыжакі забілі столькі воінаў, што я ўжо не памятаю, хто жывы, а хто склаў галаву. Нашы жанчыны выплакалі вочы, а мужчынам ад частых трызнаў мёд здаецца горкім, а піва салодкім.
    Старэйшына гаворыць ціха, вялікія рукі супакойна ляжаць на каленях, але зялёныя вочы на парослым сівым шчаціннем твары гараць такою лютасцю, што нават ён, Валодша, які забраў сваім мячом жыццё не ў аднаго дзесятка ворагаў, не хацеў бы сустрэцца з гэтым чалавекам у сечы.
    Першыя паслы з Чудскай зямлі прыйшлі ў Полацк на Вадохрышча, у самыя лютыя маразы, калі мядзведзь пераварочваецца ў берлагу на другі бок. На мірныя паселішчы эстаў наляцелі немцы з атрадамі перавернутых у новую веру ліваў. Мужчын забівалі на месцы, а жанчын, дзяцей і гавяду гналі ў Лівонію. Дзесяць дзён эсты адбіваліся ў замку, а на адзінаццаты, калі з абложнае вежы нямецкія латнікі з лукаў і прашчаў перабілі палову абаронцаў, мусілі скарыцца: пусцілі ў замак лацінскага святара і аддалі немцам у заложнікі снноў сваіх старэйшын. Паслы прасілі полацкага князя ісці на Рыгу, а самі абяцалі паўстаць і цясніць вайной ліваў і летаў.
    Новыя паслы скардзіліся, што суддзі, якіх шлюць немцы ў скораныя землі, дбаюць не пра справядлівасць, а пра сваё багацце. Эсты не хачуць плаціць дзесяціну, 252
    не хочуць карміць святароў і хадзіць з немцамі на вайну, каб потым цярпець помсту ад суседзяў. Чудзіны зноў прасілі ў Полацка падмогі. Ён, Валодша, прыняў іх ласкава, ад сваіх ранейшых слоў не адмаўляўся, але не гэтых паслоў ён чакаў, не гэтых.
    На поўню наплыла хмара, і ў вакне князь бачыў толькі вогнішча з чорнымі постацямі ваяроў са зменнай начной варты. Але ён ведаў, што вунь там, праваруч, падняты на ноч мост цераз роў, там і там — вялізныя, укапаныя ў зямлю медныя катлы дзеля вару, які пальецца на галовы тым, хто адважыцца напасці на Бельчыцы. Харчу і вайсковых запасаў у складах хопіць хоць на два гады аблогі. Ды ўсё гэта не магло развеяць нялёгкіх князевых дум.
    Валодша прачыніў вакно, і ў пачывальню пацёк волкі начны халадок з лёгкім пахам дыму.
    Трыццаць гадоў носіць ён гэтыя думы ў сабе, трыццаць гадоў яны падпільноўваюць яго, каб у адну з начэй зноў прыціснуць сэрца каменем-жарнавіком, і з кожным годам камень гэты робіцца цяжэйшы і цяжэйшы. Але мудра пісана ў кнігах: «Хто, рабуючы чужое, будуе на тым дом свой, той складае яго на лёдзе. Прыйдзе вясна, і сплыве дом за мора».
    Неразумна ўсё жыццё вінаваціць сябе, але хіба забудзеш, што калісьці як дарагіх гасцей прымаў людзей з чорнымі душамі, якія ў сэрцы сваім хацелі пагібелі і яму, і ўсёй Полацкай зямлі.
    У тое ж лета, як ён сеў на полацкі пасад, у горад прыйшоў па Дзвіне разам з брэменскімі купцамі першы лацінскі манах. Быў ён у падшытай ветрам лапленай сутане і выгляд меў такі, быццам ніколі не еў уволю хлеба. У княжым хораме заморскі госць трымаўся цішэй за халопа, толькі бесперастанку маліўся і праз тлумача прасіў аднаго: дазволу прапаведаваць слова Божае ў падуладнай полацкаму князю зямлі ліваў.
    Полацку здавён не надта рупіла, што яго даннікі моляцца не ў цэрквах, а ў святых гаях і дубровах; іхнія багі любілі мяса аленяў і тураў, а найлепшым пачастункам была ім кроў палонных чужынцаў. Але ён, Валодша, даў манаху згоду, бо полацкія купцы нашэптвалі, што маюць добры гандаль у Брэмене і Любеку. Мала таго, на адвітанне ён адарыў ціхмянага госця кунамі і вавёрыцамі са сваіх кладовак.
    Там, дзе Дзвіна сканчвае шлях да мора, манах паставіў царкву і пачаў хрысціць ліваў паводле лацінскага
    абраду. Увёўшы лівам у вушы, што хоча абараніць іх ад набегаў, ён прывёз нямецкіх муралёў і збудаваў замак. Хутка замак стаяў ужо і ў суседнім Гольме, а ціхмяны манах стаў біскупам. Даніна ў тую пару ішла ў Полацк яшчэ па-ранейшаму спраўна, як і дзвесце гадоў дагэтуль, аднак ён, князь, разумеў, што замкі бароняць не ліваў, a немцаў. Усё часцей ён думаў, што памыліўся і за памылку гэтую давядзецца плаціць вялікай крывёй.
    Яго пабойванні спраўдзіліся скора. Стары біскуп памёр, а новы да полацкага князя ўжо не паехаў. Прыкрываючыся Божым словам, немцы сталі адбіраць у ліваў зямлю. Папа ў Рыме ўжо абвясціў адпушчэнне грахоў усім, хто нашые крыж і пойдзе служыць у біскупава войска на беразе Варажскага мора. Полацкія купцы прывезлі навіну, што папа і нямецкі кесар прыраўнялі паход у Лівонію да крыжовых паходаў у Палесцінскую зямлю. Праўда, новаму біскупу сонца свяціла туг нядоўга. У бітве спалоханы конь занёс яго ў гушчу ліваў; двое схапілі ненавіднага крыжака за рукі, а трэці працяў яго дзідай. Ён, Валодша, дагэтуль памятае імя гэтага трэцяга — Імаўт. Выведнікі данеслі, што пасля смерці біскупа лівы доўга мыліся ў лазнях, змываючы там, а потым у дзвінскіх водах лацінскае хрышчэнне. Яны пілі хмельны мёд, зрывалі з дрэў укрыжаванні і пускалі іх на плытах у мора. Але ён прыняў гэтыя навіны без вялікай радасці, бо ведаў, што рыцары вернуцца.