• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    Па паглядным князевым твары ў аздобе густых кучаравых валасоў знячэўку прабег цень. Валодшу ўспомнілася, як учора пасля вячэрні гутарыў з ігуменам Лукой. Трасучы ад злосці сівой казлінаю бародкай, шчупленькі Лука выгаворваў князю, што не ў адных святых Барыса ды Глеба з бельчыцкага храма просяць ягоныя кметы ратнай удачы. Манахі высачылі, што ўначы людзі з дружыны таемна пераплываюць на чоўне раку і прабіраюцца на старое капішча каля Валовай азярыны, дзе яшчэ Рагвалодаў унук князь Ізяслаў паліў паганскіх ідалаў. Ён, Валодша, пераказаў ігуменавы словы ваярам. Гаварыў сувора, углядаючыся ў вочы, але шукаць вінаватых не стаў. He той час, каб сварыцца з дружынаю. Відаць, сёй-той здагадваецца, што не просты паход збірае ён цяпер. Можа, таму і ходзяць на паклон да даўнейшых багоў. Дый сам грэшны, таксама таптаў сцежку да заклятае азярыны. Хоць і даўно тое было, ды, пэўна, ведае ігумен пра грэх. Але не толькі таму чарнарызец так барадою трос. Князь сам сабе ўсміхнуўся. «Рысь стракатая ізвону, а чалавецы лукавыя знутры». Гэта нагадвае яму Лука, што дакляраваў адпісаць манастыру запалоцкі поплаў, а спраўдзіць не спяшаецца. Мала ім трох весяў са смердамі. Цяпер не выкруцішся, трэба на ігуменаў гнеў, як на хвалі, алею выліць. 3 ім вадзіцца таксама не след, дасць Бог, будзе лепшая пара.
    Князь пазваніў у званец, і ў два мігі на парозе вырас халоп з рукамыем заморскае работы. Скінуўшы апратку, Валодша залез у вялізную ліповую балею і з насалодаю падставіў крутыя рамёны і ўсё вялікае, гарачае яшчэ
    * Целу, рукам і нагам.
    цела пад сцюдзёны струмень з меднай ваўчынае пашчы. Ён радаваўся вадзе і пялёхаўся, як малое дзіця.
    — Глядзі, куды льеш! — нязлосна, але зычна крыкнуў на халопа, і той з перапуду бухнуўся валадару ў ногі.
    — Хрэсціцца раб Божы Мікола,— гундоса і нараспеў, удаючы ігуменаў голас, прамовіў Валодша і выплюхнуў на саламяную халопаву галаву рэшту вады з рукамыя.
    — He гневайся, княжа...— цягнуў, лежачы ў лужыне, халоп.
    — Калі гневаюся, не ваду лью,— памяркоўна сказаў князь.— Давай ручнік і накажы, каб шукалі Барыску. Няхай да мяне ў святліцу ідзе.
    Хутка русявы прычасаны Барыска ўжо стаяў у дзвярах і церабіў крысо чырвонага каптанчыка. Было відаць, што і твар і рукі малому вымылі кагадзе. He вытрымаўшы дапытнага позірку шэрых бацькавых вачэй, хлопчык утупіўся ў маснічыну.
    «Падрос Барыска, у плячах пачаў гэтай вясною шырэць. Ваяр расце»,— падумаў князь. Падумаў з цеплынёй, што заўсёды агортвала душу, калі быў з сынам, але ўголас сказаў строга:
    — Нягожа, князь Барыс, вочы долу апускаць. Полацкія князі не ў зямлю, а ў неба глядзець мусяць. I не ў парозе іх месца. Хадзі бліжэй!
    Барыска нясмела падышоў.
    — Дзяк казаў, да навукі ты дужа здатны. Даўно паглядзець збіраюся, чаму ён цябе навучыць паспеў.
    Княжыч заліўся чырванню, але пазіраў ужо без боязі.
    — Ну-тку скажы, якое цяпер лета ад стварэння свету?
    — Лета шэсць тысяч семсот дваццаць чацвёртае*,— як па пісанаму адмалаціў Барыска.
    «Славаю ці ганьбаю маёй застанецца яно ў летапісах?» — укалола князя раптоўная думка, але ён не даў ёй волі.
    — А лічыць ці добра ўмееш? — працягваўся іспыт.— Ёсць у мяне пяць крэчатаў, а як выпушчу я іх, саб’е кожны па дзве белыя лебедзі. Колькі будзе лебедзяў?
    — Два разы па пяць, а разам дзесяць, як пальцаў на руках,— не задумваючыся адказаў Барыска.
    — Гожа.
    * Паводле сучаснага летазлічэння — 1216.
    Князь узяў з падваконца кнігу ў багатых абкладах, адплікнуў залачоную засцежку і прывычна знайшоў «Сказанне аб Індыйскім царстве», якое любіла першая жонка-нябожчыца.
    — Чытай!
    — «Царства маё такаво,— бойка пачаў Барыска.— Ісці на адну старану дзесяць месяцаў, а на другую няможна дайсці, бо саткнуліся там неба з зямлёю. Ёсць у мяне ў адной зямлі людзі немы, а ў другой зямлі людзі рагаты, а ў іной людзі трохногі, а іныя людзі дзевяці сажняў, іжэ суць валатове...»
    — Лепа,— пахваліў князь.— А можа, на памяць зацвердзіў, як малітвы, га? — Ён успомніў, як некалі, на пачатку вучэння, сам рабіў гэтак, каб байчэй атрымлівалася, калі бацька скажа пачытаць гасцям.
    Княжыч закруціў галавой, і Валодша пашкадаваў, што скрыўдзіў сына, але, нахмарыўшы бровы, перагарнуў старонку і паказаў:
    — Вось тут чытай.
    — «Ёсць у маёй зямлі пеўні, на іх людзі ездзяць,— упэўнена разбіраючы цітлы, чытаў Барыска.— Ёсць у мяне птушка нагой, уе сабе гняздо на пятнаццаць дубоў. Ёсць у маім царстве птушка фінікс, звівае сабе гняздо на ноў месяц і прыносіць агню нябеснага і сама паліць гняздо сваё і сама тут згарае і ў тым попеле зараджаецца зноў і пер’ем абрастае, а плоду няма ад той птушкі, а жыве яна пяцьсот лет.— Ад старання на носе ў хлопчыка выступілі расінкі поту.— А пасярод майго царства плыве рака Эдэм з раю, у той рацэ емлюць дарагія камні акінф, і самфір, і памфір, і ізмарагд, сардзік і аспід, цвёрд жэ і, які вугаль, гарыць...»
    Барыска перавёў дых і, пэўна, таму, што ніводнага разу не збіўся, насмеліўся запытаць:
    — Няўжо гэта праўда ўсё, тата?
    — Багата дзіўнага, сыне, ёсць на Божым свеце. A каторыя дзівосы і самі людзі вымыслілі, каб пацеху з таго мець. Склалі гэтую кнігу ў Грэках, а тлумачаная яна і перапісаная вучонымі мніхамі па ўказе нашай князёўны Прадславы Святаслаўны, у манастве найпадобнейшай Ёўфрасінні. Казаў табе дзяк пра яе?
    — Казаў. Помніць, як у святы град Ерусалім яе праводзілі. Чытаць далей?
    — Чытай, чытай...— няўважліва адгукнуўся спахмурнелы раптам князь.
    Хутка і яго Полацк правядзе. Ці паслухае ён пераможную ютрань у Сафіі? Еўфрасіння дадому не вярнулася. Можа, і ў ягонай кнізе лёсу тое ж запісана? А калі не вернецца, хто на полацкі пасад сядзе? За душу ўзяла крыўда невядома на каго. 3 першаю жонкай не было дзяцей, а сыны, што Бог даў са Звеніславаю, яшчэ ў такіх летах, што наперад не загадаеш. Барыску нядаўна толькі грамаце вучыць аддалі, а Глеб зусім малы, ад зямлі меч не адарве.
    — «Есць у мяне палата злата, а ў ёй ёсць зярцала праведнае, стаіць на чатырох слупах златых. Хто зрыць у зярцала, той бачыць свае грахі, якія сатварыў ад маладосці. Блізка таго і другое зярцала, скляное...» — чытаў Барыска.
    — Досыць, сыне,— адарваўся ад нялёгкіх думак князь.— Бачу, недарма дзяк мой хлеб есць. А скажы, у ваярскай справе як паспеў? 3 лука ці гожа б’еш?
    — За дваццаць сажняў у маладую бярэзінку пацэлю. А меч Ратмір не дае.
    — Чаму?
    — Кажа,— збянтэжыўся Барыска,— пуп развяжацца.
    — А што, не развяжацца? — засмяяўся князь, трасянуўшы шорсткімі русымі кудзерамі.
    — He! — цвёрда сказаў хлопчык.
    — Ладна, загадаю, каб даваў табе меч.
    — Тата,— зусім асмялеў Барыска,— а ці хутка мяне на вайну возьмеш?
    У князя зашчымела сэрца. Усплыло на памяць, як самога бацька ўпершыню ўзяў у набег, як першы раз пачуў посвіст чужынскай стралы... Ён прыгарнуў малога да грудзей, правёў калянай даланёй па ядвабных сынавых валасах. Дзве макаўкі ў Барыскі на галаве, як і ў яго самога. Кажуць, шчаслівы знак.
    — Хутка, сыне. Чатыры леты засталося. Такі ўжо ў князёў крывіцкіх няпісаны закон: у тры гады сына на каня садзіць, у сем аддаваць у навучанне грамаце, а як міне дванаццаць — можна княжыча і на вайну браць.
    — Чатыры леты...— расчаравана працягнуў хлопчык.— Тады хоць у пацешную вайну навучы, што з Віславусам гуляеш.
    — Ну, на такую вайну табе ўжо можна. Калі хочаш, зараз і паваюем.
    — Хачу! — успыхнулі ў княжыча вочы.
    Валодша ўзяў з паліцы куфэрак са слановай косці і высыпаў на сталец дзве жмені жаўтлявых касцяных фігурак. Стальніца была не простая — папераменна выкладзеная кавалачкамі светлага і цёмнага дрэва.
    — Вось гэта ратнік.— Князь паставіў на светлае поле першую прысадзістую фігурку ў шаломе і з барабанам у руках.— Ідзе ратнік на бітву адно ўперад, назад яму дарогі няма.— «Назад яму дарогі няма»,— міжволі паўтарылася ў князевых думках.— А гэта ладдзя, мяно ёй таксама насада...
    У святліцу зайшоў ваявода Віславус. Быў ён круглатвары, з кароткай барадой і сінімі вачыма, яшчэ ManaAbi, але трымаўся паважна, не раўнуючы як пажылы баярын. 3 хвіліну ён чакаў, але князь так улёг у гульню, што не чуў ваяводавых крокаў. Тады Віславус керхануў у кулак і, пакланіўшыся, загаварыў:
    — Новыя паслы ад чудзі прыйшлі, княжа...
    2
    Тры вялікія стругі пад белымі ветразямі прысталі побач з дзядзінцам, акурат там, дзе Дзвіна прымае ў свае берагі павольную Палату. Наладаваныя футрам і воскам караблі прывялі віцебскія купцы, што ўпершыню пасля зімы кіраваліся водным шляхам у Рыгу. Разам з імі сышоў на бераг рослы падхорцісты чалавек у свіце з грубага сукна. Два дні таму ён, не таргуючыся, заплаціў купцам паўгрыўні, каб давезлі да стольнага Полацка. Назваўся аршанскім майстрам-лучніком Богушам. Едзе па навуку да полацкіх майстроў, бо чуў: іхнія самастрэлы за сотню крокаў прабіваюць нямецкую браню, нібы тую кляновую дошчачку.
    Богуш прыгладзіў узбунтаваныя ветрам бялявыя валасы, тройчы перахрысціўся на сафійскія крыжы і рушыў па гразкім пасля ўчарашняга дажджу ўзвозе да торжышча. Гадоў аршанскі майстра меў за тры дзесяткі, ногі ў новых пасталах ступалі лёгка, а на плечуку на выслізганай да бляску кульбе вісела радняная кайстра.
    На таргу ён купіў падрумянены пірог з заечынай і, памалу адкусваючы, прайшоўся паміж паўпустых у будны дзень прылаўкаў. Спыніўся каля дзеда, што гандляваў рыбаю, прыцмокнуў языком, кінуўшы вока на ляшча, які не ўтаптаўся ў драўлянае вядро. Падзівіўся на двухгаловых хвастатых звяроў, што шчэрыліся з калча-
    наў. Прыслухаўся да размовы двух дружыннікаў у дашчатых бронях* і адразу неяк наструніўся. Ваяры гаманілі, як учора на княжых борцях злавілі пчаладзёра.
    — Прывялі таця ў церам,— апавядаў старэйшы векам дружыннік,— дык на калені заваліўся і якоча: «Памілуй, княжа, не ведаў я, што твой мёд краў!» А князь рачэ: «А хіба не ведаў ты, што мёд гэты не твой?»
    Воі засмяяліся.
    — I піўцом князь пачастуе, і слаўцом.
    — А ці ведаеш, рачэ князь,— працягваў старэйшы,— што над табой немцы ўчынілі б? Галавой — у лазьбень з мёдам, і пі, пакуль душа не адляціць.
    Богуш на крок адступіў, але слухаць стаў яшчэ ўважней.
    — Ага,— згадзіўся малодшы.— Чалавек з леціголы баяў. Рытары** ў іх борці адабралі, а пчаляроў у мёдзе патапілі.
    Неспадзеўкі на торжышчы ўсчаўся крык. Усе, хто мог, рынулі да ракі. Прылаўкі ўмомант апусцелі, каля свайго тавару засталіся адно ганчар з бондарам.