Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
Мяркуючы па імёнах, якія захаваліся ў матчынай праваслаўнай Капысіцы да сёння — Баўтрамей, Домна, Якуб, Базыль, Цыпрыян,— мае продкі па кудзелі былі, бясспрэчна, уніятамі, або, дакладней, грэка-католікамі ці католікамі ўсходняга абраду. Як падлічыў адзін наш паважаны гісторык, напрыканцы XVIII стагоддзя да Уніі належала болей за тры чвэрткі жыхароў Беларусі, у праваслаўі ж заставалася толькі каля шасці працэнтаў. Такім чынам, мае суродзічы слухалі казані, спявалі і гаманілі ў храме са святаром па-беларуску. Яны ані не здагадваліся пра антынародную сутнасць уніяцтва, што пагражала беларусам знікненнем, ад якога іх выратаваў, вядома ж, цар-бацюхна з памагатымі, у 1839 годзе перагнаўшы цэлы народ у расейскае праваслаўе, што вельмі хутка не пакінула ў храмах анічога беларускага.
На памятку пра царкоўнае «ўз’яднанне» па ўказе імператара Мікалая I быў выбіты вялікі медаль з вобразам Спаса Нерукатворнага і надпісам: «Отторгнутые наснлнем (1596) возсоедннены любовію (1859)». Аб гэтай любові мог бы распавесці нам беларускі хлопчык з-пад Гародні, якога, як паведамляў у сваім «Колоколе» Аляксандр Герцэн, хвасталі бізунамі, пакуль на трэцяй сотні ўдараў не прыняў прычасця ад праваслаўнага папа.
Мусіць, нешта ведаў пра тую любоў і мой продакрыбар, што прыстасаваў царска-праваслаўную рэліквію пад грузіла. Разам з тым няма сумневу, што гэтая «любоў», мэтаю якой было духоўнае заняволенне і пера-
раджэнне нашага народа, дала плён ужо ў наступным пакаленні, дапамагаючы беларускім мужыкам праз нейкія два дзесяткі гадоў зарабляць крывавыя царскія траякі і пяцёркі.
Я набліжаюся да пачатку мінулага стагоддзя, і свечка сямейнага падання, што асвятляе мне шлях, пакрысе ператвараецца ў маленькі агарак. Але перш чым патухнуць, зліўшыся з няпамяццю, яна яшчэ раз успыхвае, вырываючы з цемры апошняе імя — Баўтрамеевага бацькі Цыпрыяна.
Калі адкінуйь відавочна легендарныя звесткі пра тое, што Цыпрыян «адбіў у пранцуза самога Кутуза» і пасля быў узяты да яго за кухара, бо рабіў надзіва смачныя, пханыя пальцам кілбасы (прычым генерал-фельдмаршал так яго любіў, што нават вазіў з сабою па тэатрах), дык атрымаецца, што мой прапрапрадзед нарадзіўся недзе паміж першым і другім падзеламі Рэчы Паспалітай. Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы ўжо былі захопленыя Расейскаю імперыяй, і Беларусь, што ніколі не ведала рэкруцкіх набораў (бо Вялікае Княства Літоўскае мела прафесійнае войска), пачала спраўна пастаўляць юнакоў спачатку на пажыццёвую, а потым на мала чым ад яе адрозную 25-гадовую царскую службу. Дарэчы, пад час напалеонаўскага нападу ў расейскім войску служыла, паводле некаторых падлікаў, не меней за 50 тысяч беларусаў. He нашмат меней было іх і пад сцягамі французскага імператара.
Што да супольных з генерал-фельдмаршалам паходаў майго продка па тэатрах, дык, можа стацца, згадкі гэтыя не зусім і легендарныя. Ці не захавалася ў іх памяць аб прыгонным тэатры графа Зорыча, якому з 1788 года належаў недалёкі ад Капысіцы павятовы Шклоў? У Зорычавым тэатры наладжваліся паказы алегарычных балетаў з хорамі, міфалагічных пантамім, камедый і трагедый, камічных опер і феерый. Імёны шасці актораў са шклоўскае трупы можна знайсці ў Беларускай энцыклапедыі. Чаму б не ўявіць, што мой продак Цыпрыян трапіў на нейкую з тых камедый ці феерый? I ці не ў тыя часы ўзнікла ў матчынай радзіне трывалая прыхільнасць да тэатральнага мастацтва, якую нядаўна пацвердзіў абураны ліст аднае з маіх цётак. «Ты там, дзетка, у сваім Мінску,— пісала цётка, па засвоенай у школе завядзёнцы пагарджаючы знакамі прыпынку, якія я расстаўляю толькі цяпер,— схадзі ў
ваш тэатр і скажы, што калі прыйшоў чалавек у клуб на пастаноўку прыабшчыцца, як той ваш міністр па цілівізары казаў, к сталічнаму іскуству, дык няхай яго ў клуб пускаюць і ў ботах, і ў кухвайцы, бо ён, чалавек гэты,— тружаніца, і ў клуб адразу з фермы прыйшла, a на ферме ў нас гардзяробаў нямашака, бо каровы калгасныя могуць з галадухі ўсе нашыя гардзяробы за малінку з’есці».
За прапрапрадзедам Цыпрыянам пачынаецца сцяна непрасвяцімае цемры, у якой бясследна губляюцца карані майго радаводу; пра крону ж, спадзяюся, паклапоцяцца мае сыны і ўнукі, калі, вядома, не ўмяшаецца кашчавая рука Чарнобыля.
Апошняе, пра што, улучыўшы нагоду, хачу тут сказаць,— адкуль у мяне расейскае прозвішча.
Найперш пакаюся, што быў час, калі я зусім паважна меўся перамяніць яго на іншае і нават пачаў падпісваць тым, іншым, свае літаратурныя практыкаванні. На шчасце, Бог утрымаў мяне ад больш рашучых захадаў, і я не зняважыў памяці вядомых і невядомых мне продкаў, якія мелі гэтае прозвішча і большасць якіх, хочацца верыць, належала ўсё ж да людзей сумленных.
Што датычыць самога прозвішча, дык трэба пачаць з таго, што, калі Расея захапіла нашы «нсконно русскне» землі, Кацярына II, а потым ейны сын Павел I «пожаловалн» тут свайму дваранству 208,5 тысячы душ «мужеска полу». Такім чынам, блізу паўмільёна беларусаў сталі прыгоннымі расейскіх памешчыкаў, нібы менавіта ў гэтым была адвечная мара нашага народа, які, паводле нашых афіцыйных герадотаў, ніколі не меў большага клопату, як чакаць з усходу вызваліцеляў. Нават пасля таго, як Іван Грозны вызваліў Полацк ад палачанаў, a ваявода Шарамецьеў — Мсціслаў ад мсціслаўцаў. Нават пасля таго, як у сярэдзіне XVII стагоддзя ў войнах з Маскоўскай дзяржавай за няпоўныя пятнаццаць гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася ў два разы. Нават пасля таго, як у тым самым стагоддзі былі перапоўненыя палоннымі беларусамі астраханскія нявольніцкія рынкі, дзе «вызваліцелі» прадавалі нашых продкаў у рабства па тры рублі за галаву.
Былы Сенненскі павет, адкуль родам мой бацька, уваходзіў у Магілёўскую губерню, у якой дзесяткі вёсак і
тысячы прыгонных атрымаў адзін з фаварытаў расейскае імператрыцы граф Арлоў. Вядома, часам мяне апаноўвае спакуса вывесці свой радавод менавіта ад яго. Канчаткова не закрэсліваючы і гэтую версію, мушу зазначыць, што, пэўна, усё было больш банальна, бо ў роднай бацькавай вёсцы Арловы жывуць амаль у кожнай хаце. Маю спадзяванне, што сыны парупяцца, каб людзей з гэтым прозвішчам не менела.
Mae бацькі большую частку свайго свядомага жыцця, прынамсі, пасля таго, як пакінулі вёску, на мове сваіх бацькоў не гаварылі. Mae сыны-месцічы, калі былі малыя, пачыналі гаварыць на розных з бацькамі мовах якраз пасля летавання ў вёсцы, дзе іх старанна вучылі «пагарадскому».
Тут я чамусьці — не сказаць, каб вельмі дарэчы — прыгадваю знаёмага кінарэжысёра, што аднойчы, гады тры таму, на падпітку наракаў на сваё цяжкое жыццё.
— Разумееш, Валодзя, колькі жанчын у мяне было, і хоць бы адна ў ложку слова па-беларуску сказала.
Я суцешыў гаротніка тым, што ўбіраюцца ў сілу працэсы нацыянальнага адраджэння. I не памыліўся. Сустрэўшы мяне днямі (хацелася напісаць: на вуліцы, але буду шчыры — у бары менскага Дома літаратара, там, дзе ўвесь час сядзіць паэт А. Сыс), маэстра з пачуццём, так бы мовіць, нацыянальнага задавальнення, усцешана паведаміў, што ў ягоныя абдымкі (відаць, паводле тэорыі імавернасці) пачалі ўжо трапляць і нацыянальна свядомыя прадстаўніцы прыўкраснай, як пісаў незабыўны Уладзімір Караткевіч, паловы нашага народа.
На дварэ ўсчынаецца крык, і я падыходжу да вакна. Вакол жоўтае цыстэрны з півам (па-мясцоваму — свінаматка) віруе натоўп (па-мясцоваму — пленум). Мой сусед, ужо яўна і даўно размяняўшы пазычаны чырвонец, адпіхвае ад цыстэрны старога з бітончыкам.
— Подумаешь, удостоверенне! У нас у каждого по десять удостовереннй! У меня вон дед — герой борьбы за Советскую власть. Врагов народа от справедлнвого гнева товаршца Сталнна в ГУЛАГе охранял! А другой дедуля у Булак-Балаховнча за наше светлое будуіцее бо-
ролся. Нацноналнст проклятый! А ты ко мне co свонм удостовереннем лезешь. Я тебе русскнм языком сказал: сховай удостоверенне!
Вяртаюся да стала, каб дапісаць апошнія словы.
Мяркуйце самі, як абышліся б са мною продкі-крывічы.
А з вамі, шаноўныя?
Думаю, шанцы ў нас прыкладна аднолькавыя.
А таму — ці не паспрабаваць скласці радавод і вам?
1990
ДЗЕНЬ, КАЛІ ЎПАЛА СТРАЛА
1
Па высокай дзвінскай вадзе плылі ў мора апошнія крохкія крыгі. Сівы, у яблыках конь, спынены на самай строме, пудка пераступіў нагамі, але вершнік злёгку сціснуў яму бакі, і сівы супакоіўся. Застыўшы ў сядле, князь Валодша глядзеў на горад за ракой. Над нізкімі пасадамі, насупроць амаль схаванай паводкаю выспы, што ляжала леваруч князя, падымаліся ўжо кранутыя зелянінаю валы дзядзінца, а яшчэ вышэй плылі па небе ў лазуркавую далячынь сем вярхоў Сафіі. Зазванілі да палудніцы. Першы ўдарыў па сонечнай цішы сафійскі званар. Яму адразу адказалі Спас-Еўфрасіння і Бельчыцы, а трохі счакаўшы, уступілі ў перазовы астатнія манастыры і цэрквы. Нейкі званар весела зачасціў, але, як быццам узгадаўшы, што не такія цяпер часіны, каб бесклапотна тузаць за вужоўкі, асадзіў сябе, і ягоны звон таксама загучаў няспешна і разважліва.
Шматгалосая размова званоў нараджала ў душы ў князя дзіўнае пачуццё, у якім спакойная вера, што гэты крывіцкі горад будзе стаяць над Дзвіною давеку, спляталася з адчуваннем незвычайнай дужасці, з юначым жаданнем зліцца з канём і імчаць па далёкіх дарогах, чуць вецер у вушах, спаць адным вокам каля лясных вогнішчаў... Пачуццё было такое моцнае, што князь радасна разгубіўся. Яшчэ колькі імгненняў ён глядзеў на магутную рачную плынь, на тры стругі пад белымі вятрыламі, што падыходзілі да дзядзінца, і раптам рэзка павярнуў сівага і наўскапыт паляцеў па разложыстай лугавіне.
Толькі ва ўмывальні, скінуўшы кальчугу і на хвілю прысеўшы на шырокі ўслон, ён адчуў, як гудуць ад стомы рукі, як ные левая нага, зачэпленая некалі ў сечы літоўскай суліцай. Але стома была не прыкрая, а ўсцешлівая. Князь ведаў, што заўтра ўранні зноў, поўны спрыту і маладой моцы, у кароткай кальчузе і шаломе з барміцай, выйдзе на ганак з разьблёнымі балясамі, і дружына
так выгукне «Слава князю Валодшу!», што ва ўсім наваколлі на момант здзіўлена замоўкнуць жаўрукі.
Другі месяц князь не дае спачыну ні сабе, ні дружыннікам. Нават ваявода Віславус і той дзіву даецца, як улёг ён у ратныя забавы. «Не маладзён ты ўжо, князь,— сказаў неяк ваявода,— не дваццаць табе летаў. Дай удам* перадых». Валодша адно засмяяўся і па-ранейшаму дзень пры дні выводзіў дружыну на падсохлую галявіну за сцяною княжага двара, што стаяў на левым беразе Дзвіны, у Бельчыцах. Як і ўсе, браў князь у рукі адмысловы тупы меч, страляў з лука, кідаў у дубовага, глыбока ўкапанага ў зямлю балвана цяжкую дзіду, цэлячы то ў голаў, то ў грудзі, і не бачыў, але адчуваў ухвальныя позіркі Віславуса і ваяроў.