Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
Бабуля часта апавядала, які добры быў да людзей пан з суседняе вёскі, у якога яна служыла ў маладосці пакаёўкаю. Думаю, што гэтыя чуллівыя прыгады можна збольшага вытлумачыць пазнейшым шчаслівым жыццём у Kanrace, але нават у самой панскай мянушцы — Брынка — мне, далібог, чуецца нешта прыязна-чалавечае, чаго і з самай вялікаю фантазіяй не скажаш пра ацалелыя ў памяці старых вяскоўцаў мянушкі двух першых старшыняў тамтэйшага калгаса — Раўло і, перапрашаю, Галасрака.
Неўзабаве пасля рэвалюцыі бабуля Аўгіння ледзь не загінула.
Тады ў капысіцкае наваколле нейкім ветрам занесла цыркавых артыстаў — мусіць, ратаваліся ад чырво-
ных ці белых з блізкіх Магілёва або Воршы. Адны старыя капысічане згадваюць цяпер, што ў цыркачоў былі мядзведзі, другія гатовыя пабажыцца, што бачылі плявучых вярблюдаў і нават сланоў, але ўсе добра памятаюць, што сярод артыстаў былі зусім маленькія людзі, якіх у Капысіцы дагэтуль называюць словам «місцюкі» (магчыма, яго трэба лічыць адпаведнікам расейскага «лнлнпуты»),
Гнаны рэвалюцыйнымі віхурамі цырк падаўся далей, а місцюкі наважылі перачакаць пачатак новае эры ў гісторыі чалавецтва ў Капысіцы: набылі кароўку і атабарыліся на пакінутай сядзібе наводшыбе ад вёскі.
Місцюкоў было трое: жонка з мужам і іхні сын — такога самага росту, але, як казала бабуля, маладзенькі тварам. Кабетка хутка навучылася стоячы даіць карову, а ейны чалавек разам з сынам рапараваў па хатах вупраж ды іншы сялянскі рыштунак. Місцюкі ціха пражылі ў сваёй хаце два гады, а потым з Копысі прыехалі на конях збройныя людзі, якіх бабуля, успамінаючы тую гісторыю, называла то камісарамі, то люцыпанерамі. Яны вывелі місцюкоў з хаты і забілі ўсіх траіх — не страляючы, а выцяўшы кожнага пісталетнаю рукавяткаю па скроні. «Як зайчыкаў»,— казала баба Аўгіння.
У той дзень яна пасвіла каровы паблізу місцюковае сялібы і, схаваўшыся ў агрэсце, усё бачыла і чула: як маўчаў перад смерцю гаспадар і як прасіліся кабетка з сынам. Бабуля лічыла, што люцыпанеры забілі няшчасных місцюкоў за тое, што знайшлі ў іх нейкія кнігі. Гэтыя словы яна так і вымаўляла — курсівам, заўсёды хрысцячыся і азіраючыся на бакі.
Яна закрычала ў агрэсце ад страху, і верхавод коннікаў загадаў, каб не было сведкаў, «шлёпнуць» і яе, аднак бабулю абараніў вусаты матрос, дзякуючы якому (бо мая мама народзіцца толькі праз чатыры гады пасля таго дня) я і займаюся сёння генеалагічнымі росшукамі.
Калі ўспамінаю бабулін аповяд, у памяці заўсёды пракручваецца эпізод з даўняга фільма пра рэвалюцыю. Узброеныя да зубоў чырвонаармейцы трасуць недзе ў Маскве ці ў Петраградзе прафесарскую кватэру. Таленавіта акарыкатураны рэжысёрам і акторам гаспадар, спрабуючы нешта давесці прадстаўнікам рэвалюцыйных масаў, здымае з паліцы кнігу (калі не памыляюся, том Пляханава). Зухаваты, перацягнуты кулямётнымі стуж227
камі малады начальнік патруля, трымаючы руку на расшпіленай кабуры, весела кажа акулярыстаму прафесару: «Мы вашнх кннжек не чнталн н чнтать не собнраемся. Мы йльнчу без кннжек вернм». Мне ўвесь час здаецца, што пасля размовы прафесара таксама «пустнлн в распыл».
3 тых дзён у душы ў бабулі Аўгінні назаўсёды засеў нязводны страх перад кнігамі. Можа, менавіта таму ў гады «культурнае рэвалюцыі» яна нейкім чынам ухілілася ад ліквідацыі свае непісьменнасці і ўсё жыццё ставіла ў калгасных ведамасцях каструбаватыя крыжыкі. Калі б яна дажыла да сямідзесятых гадоў, яе перакананасць, што кнігі прыносяць людзям адно няшчасці, магла б толькі ўмацавацца: майму стрыечнаму брату, a ейнаму ўнуку Генусю далі тэрмін (праўда, умоўны) за два тузіны зробленых ім копіяў булгакаўскіх «Роковых ЯЙЦ».
Бабуля Аўгіння прычынілася і да майго дзіцячага адкрыцця, што наша савецкае радыё кажа няпраўду.
Рэпрадуктар вісеў на слупе каля фермы. А шостай гадзіне раніцы ён прачынаўся і хрыпатым, нібыта з перапою, голасам спяваў:
Союз нерушнмый республіік свободных Сплотнла навекн велнкая Русь...
Ад гімна да гімна радыё займалася музычным выхаваннем насельнікаў паблізных хатаў і нястомна паведамляла пра падзеі ў жахлівым капіталістычным свеце і ў краіне, што, неўважаючы на перабоі з хлебам, шпарка набліжалася да светлае будучыні.
Аднойчы мае вушы злавілі ў радыёэфіры фразу, якая чымсьці збянтэжыла наіўны дзіцячы розум.
— Каждый советскйй человек,— сказаў рэпрадуктар,— знает ймена Толстого й Горького.
Цэлы дзень гэтыя словы мулялі мне, і ўвечары я адважыўся на невялікі сацыялагічны дослед.
— Бабушка,— запытаўся я,— ты знаешь, кто такой Толстой?
— Быў чалавек таўсты, во яму такое мяно і далі,— адказала бабуля.
— А кто такой Горькйй? — без асаблівае надзеі працягваў я.
— А во, кажуць, горкі, як рэдзька. Або яшчэ — як хрэн, горкі.
— Да нет, бабушка, я о пнсателях спрашнваю,— са складанымі пачуццямі і да радыё, і да бабулі сказаў я.
— Мая, дзетка, навука малая,— рахмана азвалася баба Аўгіння.— Травы ведаю, а чытаць ненавучаная.
Вядома, мне было ніякавата, што яна — такая старая і яшчэ не чула ні пра Талстога, ні пра Горкага, пра якіх я ўжо ведаў у першым класе, а мо і раней. Аднак болей мне рупіла іншае. Атрымлівалася адно з двух: або бабуля не савецкі чалавек, або радыё хлусіць.
— А ты, бабушка, советскнй человек? — запытаўся я.
— Як усе, так і я,— адказала бабуля.— I галадавала, і палачкі ў калгасе за працадні палучала.
Я, дарма што малы, і сам разумеў недарэчнасць пытання: усе навокал, у тым ліку і баба Аўгіння, відавочна былі савецкія людзі. Фашыстаў, капіталістаў, гаротных амерыканскіх неграў, якія паміралі ад голаду, а таксама паліцэйскіх і гангстэраў, што палілі цыгары, пілі нейкія «віскі» і казалі «Шеф вамн недоволен», гэтых і іншых, зазвычай страхалюдных несавецкіх людзей я бачыў адно ў кінафільмах. Адсюль вынікала дзёрзкая ерэтычная выснова, якою я палічыў за лепшае ні з кім не дзяліцца: нашаму радыё нельга верыць.
Кажуць, што яшчэ ў самыя змрочныя гады мая ціхмяная бабуля неяк выявіла непахісную цвёрдасць. Прысланы з раёна начальнік, што кватараваў у ейнай хаце, загадаў зняць з покуці абразы.
— Яны ў вас есці не просяць,— адрэзала баба Аўгіння з намёкам.
Добра памятаю, што яна прасіла Бога, каб узяў яе да сябе на пачатку лета, тады, калі адцвітаюць дзьмухаўцы і, калі верыць бабулі, зямля гэткая ж мяккая і лёгкая, як дзьмухаўцовы пух. Бабуліна сэрца спынілася, калі яна сядзела на ганку і крышыла карове буракі. Я пабег на поле па цётак. Мяне абурыла, што яны колькі разоў перапытвалі: «Бабушка заснула?», хоць я недвухсэнсоўна сказаў, што яна памерла.
Гэта здарылася першага чэрвеня.
Яшчэ колькі слоў пра бабуліну сувязь з загадкавымі сіламі хачу дадаць у наступных абзацах — своеасаблівым пастскрыптуме, які ўштукоўваю ў аповяд ужо пасля яго першай публікацыі.
Праз тыдзень, як мой радавод з’явіўся ў газеце «Літаратура і мастацтва» (тыя дні былі, як і чакалася, адзначаныя крыўдамі, папрокамі і прэтэнзіямі, што ў больш ці ў менш тактоўнай форме выказвалі мне сваякі і несваякі — напрыклад, паэт-лаўрэат М.), мы з сястрою павезлі маці ў яе Капысіцу.
Пакінуўшы маму з нашай цёткай Вольгаю на печы ў іхняй роднай хаце, мы пад несціханым дажджом, як заўсёды, занеслі бабулі Аўгінні на магілу жменю цукерак. Якраз на пагосце, нібыта зарадаваўшыся нашым адведзінам, дождж лінуў не раўнуючы як з цэбра, і пакуль мы дабеглі да лазні другой нашай цёткі — Насты, на нас не засталося аніводнай сухой ніткі.
Калісьці ў гэтай лазні я са стрыечнымі сястрычкамі, начытаўшыся ў бабкі Грыпіны «Чорнай магіі», спрабаваў даведацца, што будзе заўтра. За хвіліну да поўначы мы, у адпаведнасці з парадамі чарнакніжнікаў, запалілі перад пастаўленым на лазнае вакенца люстэркам свечку, кінулі ў агонь тры белыя шарсцінкі з кацінага хваста і роўна апоўначы, утаропіўшыся ў цьмянае люстэрка і ляскаючы зубамі ад страху, вымавілі патрэбны заклён. Услед за апошнім словам у лазню ўварвалася пройма, свечка з люстэркам паляцелі на дол, а мы кінуліся кулём у разнасцежаныя дзверы. Адбегшыся на добры кіламетр і звёўшы дых, мы з жахам убачылі, што чамусьці ўцяклі з лазні прамютка на могілкі, адкуль пабеглі назад да лазні, баючыся, каб яна не загарэлася ад свечкі. Дарэчы, тае начы ў вёсцы, учадзеўшы, памерлі двое старых.
Тую прыгоду я ўзгадаў ужо ўвечары, узяўшыся гартаць свае нататкі за таўстаногім свойскім сталом з букецікам здрыжнічак на саматканым абрусе. Тады мяне займала ідэя напісаць аповяд пра Напалеона, які ў выгнанні, на востраве Святой Алены, аказваецца, думаў, што мог бы выйграць расейскую кампанію, каб аднавіў незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага і яго федэрацыю з Польшчай. Але заместа распрацоўкі сюжэта мяне ў тыя хвіліны апанавалі прыгады пра цётчыну лазню, а потым заманулася перачытаць захоплены з сабою радавод тут, у дзедавай хаце. Яна, хата, была найсуровейшым суддзёй мае пісаніны, бо ведала ўсё гэта (і значна болей) і без мяне.
Усе ўжо даўно паснулі. Я сядзеў над разгорнутымі на стальніцы газетнымі старонкамі. Справа і зверху глядзела на мяне з рушнікоў Багародзіца, насупраць было
незавешанае начное жнівеньскае вакно з вясёлкавымі ад старасці шыбамі.
Я чытаў, чуючы на сабе не толькі позірк з абраза, але і яшчэ колькі позіркаў немаведама адкуль — напэўна, гэта глядзела на мяне сама хата — чытаў і, калі дайшоў да слоў «таемную бабуліну сілу я адчуваю і цяпер, праз трыццаць гадоў...», якраз у гэтае імгненне з цёмнага вакна вылецела, засыпаўшы друзачкамі падвоканне, шыбіна.
У хаце пачаўся пярэпалах. Але ні ўначы, ні раніцою мы не знайшлі пад вокнамі канцавой цётчынай хаты аніякіх слядоў, аніякага камянюкі ці яшчэ чаго-небудзь такога.
Вядома, шкло са старой скрыўленай рамы магло вылецець само сабою. Вядома, зусім выпадкова ў наступныя дні ў сяброў і ў людзей амаль незнаёмых, да якіх я чамусьці заходзіў, мне пачалі трапляцца ў рукі (самі сабою, без аніякіх адмысловых пошукаў) рэдкія кнігі, гравюры і старыя газетныя выцінкі пра жыццё Напалеона на востраве Святой Алены і пра колькі месяцаў, прабытых ім у 1812 годзе ў Беларусі. Вядома, зусім выпадкова маглі прычыніцца і іншыя падзеі, якія я не адважваюся тут згадаць толькі з тае прычыны, што ў адваротным выпадку хтосьці можа параіць мне неадкладна звярнуцца да адпаведнага доктара. Далібог, будзе лепей, калі на гэтым я скончу свой пастскрыптум і вярнуся да радаводу.