• Газеты, часопісы і г.д.
  • Старажытная Беларусь Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне Мікола Ермаловіч

    Старажытная Беларусь

    Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
    Мікола Ермаловіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 366с.
    Мінск 2001
    120.71 МБ
    Крыніцы не даюць дакладнай даты раздзелу Яраславам валасцей паміж сваімі сынамі. Але наўрад, што такое адбылося перад самай смерцю. Гэта можна вывесці з таго, што другі сын Яраслава Уладзімір ужо ў 1036 г., г. зн. у 16-гадовым узросце, быў пасаджаны бацькам на князяванне ў Ноўгарадзе. Трэба думаць, што і іншыя сыны Яраслава, па меры таго як станавіліся паўналетнімі, атрымлівалі таксама княскія пасады. Вось чаму цалкам дапушчальна, што трэці сын Яраслава — Ізяслаў, які нарадзіўся ў 1024 г., яшчэ да 1052 г. (з 1042 г.) мог княжыць у Тураве, бо ў гэты год, атрымаўшы пасад Уладзіміра ў Ноўгарадзе, ён, як сведчаць Васкрасенскі, Сафійскі і Густынскі летапісы, застаецца і князем тураўскім. Быў ім Ізяслаў і тады, калі пасля смерці бацькі (1054 г.) становіцца кіеўскім князем. Гэтым фактам яшчэ раз пацвярджаецца, наколькі важным было для кіеўскай улады трымаць у сваіх руках непасрэдна Тураў, асабліва ўлічваючы ўзмацненне ў гэты час кіеўска-польскіх узаемаадносін. Пра гэта гавораць такія факты, як паходы Яраслава ў Польшчу, шлюб Казіміра з сястрой Яраслава Марыяй-Дабранегай, шлюб Ізяслава з сястрой Казіміра і асабліва тая падтрымка, якую аказаў Ізяславу Баляслаў у падзеях 1068 г. і інш., што мела непасрэднае дачыненне да Тураўскай зямлі. Усё гэта пасля падзей, звязаных са Святаполкам, ясна паказвае, што менавіта Тураўшчына была першай з беларускіх земляў, дзе завязаўся вузел руска-польскіх адносін і супярэчнасцяў. Есць меркаванне, паводле якога Ізяслаў, будучы кіеўскім князем, паслаў у Тураў свайго сына Яраполка, што знаходзіць пацверджанне ў пазнейшых падзеях: брат Ізяслава Усевалад, стаўшы кіеўскім князем, даў Яраполку ў прыдачу да Уладзіміра Валынскага і Тураў.
    Прыблізна ў тым жа становішчы, што і Тураўская, знаходзілася і Смаленская зямля. У ёй таксама, трэба думаць, незадоўга да смерці Яраслава быў пасаджаны чацвёрты сын апошняга — Вячаслаў (нар. у 1034 г.). Гэта падзея і лічыцца некаторымі даследчыкамі як указанне на першае адасабленне Смаленскай зямлі і як з’яўленне ў асобе яе палітычнай адзінкі, бо этнаграфічна яна склалася раней297. I з гэтым у цэлым можна пагадзіцца, паколькі звесткі пра Станіслава Уладзіміравіча як першага смаленскага князя вельмі цьмяныя. Аднак Вячаслаў княжыў нядоўга, памёршы ў 1057 г. (Яго жонка Ода з сваім малалетнім сынам Барысам выехала на радзіму, у Саксонію. Пазней, каля 1077 г., Барыс вярнуўся на радзіму і прыняў удзел у міжкняскіх спрэчках.) Князем у Смаленску быў пастаўлены малодшы сын Яраслава — Ігар, пераведзены сюды з Уладзіміра Ва-
    лынскага. Апошняе гаворыць, што валоданне Смаленскам у той час лічылася больш выгадным, чым валоданне Валынню. Аднак і Ігар княжыў нядоўга, ён памёр у 1060 г. (Яго жонка Кунігунда, як і жонка Вячаслава, таксама была родам з Германіі, куды яна і выехала пасля смерці мужа.) I вось тут выяўляецца ў адносінах Смаленска тая ж самая палітыка паўднёварускіх князёў, што і ў адносінах да Турава: ні ў якім разе не выпускаць яго з сваіх рук. Яны ўлічылі выключнае стратэгічнае становішча Смаленшчыны, з якой можна было ўплываць на Наўгародскую, РастоваСуздальскую, Полацкую і Чарнігаўскую землі, тым болей што яна лічылася дастаткова багатай, каб стварыць неабходную вайсковую сілу для забеспячэння гэтага ўплыву. Вось чаму пасля смерці Ігара ў 1060 г. паўднёварускі трыумвірат (Ізяслаў Кіеўскі, Святаслаў Чарнігаўскі і Усевалад Пераяслаўскі) рашыў не ставіць у Смаленску асобнага князя, у прыватнасці старэйшага ўнука Яраслава — Расціслава Уладзіміравіча, каб гэтым самым не стварыць прэцэдэнту для замацавання тут якой-небудзь адной княскай лініі, і падзяліў гэтую зямлю паміж сабой. Трэба зазначыць, што гэта падзея ў летапісах занесена пад дзвюма датамі: у Васкрасенскім, Сафійскім I і «Софнйском временннке» пад 1054 г. (у год смерці Яраслава), у «Русском летопнсце» і Цвярскім летапісе — пад 1060 г. Нам думаецца, што апошнія крыніцы болып дакладна датуюць гэту падзею, паколькі бясспрэчным з’яўляецца факт князявання Ігара ў Смаленску і яго смерць у 1060 г. У даследчыкаў няма адзінай думкі ў адносінах сутнасці гэтага падзелу. Адны разумеюць яго ў сэнсе падзелу даходаў з зямлі298, іншыя лічаць, што гэта быў тэрытарыяльны падзел. I гэта, відаць, так, бо ў летапісах ясна сказана, што Смаленск падзялілі на тры часткі. I хоць у крыніцах канкрэтна не ўказана, як гэты падзел быў праведзены, некаторыя гісторыкі ўяўляюць яго такім чынам: Смаленск з заходняй часткай зямлі пераходзіў непасрэдна ў валоданне кіеўскага князя Ізяслава, вярхоўі Волгі і паўночна-ўсходняя частка — пераяслаўскаму князю Усеваладу і паўднёвая і паўднёва-ўсходняя часткі — чарнігаўскаму князю Святаславу299. Падобны падзел мог быць і невыпадковым, бо ён мог з’явіцца знешнім выяўленнем этнаграфічных адметнасцяў састаўных частак Смаленскай зямлі. Заходняя частка, дзе крывічы аселі на балцкім субстраце, была месцам беларускага этнагенезу, усходняя і паўночна-ўсходняя часткі, дзе крывічы і часткова славене аселі на угра-фінскім субстраце, стала месцам велікарускага этнагенезу. Невыпадковым быў і адыход паўднёвай і паўднёва-ўсходняй часткі да Чарнігаўскага
    княства. У ёй у асноўным пражывалі радзімічы і вяцічы, якія, на што мы ўказвалі раней, былі па паходжанні найбольш блізкія севяранам, што склалі ядро Чарнігаўскага княства. Тут асіміляцыя балтаў і угра-фінаў ішла марудней з прычыны іх большай гушчыні, што запавольвала ўтварэнне і размежаванне новых этнасаў, і таму тут яшчэ давала сябе знаць ранейшая славянская роднасць блізкіх па паходжанні і рассяленні плямёнаў. Са сказанага яскрава бачна, што Смаленская зямля сфармавалася на неаднародным этнічным грунце, адсюль і яе ўнутраныя разнароднасць і няўстойлівасць, характэрныя для ўсёй яе гісторыі.
    Яшчэ да ўмацавання сваёй улады ў Смаленскай зямлі паўднёва-рускі трыумвірат зрабіў гэта і ў адносінах Ноўгарада, дзе быў пасаджаны старэйшы сын Ізяслава Кіеўскага — Мсціслаў, і ў Пскове, адкуль быў вывезены пасаджаны яшчэ Яраславам у цямніцу Судзіслаў (нават прысутнасць там князя-вязня палохала трыумвірат!). Са сказанага зразумела, што ўсё гэта стварала і пагрозу падначалення Полацка паўднёва-рускай кааліцыі, што і вызначыла ў цэлым сутнасць далейшай полацкай гісторыі і найперш характар дзейнасці Усяслава.
    АСОБА КНЯЗЯ УСЯСЛАВА ЧАРАДЗЕЯ I ЯГО ПАЧАТКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ
    Беспрэцэдэнтнае па сваёй працягласці князяванне Усяслава (1044—1101 гг.) складае цэлую і асабліва багатую эпоху ў полацкай гісторыі. Разгляд яе для нас шмат у чым аблягчаецца выдатнай працай Д. С. Леанардава «Полоцкнй князь Всеслав н его время» (1912—1916 гг.), якая не страціла навуковае значэнне і сёння.
    Хоць пра Усяслава дайшло да нас непараўнальна больш звестак, чым пра іншых дзеячаў нашай першапачатковай гісторыі, усё ж і іх недастаткова, каб скласці ўсебаковае і яскравае ўяўленне пра абсягі тытанічнай дзейнасці гэтага волата нашай мінуўшчыны. Невядомай для нас засталася дата нараджэння Усяслава, і мы можам толькі прыкладна меркаваць, што ён мог нарадзіцца не раней 1018—1020 гг. Імя сваё ён, відаць, атрымаў у памяць рана памёршага свайго дзядзькі.
    Розныя крыніцы — летапісныя, літаратурныя і вуснапаэтычныя — даносяць да нас вобраз Усяслава ў спалучэнні рэальных і фантастычных рысаў. I гэта зразумела. Яго натура была багатая і магутная, а яго жыццё было поўнае рашучых учынкаў, бліскучых узлётаў і трагічных падзенняў.
    Полацкая Сафія. XI ст. (рэканструкцыя А. Сакалова, В. Булкіна, Г. Штыхава)
    У гэтым і прычына фантастычнасці вобраза Усяслава ў паказе розных крыніц, што найперш выявілася ўжо ў летапісным паведамленні пра нараджэнне Усяслава. Тая непрыязнасць да полацкага князя, што так яскрава праступае тут, на думку А. Шахматава і іншых даследчыкаў, тлумачыцца тым, што яна зыходзіла ад наўгародскага летапісца, бо менавіта Ноўгарад найбольш цярпеў ад нападаў Усяслава300. Полацкі князь паказаны як спараджэнне д’ябальскай сілы («его же родн матн от волховання»). Пры з’яўленні на свет у яго на галаве быццам бы бачна было «язвено», якое прысутныя тут валхвы сказалі навязаць на народжанага, што і было зроблена. Вось гэтым нібыта тлумачыцца неміласэрнасць Усяслава да кровапраліцця. Даследчыкі па-рознаму тлумачаць гэтыя летапісныя паведамленні. I. Бяляеў, напрыклад, лічыў, што факт прысутнасці пры нараджэнні Усяслава валхвоў гаворыць пра тое, што маці яго была літвінка301. Аднак валхвы былі болып характэрны для угра-фінаў, і таму больш верагодна, што з іх і паходзіла маці Усяслава. У вялікай ступені гэтым можа тлумачыцца падтрымка фінскім племем водзі полацкага князя ў барацьбе з Ноўгарадам, пра што мы будзем гаварыць пазней. Спрэчкі выклікала і пытанне, што разумець пад «язвеном» Усяслава. Думка М. Каяловіча, што гэты князь хварэў на каўтун, была вельмі пераканаўча адкінута Д. Леанардавым. Сапраўды, пры такой хваробе, якая надзвычай знясільвае чалавека, Усяслаў не быў бы
    Фрагмент старажытнай кладкі Сафіі Полацкай
    такім энергічным, якім ён паказаны ў розных крыніцах. Найболып слушным з’яўляецца меркаванне В. Тацішчава, што пад «язвеном» трэба разумець «яйно», г. зн. пухір, у якім ляжыць плод і ў якім часамі нараджаюцца дзеці. Яго пасля высушвалі і надзявалі на народжанага як талісман. Менавіта Усяслаў і насіў яго на шыі, а не як павязку на галаве, паводле сцверджанняў некаторых даследчыкаў. Дарэчы, на малюнку Радзівілаўскага летапісу Усяслаў паказаны без павязкі на галаве302. У рэзкім кантрасце з летапіснай характарыстыкай Усяслава знаходзіцца шматгранна выпісаны вобраз яго як дзяржаўнага дзеяча, палкаводца і чалавека ў «Слове аб палку Ігаравым». Але паколькі тут ахоплена ўся дзейнасць полацкага князя, то мы будзем звяртацца да гэтай крыніцы ўвесь час.
    На працягу шаснаццаці гадоў летапісы маўчаць пра Усяслава. Факт неверагодны ў дачыненні да князя, авеянага легендарнай славай. Гэта можа быць вытлумачана тым, што дзейнасць Усяслава ў гэты час не выходзіла за межы Полаччыны, бо кіеўскія і наўгародскія летапісы звычайна гаварылі пра Полацк толькі тады, калі яго інтарэсы закраналі інтарэсы Кіева і Ноўгарада. Так было ў адносінах Брачыслава, калі
    імя яго з’явілася на старонках летапісаў толькі праз васемнаццаць гадоў з пачатку яго князявання: у 1021 г. у сувязі з яго нападам на Ноўгарад. У такім выпадку прыходзіцца здагадвацца, што ва ўсе гэтыя гады Усяслаў быў заняты ўнутранай дзейнасцю. Але адначасова не выключана, што Усяслаў, як і ў свой час яго бацька, да з’яўлення яго імя на старонках летапісу толькі-толькі дасягнуў паўналецця.