Старажытная Беларусь
Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
Застаўка з Тураўскага евангелля прыроднымі ўмовамі, якая не магла не адчуваць усяго цяжару залежнасці.
Але якімі б для нас няяснымі і спрэчнымі ні былі падзеі 1013 г., у іх упершыню выявіліся вельмі важныя моманты нашай гісторыі: імкненне Турава да адасаблення ад Кіева, што пацвердзіць яго далейшая гісторыя; гэта першы зарэгістраваны крыніцамі факт суперніцтва Русі і Польшчы за адну з беларускіх земляў. У далейшым яно стане адным з неспрыяльных фактараў нашай гісторыі, які знаходзіцца ў шчыльнай сувязі з папярэднім — пачаткам барацьбы лацінства і праваслаўя за перавагу ў асяроддзі беларускага насельніцтва.
Непасрэдна з барацьбой Яраслава і Святаполка звязана і першае ўпамінанне горада Берасця (суч. Брэст). Іпацьеўскі летапіс паведамляе, што ў 1019 г. Святаполк, пацярпеўшы паражэнне ў барацьбе за велікакняскі пасад, уцякае за межы дзяржавы і на некаторы час спыняецца ў Берасці254. На падставе гэтага даследчыкамі выказваецца меркаванне, што гэты горад з’яўляўся апошнім пунктам перад «ляцкай зямлёй» і што ён, пабудаваны на зямлі, скаланізаванай дрыгавічамі, першапачаткова ўваходзіў у склад Тураўскага княства255. Археалагічныя матэрыялы дазваляюць датаваць перадмацерыковыя пласты старажытнага гарадзішча рубяжом X—XI стст.256. Узнікненне горада на мысе пры ўпадзенні Мухаўца ў Зах. Буг было абумоўлена яго значэннем як пагранічнай крэпасці і апорным пунктам славянскага асваення навакольнай тэрыторыі257 . Адначасова ён меў і важнае гандлёвае значэнне. Парубежнае становішча Берасця прыводзіла да таго, што горад з самага пачатку сваёй гісторыі стаў аб’ектам заваёўніцкіх нападаў з розных бакоў. Так, ужо
ў 1022 г. Яраслаў робіць паход пад гэты горад258. Летапіс не паведамляе ні аб мэтах, ні аб выніках гэтага паходу, што і дало повад некаторым даследчыкам для меркавання, што Яраслаў рабіў гэты паход, каб вярнуць Берасце, захопленае ў 1020 г. Баляславам, і што дасягнуў гэтага ён толькі ў 1044 г.259.
ЧАС БРАЧЫСЛАВА
Першая палова XI ст. для Полаччыны абмяжоўваецца 1003—1044 гг., на якія прыпадае князяванне Брачыслава Ізяславіча. Намі ўжо адзначалася, што Брачыслаў заняў полацкі пасад зусім малалетнім, магчыма, ва ўзросце аднагодвух гадоў. I гэты суб’ектыўны фактар мог пэўным чынам паўплываць на палітычнае жыццё Полаччыны, у прыватнасці на яе знешнюю актыўнасць. I сапраўды, да пачатку 20-х гадоў XI ст. летапісы не адзначылі ніякіх ваенных акцый полацкага князя. Але прычынай гэтага магло быць найперш тое, што ў гэты час ішло ўнутранае ўладкаванне і ўмацаванне Полацка. Краіна, карыстаючыся спрыяльнай знешняй кан’юнктурай (узаемная барацьба кіеўскага і наўгародскага князёў), назапашвала сілы, што і дало свае вынікі ў будучым, а менавіта ў 1019—1021 гг.
Звесткі пра гэтыя падзеі захаваліся ў розных па сваім змесце і характары крыніцах: у скандынаўскіх сагах, рускіх летапісах і ў Я. Длугаша. Найперш разгледзім сведчанні т. зв. «Эймундавай сагі». Бясспрэчна, яна, як і кожная сага, мае шмат фантастычнага і блытанага, і таму да яе паведамленняў трэба адносіцца з вялікай асцярогай. I тым не меней у ёй мы знаходзім калі не самі праўдзівыя факты, то хоць пэўныя ўказанні на іх. Паводле «Эймундавай сагі», нарманы, якія спачатку служылі Яраславу, пасварыўшыся з ім, пайшлі ў Полацк да Брачыслава, які тут называецца Варцілавам і лічыцца не пляменнікам, а братам Яраслава (Ярыцлейва). Барацьба паміж імі пачалася як быццам з-за таго, што Яраслаў патрабаваў ад Брачыслава вёсак і гарадоў, сумежных з кіеўскімі ўладаннямі, г. зн. пэўнай полацкай тэрыторыі. У ходзе ваенных дзеянняў жонка Яраслава Інгігерд трапляе ў палон да нарманаў, якія служылі Брачыславу. Дзякуючы ёй хутка паміж варожымі бакамі быў заключаны мір, згодна з умовай якога Яраслаў атрымаў ва ўладанне галоўную частку Гардарыка (так называлася тут Русь) — Ноўгарад (Хельмгард), Брачыслаў — другое, лепшае княства Кіеў (Кенугард), а Эймунду — важаку нарманаў, што служылі пачаргова Яраславу і Брачыславу, дастаўся Полацк і ўся тая
Браслаў. Bid Замкавай гары і азёр Навята і Дрывяты. 3 акварэлі Д. Струкава (1865)
вобласць, якая ляжыць побач. Далей паведамлялася, што Брачыслаў пражыў пасля гэтага тры зімы і па яго смерці Яраслаў стаў княжыць і над Кіевам, і над Ноўгарадам. А Полацк пасля смерці бяздзетнага Эймунда застаўся яго пабраціму Рагнару2ь0.
Бясспрэчна, што тут шмат выдуманага, як, напрыклад, размеркаванне земляў Гардарыка паміж Яраславам, Бра чыславам і Эймундам ці смерць Брачыслава пасля трох зім князявання ў Кіеве і інш., што абвяргаецца летапісцамі. Аднак тое, што Брачыслаў сядзеў у Кіеве на працягу трох зім, можа быць праўдай. Пра гэта сведчыць наяўнасць у Кіеве «двара Брачыслаўля», які ўпамінаецца ў летапісе ад 1068 г. Праўда, Л. Аляксееў лічыць, што ён атрымаў сваю назву таму, што быў нібыта пабудаваны Брачыславам у Кіеве пасля прымірэння яго з Яраславам як гандлёвае падвор’е полацкіх князёў у Кіеве . Але ў такім выпадку ён хутчэй бы называўся полацкім дваром, чым «Брачыслаўлім» (пра што сведчаць прыведзеныя тут Л. Аляксеевым назвы «Новгородская божннца», «Гоцкнй двор» і «Псковскнй двор»), Менавіта назва яго найперш і сведчыць пра тое, што ў ім жыў Брачыслаў, што гэта была яго рэзідэнцыя.
Але калі мы адкінем тлумачэнне сагаю прычыны з’яўлення ў Кіеве Брачыслава, то чым яшчэ можна вытлумачыць гэта? Тут трэба прыгадаць адну акалічнасць. Калі Уладзімір Святаславіч браў за жонку Рагнеду, забіўшы перад гэтым яе бацьку і братоў, то ён меў на мэце быць і прадаўжальнікам
полацкай дынастыі і гэтым самым, паводле звычаяў таго часу, замацаваць сваю ўладу над Полацкам, паколькі яна ў такім выпадку магла выглядаць «законнай». Аднак гэта, з другога боку, давала прадстаўнікам полацкай дынастыі, адноўленай недзе ў канцы X ст., прад’яўляць свае правы на кіеўскі пасад. Ізяслаў Уладзіміравіч не мог гэтага зрабіць таму, што памёр раней за бацьку. Тое ж самае можна сказаць і пра Усяслава Ізяславіча. Аднак пасля смерці Уладзіміра ў 1015 г. полацкі князь Брачыслаў, як сын старэйшага ў родзе Ізяслава, побач з Яраславам, Святаполкам і іншымі сынамі Уладзіміра, з яго дзядзькамі, мог прэтэндаваць на велікакняскі пасад. Гэтым, відаць, і можна растлумачыць з’яўленне Брачыслава ў Кіеве. Р. Якабсан выказаў думку, што Брачыслаў сядзеў на велікакняскім пасадзе ў Кіеве ў 1019—1021 гг. I сапраўды, найбольш падыходзячым годам з’яўлення Брачыслава ў Кіеве мог быць 1019-ты, калі наступіў самы напружаны момант барацьбы Яраслава са Святаполкам перад рашаючай бітвай на р. Альце. Відаць, у гэты цяжкі для Яраслава час Брачыслаў, ужо ўзмужнелы юнак, і прад’явіў свае правы на Кіеў, на што Яраслаў быў вымушаны згадзіцца і прыняў яго да сябе як свайго суправіцеля. Меркаваць, што Яраслаў пасля гэтага пераехаў у Ноўгарад, а Брачыслаў адзін застаўся ў Кіеве, як гэта паказвае сага, нельга. У такім выпадку не было б патрэбы будаваць ці адводзіць пабудаваны ўжо раней асобны двор для Брачыслава, ён пасяліўся б у велікакняскім палацы. Можна думаць, што прыняцце Брачыслава ў Кіеў было выгадным для Яраслава: яго войскі папоўніліся палачанамі, што і магло адыграць важную ролю ў канчатковай перамозе на р. Альце.
Тое, што Яраслава і Брачыслава сага называе братамі, можа служыць таксама сведчаннем знаходжання Брачысла ва ў Кіеве. Рускія князі розных ступеняў сваяцтва называлі сябе братамі і афіцыйна і ў прыватнай размове. Менавіта гэта найменне Эймунд і яго спадарожнікі маглі чуць у Кіеве пры двары Яраслава ў адносінах да Брачыслава і наадварот. Апроч таго, намер Эймунда ісці ад Яраслава да Брачыслава хутчэй за ўсё з’явіўся вынікам добрага знаёмства з апошнім, што магло зноў-такі адбыцца толькі ў Кіеве.
Аднак доўгі час такое «двоеўладдзе» не магло прадаўжацца, і пасля «трох зім» у 1021 г. Брачыслаў быў, відаць, выгнаны з Кіева ў Полацк, што і прывяло да новага канфлікту паміж Полацкам і Кіевам.
Брачыслава некаторыя даследчыкі лічылі пачынальнікам векавой барацьбы паміж полацкімі і кіеўскімі князямі262. Аднак яго барацьба была працягам ранейшай барацьбы,
якая, прынамсі, пачалася яшчэ пры Аскольдзе і Дзіры і якая часова прыпынілася ў першыя два дзесяцігоддзі князявання Брачыслава. Розныя даследчыкі бачылі розныя прычыны гэтай барацьбы, і нам здаецца, што памылкай іх усіх было тое, што кожны з іх бачыў толькі адну прычыну, у той час як іх было некалькі. Сапраўды, Полацк мог ставіць сваёй задачай аб’яднанне ўсіх крывіцкіх земляў, як думаў П. Галубоўскі263, і мог імкнуцца захапіць болей палону і засяліць ім маланаселеную сваю тэрыторыю, як меркаваў Каяловіч264. У той жа час нельга і адмаўляць імкненне Кіева падначаліць сабе Полацк, як думаў Доўнар-Запольскі і іншыя аўтары. Да гэтых аб’ектыўных прычын дадаваўся і суб’ектыўны фактар, а менавіта пачуццё крыўды ў першых Ізяславічаў з прычыны іх выключэння з кіеўскай дынастыі, як думаў С. Салаўёў. Хоць Полацкая дзяржава са сваімі эканамічнымі і палітычнымі інтарэсамі ўжо існавала працяглы час, аднак родавыя забабоны яшчэ маглі моцна трымацца ў свядомасці першых Ізяславічаў, якія не трацілі надзеі атрымаць кіеўскі пасад, што і магло побач з іншымі больш важнымі прычынамі падаграваць напал іх барацьбы з кіеўскімі князямі. Брачыслаў і быў першым Ізяславічам, якому на пэўны час удалося ў некаторай ступені дасягнуць гэтай запаветнай мэты. Цяжка сказаць, кім непасрэдна кіраваўся Полацк у адсутнасць там Брачыслава: яго намеснікам ці супольным намеснікам яго і Яраслава. Але, як бы там ні было, Полацкая дзяржава не спынілася ў сваім развіцці, у дасягненні сваіх мэтаў, і гэта адразу дало сябе знаць пасля вяртання Брачыслава ў Полацк. To быў час бурнага ажыўлення шляху «з варагаў у грэкі». Полацку было ўжо пры Рагвалодзе цесна ў вузкім адрэзку гэтай воднай магістралі па сярэдняй і ніжняй Дзвіне. Спроба гэтага князя прабіцца да вярхоўяў Дзвіны і Дняпра, дзе знаходзіліся ключавыя месцы вялікага гандлёвага шляху, мела выключна трагічныя вынікі як для самога Рагвалода, так і для Полацка. Але гэта не толькі не адвярнула Полацк ад пастаўленай мэты, але яшчэ больш падкрэсліла яе важнасць для яго. Можна думаць, што на працягу амаль паўстагоддзя Полацк набіраўся сілы для яе ажыццяўлення, што і выпала на долю Брачыслава. Хутчэй за ўсё пры ім, як і пры Рагвалодзе, вярхоўі Дзвіны і Дняпра знаходзіліся пад кантролем Ноўгарада. Калі нават пагадзіцца з некаторымі аўтарамі, што ўказаныя месцы былі ва ўладанні Смаленска, то гэта не мяняе сутнасці справы, бо тыя ж даследчыкі прызнаюць шчыльныя сувязі ў той час Смаленска і Ноўгарада265.