Старажытная Беларусь
Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
He ўсе крыніцы ў аднолькавым аб’ёме адбіваюць падзеі 1021 г. Самая кароткая і няпоўная інфармацыя заключана ў
Наўгародскім I летапісе (Сінадальны спіс), якая абмяжоўваецца толькі адным эпізодам з барацьбы Брачыслава і Яраслава: «Победн Ярослав Брячнслава». Непараўнаўча болей пра гэта сказана ў Лаўрэнцьеўскім летапісе. Ен паведамляе, што Брачыслаў, сын Ізяслава, унук Уладзіміра, прыйшоў на Ноўгарад, узяў яго і, захапіўшы наўгародцаў і іх маёмасць, пайшоў у Полацк. Яраслаў, даведаўшыся пра гэта, на сёмы дзень зваротнага руху Брачыслава з Ноўгарада нагнаў яго на р. Судоме, перамог і вярнуў захопленых ім наўгародцаў, а Брачыслаў уцёк у Полацк. Хоць звесткі В. Тацішчава ў цэлым паўтараюць сказанае, у іх ёсць дадатковыя падрабязнасці. Так, там сказана, што Брачыслаў з Ноўгарада даведаўся, што Яраслаў з войскамі ў Кіеве. Гэта можа ўказваць на тое, што ў Ноўгарадзе былі прыхільнікі Брачыслава (а можа, і цэлая полацкая партыя), якія трымалі Брачыслава ў курсе справы. Гэта зноў-такі сведчыць пра старанную падрыхтоўку паходу. Далей з тацішчаўскіх звестак мы даведваемся, што з Яраславам з Кіева прыйшлі толькі наўгародцы, г. зн. выхадцы з Ноўгарада. I менавіта яны не жадалі мець сваім князем Брачыслава. Цікава і тое, што Брачыслаў, выходзячы з Ноўгарада, пабраў у палон «много знатных» і «пограбнв нмення нх»266. Сафійскі і Васкрасенскі летапісы, некалькі дэталізуючы сказанае, паведамляюць пра нечаканы зыход гэтай падзеі. Выяўляецца, што Яраслаў пасля сваёй яўнай перамогі і ўцёкаў Брачыслава выклікае апошняга да сябе, дае яму два гарады — Усвяты і Віцебск, сказаўшы: «Будн же co мною заеднн». I, паводле гэтых летапісаў, «воеваша Брячнслав с Ярославом все днн жнвота своего».
Вельмі важныя дадатковыя звесткі пра гэту падзею мы знаходзім у Я. Длугаша. Паколькі гэта крыніца ў нас малавядомая, мы прывядзём поўнасцю: «Пасля таго як адзін праціўнік Святаполк уцёк і загінуў, супроць Яраслава выступіў яго другі праціўнік і замест брата пляменнік Браціславус, сын Ізяслава, князь полацкі, сабраўшы войска сваіх палачанаў і варагаў, выступіў супроць Ноўгарада і завалодаў ім. Падначаліўшы сваёй уладзе ўсё Наўгародскае княства і назначыўшы там сваіх намеснікаў, вяртаўся к бацькоўскаму пасаду ў Полацк. Яраслаў, князь кіеўскі, цяжка пераносячы пазбаўленне спадчыннага ўдзелу, г. зн. Наўгародскага княства, пайшоў яму насупроць і пасля цяжкай сутычкі перамог, а Брачыслаў, страціўшы мноства забітых, уцёк у Полацк. Яраслаў вярнуў сабе Наўгародскае княства і ваенную здабычу»267.
Прыведзеныя сведчанні дапаўняюць адны другія, не супярэчаць адны другім і таму даюць нам магчымасць мець
пра гэту гістарычную падзею больш-менш выразнае ўяўленне. Пра мэты Полацка мы лічым больш аб’ектыўнымі звесткі Я. Длугаша, магчыма, узятыя з найбольш старажытных спіскаў рускіх летапісаў, што не падвергліся тэндэнцыйнай апрацоўцы пазнейшых рэдактараў. He выключана таксама, што Я. Длугаш у дадзеным выпадку мог выкарыстаць Полацкі летапіс, які тады яшчэ існаваў. Сапраўды, калі ў наўгародска-кіеўскіх летапісах дзеянні Брачыслава характарызуюцца як грабежніцкі напад на Ноўгарад (што зразумела, бо Ноўгарад і Кіеў заўсёды варожа адносіліся да Полацка), то ў Я. Длугаша яны выступаюць як буйныя дзяржаўныя акцыі з мэтай заваявання Наўгародскага княства і далучэння яго да полацкіх уладанняў. На падставе таго, што Брачыслаў з палонам пайшоў у Полацк, А. Насонаў лічыў, што гэты князь не ставіў сваёй задачай заваяванне Ноўгарада. Аднак ён сапраўды не меў намеру «сесці ў Ноўгарадзе» 268, бо для кіравання апошнім пакінуў сваіх намеснікаў. Сведчанне Я. Длугаша пацвярджаюць і звесткі В. Тацішчава, паводле якіх Брачыслаў «хотя Новград обладать»269. У гэтай жа крыніцы гаворыцца, што полацкі князь выбраў зручны момант для ажыццяўлення свайго нападу, калі Яраслаў з сваім войскам быў у Кіеве270. Выказвалася думка, што дзеянні Брачыслава былі выкліканы тым, што ён нічога не атрымаў ад Яраслава, які, перамогшы Святаполка, стаў уладаром усёй Старажытнай Русі271. Можна думаць, што тут хутчэй за ўсё супалі, з аднаго боку, асабістыя намеры Брачыслава адпомсціць Яраславу за выгнанне з Кіева і гэтым самым кампенсаваць свае тэрытарыяльныя страты захопам у свайго дзядзькі ягонага, паводле «Эймундавай сагі» і Я. Длугаша, спадчыннага ўдзела — Наўгародскага княства — і, з другога боку, намеры полацкай феадальна-купецкай верхавіны пашырыць свае ўладанні за кошт Ноўгарада. Інакш Брачыслаў не атрымаў бы сродкаў ад сваіх «мужоў», ад якіх ён залежаў і без рады з якімі ён не мог нічога прадпрыняць, як пасведчыла «Эймундава сага»272. Гэта адзінства князя і яго «мужоў», пад якімі, магчыма, трэба разумець веча, і было важным грунтам для паспяховых дзеянняў супроць Ноўгарада, захопу яго і далучэннем яго, як і ўсёй зямлі, да Полацка, выяўленнем чаго былі намеснікі Брачыслава, пакінутыя ім у Ноўгарадзе.
Звесткі Я. Длугаша заслугоўваюць большага даверу і тым, што яны супадаюць са сведчаннем «Эймундавай сагі» пра наяўнасць у полацкім войску варагаў. А менавіта гэта найперш і абумовіла абрабаванне Ноўгарада пасля яго заваявання: наёмнікам трэба было плаціць, а платай у той час
7 М. Ермаловіч
часцей за ўсё і было грабежніцтва заваяванай зямлі. Вядома, мы ніколькі не хочам пры гэтым абяляць палачанаў, бо ўзяцце палонаў было больш у іх інтарэсах, а не варагаў. Зразумела, чаму Брачыслаў, паводле В. Тацішчава, браў у палон знатных наўгародцаў. Узяўшы іх маёмасць, ён браў і іх з сабой, бо ведаў, што менавіта яны, пакінутыя ў Ноўгарадзе, былі б найбольш зацікаўлены ў помсце Брачыславу. Абапіраючыся на звесткі В. Тацішчава, мы можам меркаваць, што наўгародцы ў цэлым з сімпатыяй аднесліся да полацкага князя і толькі наўгародцы, што служылі ў Кіеве, варожа ставіліся да яго і адыгралі вырашальную ролю ў перамозе над ім. Есць думка, што Брачыслаў на Ноўгарад ішоў па Ловаці, як больш простым шляхам, а вяртаўся па Шалоні, бо на адным з прытокаў яе — р. Судоме — быў нагнаны Яраславам. I хоць Брачыслаў ні з чым вярнуўся ў Полацк, вынікі яго паходу, як мы ведаем ужо, не былі сумныя.
Усе даследчыкі ў адзін голас гавораць пра тое, што Брачыслаў выбраў спрыяльны для яго момант нападу на Ноўгарад: у гэты час пачынала выяўляцца варожасць да Яраслава яго брата Мсціслава, які княжыў у Тмутаракані, і што, маўляў, гэта і прымусіла кіеўскага князя пасля перамогі над Брачыславам уступіць апошняму Усвяты і Віцебск. Вядома, варожасць Мсціслава нельга выкідаць з-пад увагі пры ацэнцы такіх нечаканых вынікаў перамогі Яраслава. Заслугоўвае ўвагі і тое, што, разбіўшы Брачыслава, Яраслаў не пайшоў на Полацк з мэтай яго заваявання. А прычына гэтага ў тым, што Яраслаў, як і ў свой час бацька яго Уладзімір, добра зразумеў, што Полацк — гэта ўжо асобная дзяржава, якую можна перамагчы, але якую цяжка заваяваць і падначаліць сабе і з якой таму трэба лічыцца. Вось чаму Яраслаў і пайшоў на часовае прымірэнне з Брачыславам і на ўступкі яму. Выклікаўшы да сябе (застаецца невядомым куды: у Кіеў ці ў Ноўгарад) Брачыслава, ён памірыўся з ім, аддаўшы Усвяты і Віцебск. Яраслаў хоць і з’яўляўся пераможцам, але бачыў наперадзе цяжкую перспектыву барацьбы з Мсціславам. Сапраўды, пры такіх акалічнасцях яму патрэбен быў моцны саюзнік, і ім мог быць толькі Брачыслаў. Уступка Віцебска і Усвятаў Брачыславу была вялікай перамогай Полацка, бо вяртала пад яго ўладу значную частку крывіцкай зямлі і давала яму магчымасць кантраляваць не толькі ўвесь водны шлях на Заходняй Дзвіне, па якой ішоў міжнародны гандаль паміж Усходам і Захадам, але, улічваючы геаграфічнае становішча Віцебска на волаках паміж Зах. Дзвіной і Дняпром, мець і адну з ключавых пазіцый на шляху з «варагаў
у грэкі». Можна думаць, што менавіта на гэту тэрыторыю прэтэндаваў і Рагвалод. Зусім слушнае меркаванне, што сутычка тэрытарыяльных інтарэсаў Полацка і Ноўгарада пачалася раней, да пашырэння ўлады Ноўгарада на Пскоўскую зямлю, і таму не ў гэтых краях, а дзесьці ў іншым месцы. Вярхоўі Ловаці, Зах. Дзвіны і іх міжрэччы з волакамі былі здаўна заселены. Гэтыя месцы і з’явіліся асабліва прыцягальнымі з пункту погляду абкладання данінай, бо ляжалі на скрыжаваннях шляху «з варагаў у грэкі» (Дняпро — Дзвіна — Ловаць — Волхаў) і шляху па Зах. Дзвіне на ўсход273.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што ўступка Усвятаў і Віцебска была найперш ударам па Смаленску, і бачаць у ёй адну з прычын барацьбы Смаленска з Полацкам, якая ўзнікла пазней 274, і ў гэтым часткова яны маюць рацыю.
Паколькі ў Сафійскім і Васкрасенскім летапісах сказана, што Брачыслаў згадзіўся «заадзін» ваяваць разам з Яраславам да канца свайго жыцця, то можна зрабіць вывад, што ён прымаў удзел калі не ва ўсіх, то ў многіх заваёўніцкіх паходах Яраслава. Аднак крыніцы пра гэта маўчаць, і таму нічога пэўнага сцвярджаць у гэтых адносінах мы не можам. I. Бяляеў выказаў меркаванне, што Брачыслаў мог прыняць удзел у паходзе Яраслава ў 1038 г. на яцвягаў275. Што гэты паход быў накіраваны на панямонскіх яцвягаў, не можа быць сумнення, бо ўслед за ім адбыўся і паход на літву, што асела ў Верхнім Панямонні. Цікава, што пра апошняе здагадваўся і I. Бяляеў, але ён думаў, што тут знаходзілася толькі частка, а не ўся Літва276. Аднак звесткі пра вынікі паходу 1038 г. у крыніцах вельмі супярэчлівыя. У летапісным зводзе 1479 г. гаворыцца, што Яраслаў не мог узяць яцвягаў277, а ў Хлебнікаўскім і Пагодзінскім спісах Іпацьеўскага летапісу сцвярджаецца аб перамозе над яцвягамі. Вельмі важныя звесткі пра гэты паход мы знаходзім у Тацішчава. Хоць тут таксама сцвярджаецца пра перамогу Яраслава, аднак зазначаецца, што ён «градов нх (яцвягаў) взять не мог, нбо не хотел co стенамн бнться н людей терять» і таму «скота н нмення по сёлам множество побрав, возвратнлся»278. Як бачым, яцвягі мелі добрыя ўмацаванні-крэпасці, якія Яраслаў не змог узяць і абмежаваўся абрабаваннем.
Намі вышэй было адзначана, што племя літва, пасяліўшыся ў Верхнім Панямонні, заняло частку яцвяжскай тэрыторыі. Таму зразумела сувязь паміж паходамі на яцвягаў і на літву. He перамогшы першых, нельга было ісці на другіх, што і адбылося ў 1040 г. Пераважная большасць крыніц маўчыць пра вынікі гэтага паходу і ўспамінаюць