Таямніцы Полацкай гісторыі
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Полымя
Памер: 464с.
Мінск 2000
Каб жыць з багамі ў згодзе, іх трэба залагоджваць, маліцца за сябе і за блізкіх. Уранні продкі, просячы спрыяння, зазвычай
прамаўлялі да ўсіх багоў адразу. Удзень маліліся Хорсу-сонцу. Увечары-, пасля працы, прасілі Дажбога ацаніць пражыты дзень і даць кожнаму паводле заслуг. Паразумецца з нябеснымі і зям- нымі валадарамі, не ўяўляючы іх саміх, было даволі цяжка, таму кожнага бога і бажка чалавечая фантазія надзяліла адметным абліччам.
Пярун — волат з сівымі або вогненна-рудымі кучарамі і ба- радой, які трымае ў руцэ лук і стрэлы-маланкі. Час Перуновае ўлады доўжыўся ад першае да апошняе навальніцы, а потым бог спаў да будучай вясны. Ярыла — гожы юнак у белым уборы. Ен ездзіў на белым кані па нівах, аглядаў ярыну, спрыяў ураджаю, а яшчэ распальваў юр, цялесную страсць, клапоцячыся пры гэтым пра нараджэнне дзяцей. Каб лацвей хавацца паміж каласоў, Жыцень меў маленькі расточак, ды яму трохі замінала даўжэзная сівая барада. Вадзянік таксама ганарыўся барадою, але ўжо зялёнай, як багавінне. Своеасаблівымі дублёрамі дамавікоў былі вужы, іх трымалі ў хаце і, адводзячы ад сям і бяду, усяляк ім дагаджалі. Пра абліччы большасці іншых багоў нічога пэўнага сказаць цяпер нельга. Ад некаторых ацалелі адно загадкавыя імёны — Вышань, Крышань, Таўсень... Пагатоў імёны некато- рых багоў продкі лічылі за лепшае ў пэўных абставінах проста не называць. Беларусы дагэтуль захавалі звычай не ўзгадваць перад сном чорта, а калі надарыцца ўсё ж успомніць у размове нячысціка, дык адразу дадаюць: «Не пры вас кажучы».
У эапаленых хрысціянскімі святарамі вогнішчах бясследна загінулі паганскія запісы на дошках і бяросце, дзе былі і малітвы.
Зрэшты, існуе і іншы погляд на праблему. Вам, магчыма, ужо даводзілася чуць пра «Кнігу Вялеса», якую прыхільнікі яе аўтэнтычнасці называюць Святым пісаннем славян. Кніга гэтая нібыта была выразаная на букавых дошчачках ноўгарадскімі веш- чунамі ў IX стагоддзі і прысвечаная богу Вялесу, а знайшоў яе ў час грамадзянскай вайны белагвардзейскі палкоўнік Ізенбек. Пакрытыя старажытнымі пісьмёнамі драўляныя старонкі Вяле- савай кнігі трапілі разам з яе ўладальнікам за мяжу, а ў гады другой сусветнай вайны зніклі.
Трэба сказаць, што такі знаўца старажытнай славянскай куль- туры, як акадэмік Дзмітры Ліхачоў, і іншыя аўтарытэты лічаць «Кнігу Вялеса» падробкай, ці, далікатней кажучы, містыфіка- цыяй. Здзейсненыя за апошнія гады шматлікія публікацыі кнігі і дасціпныя каментарыі да яе не пераканалі і мяне ў сапраўднасці гэтага помніка паганскіх часоў. Але ў любым выпадку аўтар ці аўтары «Вялесавай кнігі» грунтоўна ведалі і адчувалі дахрысці- янскі духоўны космас нашых продкаў. Вось як, напрыклад, у вольным перакладзе на беларускую мову гучыць пачатак малітвы
Русалле. Мініяй,юра Радзівілаўскага летапісу
да Валадара сусвету: «Кланяемся першаму табе, Род, і пяём табе вялікую славу. Хвалім цябе, пачынальнік усіх родаў чалавечых, Сварожа. Ты —- крыніца вечная, што ніколі не замярзае, і хто п’е тую ваду, жыве, пакуль не трапіць на твае райскія лугі. Пяём песню табе, Святавідзе, бо ты ёсць святло, праз якое мы бачым гэты свет. Ты трымаеш моцна сонца і зоркі і даеш нам Яву, a беражэш ад Навы (смерці). Дык вырачымся злых думак і чыну злога і пойдзем дарогаю дабра...» Пасля прамаўлялі да Перуна: «Кланяемся табе, Пяруне-грамавержац, што не стамляешся кру- ціць кола жыцця і вядзеш нас дарогаю праўды да бітвы і да трызны па тых, што аддалі жывот свой за праўду і ідуць да жыцця вечнага, да палка Перуновага. Слава табе, гонар і суд воінаў, што страляеш па ворагах нашых і адводзіш ад нас стрэлы іхнія. Слава табе, залатарунны, літасцівы і праўдзівы...».
Найпрасцей абвясціць гэтую рэканструкцыю паганскіх ма- літваў плёнам фантазіі. А мо не будзем спяшацца: а раптам у аўтара (няхай сабе ён — амаль што наш сучаснік) абудзілася памяць продкаў, і ён нічога не выдумляў, а проста ўспомніў?
Найбольш блізкія дачыненні з багамі продкі мелі на святы.
Пасля зімовага сонцастаяння Каляда прыбаўляла дні, і, хоць яшчэ трывалі лютыя маразы, пачыналася новае гадавое кола. Свята ў гонар Каляды было ці не самае вясёлае. Яго абрады дажылі ў Полацку да нашага стагоддзя. Па дварах і хатах хадзілі з песнямі калядоўшчыкі. Іх падхмеленая гаманкая грамада вадзіла
з сабою «бусла», «мядзведзя» і галоўную дзейную асобу — «казу» або «казла» ў вывернутым кажусе, з рагамі і барадою- вяхоткай. Апошнімі гадамі такую каларытную сябрыну зноў мож- на сустрэць у калядныя дні на полацкіх ды наваполацкіх вуліцах.
Каза ў продкаў увасабляла сонца, што памірала і ўваскрасала, пасылаючы зямлі ў новым годзе жыццядайную сілу і новы ўра- джай. Таму калядны гурт і пяе:
Дзе каза хвастом, Там жыта кустом. Дзе каза рогам, Там жыта стогам.
Другая палова Калядаў (з 1 да 6 студзеня) называлася Вя- лесавымі днямі. Лічылася, што ў гэты час чалавек лягчэй, чым калі-небудзь яшчэ, можа ператварыцца ў ваўка.
Вясновым святам гукання добрых духаў, якія ажыўлялі зямлю пасля зімовага сну-нябыту, быў Вялікдзень, што пазней зліўся ў хрысціян са святым днём Хрыстовага ўваскрэсення. Паганскі каляндар меў святы маладых усходаў, пачатку і заканчэння жніва.
У крывічоў захоўваліся старажытныя абрады, што ўзніклі ў часы татэмізму, калі кожны род выводзіў сваю гісторыю ад нейкага звера або птушкі. Адно такое свята, звязанае з шана- ваннем мядзведзя,— камаедзіца — было вядомае ў полацкім наваколлі яшчэ ў мінулым стагоддзі. Яго спраўлялі ў сакавіку, калі лясны гаспадар прачынаўся і выходзіў з бярлогі. На ка- маедзіцу гатавалі стравы, якія нібыта любіў спадар мядзведзь: камы з гарохавай мукі і аўсяны кісель — жур. Пасля святочнага полудня сяляне клаліся на палаткі і, пераймаючы касалапага «продка», пераварочваліся з боку на бок, просячы спрыяння і абароны. У гонар яго наладжвалі скокі ў вывернутых кажухах.
На самым пачатку чэрвеня святкавалі Ярылаў дзень. Ад раніцы прыбіралі стужкамі маладую бярэзінку, аздаблялі жытло маем. Потым выбіралі найпрыгажэйшую дзяўчыну, апраналі яе ў белыя строі, садзілі на каня і вазілі па паселішчы, спяваючы і водзячы вакол карагоды, што выконвалі ў паганцаў прыкладна такую ж ролю, як хросны ход у хрысціянаў. На Ярылаву ноч прыпадала свята кахання, пра якое хрысціянскія аўтары пазней пісалі: «Отрокам оскверненне, девам растленне».
Ярыла «полю жыта радзіў, людзям дзеці пладзіў». Ен меў схільнасць да жанчын і хмельных напояў. Яму мы абавязаныя такімі адметнымі беларускімі слоўцамі, як ярына, ярун, ярыцца. Хрысціянскім пераемнікам Ярылы стаўся святы Юры. Юр’е — адно з найбольш шанаваных сялянамі на Полаччыне і наогул у Беларусі святаў. У гэты дзень упершыню пасля зімы выганялі
на пашу скаціну, а гаспадар выпрауляуся аглядаць свае палеткі. Кожны з нас мае магчымасць самастойна спраўдзіць, ці насамрэч у гэты дзень пачынае куваць зязюля, а таксама праверыць мнос- тва звязаных з Юр’ем народных прыкмет.
Ад Ярылы зусім мала заставалася да Купалы. Гэтае свята супадала з летнім сонцастаяннем; пасля яго нябеснае свяціла «паварочвалася», і дні рабіліся карацейшыя. Купаллю папярэд- нічаў русальны тыдзень, калі дзяўчаты вадзілі ў святых гаях карагоды, прыносілі крыніцам і рэкам ахвяры — найчасцей пту- шак. «Убогая курятн, яже на жертву ндолам режутся, нныя в водах потопляемы суть»,— паведамляе старажытны рукапіс. Прыгожых дзяўчат абвівалі зялёнымі галінкамі і аблівалі вадой, выклікаючы дождж.
Каля вёскі Свяціца на беразе полацкага возера Янова вам і сёння пакажуць пагорак Валатоўку. Разам з урочышчам Камяні, што паблізу вёскі Бікульнічы на тым самым возеры, Валатоўка ўваходзіла ў комплекс тыпу Стоўнхендж*, дзе ў паганскія часы тутэйшыя жыхары святкавалі ўлетку сонцастаянне. Тут, за двац- цаць кіламетраў на поўдзень ад Полацка, велізарныя валуны складаюць геаметрычную фігуру, якая дакладна арыентаваная па напрамках свету і сваімі контурамі нагадвае літару «П». Аўтар кнігі «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны» (Мінск, 1992) беларускі геолаг і краязнавец Эрнст Ляўкоў, які даследаваў культавыя камяні, вызначыў: валуны ў гэтай мясціне размешчаныя такім чынам, што, стоячы ў цэнтры фігуры, старажытны астраном толькі раз на год мог убачыць, як сонца сядае дакладна за Валатоўкаю. Гэта значыла, што ноч будзе найкарацейшаю, a наступны дзень — найдаўжэйшым.
3 нагоды сонцастаяння продкі запальвалі на Валатоўцы вог- нішча ў гонар Купалы. Пазней да купальскіх ігрышчаў хрысці- янскія місіянеры прымяркуюць свята нараджэння Яна Хрысці- целя, або Янаў дзень, што святкуецца паводле грыгарыянскага календара 24 чэрвеня. Адсюль цалкам лагічна будзе вывесці паходжанне назвы возера, над якім у купальскую ноч і ў наш час загараюцца вогнішчы.
Яшчэ адну старажытную «абсерваторыю» палачан сёння можна пабачыць на возеры Дрысвяты за колькі кіламетраў ад аднайменнай вёскі, ва ўрочышчы Другая Камяніца. На паверхні цэнтральнага, амаль трохметровага ружавата-шэрага валуна за- хавалася паглыбленне — ахвярнік. Вакол з поўдня і захаду паў-
*
Старажытная абсерваторыя (XIX ст. да н. э.) у Англіі. Сто валуноў, з якіх складаецца гэты мегалітычны помнік, зарыентаваныя на кропку, дзе 21 чэрвеня, у дзень летняга сонцастаяння, з яўляецца сонца.
колам ляжаць меншыя камяні-арыенціры, з дапамогаю якіх прод- кі вызначалі паганскія святы і дні, спрыяльныя для пачатку сельскагаспадарчых работ.
За маёй памяццю на поплаве водбліз Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра яшчэ збіраліся на Купалле старыя палачанкі ў дастаных з куфраў вышываных кашулях і андараках. Сёння падрабязна пісаць пра гэтае спрадвечнае свяга не мае сэнсу, бо яно вярнулася ў наша жыццё і зыркімі агнямі, што люструюцца ў спакойных водах Дзвіны і Палаты, і непаўторнымі чарадзейнымі абрадамі, гульнямі і песнямі. Скажу адно, што ў паганскай старажытнасці скласці купальскае вогнішча даручалі жанчыне — «Маладая ма- ладзіца, раскладзі купальніцу!» — і нельга было, як цяпер, пры- ходзіць на свята ў любым адзенні. Перавагу аддавалі беламу колеру, асабліва важнымі лічыліся жаночыя галаўныя ўборы: ап- рача вянкоў з кветак і зеляніны дзяўчаты надзявалі блакітна-ня- бесныя наміткі. Маліліся Купалу, як і ўсім іншым паганскім багам, не толькі з чыстым духам, але і з чыстым целам.