Таямніцы Полацкай гісторыі
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Полымя
Памер: 464с.
Мінск 2000
Продкі лічылі купальскую ноч самым прыдатным часам шукаць скарб. Паблізу таго месца, дзе ён закапаны, з’яўляўся блакітны агеньчык. Але нават калі і пашанцуе знайсці падземнае багацце, завалодаць ім нялёгка, бо скарб звычайна загавораны: чым глыбей капаеш, тым глыбей ён хаваецца, а можа і зусім праваліцца ў бездань, адкуль зарагочуць страшнымі галасамі нячысцікі. Існавала таксама павер’е, што ў гэтую чароўную ноч зямля разыходзіцца, каб скарбы прасохлі. He здабыў багацця, дык, можа, хоць паба- чыш, як у глыбачэзных правалах вісяць на ланцугах велізарныя катлы з золатам, срэбрам ды каштоўнымі камянямі.
Самае змрочнае і трагічнае свята Рода і Перуна прыпадала прыкладна на 20 ліпеня. Тут не было ні песень, ні карагодаў. Бог вымагаў крывавых ахвярапрынашэнняў — быкоў, а часам і людзей (найверагодней, палонных ворагаў). Выбар ахвяр быў вельмі ад- казным клопатам, яму прысвячаўся ўвесь папярэдні тыдзень. Як- раз пачыналася жніво, і ў бога прасілі пагодлівых дзён. Каб зас- церагчыся ад смяротных Перуновых стрэлаў, ставілі на будынках грамавы знак — круг з шасцю радыусамі. Адтуль, пэўна, і пайшоў у беларусаў звычай усцягваць на хату — пад буслянку — кола.
Дзеля размоў з валадарамі зямлі і неба продкі ладзілі паганскія бажніцы — капішчы, дзе гарэлі непагасныя агні. Памяць пака- ленняў данесла да нас звесткі, што палачане пакланяліся Перуну каля Валовага возера. (Магчыма, і назву сваю яно атрымала ад валоў, чыёй крывёю залагоджвалі грознага бога.) Археолаг Сяр- гей Тарасаў, які ўжо шмат гадоў даследуе Полацк, мяркуе, што вакол возера існаваў цэлы комплекс капішчаў. Валовая азярына
ацалела дасюль, і, як на маё адчуванне, нягледзячы на сучасны гарадскі краявід, атмасфера вакол яе густа настоеная на таямніцы.
Захавалася апісанне капішча ў гонар Перуна на памежных з Полацкам ноўгарадскіх землях, па якім можна меркаваць пра святыню на берагах Валовага возера: «Божышча гэтае мела выгляд чалавека з крэменем у руцэ, падобным да грамавой стра- лы. Каля яго і ўдзень, і ўначы, і ў залеву гарэла вогнішча з дубовых дроў. Таго, хто не ўпільнуе святога агню — зніча і дазволіць яму патухнуць, чакала смерць».
Часам капішча нагадвала сапраўдную фартэцу: недзе на ўзгор- ку ці на высокім беразе стаяў абведзены ровам вастракол, за якім паўколам выстраіліся глыбока ўкапаныя драўляныя ідалы- стоды. Калі даць волю ўяўленню, мы ўбачым іх суровыя цёмныя твары з водбліскамі святога вогнішча, падрыхтаваных да ахвяры быкоў з налітымі крывёю вачыма, звязаных палоннікаў і згур- таваны страхам і вераю натоўп, што прыцішана паўтарае словы малітвы.
Бажніцы далёкіх продкаў згадваюцца ў старажытных замовах і заклёнах: «А ў цёмным лесе стаіць гара высокая, там растуць дубы вячыстыя, там бяжыць вада цудоўная. А я ж тую ваду брала, балючае цела абмывала, піць давала...». На Полаччыне, як і ў іншых мясцінах Беларусі, і цяпер пачуеш такое прыслоўе: у сасновым лесе — маліцца, у бярозавым — любіцца, у дубо- вым — волю каваць, у яловым — душу чорту прадаваць. Маг- чыма, тут намёк на тое, дзе якому богу маліліся паганцы. Вядома, што дуб лічыўся дрэвам Перуна. Капішча багіні кахання Лады можна ўявіць якраз у сонечным бярозавым гаі. Ну а на сустрэчу з цёмнымі сіламі продкі сапраўды маглі прабірацца таемнымі сцежкамі паміж старых змрочных ялін з бародамі моху і лішаёў. Сляды адразу некалькіх адкрытых небу паганскіх святынь вы знойдзеце сёння пад Полацкам на маляўнічым Павульскім во- зеры.
Святымі ў продкаў лічыліся не толькі асобныя, найчасцей пракаветныя дрэвы, але і вялізныя камяні, многія з якіх мелі ўласныя імёны. Адзін з іх, Перуноў камень, ляжыць у густым лясным зарасніку паблізу вёскі Папялы цяперашняга Глыбоцкага раёна. Сёння вам пакажуць гэты валун толькі старыя людзі, ад якіх вы даведаецеся, што неглыбокі метровы раўчук, які пра- разае паверхню каменя,— справа чалавечых рук. Акурат на пра- даўжэнні гэтай лініі, за дзвесце крокаў ад валуна, калісьці рос вячысты дуб на некалькі абхватаў.
Лічылася, што камяні жывыя, іпто яны могуць расці, пера- соўвацца на вялікія адлегласці, дапамагаць або шкодзіць людзям. Каб магічная сіла святых валуноў служыла чалавеку, продкі пры- носілі ім разнастайныя ахвяры — ад пацеркаў, калі дзяўчаты
прасілі сабе жаніха, да парася ці нават цяля, калі трэба была дапамога цяжка хвораму. На Полаччыне захаваліся паданні аб камянях-краўцах, на якія дастаткова было пакласці звечара ка- валак палатна і сказаць, што трэба пашыць, каб на досвітку забраць дыхтоўна пашытую рэч.
Культ камянёў быў агульны для славян і ранейшага балцкага насельніцтва. Найбольш яскрава гэта выяўляецца ў паданнях пра гэтак званыя Чортавы камяні. Навукоўцы вылучаюць сем асноўных сюжэтаў гэтых паданняў, прычым яны вядомыя толькі ў беларусаў, літоўцаў і латышоў. Іначай кажучы, наш чорт — родны брат латышскага і літоўскага.
Кожны, мабыць, чуў паданні пра цэрквы, якія праваліліся пад зямлю. Гаворка, магчыма, ідзе яшчэ пра паганскія святыні, спаленыя ці зруйнаваныя па загаду хрысціянскіх валадароў. Цэр- квы часта будавалі на месцы ранейшых бажніц — каб больш надзейна сцерці памяць пра іх. Вельмі верагодна, што і наш Сафійскі сабор вырас на рэштках паганскага капішча: надта ж прыдатная мясціна. Калі будзеце каля Сафійкі, паспрабуйце ўба- чыць, як выглядала тут усё за тысячу гадоў да нас. Мо так, як пяецца ў адной валачобнай песні?
А на той гары ды ляжаць брусся, Ды ляжаць брусся цясовыя.
А на тым бруссі ды стаяць слупы, Ды стаяць слупы маляваныя.
А на тых слупах ды вісяць катлы, Ды вісяць катлы адліваныя.
А пад тымі катламі ды гараць агні, Ды гараць агні ясненькія.
Ды гараць агні ясненькія, Ды ідуць дымкі сіненькія. Там сядзяць дзядкі сівенькія...
Цяпер самая пара сказаць пра гэтых сівенькіх дзядкоў, бо яны не проста дзядкі, а вешчуны, што непасрэдна гаварылі з багамі і прыносілі ім ахвяры. Летапісы называюць іх «волхвамн» і «кудесннкамн».
Яны ведалі малітвы і любасныя багам песні. Ведалі заклёны ад засухі, ад чорнае немачы і ад сурокаў. Умелі завіваць бараду Жыценю, перакідацца ў ваўкоў і нават рабіць зацьменні сонца і месяца. Сярод іх былі хмараганяльнікі і кобнікі, што прадказвалі падзеі і чалавечы лёс па палёце птушак. Былі варажбіты, якія чыталі будучыню па самых розных прыкметах: па «вухазвоне» або «куракліку», «варонаграі» ці мышыным піску. Кашчуннікі і баясловы складалі і выконвалі сказанні-кашчуны — пра падзем-
Паганскі вяшчун. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу
нага караля, перамогу над цмокам, пра залатое гаспадарства цара-Сонца... Зялейнікі ведалі лекавыя травы — зёлкі. Чараўнікі займаліся магічнымі дзеяннямі з вадою і зёльнымі адварамі, дзеля чаго карысталіся адмысловаю пасудзінай — чараю, ад якой і атрымалі сваё найменне.
Вешчунамі за іх складанае і загадкавае майстэрства лічылі кавалёў, блізка знаёмых з Жыжалем і з самім Сварогам. Сап- раўдным дзівам выглядала тое, як бясформенны кавалак жалеза ў руках у каваля ператвараўся ў сякеру, меч ці ў наканечнік дзіды. Пра гэтых майстроў казалі, што яны могуць закуць у кайданы нячыстую сілу, выкаваць чалавеку лёс. Менавіта каваль адужаў у паданнях Змея Гарыныча і прыкуў яго за язык.
У вялікай пашаноце жылі «храннльннкн». Яны рабілі і дапа- магалі выбраць абярогі, што прыносілі здароўе, багацце і шчасце, бераглі чалавека ад невідочных злых духаў, якія заўсёды чакалі зручнага моманту, каб высмактаць кроў або ўчыніць іншае ліха. Абярогамі былі зубы дзікіх звяроў, пярсцёнкі, бурштынавыя пацеркі, бранзалеты, падвескі ў выглядзе качачак, сонца і месяца. Жыццё і ўрадлівасць сімвалізавалі падвескі-конікі, якія археолагі часта знаходзяць па ўсёй Беларусі. Рабілі абярогі і на ўзор побытавых рэчаў: грабянцоў, лыжак, ключоў, што «замыкалі» чалавека, не даючы падступіцца да яго злыдням.
Ад начніц, ваўкалакаў ды ўсіх нячысцікаў чалавечае жытло баранілі магічныя знакі, найперш розныя выявы сонца. Яно свя-
ціла з дзіцячых зыбак, з прасніц, з карцоў, якімі чэрпалі ваду і хмельны мёд. Сонца мела шмат сімвалаў: кола, крыж, кола з кропкаЮ ці з крыжам. Знак бога Ярылы — шасціканцовы крыж з роўнымі папярэчынамі — сімвалізаваў вечнае жыццё: на зямлі і ў замагільным свеце. Берагла людзей і вышыўка на адзенні, дзе не было нічога выпадковага, усё — ад простага крыжыка да складанага ўзору — мела свой патайны сэнс. Абавязкова вы- шывалі каўняры, рукавы і падолы, бо якраз праз іх мерыліся падлезці да чалавечага цела нябачныя злыдні-крывасмокі.
Вяшчун звычайна жыў воддаль паселішча, у лясных нетрах, і, каб трапіць да яго, чалавек мусіў нацярпецца страху.
Вось выправілася ўвечары да чараўніка дзяўчына — прыва- ражыць любага. 3 першых крокаў абступіла яе на лесавой сцяжыне тое, аб чым удзень і не думалася. Што там мільганула наперадзе светлым ценем? Ці не Мара выйшла з дзённых сховаў закоўваць сонных людзей страхам? А на гэтым пні трэба пакласці пачостку лесуну, бо іначай закруціць у лесе, зарагоча знянацку жудасным смехам, ад якога замярзае кроў у жылах. I тут, на кладцы праз рачулку, не спі. Плыве паміж дрэў халодны туманец — значыцца, вадзянік недзе паблізу: расклаў на дне сваё сцюдзёнае вогнішча і адганяе зялёнай барадою дым. Раптам абломіць кладку, ашча- перыць учэпістымі рукамі, зірне смяротным паглядам у вочы і пацягне ў вір?
Аес глухі, ногі патанаюць у моху, ірвецца з грудзей сэрца, a рука мацней сціскае касцянога коніка-абярог. Ой цяжка дапасці да вешЧуна! Усе дрэвы, камяні ды сцежкі вакол яго хаціны зага- вораныя. He ўнаравіш яму нечым — возьме з твайго следу зямлі, пакладзе ў торбачку ды высушыць, а разам з той зямлёю і ты высахнеш на трэску.
У вешчуновым прыстанку яшчэ страшней, чым у лесе. Гаспа- дара не відаць, адно на стале п'е з чарапка малако вялізны вуж. Ці не сам гэта гаспадар і ёсць? Нап’ецца ды перакінецца ў зам- шэлага дзядка з вострымі вачыма. А вунь на печы дзве пары нейчых вачэй свецяцца. I назад дарога начная чакае: зашуміць апоўначы знячэўку лес, вада ў возеры зробіцца без усякага ветру неспакойная, заплешча ў берагі...
3 сярэдзіны 90-ых гадоў нашага стагоддзя гісторыкі з По- лацкага дзяржаўнага універсітэта і цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя» праводзяць у Прыдзвінні экспедыцыі, якія засведчылі: на Асвейшчыне, Расоншчыне і нават у блізкіх ваколіцах Полацка яшчэ жывуць людзі, што валодаюць таямнічай энергіяй і нез- вычайнымі здолыіасцямі. Яны з поспехам лечаць хворых адна- вяскоўцаў і жывёлу, значна лепей за дыпламаваных спецыялістаў ведаюць зёлкі і лекавыя ўласцівасці вады, дрэў, каменю. Але