Таямніцы Полацкай гісторыі
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Полымя
Памер: 464с.
Мінск 2000
Гэтая сага — першая па часе крыніца, дзе згадваюцца хрыс- ціяне на полацкіх землях.
Узнікненне полацкага манастыра Іаана Хрысціцеля (Папя- рэдніка) на Востраве, пра які ёсць шматлікія сведчанні, гісторыкі адносяць да XII стагоддзя. Але рэшткі самога манастыра дагэ- туль не знойдзеныя, і казаць пра больш дакладны час яго зас- навання можна будзе толькі пасля археалагічных даследаванняў. Пакуль што яны вызначылі толькі месца пошукаў. Што да «вы- сокай гары», дык яна існуе на левым беразе Дзвіны, насупроць Сафійскага сабора, і сёння.
«Аповесць мінулых гадоў», кажучы пра падзеі ў Полацку, пад 1007 годам змяшчае запіс «Перанесены святыя ў святую Багародзіцу».
Першыя кіеўскія (а потым агульнарускія) святыя Барыс і Глеб кананізаваныя, як лічаць сучасныя вучоныя, пасля 1020 года, а перанесеныя ў царкву ў 1072 годзе, пра што ёсць запіс у «Аповесці'’мінулых гадоў».
Іншых святых ні ў Кіеве, ні ў Ноўгарадзе тады не было і не магло з’явіцца, бо царква Кіеўскай Русі знаходзілася ў поўнай залежнасці ад Канстанцінопаля, дзе зацвярджалі любую кана- нізацыю.
Беларускі гісторык Сяргей Тарасаў мяркуе, што гаворка ў летапісе ідзе пра першых полацкіх і беларускіх святых, якімі
маглі быць манашка Рагнеда-Анастасія, пабожны князь Ізяслаў і княжыч Усяслаў Ізяславіч, які памёр у дзіцячыя гады. Магчыма, да іх быў далучаны і святы Торвальд. Канстанцінопальскі пат- рыярх мог дазволіць кананізацыю мясцовых святых праз сваю зацікаўленасць у хрысціянізацыі Полацкай зямлі паводле ўсход- няга абраду. Княства ж, безумоўна, хацела мець сваіх святых дзеля ўмацавання незалежнасці.
Дарэчы, у Полацку ўжо напэўна існаваў і храм Багародзіцы, бо, як мы пазней даведаемся, у часы Еўфрасінні цэркваў у гонар Божай Маці было ў горадзе дзве — старая і новая.
Першы вядомы нам сёння полацкі епіскап Нікіфар быў грэкам. У 1092 годзе з дазволу канстанцінопальскага патрыярха ён стаў мітрапалітам кіеўскім. Значыцца, заняць епіскапскую катэдру ён мог таксама толькі з багаславення таго самага царкоўнага іерарха. Іначай кажучы, Нікіфар прыехаў у Полацк проста з Візантыі.
Усё сказанае вышэй, як і трывалыя сувязі Полацкага княства з Канстанцінопалем, што выяўляліся і ў дынастычных шлюбах і ў магутным уплыве візантыйскае культуры, пераконваюць: новая вера прыйшла сюды непасрэдна з Візантыі.
Нягледзячы на тое, што царква абвяшчала вялікім грэхам не толькі размову пра паганства, але і думкі пра яго, хрысціянства на нашай зямлі яшчэ вельмі доўга мірна суіснавала са старым светаўспрыманнем. Паганцамі ў душы заставаліся і простыя лю- дзі, і некаторыя з вялікіх полацкіх князёў.
Як сведчаць дакументы, у XV—XVI стагоддзях на абшары былой Полацкай дзяржавы ў сялянскім асяроддзі яшчэ нярэдка сустракаліся дахрысціянскія імёны: Жыла, Ждан, Некраш, Раз- мыслаў, Хвалей, Міраслаў, Багдана, Зорна, Нядзелька, Даб- рыяна, Міласлава...
Нават у XVII стагоддзі праваслаўныя багасловы з абурэннем пісалі: «Шануюць старых бажкоў Леля і Палеля і агідныя Богу іхнія імёны крычаць на ігрышчах. Славяць на вяселлях і матку іх Ладу, і гэтага хрысціянам сцерагчыся трэба, каб унікнуць кары Божай. I нячысціка Купалу славяць, асабліва перад нара- джэннем Іаана Хрысціцеля. Хлопцы і дзяўчаты звіваюць сабе вянкі з некаторых траў і ўскладаюць іх на галовы і па вадзе пускаюць, забыўшыся пра імя Госпада нашага. I агонь раскла- даюць на тым д’яблавым ігрышчы, і скачуць праз яго, і карагоды вакол яго водзяць, і шмат чаго іншага на тых ігрышчах учыняюць, пра што і пісаць непрыстойна. I на свята Нараджэння Хрысто- вага славяць нячысціка Каляду, і ўсё гэта спакусы д’яблавы. Есць і такія, што твары свае і ўсю гожасць чалавечую, на па- дабенства Божае створаную, хаваюць пад маскамі, на д’яблаў узор зробленымі, і тым як быццам Бога нашага дакараюць, пагарджаючы стварэннем рук ягоных». Гэтыя словы маюць не-
*•* ^^НГАву^Ав(6ЛІІА(ПЛ.
■НмЛВЛЯМЛМчМіІЛ Ф кй. Нп/і4нгі>ЧН(ЛА&% Г«1
П^ІААвЛІі- ам^4%к»лі^ ' к кММШЧ^ >^W плвп^о. ППЛПВІВГ»^^^^. ^ПНГМ- Л^НМ^ІКЛ* мцкву'імлАгп» nn^tutu^tte
(KHfSABl ^мкпвглтн гкж нлм л<Лit aa Г^Д-(н(Л4оаалЗ<'^»<
Паход князя Брачыслава на Ноўгарад. Мініяуюра Радзівілаўскага летапісу
пасрэднае дачыненне да Полаччыны, дзе карані паганскае веры былі асабліва глыбокія.
Сучасны даследчык беларускага паганства Уладзімір Лобач слушна параўноўвае працэс сцверджання новай веры на нашых землях з ірландскім варыянтам хрысціянізацыі, калі хрысціянскія святары, каб мець поспех, мусілі мірна кантактаваць з вешчуна- мі-друідамі, шмат чаго пераймаючы ад іх.
Негвалтоўны, паступовы прыход хрысціянства на старажыт- набеларускія землі меў важныя наступствы. 3 часоў першай дзяржавы ў нас усталёўваліся адносіны павагі да іншадумцаў і іншаверцаў. Мы не ведалі царкоўных расколаў, як у Масковіі, і рэлігійных войнаў, як на Захадзе. Язычніцкія традыцыі, звычаі, абрады былі прыстасаваныя да хрысціянства і сталіся неад’емнай часткаю беларускай культуры. Усё гэта таксама фармавала наш адметны нацыянальны характар.
Уладзімір Краснае Сонейка пасля хрышчэння пражыў яшчэ амаль трыццаць гадоў. У запавеце ён павучаў дзяцей: «Не да- вайце моцным губіць чалавека. Hi правага, ні вінаватага не за- бівайце і не загадвайце забіць яго. Калі і будзе варты смерці, усё адно не губіце ніякай хрысціянскай душы». Ці ўспамінаў князь пры гэтым жаніцьбу з Рагнедаю? Якуспомніў, дык хочацца
верыць, што шчыра раскаяўся. А што да настаўлення не ліць крыві — не той быў час, каб нашчадкі да яго прыслухоўваліся.
Ці не найлепшым выканаўцам бацькавага запавету мог бы стаць — каб дажыў да яго — князь Ізяслаў. «Бысть же снй князь,— паведамляе пра яго Ніканаўскі летапіс,— тнх н кро- ток, н смнрен, н мнлостнв, н любя зело н почнтая свяіценннческнй чнн нноческнй, н прнлежаіце прочнтаняю божественных гжсаннй, н отврашаяся от суетных глумленнй, н слезен, н умнлен, н дол- готерпнв». Ёсць у гэтым партрэце відавочная ідэалізацыя, але ёсць і звесткі, вартыя даверу.
Ізяслаў — першы з усходнеславянскіх князёў, каго летапісы называюць кніжнікам. Менавіта ён увёў у Полацку пісьменства і навучанне грамаце. Пячатка з яго імем, якою змацоўваліся княжыя граматы, лічыцца адным з найдаўнейшых помнікаў бе- ларускага пісьменства.
Рагнедзін сын застанецца ў гісторыі як першы беларускі ас- ветнік і як князь, што аднавіў у старажытнай крывіцкай сталіцы полацкую дынастыю. Пачынаючы з яго, усе нашчадкі Рагвалода нязменна называлі сябе Рагвалодавічамі, а не Рурыкавічамі, як астатнія «рускія» князі.
Горад на той час ужо падняўся з папялішча. На высокім беразе Дзвіны, там, дзе яна прымае ў сябе Палату, стаяў рублены з бярвення новы дзядзінец, вакол якога рос пасад. Шырокую дзвін- скую роўнядзь усё часцей упрыгожвалі ветразі купецкіх стругаў.
Князь Ізяслаў пакінуў Полацк і гэты свет неўзабаве па смерці маці. Цяжка сказаць, ці княжыў яго сканалы ў малалецтве старэйшы сын Усяслаў. Даты ствараюць загадкавы ланцужок: 1000 год — памірае Рагнеда, 1001 — Ізяслаў, 1003 — Усяслаў Ізяславіч. Сын і ўнук развітваюцца з жыццём значна раней за бацьку і дзеда, што дажыве да 1015 года. Відаць, доўгія рукі меў Уладзімір Краснае Сонейка, вялікі быў яго страх перад адраджэннем Полацка.
Пасля таямнічай бацькавай смерці полацкі пасад заняў Бра- чыслаў Ізяславіч, які канчаткова верне княству незалежнасць.
Ен застаўся сіратою ў раннія гады. Бацька паспеў пасадзіць хлопчыка на каня, даў патрымацца за меч, паслухаў, як, водзячы пальцам па пергамене, княжыч расчытвае кніжныя радкі. Далей яго выхаваннем займаўся нехта з полацкіх баяр. Брачыслаў зас- таўся апошнім жывым Рагвалодавічам. Палачане бераглі мала- летняга князя, як_вока, і глядзелі на яго з вялікімі спадзяваннямі.
У Кіеве яшчэ сядзеў ненавісны Уладзімір. Рагвалодаў забойца мусіў аднавіць Полацкае княства, але забраў у яго волакі на гандлёвых шляхах. Ключы ад іх — Віцебск і Усвят — перайшлі пад уладу Ноўгарада, куды плыло цяпер багатае мыта з праез- джых купцоў. Полацкія «мужы моцныя» марылі павярнуць гэты залаты ручай да сябе, аб’яднаць крыўскія землі і прырасціць да іх дрыгавіцкія.
Узмужнеўшы і ўвабраўшыся ў сілу, князь спраўдзіў надзеі землякоў. Як тое адбывалася, апавядаюць летапісы і «Сага пра Эймунда».
Памёр Уладзімір Краснае Сонейка, успыхнулі крывавыя ўсобіцы. Пераможцам з іх выйшаў князь Яраслаў, празваны Мудрым.
Малады полацкі валадар у суседскія звады не ўвязваўся, рых- таваўся да іншага. А тут як быццам само неба паспрыяла палачанам: у горад прыйшла з Кіева варажская дружына Эймунда. Яраслаў не заплаціў ёй за службу, і пакрыўджаныя варагі выбралі сабе новага гаспадара — Брачыслава, што было прызнаннем яго сілы.
Эймунд прывёз крывіцкаму князю важную навіну: яго кіеўскі дзядзька рыхтуецца да паходу ў Прыдзвінне. Полацк вырашыў не шкадаваць варагам грошай. Пагатоў Эймундава папярэджанне хутка пацвердзілася: Яраслаў прыслаў ганцоў, вымагаючы памежныя з яго ўладаннямі полацкія гарады. Правадыр варагаў за бяседным сталом сказаў Брачыславу: «Падобна, уладар, што будзе бойка з хіжым ваўком. Саступім цяпер — захоча ўрваць яшчэ болей».
Параіўшыся з вечам, Брачыслаў Ізяславіч вырашыў не чакаць нападу, а самому ўдарыць на спадчыннае Яраславава ўладан- не — Ноўгарад. У 1021 годзе палачане быццам з-пад зямлі вы- раслі перад магутнымі ноўгарадскімі сценамі і ўзялі горад прыс- тупам. Сярэднявечны польскі гісторык Ян Длугаш піша, што ўслед за сталіцаю Брачыслаў завалодаў усім суседнім княствам. У захопленых гарадах ён паставіў намеснікаў і з багатым палонам вырушыў дадому. Часам даводзіцца чытаць, што такім чынам Полацк адпомсціў за Рагвалоду і Рагнеду. He трэба блытаць помсту з палітыкай. Палачане не помсцілі, а імкнуліся далучыць Ноўгарадскую зямлю, каб больш паспяхова змагацца з Кіевам.
На сёмы дзень вяртання з паходу крывіцкае войска ўбачыла перад сабою баявыя харугвы Яраслававай дружыны. Сеча ад- былася на рацэ Судоме, і, калі верыць летапісам, разбіты Бра- чыслаў збег адтуль у родны горад. Аднак дзіўная гэта была перамога, бо кіеўскі князь не толькі не пайшоў ваяваць Полацкую зямлю, а яшчэ і аддаў Брачыславу Віцебск і Усвят — менавіта тыя гарады, якіх Полацку не хапала для моцных пазіцый на шляху «з варагаў у грэкі». Зноў мусім шкадаваць, што загінуў Полацкі летапіс: ён мог бы сказаць аб той бітве праўду.