Тэма сачынення — вольная
Зборнік тэматычных блокаў для старшакласнікаў і абітурыентаў
Выдавец: Юніпрэс
Памер: 272с.
Мінск 2002
да яе, а вернасць сваёй мэце. Спалучыць жа адно з другім было немагчыма. Спалучыць ці зрабіць іншы выбар мог нехта іншы, але не Васіль.
Крытыкі і многія чытачы лічаць, што ў Васіля некалькі разоў была магчымасць паправіць сваю «памылку». Свядомы крок памылкай не з’яўляецца! Так, Ганна некалькі разоў угаворвае яго кінуць усё і пачаць жыццё спачатку, пераконвае яго, што разам яны ўсё адолеюць...
Лёс Васіля надзвычай трагічны. Мары яго не суджана было здзейсніцца, як ні высільваўся, як ні набліжаўся да яе. Тое, дзеля чаго ён «пераступіў», ахвяраваў сваім «летам-песняй, летам-святам», нішчылася на вачах. Жыць інакш ён таксама не можа, бо на шляху да іншага, другога, хай сабе і не такога, пра якое марылася, жыцця, ёсць тое, «пераступіць» цераз што ён не можа. Яно — святыня, роўная зямлі і жаданню быць на ёй гаспадаром. Святыня гэтая —дзіця. Нават ад нялюбай, вечна соннай Мані, але яго роднае дзіця! Ён нават у думках не дапускае, што яго сын будзе бязбацькавічам.
Ментальнасць мужчынская (адвеку так было ў нашым народзе!) — быць адказным за звітае гняздо, якія б матывы ні ляжалі ў яго падмурку. Права выбару сваёй палавінкі належала мужчыну, але і абавязак адказнасці таксама лажыўся менавіта на яго. У ментальнасці нашага народа — клопат пра дзяцей. Здрада сям’і, развал яе, асірацелыя дзеці-бязбацькавічы пры жывых бацьках — недаравальны грэх. Усведамленне яго было падмуркам векавой народнай маралі.
У вобразе Ганны не толькі ўвасоблены пісьменніцкі ідэал жанчыны, услаўлена беларуская
жанчына, але і паказана жаночая ментальнасць. Яна выяўляецца ў імкненні і гатоўнасці жанчыны віць сваё гняздо з каханым чалавекам, быць ахоўніцай сямейнага ачага, ісці за каханым, як нітка за іголкай. I ў тым сіла жанчыны, яе прыгажосць і прызначэнне. Такая — Ганна. Лёс яе таксама трагічны, бо не сцярпелася і не злюбілася, хоць выходзіла яна за Яўхіма з цвёрдым намерам быць яму вернай жонкай і добрай маці сваім дзецям. Аднак Яўхім не выканаў адзіную яе ўмову: «кеб па-добраму було». У жыцці і мастацтве ёсць нямала прыкладаў, калі двое сходзяцца без узаемнага і палкага кахання, але здольны дажыць да яго.
У рамане Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні» з незвычайнай мастацкай сілай засведчана, як двое сышліся спачатку толькі з-за спагады адно да аднаго, сышліся, каб выжыць у гэтым бязлітасным свеце, але змаглі дажыць да кахання. У апісанні нараджэння кахання мастак-псіхолаг па-майстэрску карыстаецца дэталлю, запаволенымі бытавымі замалёўкамі, быццам вучыць і нас бачыць узвышанае ў зямным, паэзію — у прозе. Прыгадаем сцэну, як Волечка і Кастусь выпрабоўваюцца «спакусай» спажыць кавалак цудам ацалелай пад страхой каўбасы. Кастусь, намалаціўшыся да стомы, ідзе ў хату і бачыць на стале спакуслівую каўбасу, якую яму перад гэтым прапаноўвала Волечка з’есці. Але сорам за сябе стрымлівае яго. Тое ж самае перажыла пасля Кастуся і Волечка і таксама здолела перамагчы сябе. Назаўтра «яны з’елі яе ўдваіх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба і мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць». Такое святое каханне з’яўляецца
вынікам нястомнай духоўнай працы і адначасова ўзнагародай за яе. Мележаўскі Яўхім на такія духоўныя намаганні быў не здольны, і таму на патухлым вогнішчы яго кахання толькі дым і чад. Яўхім меў сілу, каб перамагчы іншых, але не сябе самога. А такая сіла нішчыць і руйнуе, але не стварае.
Назначэнне вобраза Ядвісі з трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» заключаецца ў тым, што каханнем і адносінамі да каханай выпрабоўваецца галоўны герой — Лабановіч. Пісьменнік правёў свайго героя праз многія выпрабаванні, аднак, бадай, самага моцнага эстэтычнага ўздзеяння дасягнуў гэтым вобразам аўтар, калі выявіў да ўсяго яшчэ і здольнасць свайго героя разумець і бачыць сапраўдную прыгажосць, а не толькі «дзявочую шыльду», на што здольны, на жаль, нямногія. Існуе справядлівая думка, што мужчына выпрабоўваецца адносінамі да жанчыны.
Чыстыя, святыя і ўзнёслыя былі пачуцці Лабановіча да сваёй каханай, вочы якой гаварылі яму ўсё пра стан яе душы. Вочы яе смяяліся, а ў іх малады настаўнік чытаў сапраўдную драму душы тонкай, далікатнай, якая пакутуе ад нечага такога, пра што і расказаць нельга.
Вобраз Ядвісі напоўнены глыбокім філасофскім сэнсам. Чытач, уражаны сілай пачуцця (прычым пачуцця ўзаемнага!), не можа змірыцца з воляй аўтара, які разлучыў «дзве палавіны», бо каханне ўзаемнае, чыстае і адначасова нязбытнае — трагедыя. Шчасце ж было так блізка, так магчыма, двое так гарманічна падыходзілі адно аднаму — чаму ж не збылося? Чаму яна так раптоўна паехала? Якой атруты, што на дне келіха з
жаданым для яе напіткам, яна так баялася і таму не захацела выпіць яго да дна?
Вобразам Ядвісі, трагедыяй светлага і прыгожага кахання пісьменнік нагадвае нам пра адзін з вечных законаў жыцця: за грахі бацькоў расплачваюцца іх дзеці. Адмоўны вопыт, урокі жорсткасці, бесчалавечнасці, набытыя ў сям’і, могуць не лепшым чынам паўплываць на душу, псіхіку чалавека і скалечыць усё яго далейшае жыццё. Забываюцца людзі пра тое, што зло, спрычыненае імі, абавязкова да іх жа і вернецца, толькі патрапіць у самае балючае і дарагое для іх. Вопыт Ядвісі, набыты ёю ва ўласнай сям’і, скалечыў яе лёс. Бацька без пары звёў у магілу маці дзяўчыны (таму яна са скрухай адказала Лабановічу на камплімент, што ў яе маці таксама былі прыгожыя валасы, толькі доля нешчаслівая), на яе вачах жорстка здзекаваўся з мачыхі, а на людзях быў прыгожым, абаяльным, з вытанчанымі манерамі. I ніхто, акрамя Ядвісі і бабкі Мар’і, якой даверыла сваю горкую тайну мачыха Ядвісі, нават і не здагадваўся, якая драма разыгрываецца ў сям’і пана падлоўчага. Але нават бабка Мар’я з яе мудрасцю і шчырым жаданнем дабра маладым не магла і падумаць, што ніякія іншыя непаразуменні, а страх Ядвісі перад «атрутай» стаў прычынай трагічнага разрыву.
Страх «атруты» — страх расчаравання: а што калі і за шыльдай знешняй інтэлігентнасці, прывабнасці Лабановіча хаваецца жорсткасць і бесчалавечнасць? Ядвіся робіць свядомы выбар: лепш светлы ўспамін і светлая самота па нязбытным каханні, чым горыч і боль расчаравання, што для любога чалавека заўсёды трагедыя, бо рушацца
надзеі. За сваю жорсткасць і двухаблічнасць пан падлоўчы заплаціў шчасцем дачкі, бо невядома, як складзецца лёс такой тонкай і багатай натуры, як Ядвіся. За вялікае шчасце для сябе ён палічыў бы мець такога зяця, як Лабановіч, але падмурак шчасця ў доме дзяцей — справы бацькоў. А справы бацькоў былі такімі, што пасеялі яны недавер да ўсяго добрага ў душах дзяцей і жаданне як мага хутчэй вырвацца з дому, дзе пануюць не мір і згода, а дзе чалавек знішчае бліжняга свайго.
Жыццёвыя гісторыі, засведчаныя таленавітымі творамі, пераконваюць нас, што каханне ці адсутнасць яго ўплываюць на лёс чалавека. Руйнуючы каханне, чалавек сам руйнуе свой лёс. I як не пагадзіцца з мележаўскай Ганнай, якая даводзіць: «Ці доля — горб ад Бога? Доля — ад чалавека! Ад розуму!» Так, сапраўды, ёсць абставіны, якія мацнейшыя за самых моцных. Нельга не пагадзіцца з быкаўскім Петраком, што бяда не робіць чалавека лепшым, яна толькі выяўляе ўсё лепшае ці горшае ў чалавеку. Аднак у звычайных, неэкстрэмальных абставінах толькі ад чалавека залежыць стан яго душы. А стан душы вызначаецца самым галоўным у ёй — любоўю да бліжняга. Любоў ёсць самая дасканалая прыгажосць, якая ратуе свет.
«Пра маці можна гаварыць бясконца» (Максім Горкі)
Маці — адна ты!..
П. Броўка
Пакахаў юнак дзяўчыну, а тая запатрабавала, каб ён прынёс ёй матчына сэрца, — і тады адкажа яму ўзаемнасцю. I юнак выканаў тую ўмову... А калі нёс сваёй каханай матчына сэрца, спатыкнуўся і выцяўся. I сэрца спыталася: «Ці не балюча табе, сынок?»
Самаахвярнасць і ўсёдаравальнасць — вышэйшая выява святой любові, бо толькі святыя здольны на такое пачуццё. Кожнаму грэшнаму разам з жыццём даецца і чалавек, праз якога прыходзіць жыццё, і да скону яно асветлена святым пачуццём матчынай любові. Гэтую любоў нельга вызначыць, вытлумачыць, вымераць, бо яна — дар Усявышняга, як само жыццё. Фантастычнымі сродкамі славяць матчыну любоў паэты, бо розумам усвядоміць яе немагчыма — «цуды можна разумець толькі сэрцам». У Цёткі ёсць хвалюючы верш «Тры кветкі», напісаны паводле народнага падання пра юнака, што ў доўгую нялёгкую дарогу ўзяў тры кветкі: ад друга, каханай і маці. У самы крытычны момант свайго жыцця юнак дастаў дарагі дарунак і ўбачыў: дзве кветкі завялі, жывой была толькі трэцяя — матчына.
У вершы «Голас» групоўкай слоў і выразаў з нарастаннем іх сэнсавай выразнасці («незнаёмы», «друг», «любая», «маці» — «здзівіць», «спыніць»,
«сагрэць сонцам лета», «вярнуць з таго свету») Максім Танк дасягае афарыстычнасці ва ўслаўленні маці і яе бязмежнай любові да дзяцей:
Голас незнаёмага можа здзівіць, Голас друга — на хвіліну спыніць, Голас любай — сагрэць сонцам лета, Голас маці — вярнуць з таго свету.
Выключнага ўздзеяння на душу чытача дасягаюць тыя пісьменнікі, што паказваюць праз пакуты маці трагізм пакалення, якому наканавана было з Радзімай «дзяліці лёс благі». Лірычны герой верша У. Жылкі «Маёй маці» ўсведамляе невымернасць пакут маці за сваіх няшчасных дзяцей:
He ўздыхне душа ніводная, He ўспамяне пра мяне.
Толькі ты згаворыш пацеры Had нядоляю маёй.
Толькі вочы маёй мацеры Затуманяцца слязой.
«Однн я в мнре подсмотрел святые пскреннне слезы — то слезы бедных матерей», — так пісаў М. Някрасаў пра вялікую і святую шчырасць у свеце — матчыну шчырасць. Якія б добрыя людзі ні сустрэліся на нашым шляху, усё ж ніхто не будзе любіць нас так, як мама. Ніхто не возьме на сябе наш боль і пакуты так, як мама. Ніхто не парадуецца за нас так, як мама.
Гімнам мацярынскай любові і самаахвярнасці з’яўляецца лірычнае адступленне ў кнізе I. Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага»: «Маці, маці, колькі слёз пралілі вашы вочы, колькі начэй недаспалі, калі вы, схіліўшыся над сынамі, адга-
нялі ад іх бяду. Толькі нязгасныя вашы сэрцы, трапяткія і мужныя, пяшчотныя і суровыя, поўныя любві і гневу, могуць перажыць такія трывогі, якія выпадаюць на вашу долю. Рана адцвітаюць вашы вочы, пакрываюцца маршчынамі родныя твары, але не трэба вам ніякай узнагароды за гэта: жывіце толькі, дзеці, не памірайце, няхай вас міне хвароба, няхай не кране бяда-гора. Жывіце!»
Шэсцем да несмяротнасці з’яўляецца пак