Тэма сачынення — вольная
Зборнік тэматычных блокаў для старшакласнікаў і абітурыентаў
Выдавец: Юніпрэс
Памер: 272с.
Мінск 2002
удынак на праспекце» апавяданне і заканчваецца.
Пісьменнік дае чытачу магчымасць самому «дапісаць» фінал, дадумаць сітуацыю, якая з’яўляецца алгарытмам таталітарнай рэчаіснасці.
Каб усвядоміць назначэнне менавіта такога фіналу быкаўскага апавядання, згадаем фінал сартраўскага апавядання «Сцяна». (Дарэчы, у творчасці В. Быкава таксама ёсць аднайменнае парабалічнае (прытчавае) апавяданне.) Ж.П. Сартр заканчвае свой твор ашаламляльнай развязкай. Яго герой, удзельнік Супраціўлення Іблетта ў сітуацыі абсурду вырашыў перахітрыць ворага, кінуць апошні выклік «сцяне абсурду». Ён павёў ворага па лжывым следзе, сказаў, што яго таварыш па барацьбе Грыс хаваецца на могілках. Будучы цвёрда перакананы, што знаходжанне Грыса, «нязломнага змагара», на могілках выключана, Іблетта «сказаў гэта, каб трошкі з імі пажартаваць». «Жарты» выніклі тым, што Грыса «заспелі ў хаце далакопаў. Ён пачаў адстрэльвацца, і яны яго забілі». Перад гэтым Іблетта змірыўся са сваім лёсам, ён «мог уратаваць сваю шкуру, каб выдаў Грыса», але адмовіўся ад гэтага. Яго «згода памерці замест Грыса» тлумачыцца нават не высокімі патрыятычнымі матывамі — «гэта была звычайная ўпартасць», яго «апанавала дзіўная весялосць».
Урэшце, сутнасць чалавека вызначаецца не намерамі, памкненнямі, а менавіта ўчынкамі, як даводзяць пісьменнікі-экзістэнцыялісты. Намер Іблетты напаследак пажартаваць са «сцяной абСУРДУ», хоць крыху расхістаць яе, скончыўся трагічна.
В. Быкаў нават не высвятляе для свайго героя сутнасць намераў яго візіцёра, на якога Скварыш
піша данос у органы дзяржбяспекі. Чытачу зразумелы толькі намеры і матывы ўчынку Скварыша. У апавяданні зроблены акцэнт не столькі на выбары героя (як гэта заўсёды было ў ранейшых быкаўскіх творах), а на д’ябальскіх абставінах. Яны змусілі чалавека пайсці супраць сумлення, вынішчылі людскае ў чалавеку.
Адносіны аўтара да сваіх герояў і ў назве твора, і ў апошніх радках: «Бедны, няшчасны аспірант Краснянскі.
Бедны, няшчасны прафесар Скварыш...»
He апраўдваючы свайго героя, але спагадаючы яму, пісьменнік сцвярджае, што «чалавек, пастаўлены перад фактам неабходнасці такога выбару, страчвае свабоду. Ён чалавек несвабодны. Свабодным жа ён робіцца тады, як знікае сітуацыя, што вымагае выбару».
Такі элемент светапогляду В. Быкава сённяшняга, такі яго погляд на магчымасці чалавека ў сітуацыі выбару адрозніваюцца ад тых, што былі ўласцівы пісьменніку ў 60—70-я гг. Падобна да таго, як Ж.П. Сартр у апавяданні «Пакой» паказаў усю небяспеку і асуджанасць пражывання ў адным пакоі з вар’ятам, В. Быкаў паказаў трагедыю людзей, вымушаных жыць у «д’ябальскі час і ў д’ябальскім грамадстве». Чалавек, жывучы ў «пакоі абсурду», паступова становіцца яго вязнем. У такім пакоі — усе рабы, усе асуджаныя: і каты, і ахвяры.
Аднак такая пісьменніцкая выснова не азначае апраўдання духоўнага падзення чалавека ў сітуацыі абсурду. Ніякія абставіны не вызваляюць яго ад адказнасці за ўласныя ўчынкі і стан душы. Таму не вызваляюць, што «сцяна абсур-
ду», яе трываласць, у значнай ступені залежыць ад запасу духоўнай трываласці чалавека. I чым меншы яго запас трываласці, тым часцей ён будзе вымушаны стаяць перад «сцяной абсурду». I вось тады ўжо чалавек у такім супрацьстаянні і схватцы можа і прайграць партыю.
Папярэджваючы пра небяспеку і наступствы пройгрышу, даючы чытачу магчымасць таксама зрабіць свой выбар, вызначыўшы свае адносіны да выбару героя ў канкрэтнай сітуацыі, пісьменнік узбагачае чытача ўласным духоўным вопытам.
Апеляцыя да гуманізму
Талент — гэта труба, вечавы звон, барабан, але не жалейка і не свісцёлка... ён з’яўляецца на свет не для таго, каб усыпляць элегіямі, а каб гучаць як сігнал трывогі.
В. Быкаў
Спяваць без хвалявання немагчыма, Без спадзявання немагчыма жыць
С. Грахоўскі
У гутарцы з А. Адамовічам у 1985 г., апублікаванай Верай Адамовіч пад назвай «Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу», В. Быкаў казаў: «Напэўна, самае дзейснае, самае практычнае — прымусіць чалавека заглянуць у сябе, прымусіць яго ўбачыць, які ён ёсць, што ў ім ёсць подлае, a што добрае. Калі ён разбярэцца ў сабе з дапамогай мастацтва, то і будзе вынік».
Вельмі важна, каб чалавек «сябе ўбачыў і зразумеў». В. Быкаў ускладаў вялікую надзею на спрадвечнае «калі»: «Вось, калі ён (чалавек) сябе ўбачыць і зразумее з дапамогаю мастацтва, тады ён паразумнее». Ужо тады, у 1985 г., у пісьменніка разам з надзеяй, верай у чалавека было і сумненне: «Але чалавек не схільны заглядваць у сябе, гэта не самы любімы занятак чалавецтва...» В. Быкаў пагадзіўся з А. Адамовічам, што чалавек ахвотней зазірне ў чужую душу, у чужую каструлю, што ён з прычыны «сваёй ляноты душэўнай... грэбуе дзейнасцю» прарокаў, затое «безаглядна слухае палітыкаў, розных рэйганаў».
В. Быкаў пачынаў сваё мастакоўскае даследаванне з вялікай веры ў чалавека, у тое, што ён можа стаць нават «вышэй за свой уласны лёс», стаць «мацнейшым за магутную сілу выпадку», як зазначае пісьменнік у аповесці «Яго батальён». Літаратуразнавец М. Афанасьеў так пісаў пра псіхалогію быкаўскага героя: «Да пэўнага, лёсавызначальнага моманту яго героі, здаецца, наогул не жывуць, a толькі цяжка і непрыкметна нясуць у сабе велізарнейшы запас духоўнай энергіі, каб шчыра выдаткаваць яго да канца ў момант подзвігу».
Аднак ужо апавяданне «Жоўты пясочак» уносіць новы істотны нюанс у глыбіннае быкаўскае даследаванне народнага лёсу ў той жудасна жорсткай і крывавай вайне. У апавяданні ўвасоблены зусім іншы погляд В. Быкава на чалавека пры нязменна абвостранай апеляцыі творцы да гуманізму.
Акцэнт у апавяданні «Жоўты пясочак» зроблены на тое, як паводзілі сябе ўсе шэсць ахвяр таталітарнай сістэмы ў безвыходнай сітуацыі. Яна настолькі запамежная, што не пакідае ахвярам ніякага выбару — толькі смерць. Усе, за выключэннем бадай што вострага на язык маскоўскага бандыта Зайкоўскага, зламаны духоўна. Настолькі раструшчаны маральна, што гатовы пакорна, як статак бараноў, падпарадкоўвацца, выконваць любы загад. I ніхто з іх нават і не падумаў пра «апошнюю міласць», «адзіную раскошу», якую ў сітуацыі выбару паміж жыццём і смерцю скарысталі ранейшыя быкаўскія героі (Сотнікаў, Сцепаніда, Пятрок, Мароз, Ляховіч і інш.). Героі апавядання «Жоўты пясочак» нават у сітуацыі без выбару ўсё ж адшукалі магчымасць, каб праціснуцца да шырокай брамы, што вядзе ў пагібель.
Літаратуразнавец Дз. Бугаёў у кнізе «Спавядальнае слова» вытлумачвае відавочную парадыйнасць, сарказм у апісанні сітуацыі, калі ахвяры выбаўляюць буксуючую машыну, што вязе іх да пагібелі, свядомым разлікам аўтара «на сугучнасць такіх сцэн з анекдотам, народжаным абсурдам тагачаснай рэчаіснасці». I сапраўды, сатырычнымі сродкамі В. Быкаў раней не карыстаўся, нават болып — адмаўляў іх як магчымыя мастацкія сродкі пры адлюстраванні вайны. У гэтым жа апавяданні сатыра, паводле слоў Дз. Бугаёва, «становіцца не толькі сродкам характарыстыкі герояў, але і выражэннем глыбіннай думкі твора, яго горка-балючага пафасу». У гэтым апавяданні, як і ў пазнейшым па часе напісання творы «Труба», усё відавочней песімізм у творчасці В. Быкава.
Раней пісьменнік спалучаў песімізм адносна свету з аптымізмам адносна чалавека. У творах апошняга часу адчувальна спалучэнне песімізму адносна абсурдных абставін з песімізмам адносна чалавека. Аднак песімізм абывацеля і песімізм творцы не тоесныя. Песімізм творцы з’яўляецца інструментам горка-балючага пафасу пры адлюстраванні жыцця, удакладняльным штрыхом да той карціны, якая адкрылася ўсім, — карціны страшнага масавага духоўнага ўпадку.
Болем за свой народ, трывогай за яго будучыню тлумачыцца пільная ўвага пісьменніка да праблем сучаснасці. Праблему наступстваў чарнобыльскай катастрофы Быкаў разглядае як «гіганцкі атамны генацыд». У аповесці «Воўчая яма» (1999) горкая праўда пра Чарнобыль узнаўляецца аўтарам з уласцівай яму няўмольнасцю. Трагедыя народа паказана «буйным планам» на лёсе двух
безыменных галоўных герояў. Збег абсурдных абставін у многім вызначыў і памежна абсурдны выбар герояў — жыць у радыяцыйнай зоне. Тут яны шукаюць паратунку ад жорсткага свету. Але паратунку няма нідзе і нікому. Hi чалавеку, ні ваўку. Героі аповесці — мёртвыя без пахавання. Метафарычная воўчая яма ўжо як бы матэрыялізуецца.
У выступленні на пленуме Саюза пісьменнікаў БССР у 1985 г. В. Быкаў казаў, што «талент мае права гаварыць народу ўсю праўду пра яго існаванне, часам горкую праўду». 3 абвостраным пачуццём мастака В. Быкаў гаворыць пра глабальныя наступствы чарнобыльскай радыяцыі. На долю шматпакутнага беларускага народа прыйшлося дзве трэція сумарных чарнобыльскіх выкідаў, па сваёй знішчальнай сіле эквівалентныя дзевяцістам(!) атамным бомбам накшталт той, што ў свой час зруйнавала Хірасіму...
Быкаўскія творы апошняга часу («Музыка», «Ослік», «Сцяна», змешчаныя ў кнізе «Сцяна» (1997), а таксама «Хвастаты», «Камень», «Тры словы нямых», трыпціх «Байкі жыцця», «Труп») з’яўляюцца парабалічнымі, гэта значыць іншасказальнымі, творамі. Іх жанр Дз. Бугаёў вызначае як прытчу-прыпавесць, бо ім уласціва «гранічная абагульненасць высноў», яны могуць дастасоўвацца да розных сітуацый, часоў і народаў. Але вырастаюць яны з нашай найперш сучаснай рэчаіснасці і б’юць па самых вострых нашых балячках».
Аднак алегарычны вобраз Хвастатага і алегорыя як асноўны мастацкі прыём аднайменнага твора сведчаць на карысць жанру байкі, а не прытчы. У апавядальнай частцы — гісторыя крыва-
жэрнага пацука, які бязлітасна знішчаў усіх сваіх суродзічаў у падзяку за тое, што хітры гаспадар прадуктовага склада не забіў яго самога. А гаспадар і не забіваў Хвастатага да пары да часу толькі з тых меркаванняў, каб ён забіваў сваіх супляменнікаў. Гісторыяй Хвастатага і вывадам, што з яе вынікае, пісьменнік-патрыёт папярэджвае перш за ўсё свой народ пра трагічныя наступствы бязмернай адданасці і шчырага слугавання «гаспадару прадуктовага склада». Несумненна, што такая гісторыя можа паўтарыцца дзе заўгодна — у любой краіне. Аднак бясспрэчна, што «на беларускія рэаліі яна кладзецца асабліва трывала», што пэўныя, вядомыя ўсяму свету рысы нашага нацыянальнага менталітэту здзіўляюць свет, а ў пісьменніка Быкава выклікаюць асаблівую трывогу і боль. Адназначнасць алегорыі ў гэтым творы, недвухсэнсоўны вывад-мараль сведчаць, што «Хвастаты» — гэта байка-памфлет, бо сатырычны, выкрывальны характар твора таксама відавочны.
У адрозненне ад байкі прытча мае больш с