Жанчына ў пяску | Чужы твар
Коба Абэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 413с.
Мінск 1986
He, проста здаецца... Нікога няма, і таму надта завабліваюць пахі і гукі крокаў... Нікога гэта не патрывожыць; невялікая рана на скуры не будзе замінаць працаваць... Што б там ні казалі, тое, што я тут раблю,
мае дачыненне толькі да мяне. Ці стану я празрысты, ці стану бязносы, ці стане мой твар падобны на мызу бегемота... Пакуль я магу працаваць з апаратураю, пакуль я магу мысліць, стрэлка майго компаса заўсёды будзе накіравана на гэтую працу.
Нечакана падумаў пра цябе. Існуе думка, што жанчыны накіроўваюць стрэлку свайго компаса на каханне. Цяжка паверыць, што гэта праўда, але, здаецца, жанчына сапраўды можа быць шчаслівая адным каханнем. Ну, а ты цяпер шчаслівая?.. Раптам мне захацелася паклікаць цябе сваім голасам і пачуць у адказ твой голас. Я зняў трубку і набраў нумар, але пасля другога гудка павесіў яе. Сэрца не было гатовае. Я ўсё яшчэ баяўся.
Тут сталі збірацца супрацоўнікі, і кожны вітаў мяне са спачуваннем, да якога прымешваўся нейкі страх — і да будынка, і да мяне нарэшце вярнуўся чалавечы дух. Залішне ўжо я нерваваўся. Нічога асабліва добрага не адбылося, але і нічога кепскага не здарылася. Калі б мне ўдалося ў інстытуте зрабіць сцяжынкаю да другіх людзей працу, а тое, чаго не стае, дапоўніць з дапамогаю маскі і прывыкнуць да такога двайнога жыцця, дык, аб’яднаўшы іх разам, я ператварыўся б у ідэальнага чалавека. He, маска не проста заменнік сапраўднага твару — яна дае сапраўднаму твару фантастычныя прывілеі ў пераадоленні любога забароненага плота, адчыняе перад ім усе дзверы, і таму мне давядзецца весці жыццё не аднаго чалавека, a мноства людзей адначасна. Але ўсё роўна спачатку трэба прывыкнуць. Я прымяркоўваюся, залежна ад месца і часу, з лёгкім сэрцам мяняць адзенне. Гэтаксама як грамафонная пласцінка мае здольнасць адначасна даваць колькі хочаш гукаў.
Днём адбыўся невялікі інцыдэнт. У кутку ў лабараторыі сабраліся ў кружок некалькі чалавек, а я з абыякавым выглядам стаў падыходзіць да іх, і мала-
ды асістэнт, які стаяў у цэнтры, паспрабаваў нешта схаваць, Калі я папытаўся, выявілася, што і хаваць няма чаго: гэта быў зварот, у якім гаварылася пра тое, што трэба вырашыць пытанне пра эміграцыю карэйцаў. У дадатак, хоць я і не зрабіў яму заўвагі, ён пачаў шматслоўна прасіць прабачэння, а астатнія сарамліва лыпалі вачыма.
... Ці не таму ўжо, што чалавек, які страціў твар, не мае права паставіць свой подпіс на карысць карэйцаў? Ведама, у асістэнта не было благога намеру,— проста ён, напэўна, падмеціў, ад чаго я шалею, і ўстрымліваўся ад спачування. Калі б у людзей ніколі не было твару, наўрад ці магла б узнікнуць праблема расавых адрозненняў, няхай сабе гэта быў бы японец, ці карэец, ці рускі, ці італьянец, ці палінезіец. Усё-такі, чаму ж тады гэты малады чалавек, такі велікадуіпны, рабіў падобнае адрозненне паміж мною, чалавекам без твару, і карэйцамі, якія маюць іншы твар? Ці нельга дапусціць, што калі чалавек у працэсе эвалюцыі адышоў ад малпы, дык адбылося гэта не дзякуючы руцэ і прыладзе, як звычайна сцвярджаюць, а таму, што ён стаў вылучаць сябе па твары?
Тым не менш, не абураючыся, я папрасіў, каб мне таксама далі падпісаць. Усе, мабыць, з палёгкаю ўздыхнулі. Але нейкі непрыемны асадак усё роўна астаўся. Што прымусіла мяне рабіць тое, да чаго зусім не ляжала душа? Нябачная сцяна, якая называецца «тварам», заступала мне дарогу. Ці можна назваць гэта працверазелым светам?
Раптам я адчуў неадольную стому, і, прыдумаўшы зручную прычыну, раней, чым звычайна, пайшоў дамоў. Я яшчэ не мог сказаць, што да мяне вярнулася адчуванне, быццам у мяне сапраўдны твар, і наўрад ці можна было спадзявацца на вялікія перамены. Ва ўсякім выпадку, мой твар забінтаваны, і калі я не загавару, няма чаго непакоіцца, што маё хваляванне
заўважаць, дый не я адзін буду хвалявацца. Мабыць, куды болей трэба трывожыцца пра тое, каб, гледзячы на тваё хваляванне, прыкідвацца, што не бачу яго. Я бясконца паўтараў сабе, што нават калі заўважу, што ты вельмі збянтэжылася, гэта не павінна ўзрушыць мяне, прымусіць страціць над сабою кантроль.
Але, сустрэўшы мяне пасля тыднёвае ростані, ты не паказала і ценю сораму — у тваіх паводзінах, у кожнай рысачцы твару, гэтаксама, як і тыдзень назад, таілася насмешка, і спачатку я нават атарапеў ад такой абыякавасці. Здавалася, быццам цябе прывезлі ў самалёце-рэфрыжэратары такую самую, якая ты была да майго ад’езду. Можа, маё існаванне так мала значыла табе, што ты не лічыла патрэбным траціць сілу на тое, каб берагчы свае тайны? Ці, можа, на самай справе ты была д’яблам у абліччы анёла, нахабная бессаромнасць складала сапраўдную тваю сутнасць? Урэшце я сярдзіта папрасіў цябе расказаць пра навіны за тыдзень мае адлучкі; ані не памяняўшыся ў твары, з наіўным выглядам поркаючыся з маім адзеннем, ты пачала балбатаць, быццам адзінокае дзіця, што забаўляецца з кубікамі, пра дамашнія справы, якія цябе трывожілі: пра тое, што суседзі, парушаючы інструкцыі архітэктурных органаў, пачалі рабіць прыбудоўку да свайго дома, і ў іх з уладамі пачалася пісьмовая бітва, а ў іх дзіцяці — бяссонніца з-за сабачага брэху, што голле дрэваў у дварэ надта звешваецца на вуліцу, што, можа, варта зачыняць акно, калі мы ўключаем тэлевізар, што пральная машына прыкра вурчыць і ці не купіць новую. Няўжо гэта той самы чалавек, які ў мінулую ноч шчодра, быццам фантан, перапаўняў мяне пачуццём, няўжо перада мною сталая, сапраўдная жанчына?.. He верыцца... Я так адчайна змагаюся з раздваеннем паміж тварам і маскаю, якое пачалося ўжо пасля таго, як я быў у поўным узбраенні, а ты спакойна вытрывала раздваенне, якое
было табе зусім нечаканае, і ў цябе не асталося і ценю раскаяння... У чым жа справа? Гэта так несправядліва! А калі сказаць табе, што я ўсё ведаю, га?.. Калі б у мяне быў з сабою той гузік, цяпер бы я моўчкі падсунуў яго табе пад нос.
Але мне асталося адно — маўчаць як рыба. Раскрыць тайну маскі — значыць, раззброіцца. He, калі б мне ўдалося апусціць цябе да аднаго са мною ўзроўню, тады можна было б і раззброіцца. Але ўсё роўна баланс будзе не на маю карысць. Нават калі я сарву з цябе маску крывадушнасці, на табе іх тысяча, і адна за адною будуць паяўляцца ўсё новыя, а ў мяне маска адна, і пад ёю — толькі мой сапраўдны твар.
Наш дом, у якім я не быў ужо тыдзень, як губка, быў насычаны звыклаю будзённасцю, і сцены, і столь, і цыноўка на падлозе — усё здавалася непахісна трывалым; але таму, хто пазнаў маску, гэтая трываласць бачылася яшчэ адным забароненым плотам, таксама звыклым. I гэтаксама як існаванне перашкоды было найхутчэй умоўнае, чым рэальнае, маё існаванне без маскі стала няўлоўна-празрыстае; маска ж, ці той, яшчэ адзін свет, да якога я дакрануўся дзякуючы масцы, бачылася мне рэальнасцю. He толькі сцены нашага дома здаваліся мне такімі, але і ты таксама... Хоць не прайшло яшчэ і сутак, як я зведаў безнадзейнае пачуццё паражэння, якое можна параўнаць толькі са смерцю, але я ўжо адчуваў прагу твае рэальнасці, якая мяне паралізавала і якая адкрылася мне дзякуючы дотыку. Мяне ахапілі дрыжыкі. Калі крот не дакранаецца да якіх-небудзь прадметаў кончыкамі сваіх вусоў, ён пачынае нервавацца. Гэтак і я — мне трэба было што-небудзь чапаць рукамі... Гэтак адчувае сябе наркаман, у якога кончыўся наркотык, хоць добра разумее, што гэта наймацнейшы яд... Напэўна, я ўжо пачаў адчуваць сімптомы забароны.
Далей я не мог цярпець. Мне было ўсё роўна, я ха-
цеў аднаго — найхутчэй прыплысці назад, на цвёрдую зямлю. Я лічыў, што гэта наш дом, а ён аказаўся часовым прытулкам, і падумаў нават, што якраз MacKa — не «часовы» твар, а сапраўдная цвёрдая зямля, якая вылечыла мяне ад марское хваробы. I я вырашыў пайсці адразу ж пасля вячэры, выдумаўшы, што нечакана ўспомніў пра эксперымент, перапынены ў час мае камандзіроўкі, які трэба кончыць як найхутчэй. Я сказаў, што гэты эксперымент нельга перапыняць і, можа, давядзецца заначаваць у інстытуце. I хоць такога раней ніколі не здаралася, ты зрабіла выгляд, што шкадуеш, і ніякага сумнення, ніякага незадавальнення не адбілася на тваім твары. I праўда, ці варта было прымаць блізка да сэрца нейкую прычыну, якую прыдумаў прывід без твару, каб пераначаваць не дома.
He дайшоўшы да свайго сховішча, я, не маючы сілы болей чакаць, пазваніў табе.
— Ён... вярнуўся?
— Вярнуўся, але скора пайшоў. Сказаў, што работа...
— Добра, што ты падышла. Калі б ён, давялося б адразу кінуць трубку...
Я гаварыў з лёгкім сэрцам, быццам лагічна тлумачачы сваю бяздумнасць, але ты, крышку памаўчаўшы, сказала тонкім галаском:
— Шкада яго вельмі...
Гэтыя словы прасачыліся ў мяне і, як чысты спірт, імгненна разліліся па ўсім целе. Калі ўдумацца, гэта была першая твая думка пра «яго». Але цяпер мне было не да гэтага. Я ўтаплюся, калі мне цяпер жа не кінуць хоць што — ці бервяно, ці бочку з бляхі, каб я мог ухапіцца. Калі б існаваў «ён» на самай справе, наіпа патаемная сустрэча была б неразумнасцю. Ён мог вярнуцца ў любую хвіліну, па любой справе. I нават калі не вернецца, не выключана магчымасць, што пазвоніць па тэлефоне. Добра, каб днём, але як адга-
ворышся, што пайшоў з дому ў такі час? Я думаў, што табе прыйдзе ў галаву іменна гэтая думка і ты будзепі, ведама, у нерашучасці. Але ты адразу без вагання згадзілася.
Цікава, ты таксама, напэўна, не горай за мяне боўталася ў хвалях, выглядаючы, каб за што ўхапіцца? Ды не, проста ты такая бессаромная. Прытворшчыца, крывадушніца, нахабная, ветрагонка, распусніца, эратаманка,— скрыгочучы зубамі, я крыва ўсміхнуўся, бінт хаваў гэта, а потым дрыжыкі, што калацілі мяне, прыпынілі скрыгат і замарозілі ўсмешку.
Хто ж ты нарэшце? Хто ж ты, што прайшла цераз усё, не працівячыся, не баючыся, не ломячы перашкоды, якая спакусіла спакушальніка, прымусіла распусніка займацца самакатаваннем, ты, якую так і не зганьбавалі? I ты ж ні разу не спрабавала папытацца ў MacKi пра імя, прозвішча, занятак... Нібыта ты яе распазнала... Так бляднеюць і свабода маскі, і яе алібі перад тваімі паводзінамі... Калі ёсць бог, няхай ён зробіць цябе паляўнічым на маскі... Ва ўсякім разе, ты мяне падстрэліла...
На сцежцы каля чорнага ходу нехта мяне гукнуў. Дачка адміністратара. Яна патрабавала ё-ё. Я траха не адказаў, але гэта прадаўжалася толькі імгненне, а потым, у страху закінуўшы галаву, я ледзь не ўцёк. Дамаўляўся ж з дзяўчынкаю не я, а маска. Ледзь стрымліваючыся, збянтэжаны, я жэстам растлумачыў, што не разумею, пра што ідзе гаворка,— адзінае, што мне аставалася. Трэба было паказаць дзяўчынцы, быццам я думаю, што яна проста абазналася.