Апавяданні
Іван Чыгрынаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 207с.
Мінск 2007
— Гапка, бяры яго за ногі, а я пад пахі буду.
Клалі яны параненага на насілкі асцярожна, але боль прычынілі яму. I ён адчуваў гэты боль усю дарогу, пакуль яго неслі. Сціскаў зубы, стагнаў. Пакутліва перажываў любы штуршок. А штуршкоў было шмат за дарогу, бо Пархвен моцна кульгаў, і кожны яго крок аддаваўся нясцерпным болем у Сямёнавым жываце. Нарэшце штуршкі перасталі — насілкі былі каля будана, але паранены нечакана страціў прытомнасць і ўжо не чуў, як яго ўладкоўвалі ў будане. Калі ж да яго зноў вярнулася прытомнасць, ужо вечарэла. У будане была адна Гапка. Яна сядзела, схіліўшыся над ім, і выцірала мокрым ручніком яму твар.
— А мой жа ты родненькі,— узрадавалася яна.— Мы тут з Пархвенам не ведалі, што і рабіць... Штосьці доўга няма Міцькі... Дзе тая Вераніка?
— Піць...— папрасіў Сямён.
Жанчына з палёгкаю ўздыхнула:
— Ды дам я табе піць! — Яна рада была, што чалавек нарэшце расплюшчыў вочы.— I есці Пархвен прынясе, скора ўжо прыйдзе.
Гапка дастала з-за спіны бутэльку з вадой і пачала паіць параненага, прыгаворваючы:
— Пі, родненькі, пі...
Але вада ў горла не ішла — халодная, яна расцякалася на схуднелым капітанавым твары, вылівалася на падушку. Чалавек пакутаваў ад смагі. Усярэдзіне ўсё, здавалася, перагарэла на попел, а ён не мог праглынуць ні кропелькі. Рыльца бутэлькі толькі
коўзалася ды ляскала па зубах. Нарэшце жанчына адняла ад Сямёнавых губ ліпкую бутэльку, паглядзела на яе — ці многа чалавек адпіў, затым паставіла на ранейшае месца. Ручнік, якім яна перад гэтым выцірала Сямёнаў твар, ляжаў у яе на каленях. Яна ўзяла яго і зноў пачала выціраць рот, шчокі, лоб. Пасля паправіла падушку.
— Нічога, родненькі, нічога,— супакойвала яна.— Скора прыйдуць нашы, а ўжо ж не забавяцца, прыйдуць.
Але капітан быў надзіва спакойны. Мусіць, спакой да яго нечакана прыйшоў разам са слабасцю, якую ён адчуў толькі цяпер, у будане. Ляжаў, утаропіўшы позірк у вільчык будана, дзе праз ліпавае вецце праступалі блакітныя лапікі неба. Наўкола стаяла цішыня.
Змяркалася хутка. Наступала ноч. У будане ўжо ныў камар.
...Стары Пархвен, доктарка Вераніка і Міцька прыйшлі разам, калі ў лесе было зусім цёмна. Пархвен прынёс з сабой вялікі рабрысты ліхтар. Ён запаліў яго, і цемра адступілася ад будана.
— Ну, як вы тут? — спытаў Пархвен.
— Вады папрасіў ужо,— пахвалілася Гапка: яна толькі што вылезла з будана і стаяла, сашчапіўшы рукі, ля ўвахода.
— А вады дык і не трэба даваць было,— занепакоілася Вераніка. Голас у доктаркі быў грудны, ціхі; яна тут жа забралася ў будан і паклала сваю халаднаватую руку Сямёну на лоб.— Трэба яго з будана неяк вынесці. Тут няма дзе развінуцца. Дзмітрый Антонавіч, памажыце.
Чалавек, якога Вераніка назвала Дзмітрыем Антонавічам, прысеў на кукішкі, заглянуў у будан, і
капітан пазнаў у ім таго дэзерціра, з якім яны размаўлялі ўдзень. Толькі цяпер ён быў не ў вайсковым адзенні.
«Значыць, гэта той самы Міцька, пра якога гаварыла жанчына,— падумаў Сямён.— Ён і расказаў гэтым людзям пра мяне...»
Міцькаўсміхнуўся, паказаўшы свае няроўныя, са шчарбацінай зубы, і гарэзліва падміргнуў капітану.
— Трымайце, толькі асцярожна,— папярэдзіла доктарка.
3 будана параненага выцягнулі на посцілцы. Перад буданом ужо ляжаў ахапак сена, які прынёс сюды з недалёкіх лугоў Пархвен. На сена цяпер і палажылі капітана. Доктарка памыла рукі — ёй палівала з гляка Гапка — і стала разразаць нажніцамі скрываўленыя бінты. За «асістэнта» ў яе быў Пархвен. Міцька не вытрымаў і адышоўся: яго палохала рана. Гапка таксама нядоўга трымалася — як убачыла жывот, на якім запяклася чорная кроў, то закрыла вочы рукой, ступіла колькі крокаў назад і нібы застыла на адным месцы, нават не паспрабавала выцерці слёзы, што каціліся з яе вачэй. Вераніка рабіла доктарскую справу моўчкі, толькі зрэдку кідала слова-другое. Адзін Пархвен гаварыў не змаўкаючы, быццам хацеў замовіць чалавека, што бездапаможна ляжаў перад ім на сене, адцягнуць яго ўвагу, прыглушыць боль.
— I ўсыпалі ж сягоння немцам чырвонаармейцы,— расказваў ён.— Ужо перад самым вечарам. Якраз калі я ішоў адсюль у вёску... страляніна была. Ну, думаю, не далей як ля ракі. А як пачуў пасля, дык і сапраўды там. Акурат ля ракі.
— Трымайце вышэй ліхтар...
— Нашыя з Ганчароў вярнуліся, бачылі. Кажуць, немцы пад’ехалі да ракі і спыніліся. Пакуль перапраўляцца на той бераг, пакупацца рашылі.
Цёпла, нават машкары няма. Гагочуць, бегаюць голыя. Ажно не так-то яно выйшла.
— Падайце яшчэ бінту...
— Нейкая наша часць наскочыла на іх. Чырвонаармейцы раптам пайшлі, павалілі з лесу. Спачатку калолі штыкамі. Пасля страляць пачалі. Ад тых немцаў, што былі ў вадзе і на беразе, можа, ніводнага і не засталося. Але ж непадалёку, за Ганчарамі, стаялі яшчэ... Дык тыя і наваліліся на нашых.
— Адрэжце вось тут...
— Многа іх там было, ох і многа...
— Нажніцамі, дзядзька Пархвен... Смялей... Вось так...
— Таму і бой нядоўгі. Амаль усе чырвонаармейцы там і паляглі. Параненага камісара прынеслі былі ў Ганчары. Дык і яго немцы знайшлі, вывалаклі з хаты, і тых дваіх, што камісара хацелі схаваць...
— Вату...
— Расстралялі хлопцаў... Нават за вёску не выводзілі. Проста на вуліцы. Паставілі да сцяны... Камісар стаяць не мог, то ляжачага застрэлілі...
«Ці не мая гэта рота была? — падумаў капітан Кажанаў.— Якраз у тым месцы, паблізу вёскі Ганчары, рота павінна была выйсці да Дняпра».
Капітан добра запомніў гэты населены пункт. 3 учарашняга дня, калі ён павярнуў роту ад шашы і павёў ляснымі дарогамі, нейкія Ганчары — на карце яны былі пазначаны двума радамі чорных квадрацікаў і прамавугольнічкаў — сталі для яго нібы зямлёй запаветнай. Немцы разбілі стралковы полк, у які ўваходзіла рота, яшчэ на Бярэзіне. Але Сямёнава рота ў баях тады не ўдзельнічала. Яе раптам чамусьці адвялі кіламетры за чатыры ад ракі, дзе праходзіла перадавая, і рота адступала амаль у поўным складзе — адзіная ўцалелая рота разбітага палка. Камандзір вёў салдат на ўсход па Магілёўскай шашы. Але
за Бялынічамі, калі ўжо была пройдзена большая палавіна дарогі, раптам паявіўся незнаёмы генерал на грузавой аўтамашыне і пачаў накіроўваць войскі, якія рухаліся па шашы, на бакавыя дарогі. Высветлілася, што да Магілёва падыходзілі ўжо немцы. Перад кожным камандзірам, які меў хоць дзесятак байцоў, генерал ставіў задачу: выйсці як мага хутчэй на лінію Дняпра паміж Оршай і Магілёвам. Кажанаў таксама атрымаў ад генерала такі загад. Ужо к вечару другога дня рота павінна была прамінуць вёску Ганчары і апынуцца на левым беразе Дняпра — па той бок ракі, мусіць, збіралі войскі, каб затрымаць Bopara. Але камандзір роты не дайшоў да Ганчароў. Аднекуль прыляцеў гэты «дурны» снарад... Роту далей павёў палітрук Жбанкоў. Так, палітрук Жбанкоў... Яго прыслалі ў роту зусім нядаўна — ці прайшоў нават тыдзень. Загінуў Ігнат Раўнягін, і на яго месца прыслалі Жбанкова. Яны так і не паспелі сысціся за гэты тыдзень — камандзір роты і новы палітрук. Відаць, таму, што паміж імі заўсёды стаяла нядаўняя смерць Раўнягіна. Кажанаву чамусьці ўвесь тыдзень здавалася, што замяніць для роты Раўнягіна новы палітрук не здолее. I камандзір роты нават не хаваў гэтага ад Жбанкова — пры зручным выпадку стараўся падкрэсліць сваю абыякавасць да яго. I вось цяпер Пархвенаў расказ...
«Ах, палітрук, палітрук!..» Здаецца, Кажанаў першы раз за колькі дзён падумаў з сардэчнаю цеплынёю пра гэтага чалавека. Ён быў рады, што палітрук паказаў сябе такім баявым камандзірам. Цяпер капітан гатовы быў дараваць яму нават тое, што той пакінуў яго тут аднаго. Значыць, палітрук нікога не мог прыслаць — проста не трапіў ні ў якую вёску.
«От жа я жывы, ляжу тут, і побач свае людзі,— без злосці думаў ён,— такія добрыя — і гэты стары
кульгавы Пархвен, і гэтая Гапка, ласкавая вясковая жанчына, і доктарка, і нават незразумелы Міцька... Міцька-дэзерцір... А палітрук Жбанкоў недзе валяецца там, добра, калі немцы дазволілі пахаваць...»
Капітан, здаецца, ужо не меў аніякае крыўды на палітрука. Усё вырашыла смерць.
...На ноч з капітанам Кажанавым застаўся ў лесе Міцька. Пархвен, Гапка і Вераніка пайшлі дамоў адразу ж, як была зроблена перавязка. У будан параненага не сталі класці — пакінулі пад адкрытым небам: дажджу да раніцы не чакалі, ды і сам капітан пажадаў застацца на месцы, пад зорамі.
Перад адыходам доктарка адвяла трохі ўбок Міцьку і ціха сказала:
— Я нічым не магу памагчы яму. Тут патрэбна складаная аперацыя, а я не здолею зрабіць яе. Ды і няма дзе. Яго б зараз у шпіталь, там, можа, і далі б рады. Вось так... А вы ўжо, Дзмітрый Антонавіч, добра глядзіце тут. Я прыйду заўтра яшчэ.
Пасля перавязкі капітану нібы палепшала, прынамсі, так яму здалося. Ліхтар ужо не гарэў — яго патушыў Міцька і паставіў у будан.
— Каб не дражніць ваўкоў,— пажартаваў ён.
Ноч выпала цёмная, душная — дыхала нагрэтая за доўгі ліпеньскі дзень зямля. Кажанаў ляжаў і бачыў перад сабой неба, нават не само неба, а мроіва зорак. Іх панавысыпала ўгары, і ўсе яны былі чамусьці аднолькавыя — чырвоныя, нерухомыя. I толькі тады, калі Сямён вылучаў сярод іх адну якую і падоўгу ўглядаўся ў яе, яна нечакана пачынала мігаць. I так кожны раз — варта было ўтаропіць позірк, як зорка ажывала і нібы птушка, што трапляла з марозу ў цёплы пакой, трапятала крыламі.
Навокал будана тануў у непрагляднай цемрадзі лес. I не было чуваць у гушчары ніводнага чалавечага гуку.
Раптам захацелася пагаварыць. Але першыя словы сказаў Міцька — ён ляжаў на ватоўцы пад дрэвам, крокі за два ад будана.
— Вы не спіцё? — спытаў Міцька.
— He...
— Вы сапраўды паверылі, што я дэзерцір?
— Салдат, які кінуў зброю і хаваецца, заўсёды для мяне дэзерцір.
— А я ж у салдатах і не быў. Тры дні як вярнуўся з астравоў.
— Адкуль?
— Ну, астравы ёсць такія... На Поўначы. Адбываў там, адным словам, трапіў па ўказу. «Указнік» я. Вы не ведаеце, што гэта такое? Хітры, скажу вам, указ. Дык мяне і завезлі па гэтаму ўказу на тыя астравы. I было б за што... А то ж спазніўся на гадзіну. Я на прамкамбінаце рабіў. Хадзіў туды кожны дзень. На кватэру не станавіўся. Вясной у нас тут заўсёды вадапол вялікі. Ну, і, вядома, спазніўся. Пакуль перабраўся на крыгах цераз раку, то і спазніўся. Прыйшоў на камбінат мокры, руччом вада цячэ. I ўсё роўна не вераць. Дырэктар, можа б, і прасціў мне, але ж Падвозаў, начальнік аддзела кадраў... Яго нават дырэктар баяўся.