• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апавяданні  Іван Чыгрынаў

    Апавяданні

    Іван Чыгрынаў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 207с.
    Мінск 2007
    40.26 МБ
    — Таварышы, вазьміце мяне з сабой,— раптам пачулі мы голас нашага начлежніка. Чалавек, як відаць было, не думаў адступацца — выбег за намі на ганак.
    Я раззлаваўся:
    — Куды, у паліцыю? — і зрабіў крок да яго.
    Ён прыціх ад нечаканасці, і я заўважыў, як задрыжалі яго вузкія, з доўгімі пальцамі рукі — рукі інтэлігента.
    — Чаму ў паліцыю? Вы ж не ў паліцыю ідзяце! — пачаў даводзіць ён.— А я адзін...
    I тады я згадзіўся ўзяць яго з сабой, хоць і не збіраўся весці на базу. Згадзіўся, бо бачыў чалавека, прыгнечанага горам...
    Але праз колькі крокаў я пашкадаваў, што згадзіўся. I не таму, што парушыў загад камандзіра. He, не падумай. 3 гэтым можна было, урэшце, уладзіць. I, вядома ж, не таму, што мяне не пакідала сумненне. Здаецца, ранейшае прыкрае пачуццё неяк прайшло ўжо. А калі і не прайшло, дык прытупілася. Затое найшло іншае: як толькі выйшлі за вёску, то адразу ж адчулі, што чалавек, якога мы ўзялі з сабою, замінае нам. Нібы ўзваліў нехта на нашы плечы цяжкую, непатрэбную ў дарозе ношу.
    Спадарожнік наш, мусіць, таксама зразумеў, што ён лішні сярод нас. Ён моўчкі тупаў услед і час ад
    часу чамусьці ўздыхаў. Ці гэта быў даўні смутак, ці яго сапраўды вельмі непакоіла становішча, у якое ён трапіў.
    Тым часам развіднела. Вынырнула з-пад пагоркаў сонца. Мы ішлі міма вёсак. Людзей пакуль не сустракалі. Толькі чуваць было, як часам зарыпяць, абуджаючы ранішнюю цішыню, вароты ды рыкне раз і другі карова. А раз неяк, калі мы праходзілі паўз гарод, увязаўся за намі сабака. Кідаецца і брэша на ўсю ваколіцу, быццам паказвае: «Вось яны, трымайце іх!»
    А неўзабаве мы паслалі настаўніка ў вёску. Ён сам папрасіўся, бо некаму ж трэ было ісці разведаць. I пакуль ён хадзіў, перагаварылі між сабой.
    — Навошта бралі яго? — учапіўся Канаплёў.
    — Маўчы,— сыкнуў на яго Цыркін.
    Па ўсім было відаць, што Цыркін апраўдваў мяне. Пэўна, размова з настаўнікам, якую яны вялі пад раніцу, уразіла яго. Таму я сказаў хутчэй дзеля Канаплёва:
    — Хай ідзе. На базу, вядома, мы не пацягнем яго. Пачакае дзе паблізу, пакуль прыйдзе атрад, а там вырашым.
    — Яшчэ невядома, ці вернецца ён цяпер,— агрызнуўся Канаплёў.
    Але настаўнік вярнуўся. А перад вечарам мы былі ўжо непадалёку ад нашага лесу. Усё небяспечнае, здавалася, асталося ззаду. Мы з палёгкай уздыхнулі і зайшлі адпачыць у алешнік, што рос астраўком каля самай дарогі. За паўкіламетра адсюль была вёска. А збоку, крокаў якіх за дзвесце, зноў былі відаць кусты. Яны паўкругам агіналі вёску, не падступаючы надта блізка да яе, і цягнуліся некуды, аж пакуль ставала вока. Мы ляжалі на траве, якую абышла каса, і цешыліся думкай, што хутка ўжо скончацца дарожныя пакуты. I раптам пачулі галасы!.. 3 вёскі ішлі немцы. Іх было каля двух дзесяткаў.
    Сядзець у алешніку не мела сэнсу. Ён быў вельмі рэдкі і да таго ж без лісця — восень стрэсла ўсё на зямлю. 3 дарогі нас мог заўважыць кожны, нават калі і не прыглядаўся б надта. Трэ было неяк дабегчы да кустоў. Але як ты памкнешся куды, калі наперадзе роўнае поле і бегчы давядзецца ўвесь час на вачах у ворага.
    Мы нібы прыраслі да зямлі, разгубіліся.
    I раптам здарылася нечаканае: настаўнік амаль сілком выхапіў у мяне аўтамат, які я трымаў хворай рукой.
    — Я застануся тут,— усхвалявана зашаптаў ён, і ў голасе яго пачулася рашучасць.— Я буду страляць, а вы — бяжыце.
    Ён неяк вінавата ўсміхнуўся і адвёў свае сумныя, у акулярах вочы. Было відаць, як перасмыкнуўся і пабялеў яго твар.
    «Навошта табе гэта?» — са злосцю падумаў я, але прамаўчаў, бо ў той момант сам не здольны быў прыняць якое-небудзь рашэнне: нібы адабрала розум.
    Немцы між тым падыходзілі ўсё бліжэй. Яны гучна размаўлялі, відаць, не спадзяваліся напаткаць у прыдарожным алешніку ўзброеных людзей. Мы ляжалі і насцярожана чакалі, і от яны ўжо зусім блізка. I ўсё бліжэй, бліжэй...
    Тады і грымнулі нашы стрэлы. Першы ўдарыў з майго аўтамата настаўнік, а за ім і мы: я з нагана, a Канаплёў і Цыркін з вінтовак. Немцы разбегліся і заляглі. Цяпер ніхто з нас, здавалася, і не думаў пакідаць алешнік. Але зноў пачуўся голас настаўніка. На гэты раз ён ледзь не крычаў:
    — Што вы марудзіце!
    — He гарачыся! Будзем адыходзіць разам! — сказаў я, хоць ужо і не верыў, што гэта выратуе нас.
    I мы ўсё адступалі і адступалі на край алешніку, не перастаючы страляць. I разам з намі быў настаўнік.
    I тады, y тую страшную і цяжкую для нас хвіліну, на мяне нечакана нахлынула цёплае, да болю шчырае пачуццё да гэтага чалавека, які па дарозе сюды, магчыма, насустрач смерці, моўчкі цярпеў і наш недавер да сябе, і абразлівую велікадушнасць.
    Мне тады захацелася абняць настаўніка, папрасіць у яго прабачэння і... ці мала яшчэ чаго хацелася мне. Ды толькі не час быў.
    To прыгінаючыся да зямлі, то раз-пораз падаючы, беглі мы да лесу, туды, дзе быў наш паратунак. Я дрэнна бачыў тое, што рабілася наўкол. А калі ўпаў і агледзеўся, паўзлі за мною толькі Цыркін і Канаплёў. Настаўнік застаўся ў алешніку. Ён па-ранейшаму біў кароткімі чэргамі з аўтамата.
    I мы чакалі яго, аж пакуль не ўбачылі, што па алешніку ходзяць немцы...
    1961
    ДЗІВАК 3 ГАНЧАРНАЙ ВУЛІЦЫ1
    У Залужжы мне сказалі: «А Дземідзёнак пайшоў ад нас. Яго ўжо няма ў гарадку».
    Але ж куды падаўся Дземідзёнак?..
    Можа, адзін я добра і ведаў гэтага чалавека.
    Ён паявіўся ў нашым гарадку гады праз тры пасля вайны і пасяліўся ў хаце Дакуліхі, адзінокай старой, якая спачатку прыняла яго як кватаранта, каб мець за гэта на старасці якую капейку, бо яму ішла пенсія, але потым адмовілася ад тых грошай.
    1 Упершыню апавяданне было надрукавана пад назвай «Птушкі ляцяць на волю». (Заўв. рэд.)
    Я ж сустрэў Дземідзёнка, калі ён лічыўся ўжо на Ганчарнай вуліцы старажылам.
    У нядзелю раніцай стаяў я на падворку і слухаў, як гудуць каля дзядзькавых вулляў пчолы.
    — Дземідзёнак ідзе,— пачуліся раптам галасы.
    Я азірнуўся і ўбачыў незнаёмага старога, які шыбаваў з клеткай у руцэ сярэдзінай вуліцы. Ён быў невысокага росту, згорблены, з белай бародкай і такімі ж белымі валасамі, што выбіваліся з-пад саламянага брыля. На незнаёмым была вылінялая сацінавая кашуля з манішкай, падпяразаная поясам з кутасамі, а на рубчыкавых штанах віднелася некалькі невялікіх латак. Стары хуценька перабіраў нагамі, быццам вельмі спяшаўся куды. Хадзіў ён на дыбачках, таму ўся яго шчуплая постаць у час хады падавалася наперад.
    — Дземідзёнак!.. Дземідзёнак!..— зноў пачуўся крык, і на вуліцу пачалі збягацца дзеці.
    Але да старога яны не набліжаліся. Трымаліся крыху воддаль або ціснуліся за ім ззаду. А стары ішоў сабе ўздоўж вуліцы і, здавалася, не заўважаў іх. Тады я і прыгадаў, як у свой час таксама басанож бегаў з равеснікамі за дзівакаватым Цімкам. Цімка жыў на самым канцы Калгаснай вуліцы, але мы і туды забіраліся. I цяпер штосьці падобнае адбывалася.
    «Неразумнае дзяцінства»,— падумаў я.
    Аўвечары, калі маці прыгнала карову з пашы, запытаў:
    — Дземідзёнак... Хто гэта?..
    — Як хто? Ну, Дземідзёнак і Дземідзёнак. У Дакуліхі жыве.
    Было відаць, што яна не вельмі ахвоча да маёй размовы, але маўчаць не стала.
    — I дзеці беглі за ім?
    Я кіўнуў галавой.
    — Паршыўцы! Лазой трэба сеч блазнюкоў! — Яна ўздыхнула і ўзялася пераплятаць свае косы.— Дземідзёнак такі ж, як і ўсе, чалавек. Праўда, можа, ён нейкі ўжо занадта дзівакаваты.
    Маці скупілася на словы, і я адчуў, што яна больш клапацілася, каб сын яе не падумаў кепскага пра чалавека.
    — Прыйшоў ён сюды аднойчы вясной і стаў жыць у Дакуліхі. А што за чалавек ды адкуль — каму рупіць. Ці мала людзей пасля вайны па наваколлі без прытулку хадзіла. Вайна нямногім так мінулася. I ў кожнага сваё гора. Можа, і яго гняздо параскідала. Ну, і прытупаў чалавек на нашу вуліцу дажываць свой век. Добра, што пенсія ў яго. Здаецца, і Дакуліха тады за гэтым пагналася...
    Маці змоўкла. Ёй трэба было штосьці зрабіць у сенцах, і яна выйшла.
    — А стары ён аказаўся ўвішны... Гэта я ўсё пра Дземідзёнка,— сказала яна, калі вярнулася.— Дык я кажу: Дакулісе на кватаранта пашэнціла. Бывае, дзянёк бегае вакол хаты, корпаецца то ў гародчыку, то двор падчышчае, ды і на вуліцы насупраць Дакуліхінай хаты не тое што ля іншых,— чыста. Здаралася мне заходзіць да іх. Ветлівы Дземідзёнак гэты. Толькі чамусьці неразгаворлівы. Панурыцца і маўчыць. Нібы кляймо на ім якое. Усё ж адзін ды адзін дзень пры дні. Але гэта б нішто яшчэ. Маўклівых на свеце таксама набярэцца, і, можа, больш, чым гаваркіх. Ды прыспічыла яму па нейкай патрэбе пайсці ў нядзелю на рынак. To ніколі не хадзіў туды, а тут раптам пацягнула. Можа, што хацеў купіць сабе або Дакулісе. I вось якраз з таго часу чалавека быццам падмянілі. А ўсё з-за птушак. I хто іх там надумаў прадаваць,— сама не ведаю, бо ніколі ж раней я не заўважала, каб хто прыносіў птушак на рынак наш. Ну, там малако, яйкі, а то ж
    птушкі! Гандляваць птушкамі!.. Смяхоцце адно. Але ж ён купіў іх. I потым зачасціў на рынак. Убачыць птушку і купляе. А некаторым нібы аднаго гэтага і не хапала. Пачалі лавіць і прадаваць птушак. Сорам аж. Ну, а ён купляе іх і выпускае недзе.
    Людзі тым часам языкі чэшуць:
    — Дык ён жа перапрадае іх і гэтым самым вунь якую капейку зарабляе.
    Ніхто ж не ведае, што небарака на сваю пенсію тых птушак купляе. Часам без куска хлеба бывае. Дакуліха сваім корміць. Нарэшце дайшло да таго, што пачалі прыносіць птушак яму дадому. Тады і не вытрымала Дакуліха. Спачатку сароміла, потым узяла палена ды аднаго прагнала з хаты, другога. Глядзіш, і перасталі хадзіць. Але ж стары не кінуў свой занятак...
    3 таго вечара я заўсёды выходзіў з хаты, калі чуў, як крычалі на вуліцы:
    — Дземідзёнак!..
    Дзеці кожны раз беглі за ім на рынак, і пасля я даведаўся, што яны былі таксама галоўнымі пастаўшчыкамі птушак.
    Дземідзёнак хадзіў толькі пасярэдзіне вуліцы. Я прыкмеціў, што на ім заўсёды была адна і тая сацінавая кашуля, і праз некалькі дзён я ўжо мог сказаць, колькі на яго штанах накладзена латак. У нядзелю ён праходзіў паўз нашу хату двойчы — на рынак і адтуль. Пры гэтым ён ніколі не глядзеў па баках. Але аднойчы ён здрадзіў сваёй звычцы, калі гэта толькі было звычкай. Ён раптам паглядзеў на мяне. I, можа, таму, што для яго я на гэтай ціхай вуліцы быў чалавек новы, ён нечакана зняў свой руды брыль і павітаўся. 3 таго разу ён ужо не праходзіў міма, каб хоць не дакрануцца рукой да свайго брыля. Рабіў ён гэта паспешліва, нібы шкадаваў патраціць на непатрэбную справу лішняга часу.