• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апавяданні  Іван Чыгрынаў

    Апавяданні

    Іван Чыгрынаў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 207с.
    Мінск 2007
    40.26 МБ
    — I доўга быў там?
    — А лічы, год цэлы там розуму набіраўся ды ў дарозе яшчэ каля месяца быў.
    Міцька на хвіліну задумаўся.
    — Эх і людзей там,— нарэшце сказаў ён.— Адны, канечне, сапраўды вінаватыя, а другія таксама ж, як і я. Быў там Андрэй Ваганаў, настаўнік з Варонежа. Дзіўны ён, гэты Ваганаў. Нас выпусцілі з лагера ў адзін дзень. Плылі па моры і ехалі мы да Масквы разам. Пра вайну пачулі яшчэ на баржы. Але не ведалі, што немецзайшоўдалёкананашу тэрыторыю. У цягніку ўжо людзі расказалі нам. Гляджу я на Ваганава,
    а той усміхаецца. Я і кажу яму: «Няўжо ты, Андрэй, рады?» А Ваганаў ківае галавой: «Супакойся, Міцька,— і ляпае мяне па плячы.— Гітлеру мы галаву скруцім, абавязкова скруцім, нікуды ён ад гэтага не дзенецца. Затое пасля адзін аднаму ўжо дарма не станем горла грызці. Паразумнеем».
    — А Гітлеру мы сапраўды галаву скруцім,— сказаў Кажанаў.
    — Далёка ён зайшоў...
    — Другія яшчэ далей заходзілі. Напалеон нават у Маскву прарваўся.
    — Але нашы ўсё лататы ды лататы. Гэта ж як я апынуўся ў вайсковым адзенні! To хадзіў колькі разоў у ваенкамат, не бралі. Як жа, вярнуўся з заключэння!.. He давалі ў рукі вінтоўкі! А сёння пайшоў я загнаць карову ў статак, то сустрэлі мяне за вёскай нейкія. Раздзелі, разулі. Добра, што хоць не голага пусцілі, адзін аддаў сваё. Тады вы мяне і пабачылі ў вайсковым.
    Міцька гаварыў яшчэ доўга, да самай поўначы, і нават не клапаціўся, ці слухае яго капітан.
    ...Уначы Міцька прахапіўся ад моцнага крыку. Крычаў капітан. Паранены кідаўся на сваёй пасцелі, трызніў, намагаючыся парваць бінты. Ен паміраў, і ніхто не мог памагчы яму.
    Міцька схаваў пад ватоўку сваю галаву і плакаў наўзрыд ад таго, што быў бяссільны што-небудзь зрабіць для чалавека. Нарэшце, знясілены, заснуў. A калі прачнуўся, была раніца. Капітан Кажанаў ляжаў на сене і не дыхаў...
    Над лесам падымалася сонца. Яно было мутнае, невясёлае, быццам праплакала ўсю ноч над чалавечым горам.
    1964
    БУЛЬБА
    Уранні прыйшлі нашы — спачатку па зацішанскім бальшаку прагрукаталі, ляскаючы жалезам, танкі, пасля, можа, праз паўгадзіны, з-за пагорка паказалася пяхота. Калоны пехацінцаў павольна спускаліся ў нізіну, што перад вёскай, і адтуль, расцякаючыся, як ручаіны вясной, па лясных і палявых дарогах накіроўваліся далей, да Беседзі. У вёсцы тым часам дагаралі хаты.
    Ля вясковых могілак ужо бегалі артылерысты. Там спынілася гаўбічная батарэя, і артылерыйскія разлікі ўстанаўлівалі гарматы, рылі акопы. За лесам, мусіць, ля самай Беседзі, за якой акапаліся немцы,— там цяпер была перадавая,— неўзабаве пачуліся густыя вінтовачныя стрэлы; часам адтуль даносіліся і кулямётныя чэргі.
    Гулі маторы. I гэты гул іхні то нарастаў, нібы станавіўся сцяною, то заціхаў.
    Па небе плылі нізкія хмары. Але дажджу не было. I ўжо каторы дзень. Відаць, хмары былі бясплодныя.
    На папялішчы патрохі сыходзіліся людзі. Ніхто не плакаў.
    He смяяліся і салдаты. Яны ішлі к Беседзі маўклівыя.
    У сорак трэцім мы былі яшчэ зусім малыя, але запомнілі гэтых салдат... Мы — гэта Мішка Бычыхін, Санька Брылеў і я. У вёску тады мы першыя прыбеглі з лесу і ўжо цэлага паўдня сядзелі ў сасняку ля школы, запаліўшы вогнішча. Школа ўцалела. Немцы чамусьці яе не зачапілі. Можа, таму, што знаходзілася яна наводшыбе і была пад жалезным дахам. Паўз яе цяпер ішлі ў калонах салдаты. А мы сядзелі каля вогнішча і, як зачараваныя, моўчкі ўглядаліся ў іх загарэлыя, стомленыя твары. Мы былі дзеці, і ў
    кожнага з нас на вайне быў бацька. Дык і думалася — а можа, якраз тупае бацька вось так у страі і не пускаюць яго камандзіры дамоў, крый бог, пройдзе міма.
    Верасень быў на сконе. Бярозы на бальшаку страсалі сваё апошняе лісце — рана яно пажоўкла. Вецер гнаў я ’о па полі, збіраў на ўскрайку лесу. Было няўтульна, нават холадна. На папялішчах, нібы шкілеты, дзе-нідзе стаялі адзінокія печы — тыя, што некалі клаліся без штандараў, адразу на зямлі. Печы былі яшчэ гарачыя.
    Вогнішча наша дыміла, сіпелі дровы, часам да вогнішча падбягалі салдаты. Яны прыкурвалі «ад вугалька», гладзілі нас па галовах і, не распытваючы ні аб чым, спяшаліся даганяць сваіх. А гэтых «сваіх» было многа-многа!.. Нават здавалася, што якой-небудзь калоне канца-краю не будзе. Але праходзіў час, дарога раптам пусцела. Ды ненадоўга. Хутка зноў чуўся тупат. I зноў пад вокнамі школы пачынала калыхацца маўклівая шэра-зялёная салдацкая калона. Ляскалі кацялкі. У нашых салдат яны былі вялікія і круглыя, бы каструлі, і, пэўна, заміналі ў паходзе, б’ючы па баку. Здаралася, што салдаты ішлі невялікімі групамі. Але рэдка. Затое гэтыя амаль ніколі не абміналі нашага вогнішча. А пад самы вечар, калі пачалі ўжо грамыхаць ля могілак гаўбіцы, у сасняку, дзе гарэла вогнішча, спыніліся артылерысты. Іх было чалавек дваццаць, з адной-адзінай маленькай гарматкай, якую цягнулі коні. Відаць, гэта была якаясьці батарэя,— можа, яна нядаўна выйшла з бою і засталася без гармат. Коней артылерысты не распрагалі: павесілі ім на галовы брызентавыя вёдры, і коні ляніва хрумсталі авёс.
    Артылерысты былі вясёлыя людзі — не тое што змардаваныя пехацінцы. Яны тут жа сышліся да нашага вогнішча, пачалі жартаваць, а адзін, чорны, мусіць, армянін — у рысах яго твару была дзіўная
    мешаніна дабрадушнасці і гарэзлівасці,— нібы прыліп да Санькі Брылева — дапытваўся, чаму ў таго рыжая галава.
    — Выгарала,— казаў Санька.
    Салдат паціскаў плячамі і хітра ўсміхаўся, пазіраючы на сваіх сяброў.
    — На сонцы? — пытаўся ён.
    — Ыгы.— Санька быў трохі старэйшы за Мішку і за мяне, але вельмі сарамлівы і нясмелы; салдаты лагодна смяяліся, а ён чырванеў, як дзяўчо.
    Затое самы наіўны сярод нас быў Мішка.
    — У яго шапкі няма,— падказаў ён.
    — Шапкі няма? — Чорны артылерыст раптам перастаў смяяцца, задумаўся на момант і неўзабаве зноў пырснуў ад смеху.— Эй, Сідараў,— гукнуў ён,— топай сюды!
    Падышоў Сідараў — нізкі, але надта тоўсты салдат, апрануты ў зашмальцаваны бушлат, які ўжо, пэўна, не адзін раз гарэў у яго, бо на правым баку тырчала пабурэлая вата. Сідараў быў салдат у гадах — яго нават можна было палічыць за старога. Відаць, ён не любіў шумных кампаній, бо мы яго каля вогнішча за колькі хвілін бачылі ўпершыню — увесь гэты час чалавек праседзеў недзе пад сасной, схаваўшыся за гарматкай.
    — Паслухай, Сідараў,— звярнуўся да яго чорны артылерыст,— вось гэтаму меднаму кацялку,— ён паказаў на Саньку,— патрэбна шапка. Ты разумееш, у яго няма шапкі. А ў цябе, Сідараў, дзве, пілотка і вушанка. Я ўчора бачыў вушанку ў тваім мяшку. Ты вытрас бы з яго, а? Ну, Сідараў, не будзь скарэдай, аддай хлопцу шапку.
    Сідараў глянуў соннымі вачамі на Саньку, затым перавёў позірк на чорнага артылерыста.
    — Дык я ж гэта для свайго сына,— неяк жаласна сказаў ён.
    — Я так і знаў, што ты пашкадуеш. I калі ты толькі станеш чалавекам, Сідараў, а? Ну як ты аддасі сыну гэту шапку? Ты думаеш, што скора трапіш на свой Урал? Нам на той свет, братка, бліжэй, чым туды. Ах, Сідараў, Сідараў...— прытворна ўздыхнуў чорны артылерыст.— Каб я ведаў, што ты будзеш такі скупы, то не цягнуў бы цябе за вушы з таго балота. Помніш?
    Сідараў, напэўна, помніў пра тое балота, але цяпер маўчаў, зыркаючы на бялявыя языкі полымя. He хацелася яму аддаваць сваю вушанку чужому хлапцу. Але ж гэты чорны прыстаў... Смала, а не чалавек... Ды Сідараў, пэўна, не ўмеў і агрызнуцца добра. А тут яшчэ салдаты загулі:
    — Аддай, Сідараў...
    — Аддай...
    — Навошта яна табе?..
    — Сыну япічэ лепшую знойдзеш...
    — Пасля бою іх многа валяецца...
    I скупы Сідараў не вытрымаў. Ён вярнуўся да воза, што стаяў непадалёку ад дарогі, пакапаўся там, дастаў памятую салдацкую шапку-вушанку і аддаў яе чорнаму артылерысту.
    — Насі, Санька,— сказаў той і надзеў хлопцу на галаву шапку — яна была велікаватая для Санькавай галавы і налазіла на вочы.— Насі, Санька,— паўтарыў ён і прытворна ўздыхнуў.— Насі і ўспамінай мяне. Чуеш? Мяне! Сідарава ўспамінаць няма за што. Гэта ж калі б не я, не было б у цябе гэтай шапкі. Сідараў не даў бы. Гэта ўсё я.
    Чорны артылерыст гаварыў сур’ёзна, але ў вачах усё яшчэ скакалі вясёлыя чорцікі.
    Тым часам непадалёку загарэлася другое вогнішча — хтосьці запаліў яго там, нанасіўшы непрыкметна дроў. Салдаты адзін за адным пачалі адыходзіць ад нашага вогнішча. Толькі чорны арты-
    лерыст заставаўся з намі — здавалася, ён і не збіраўся пакідаць свайго месца. Але ж яго паклікалі.
    — Схадзі па лейтэнанта,— сказаў яму салдат у накінутай на плечы ватоўцы.
    — Куды гэта?
    — Ву-унь.— Салдат у ватоўцы паказаў у той бок, дзе знаходзілася гаўбічная батарэя, якая цяпер чамусьці не страляла.
    — Тады айда, хлопцы!
    Мы ўскочылі на ногі.
    — He бяры іх.
    — Чаму? Там прыстрэлку правялі ўжо.
    — Таму і не трэба іх весці туды,— злосна гыркнуў артылерыст у ватоўцы і тут жа палагаднеў, дадаўшы: — Цяпер немец можа батарэю нашчупаць.
    Нам вельмі хацелася пайсці, пабыць на батарэі, і мы неўзлюбілі артылерыстаў ватоўцы, які не пускаў нас туды. Чорны артылерыст пайшоў адзін. Неўзабаве ён вярнуўся і прывёў адтуль двух афіцэраў — у аднаго з іх на пагонах было па тры маленькія зорачкі, у другога — па адной. I вось той, што меў на пагонах толькі па адной зорачцы, сказаў свайму спадарожніку:
    — Мая гаспадарка.
    — I нішто сабе гаспадарка.
    — Ну, ну, скажы...— «Гаспадар» неспадзявана тыцнуў кулаком пад бок свайму спадарожніку, і яны разам гучна засмяяліся.
    — Эй, старшына!
    Да афіцэраў падскочыў артылерыст у ватоўцы, выцягнуўся перад імі і зухавата казырнуў, паднёсшы руку да пілоткі.
    — Друга сустрэў. Старшага лейтэнанта. Вось. Дык, можа б, ты, старшына, даў чаго-небудзь нам... пакуль немец маўчыць. Ці ёсць там яшчэ?
    — Знойдзем, таварыш камбат.
    3. Зак. 951
    33
    Афіцэры накіраваліся да нашага вогнішча. Чорны артылерыст, што паспеў ужо за гэты час прычапіць да Санькавай шапкі зялёную зорачку, якую ён невядома калі выразаў з бляшанкі, пахваліўся:
    — Глядзіце, таварыш лейтэнант, як мы тут хлопца прыбралі.— I паказаў на пачырванелага Саньку.
    — Хто ж гэта яму ўдружыў такую?
    — Сідараў.
    — Сідараў? — здзівіўся малодшы лейтэнант.— Глядзі ты! А я і не думаў, што Сідараў на такое здольны. Ажно смешна. He, мусіць, гэта ты згвалціў яго. Скажы, ты?
    — He, ён сам.— Чорны артылерыст сказаў гэта і апусціў вочы.