• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апавяданні  Іван Чыгрынаў

    Апавяданні

    Іван Чыгрынаў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 207с.
    Мінск 2007
    40.26 МБ
    — Ну, сам дык і сам,— згадзіўся малодшы лейтэнант і растлумачыў: — Ёсць тут у мяне салдат. Кажуць, вайна людзей перарабіла. А Сідараў і на вайне застаўся скупярдзяем. У яго снегу леташняга не дапросішся.
    Старшына прынёс плашч-палатку, разаслаў яе і пачаў «калдаваць» на ёй — спачатку паставіў кацялок, затым нарэзаў хлеб на тонкія лусты, пасля дастаў з кішэняў дзве гранёныя шклянкі і, павярнуўшы дном угору, апусціў іх перад афіцэрамі, сказаўшы чамусьці:
    — Вось...
    — Ведаеш, Аляксей Фаміч,— загаварыў раптам старшы лейтэнант, які амаль увесь час маўчаў,— усё хацеў я бульбы печанай наесціся. Думаў, прыйдзем на беларускую зямлю, накапаю дзе-небудзь бульбы і напяку на такім вогнішчы. Ажно не. Усё не збяруся. Ужо другі дзень на гэтай зямлі, а бульбы не паспытаў.
    — Ну і жаданне ў цябе, скажу... дзіўнае.
    — Дзіўнае? Але ж аднойчы як накармілі мяне печанай бульбай, дык і дагэтуль смаку той бульбы не за-
    быў. Недзе пад Гомелем было гэта. У сорак першым. Астаткі нашага палка — усяго некалькі чалавек — выходзілі тады з акружэння. Ішлі мы ўсю дарогу галодныя. У вёсках немцы. Туды нам нельга заходзіць... Схопяцьадразу. Такі бадзяліся галодныя, пакуль не натрапілі на хлапчукоў, такіх вось.— Старшы лейтэнант кіўнуў галавой у наш бок.— Пасвілі яны цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. I вось з таго часу жыву надзеяй пакаштаваць калінебудзь яшчэ печанай бульбы. Кажуць, беларуская нейкая асаблівая. He ведаю, цяжка меркаваць мне, чалавеку, які нарадзіўся і жыў у пшанічным стэпе. Але, можа, і сапраўды смачней за яе нідзе не бывае.
    — У цябе гэта псіхалагічны фактар.
    — Можа. Але ў такіх, як я, ці мала гэтых псіхалагічных фактараў ад сорак першага засталося. Паверыш ці не, урэшце як хочаш, справа твая, толькі нават раны ад сорак першага ныюць па начах мацней, чым тыя, што пасля былі.
    — Ну, але.— Малодшы лейтэнант уздыхнуў, пасядзеў трохі, задумаўшыся, затым зусім вясёлым тонам сказаў: — Дык тады за чым затрымка, дарагі мой таварыш! Папросім, і гэтыя вось хлопцы зараз жа навалакуць сюды бульбы, колькі душа твая жадае. Хочаш, нават салдата магу паслаць. Тут жа зусім недалёка. Амаль побач.
    Старшы лейтэнант адказаў не адразу. Ён колькі часу маўчаў яшчэ, нібы сапраўды раздумваў, як лепш зрабіць,— ці сягоння заняцца бульбай, ці адкласці на заўтра.
    — He, сёння позна ўжо. Я заўтра лепш прыйду. Як, хлопцы, будзе бульба?
    — Будзе,— адказалі мы ледзь не ў адзін голас.
    Старшы лейтэнант здаволена пацёр рукі і неяк радасна, амаль па-дзіцячы заўсміхаўся нам,
    паказваючы свае белыя зубы. Гадоў яму было, можа, якіх дваццаць пяць. Росту ён сярэдняга, шырокі ў плячах і тонкі ў поясе. Густыя русыя валасы яго святлейшыя нават за твар загарэлы, і гэта адразу кідалася ў вочы, асабліва калі ўлічыць яшчэ, што ў старшага лейтэнанта былі да таго ж цёмныя бровы і чорныя вейкі.
    Недзе ў хмарах зайшло сонца, бо на дварэ неўзаметку пашарэла, і ўжо, пэўна, зусім нямнога заставалася да восеньскіх пацёмак. Перад вечарам нечакана зрабілася ціха кругом — нават перасталі страляць.
    — Ну, вось і вайна скончылася,— прыслухаўшыся, сказаў старшына.
    — Чаго захацеў! — Малодшы лейтэнант неяк нявесела ўсміхнуўся.— У нас жа з табой ёсць адна саракапятка. Дык ці можа здарыцца так, каб і яна ўцалела? Мы яшчэ заўтра яе дзе-небудзь пакінем, разбітую.
    — Нічога, саракапятак зноў дадуць. Чаго-чаго, a гэтага... не пашкадуюць. Ох і бярэ зайздрасць...—Але старшына не дагаварыў, чаму яго бярэ зайздрасць.
    — Ладна, старшына,— перапыніў малодшы лейтэнант. — Навошта скардзіцца і зайздросціць чужым. Ідзі, старшына. Далей я ўжо і сам здагадваюся, што да чаго тут.— Ён узяў з рук старшыны фляжку: — У вас там скора каша?
    — Зараз будзем пачынаць.
    — He забудзь хлопцаў гэтых накарміць.
    ...Па зямлі плыў добры вечар, калі нарэшце была з’едзена салдацкая каша — прасяная, на сале. Мінула яшчэ гадзіна — і апусцеў сасняк, што каля школы. Артылерысты пастроіліся на дарозе і рушылі, ціха перагаворваючыся, услед за сваёй адзінай саракапяткай.
    Начавалі мы ў школе. Але пакуль бавіліся з салдатамі ля вогнішчаў, з лесу вярнуліся сем’і, і ў школе
    ўсе класы былі заняты пагарэльцамі. Спаць давялося на падлозе. Парты, якія ўцалелі за два гады акупацыі, яшчэ ўдзень пазносілі ў адзін клас. Ды і засталося іх тут мала. Пры немцах у школе амаль ніякай вучобы не было. У верасні сорак першага стараста хацеў было сабраць дзяцей, ды хутка мусіў адмовіцца ад сваёй задумы, бо не знайшлося настаўнікаў. Праўда, к зіме ў вёску прывалаклася аднекуль Моркаўка-Брыкікі — кульгавая выкладчыца геаграфіі. Яна і да вайны працавала ў нашай школе. Здаецца, тады і далі ёй такую мянушку — «Моркаўка-Брыкікі»; настаўніца не магла выгаварыць слова «буракі», у яе чамусьці атрымлівалася: «брыкікі». I вось гэтая Моркаўка-Брыкікі паявілася ў вёсцы. Але пры новай уладзе ёй удалося правесці ўсяго некалькі ўрокаў: аднаго разу да гаспадыні, у якой яна кватаравала, прыйшлі ўзброеныя людзі ў цывільным, можа, нават і партызаны, хоць іх тады ў нашых краях і не чуваць яшчэ было,— дык яны прыйшлі, паднялі з ложка Моркаўку-Брыкікі і павялі з сабой. 3 таго часу яе ніколі не бачылі. 3 таго часу і школа заўсёды пуставала.
    Уначы пачаўся на Беседзі бой. Ля могілак грамыхалі, калоцячы зямлю, гарматы. Пад вокнамі школы, не заціхаючы, гулі машыны.
    На Беседзі, гэтай невялікай воднай перашкодзе — рацэ, якую гарачым летам і курыца перайсці можа, немцы пратрымаліся ажно тры дні. Нечакана завязаліся ўпартыя баі. Наша пяхота многа разоў паднімалася ў атаку, але варожыя кулямёты, што стаялі на высокім правым беразе ад Малога Хоцімска да Белай Дубровы, кожны раз прымушалі яе адкаціцца назад, засесці ў сваіх акопах на ўскраіне лесу. На цёмна-зялёнай траве шырокага заліўнога лугу, што быў паміж лесам і Беседдзю, з кожнай новай атакай большала трупаў з пасінелымі тварамі. Нарэшце недзе за Белай Дубровай камандаванне, пад прыкрыццём
    «кацюш», пераправіла цераз Беседзь танкавую брыгаду, і «трыццацьчацвёркі», рухаючыся ўздоўж ракі з усходу на захад, узламалі нямецкую абарону.
    Пакуль ішлі баі, мы — Мішка Бычыхін, Санька Брылеў і я — не адыходзілі ад вогнішча, якое ўсё палілі на адным і тым жа месцы. Па-ранейшаму паўз школу рухаліся к Беседзі войскі. А адтуль, пачынаючы з самае раніцы, везлі на машынах раненых. Вясковыя бабы падыходзілі паглядзець на іх і пасля плакалі, адыходзячы. Мы цярпліва сядзелі каля вогнішча і чакалі старшага лейтэнанта. У нас была напагатове для яго печаная бульба. Але старшы лейтэнант не прыйшоў...
    1963
    ІШОЎ НА ВАЙНУ ЧАЛАВЕК
    Ігнат скідаў за дваром апошнюю капу сена і, разгарачаны, увайшоў у сенцы, пастаяў там, пакуль не звыкліся вочы з лёгкім змрокам, і толькі пасля ўжо ўзяўся за конаўку, што вісела на сцяне над лаўкай, на якой стаялі вёдры з вадой. Вада ў адным вядры была халодная — мусіць, нядаўна з крыніцы, і зубы Ігнатавы адразу зайшліся. Ён пачаў піць маленькімі глыткамі. Піў доўга, смакуючы, і ўвесь час адчуваў, як паступова астывала нутро.
    Адчыніліся дзверы, і Ігнат пачуў за спіною жончын голас:
    — Гэта ты, Ігнась...
    Здавалася, сказана было звычайна, як гаварылася, можа, мільён разоў, але Ігнат раптам адчуў у голасе трывогу. Ён глянуў цераз плячо і ўбачыў заплаканы жончын твар.
    — Што з табой?
    Тая сцепанулася, датупала, як не свая, да лаўкі, ля якой стаяў Ігнат, усё яшчэ трымаючы конаўку ў руцэ, і спынілася побач, баючыся падняць вочы.
    — Што здарылася, Анюта?
    — Ды яшчэ нічога.— Яна ўздыхнула.— Ну, што мы тут стаім, хадзем у хату.
    Ігнат паціснуў плячамі і, калі вешаў на цвічок конаўку, не мог суняць дрыготкі ў пальцах.
    На стале ў хаце ляжала паперка, напісаная ад рукі. Ігнат заўважыў яе адразу. Падышоў, паглядзеў — павестка.
    — Даўно прынеслі?
    — А ўжо ў гадзіне,— адказала жонка і заплакала наўзрыд.
    Ігнат узяў павестку, пачаў чытаць: «Згодна тэлефанаграме з ваенкамата Вы абавязаны з’явіцца заўтра, г. зн. 16.7, к 11 гадзінам раніцы на прызыўны пункт. 3 сабой мець лыжку, кружку, харчоў на двое сутак, дзве пары бялізны. Старшыня с/с Апанасенка». Ігнат пакутліва наморшчыў лоб і зноў стаў чытаць спачатку: чамусьці з аднаго разу да яго быццам бы і не дайшоў сэнс — мусіць, перашкаджаў жончын плач. А плакала жонка ўжо, як па нябожчыку. Гэта і бянтэжыла Ігната, і злавала. Нарэшце Ігнат сказаў:
    — Што ўжо тут галасіць! I так, дзякаваць Богу, ажно вунь колькі пабыў лішняга. Другія і гэтага не мелі.
    Ігнат нават усміхнуўся, але і сам адчуў, што ўсмешка ў яго выйшла сумная: што ні кажы, а на вайну ісці — не жыта малаціць. Ігнатавы аднагодкі даўно ўжо ваявалі — пайшлі яшчэ па першай мабілізацыі, і ў вёсцы мала пра каго з іх ведалі: прыходзілі пісьмы ад старэйшага Цішкавага сына, які быў недзе інтэндантам, ды яшчэ ад двух ці трох чалавек, што прызываліся пад самы канец года. Ігната дагэтуль не бралі
    праз хворую нагу — як прастудзіў яшчэ пазалетась, цягаючы брэдзень па тонях, то і не праходзіла. Сёлета нага паправілася — дала жонка рады, націраючы бадзягай. Прызнацца, дык Ігнатучасам ніякаватабыло: выходзіла, што збіраўся прасядзець вайну дома. Сёйтой нават коса пачынаў глядзець на яго. Але сам Ігнат увесь час жыў у чаканні — разумеў, што гэтае вайны хопіць на ўсіх. I таму павестка для яго была не такая ўжо нечаканая. Можа б, нават не выклікала і такой душэўнай трывогі, каб не плакала жонка.
    Ігнат пастаяў трохі задуманы і сказаў, каб толькі не маўчаць:
    — He плач, Анюта.
    — Ты ўжо і паплакаць мне на даеш,— з дакорам сказала яна, але пацішэла, быццам спалохалася чаго.
    Тады Ігнат, расчулены, падышоў да яе, узяў за плечы. Яна прытулілася да мужа ўсім целам, схаваўшы заплаканы твар у яго на грудзях.
    — Дзе ж гэта нашы дзеці?
    — Што дзецям,— уздыхнула Анюта.— Бегаюць недзе.
    — Толькі ты не плач ужо.
    — А я і не плачу,— сказала і зноў заплакала.
    — Ну вось...— Ігнату хацелася хоць нечым суцешыць Анюту, але не хапала слоў; больш таго, ён ужо разумеў, што ніякія словы не памогуць — можа, хіба паспрабаваць заняць яе работай: — Патрохі ўжо збірала б мяне...
    Яна насцярожылася ўся.
    Ігнат падаўся да акна, сеў там на табурэтку, што стаяла бліжэй да стала, і раптам пачуў стому ў нагах.