• Часопісы
  • Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі Том 1. Кніга 1

    Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі

    Том 1. Кніга 1

    Памер: 850с.
    Мінск, Нью Йорк, Вільня, Прага 1998
    211.39 МБ
    за апошняе дзесяцігодзьдзе зьявілася новая хваля публікацыяў, пераважна ў беларускай пэрыёдыцы29. Дзеля таго, што дагэтуль публікавалася толькі нязначная частка захаваных у фондзе №582 матэрыялаў, мы ня ставілі сабе за мэту выявіць усе папярэднія публікацыі адпаведных дакумэнтаў фонду, а тым болей правесьці параўнальна-тэксталягічны аналіз розных публікацыяў. Таму ў гэтым выданьні спасылкі на папярэднія публікацыі даюцца толькі ў выключных выпадках.
    У сваёй працы над дасьледаваньнем матэрыялаў фонду і над падрыхтоўкай іх да публікацыі ўкладальнік кіраваўся наступнымі прынцыпамі.
    Улічаныя й апісаныя былі усе дакумэнты й матэрыялы фонду, нават тыя, якія відавочна ня маюць нічога агульнага з БНР і яе Дзяржаўнымі Архівамі і не ўкладаюцца ў храналягічныя рамкі дасьледаванага пэрыяду (ад разгону Ўсебеларускага Зьезду ў сьнежні 1917 да «самароспуску» БНР у 1925 годзе). Гэткі падыход быў абраны дзеля немагчымасьці знайсьці абсалютна аб’ектыўны крытэрыюм вызначэньня тэматычнай «прыдатнасьці» або «непрыдатнасьці» дакумэнтаў.
    Пры разьмяшчэньні матэрыялу быў абраны храналягічны прынцып, дзеля таго што няма нічога больш аб’ектыўнага, чым няўмольны бег часу, які мае лінейны характар і дазваляе аднавіць хаду гісторыі дзень за днём. Нават калі пры гэтым апынуцца разам аддаленыя ў прасторы падзеі, а злучаны адным гістарычным сэнсам ланцуг падзеяў распадзецца на асобныя зьвёны, рассыпаныя ў часе — гэта будзе меншай стратай, чым калі б аўтар паспрабаваў, парушыўшы незваротнасьць часу, камбінаваць падзеі паводле іншых прыкметаў.
    Значную цяжкасьць ў працы складала праблема датаваньня дакумэнтаў. 3 усяе колькасьці 3837 дакумэнтаў больш за 600 — не датаваныя ў тэксьце. Датаваньне праводзілася самымі рознымі спосабамі — паводле паштовых штэмпеляў, паводле зьместу й кантэксту, паводле непасрэдных або ўскосных зьвестак іншых крыніцаў — тагачаснай пэрыёдыкі, матэрыялаў зь іншых архіваў або навуковых працаў. У гэтай публікацыі кожны канкрэтны спосаб датаваньня таго ці іншага дакумэнта не падаецца. Выпадкі прыблізнага датаваньня пазначаюцца ў падартыкульных камэнтарох. Значная частка дакумэнтаў засталася недатаваная, што таксама зазначаецца асобна. Пры гэтым месца разьмяшчэньня ў храналягічнай пасьлядоўнасьці выбіралася больш-менш адвольна — часам на пачатку адпаведнага месяца або году, часам у прывязцы да іншых, блізкіх паводле зьместу або месца ў архіўнай справе, дакумэнтаў. У загалоўках недатаваных або недакладна датаваных дакумэнтаў невядомыя элемэнты даты замяняюцца пытальнікамі: ??.??. 19??.
    Выдрукаваць увесь фонд да апошняй літары было б калі й не немагчыма, дык прынамсі немэтазгодна. Таму адныя дакумэнты падаюцца цалкам, некаторыя — з купюрамі, іншыя — толькі з апісаньнем зьместу ў падартыкульным камэнтары або й проста ў загалоўку. Гэткі адбор рабіўся цалкам адвольна й суб’ектыўна. Поўнасьцю падаюцца афіцыйныя дакумэнты галоўных органаў БНР, афіцыйная й асабістая перапіска найвіднейхх
    шых палітычных і грамадзкіх дзеячоў, а таксама ўсё тое, што падалося укладальніку цікавым і арыгінальным. Зрэшты, любы дакумэнт, «не разгорнуты» ў нашай публікацыі, пры жаданьні можа быць знойдзены ў архіве паводле пазначанай у канцы дакумэнта сыгнатуры.
    Пытаньні мовы ў публікацыі вырашаныя гэткім чынам. Загалоўкі дакумэнтаў, як і ўвесь аўтарскі тэкст, падаюцца ў сучасным беларускім правапісе (у г. зв. клясычным варыянце — нармалізаванай тарашкевіцы, асноўныя прынцыпы якой апісаныя ў артыкуле: Вячорка В. Правапіс: Спроба сучаснае нармалізацыі // Спадчына. №5. 1995. С.247-288). У тэкстах дакумэнтаў поўнасьцю захаваны правапіс арыгіналу — улучна з хістаньнямі ў перадачы тых або іншых гукаў і моўных зьяваў ды правапіснымі памылкамі. Рэч у тым, што ў разгляданым часе ніхто з «герояў» нашай публікацыі ня меў сыстэматычнай падрыхтоўкі ў правапісе беларускай літаратурнай мовы, дый сама мова перажывала тады стадыю жывой творчасьці. Абмяжоўваць у публікацыі гэтую творчасьць было б неправамерна, тым больш што няма таго стандарту, пад які меліся б быць падведзеныя «ненарматыўныя» з гледзішча правапісу тэксты. Захаваныя й графічныя асаблівасьці машынапісных тэкстаў, гэта датычыць найперш напісаньня «у» замест «ў». У машынапісных тэкстах «ў» можна сустрэць толькі тады, калі ў арыгінале дужкі над «у» былі адмыслова дамаляваныя. Выпраўленыя без пазнакаў у камэнтарох толькі выпадкі відавочных неўсьвядомленых памылак (lapsus calami).
    Іншамоўныя дакумэнты падпарадкоўваюцца тым самым прынцыпам і ў абсалютнай большасьці выпадкаў падаюцца безь перакладу.
    Пропускі тэксту, выпадкі аднаўленьня тэксту ўкладальнікам, або аўтарскія ўстаўкі ўкладальніка пазначаюцца квадратнымі дужкамі — [...]. Расшыфраваныя часткі скарочаных словаў падаюцца ў ламаных дужках — <...>. Там, дзе гэта магчыма, імітуюцца выдзяленьні, падкрэсьленьні й □акрэеьлепьні арыгіналу.
    Пасьля тэксту дакумэнта падаюцца архіўныя сыгнатуры, прычым нумар фонду, нумар вопісу й нумар справы аддзяляюцца кропкай, а за імі пасьля двухкроп’я стаіць нумар аркуша справы; адваротны бок аркуша пазначаецца літарай г пры нумары аркуша; верхні бок аркуша разам з адваротным пазначаюцца спалучэньнем нумару аркуша, знака & і літары г. (Напрыклад, 582.1.01:001 &г азначае: фонд 582, вопіс 1, справа 1, аркуш 1 і адваротны бок.)
    Разам з сыгнатурай за працяжнікам падаецца «тэхнічная» характарыстыка дакумэнта — спосаб выкананьня, аўтэнтычнасьць, а калі дакумэнт мае ідэнтычныя іншамоўныя варыянты — ужываная мова. Пры гэтым ужываюцца гэткія скароты:
    р — рукапісны
    м — машынапісны
    ш — шапірографны
    ф — фатаграфічны
    д — друкаваны
    a — арыгінал
    к — копія
    бел — па-беларуску
    рас — па-расейску
    пол — па-польску
    ням — па-нямецку
    фра — па-француску
    анг — па-ангельску
    літ — па-літоўску
    жыд — па-жыдоўску30
    Рукапісныя лісты, нататкі ды іншыя дакумэнты, «тэхнічная» характарыстыка якіх недвухсэнсоўна зразумелая з загалоўку звычайна застаюцца бяз гэткіх пазначэньняў.
    Пасьля сыгнатуры падаецца кароткі камэнтар да тэксту дакумэнта, у якім даюцца неабходныя для лепшага разуменьня зьместу тлумачэньні, безь ніякіх ацэнак і інтэрпрэтацыяў.
    Заўвагі
    1	Сташкевіч М. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918-1920 // Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т.З. Менск, 1996. С.99-110. 3 гледзішча зьместу тэрмін мае відавочнае расейскае паходжаньне, спашлемся на энцыкляпэдычнае падсумаваньне расейскай гістарыяграфіі пэрыяду: Гражданская война н военная ннтервенцня в СССР: Энцпклопедня. Москва, 1983. Забаўна, што ў прадмове дакладна акрэсьленыя часавыя рамкі працы — 1918-1920 гады, калі ніякага СССР яшчэ не йснавала.
    2	Адзінай грунтоўнай працай бадай што можна лічыць двухтамовую манаграфію Вадзіма Круталевіча «Нараджэньне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», аднак апрыёрная антыпатыя аўтара да спробаў стварэньня несавецкай незалежнай Беларусі ўневажняе навуковую каштоўнасьць гэтай манаграфіі.
    3	Гл. Бібліяграфію.
    4	Byelorussian Statehood: Reader and Bibliography/ Ed. by Vitaut Kipel and Zora Kipel. Byelorussian Institute of Arts and Sciences, New York, 1988. 398 pp.
    5	Davies N. Europe: A History. Oxford University Press, 1996. P.933.
    6	Сурмач Г. «Мы адчувалі, што мы народ!»: Лёс архіваў Беларускай Народнай Рэспублікі//Літаратура і Мастацтва. №13. 26сакавіка 1993. С.14-15. Далей — Сурмач, цыт. пр.
    7	Як пісаў у 1928 годзе Антон Луцкевіч, дакумэнты БСГ былі ў 1913 годзе «здадзены на сховы ў Вільні нясумленнаму чалавеку, які іх прысабечыў і адмовіўся вярнуць. Ці яны засталіся ў ягоным асабістым архіве, ці мо’ зьнішчаны, ня ведаю» (Луцкевіч А. За двадцаць пяць гадоў (1903-1928). Вільня, 1928. С.25). Каму быў перададзены архіў — дагэтуль застаецца невядомым. Раней архіў БСГ пэўны час захоўваўся ў Леоніі з графаў Дунінаў-Баркоўскіх Зямкевічавай (жонкі Рамуальда Зямкевіча ад 1912 году). У 1911 годзе яна зь меркаваньняў бясьпекі перадала яго «загадчыкам Грамады» (братам Луцкевічам?), бо пачала рэдагаваць сацыял-дэмакратычны тыднёвік «Swiatio» (Леонія з графаў Дунінаў-Баркоўскіх Зямкевічава (нэкралёг) // Беларусь (Менск). 1919.12.24.
    8	Зь ліста К.Езавітава І.Ермачэнку за 5 чэрвеня 1943 году: «3 архівамі Беларускага Руху абыходзіліся дужа нядбала й не па-грамадзку. Гэтак напрыклад Архіў Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Менску, Архіў Вялікай Рады й
    Цэнтральнай Вайсковай Рады быў захоплены бальшавікамі ў студзені 1918 году, калі яны напалі на Беларускую Вайсковую Раду ўначы й арыштавалі мяне й Захарку. У лютым мы аднак захапілі ўладу ў Менску і зноў здабылі гэтыя архівы. Прычым высьветлілася, што сакратар Усебеларускага Кангрэсу Тамаш Грыб невядома куды падзеў архіў Кангрэсу, які яму быў даручаны для апрацоўкі й надрукаваньня. Асталіся толькі дакумэнты Мандатнае Камісіі, якія перахоўваліся ў Старшыні яе, гр. П.Крэчэўскага» (цыт. паводле: Сурмач, цыт. пр. C.15).
    9	Цыт. паводле: Сурмач, цыт. пр. С. 15.
    10	Бібліятэка Акадэміі Навук Літвы (БАНЛ), 21.319.
    11	Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ), 325.1.130:031.
    12	Дзяржаўны Архіў Літвы (ДАЛ), 582.1.43:216.
    13	Дзяржаўны Архіў Літвы (ДАЛ), 582.2.45:002-003.
    14	Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ), 325.1.198:020-022. У памешканьні Дыпляматычнага Прадстаўніцтва БНР у Коўне (праспэкт Вітаўта, 30) месьцілася канцылярыя Ураду і Архівы; у адным пакоі жыў Вальковіч; яшчэ ў адным пакоі ды кухні — Ластоўскі.
    15	Цыт. паводле: Сурмач, цыт. пр. C.15.
    16	Цыт. паводле: Сурмач, цыт. пр. С. 15.
    17	Справа Вацлава Ластоўскага / Публ. Ул. Міхнюка // Маладосць. №9. 1993. С.220.
    18	Напр. справы 2, 3, 6, 7, 8, 15, 15, 18, 19, 21 з характэрнымі «сьлядамі» Варонкі — занатоўкамі, выдзяленьнямі й г.д.
    19	Цыт. паводле: Сурмач, цыт. пр. C.15.
    20	Сурмач, цыт. пр. С. 15.
    21	БАНЛ, 21.2163:016-024г.
    22	Самы раньні запіс у інвэнтарнай справе Фонду №582 Дзяржаўнага Архіву Літвы датаваны 24 лістапада 1949 году.
    23	ДАЛ, 234.2.269; 234.2.320.
    24	Тамсама.
    25	Караленка М. Беларускі загранічны архіў // Шлях Моладзі. №3. 1938. Цыт. паводле: Сурмач, цыт. пр. С. 14.
    26	Геніюш Л. Споведзь. Менск, 1993. С.63-64.
    27	3 справаздачы д-ра Рыхеля, ЦДАКР (Масква), 5875.1.40:003. Цыт. паводле: Сурмач, цыт. пр. C.14.