Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без  Уладзімір Някляеў

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Уладзімір Някляеў
Выдавец: Выдавец A. А. Калоша
Памер: 314с.
Мінск 2012
74.89 МБ
Мы ўсе былі старэйшыя за Валодзю, для нас ён быў зусім хлапчуком, які, саромеючыся і адчуваючы сябе сярод старэйшых не надта ўтульна, з’яўляўся ў нашай кампаніі зрэдку, кантактуючы пераважна з Кімам і са мною. 3 Кімам, таму што той быў гуру, а са мною, бо я займаўся радыёспортам. Зблізіла мяне з ім яшчэ тое, што ў нечым падобныя былі лёсы нашых бацькоўфрантавікоў: майго, рэпрэсаванага, і ягонага, які цудам пазбегнуў рэпрэсіяў.
Валодзя хацеў стаць геолагам, музыкантам, баксёрам, паэтам, астраномам, касманаўтам, радыётэхнікам, але
найбольш і найперш ён хацеў стаць стылягам! І ўявіце сабе смаргонскага «стылягу» ў вельветавай куртачцы і картовых штанах побач з менскімі стылягамі ў портках-дудачках і стракатых кашулях пад шыракаплечымі пінжакамі... Адпаведна мы да яго й ставіліся: не заўважалі, часам нават крыўдзілі, але ён упарта не адступаўся ад нас — і не адступіў нават тады, калі «антысавецкай групоўкай Хадзеева» заняўся Камітэтдзяржаўнай бяспекі. Ён, 15-гадовы хлапчук (хоць і мы, 19—20-гадовыя, былі не нашмат старэйшыя) не меў да гэтай «антысавецкай групоўкі» ніякага дачынення, проста прыйшоў да Кіма па новую кнігу, а ў кватэры Хадзеева якраз з’явіліся «таварышы ў цывільным» з ператрусам. Яны й пастанавілі: калі на хлопчыка, які чытае не тыя, якія трэба чытаць, кнігі, як след не паўплываць, дык хто яго ведае, што з яго выйдзе. Пагатоў, калі ўяго такі настаўнік...
Аднойчы, калі мы ўспаміналі тыя часы і, натуральна, Кіма Хадзеева, я спытаў Валодзю, ужо вядомага ўсім Уладзіміра Някляева: «Як ты думаеш, за што я адразу палюбіў Кіма?» І Валодзя адказаў нібы жартам, каб асабліва не ўдавацца ў сантыменты: «За тое, што Кім насіў берэт». І ўгадаў! 3 часоў майго спецпасяленскага дзяцінства я насцярожана ставіўся да людзей у фуражках і паважаў (гэта ўжо асобная гісторыя: чаму?) тых, хто насіў берэты. Яны заўсёды аказваліся цікавымі, цудоўнымі людзьмі — і Кім Хадзееў не стаў выключэннем.
Аўтар Менскага раману ўбачыў і запомніў яго трохі інакш,чым убачыўі запомніўя. Але знайдзіце вы чалавека, якога б усе ўспрымалі аднолькава? Хай сабе нават чалавека самага простага, а Кім быў самым няпростым чалавекам з усіх, каго я ведаў. І ўжо што-што, а гэтая якасць ухарактары Палкоўніка, ці Сысоя,якяшчэ называлі Кіма, створаным у Менскім рамане, відавочна выяўляецца і ў ягоных адносінах да ўсіх астатніх персанажаў, і ў адносінахусіх астатніх персанажаўда яго. «Я кахала Косцю, але не так, як Палкоўніка, якога любіла, разумееш, любіла, як, можа быць, Бога трэба любіць, — спавядаецца гераіня рамана Ася. — Ён адзін ведаў столькі, колькі ўсе, і адзін сярод усіх быў вольны ў той савецкай турме, тады, у той час не баяўся, роўных яму людзей я побач не
бачыла, таму прыйшла да яго аднойчы пад ноч і сказала, што гатова аддаць яму, такая дурненькая была, гатова аддаць яму ўсё, што маю, а ён засмяяўся: «А што ў цябе ёсць, апроч пыткі?» — я ўпершыню слова такое пачула: пытка. «Дык яна ў любой лярвы ёсць, але што ж, даеш, дык вазьму, кладзіся...» — і я лягла, а ён сказаў, што яму некуды схадзіць трэба, пайшоў, я да раніцы чакала, мяне ўсю клапы скусалі, бо ў ягоным ложку, ды які там ложак, матрац падраты з падратай коўдрай на падлозе, можа, толькі скарпіёнаў не было, а ён недзе цягаўся ўсю ноч, вярнуўся п’яны і спытаў: «Ты што тут робіш?..» — і калі я паўтарыла, што ён для мяне, як Бог, і я гатова аддаць яму ўсё, што маю, закрычаў: «Ідзі Гурыку ўсё аддай, у-ёбіш-ча!..» — і выпіхнуў мяне, голую, у калідор, следам адзежу кінуўшы...» Згадзіцеся, што не толькі кахаць, сябраваць, а проста быць побач, мець хоць нейкія адносіны з такім чалавекам складана.
Ася — выдумка аўтара, ягоная мроя. Ім самім, як Пігмаліёнам, створаная. Яна таксама, як і Палкоўнік, далёка не простая, але, пэўна.такая, якую аўтар Менскага раману хацеў бы спаткаць у сваім — шмату чым фантастычным — горадзе і пакахаць. У кожнага хлапчука і мужчыны ёсць гэткая мара, — і ўтой жа час Ася як бы збіральны вобраз усіх тых дзяўчат, якія былі побач з намі, у якіх мы былі закаханыя. Цяпер, калі я ўспамінаю іх, яны ўсе здаюцца мне падобнымі да Асі.
Увогуле я не помню аўтара Менскага раману не закаханым. І кожны раз гэта было нечым вулканічным — з перападамі ад ясных зорак да цёмных нетраў. Калі ў яго з Нэлай урэшце не склалася, ён ледзь не кінуўся з маста ў Свіслач. Мы з Бігам (яшчэ адным персанажам Менскага раману) выплылі з-пад моста з труной у лодцы, труну ўзяўшы ў Рускім тэатры, а лодку на лодачнай станцыі: «Ну, давай! Кідайся!..» Гумар, наваттакі чарнаваты, вельмі добры сродак супраць занадта рамантычных памкненняў.
Увогуле без жартаў, ці, як сёння кажуць, «прыколаў», не прамінала ў нашай кампаніі, бадай, ніводнага дня. Скажам, у тыя часы строга забаранялася што-небудзь дзе-небудзь распіваць, апроч як у кавярні ці рэстарацыі, і міліцыянты ганяліся літаральна за кожным,хто выглядаў
на вулічнага выпівоху, штрафавалі — і з тых штрафаў мелі прэміі. Мы заклаліся на скрыню «Гымзы» (было такое сухое віно) з іншай кампаніяй, што вып’ем навідавоку ў міліцыянтаў — і яны нас не затрымаюць і не аштрафуюць. І вось уявіце карціну: на трох лодках плывуць ад лодачнай станцыі да таго маста цераз Свіслач, з якога збіраўся кінуцца праз няшчаснае каханне будучы аўтар Менскага раману, маладыя джэнтльмены ў канацье, кашулях фасону «матылёк» і гэткага ж фасону гальштуках, а з імі маладыя ледзі ў аляпавата-каляровых сукенках са штучнымі кветкамі пад кітайскімі парасончыкамі — і гэтыя дзіўныя джэнтльмены з гэтымі дзіўнымі ледзі пад зайздроснымі позіркамі натоўпу, які сабраўся на мосце, шумна пра нешта размаўляюць, смяюцца, з нечым самі сябе віншуюць і распіваюць з крыштальных бакалаў савецкае шампанскае. Па мосце ўзрашана забегалі ў прадчуванні прэміі міліцыянты — і тут нейкі чалавек у натоўпе (наш, наўмысна намі дзеля гэтага пакінуты на беразе чалавек) пачынае крычаць: «Што вы стоўпіліся! Зараз мост абваліцца! He бачылі, як кіно здымаюць!» — і міліцыянты самотна (бо калі кіно, дык, значыць, дазволена, і як аштрафуеш?) разыходзяцца разам з натоўпам...
Мы запускалі ў Свіслач кракадзілаў, хадзілі ў лазню з патэфонам, на Круглай плошчы пад гімн Савецкага Саюза тушылі Вечны агонь — чаго толькі ні было! Але ўсе нашы прыколы нішто ў параўнанні з прыколам КДБ, які раптам зляпіў з нас «антысавецкую групоўку»!
Мяне затрымалі каля трапа самалёта ў Маскву. Магчыма, падумалі, што я праз Маскву збіраюся збегчы ў Амерыку ўслед за Освальдам. Дапытваў мяне ў КДБ чалавек, які назваўся Ўладзімірам Іванавічам. Допыт ён пачаў з пытанняў пра мае заняткі радыёспортам. Сваёй радыёстанцыі я ў той час яшчэ не меў, працаваў на калектыўнай, і, мусіць, нехта з «калектыву» радыёстанцыі праінфармаваў «калектыў» КДБ пра тое, з кім я звязваюся ў радыёэфіры. І Ўладзімір Іванавіч спытаў, пільна гледзячы мне ў вочы: навошта я, просты, як сцвярджаю, хакеіст і радыёаматар, абмяркоўваў з каралём Іярданіі палітычную сітуацыю на Блізкім Усходзе? Я ні з кім не абмяркоўваў ніякай палітычнай сітуацыі ні на Блізкім Ус-
ходзе, ні на далёкім, мне ўвогуле тыя ўсходы не да галавы былі, таму я нават не ведаў, што Ўладзіміру Іванавічу адказаць. А тут яшчэ аказалася, што КДБ кантраляваў не толькі мае кантакты ў радыёэфіры, але і па тэлефоне: «18 снежня вам тэлефанаваў нейкі Васіль. Хто гэта, пра што была размова?.. 5 студзеня вам званіла Святлана. Яе адрас?..»І так допыт за допытам, дзень за днём... На гэткіх самых допытах Барыс Галушка (выведзены ўМенскім paMane пад мянушкаю Біг), які меў дыягназ шызафрэніка і наперад ведаў, што яму нічога, апроч псіхушкі, не пагражае, да шаленства даводзіў свайго следчага тым, што пасля кожнага нязручнага пытання патрабаваў вывесці яго ў прыбіральню. «Калі не выведзеце, я зраблю вам лужыну на дыване...»
«Лужынаю на дыване» можна назваць усё тое, што прыдумалі з «антысавецкай групоўкай» беларускія гэбэшнікі. І, мусіць, для таго, каб самім не сесці ў тую лужыну, яны пасадзілі ў турму Кіма Хадзеева і Эдуарда Гарачага. Астатніх павыганялі з інстытутаў, з камсамолу. Мяне таксама выключылі з камсамолу, у якім я, між іншага, ніколі не быў.
Валодзя абышоўся страхам — яго раз ці два выклікалі ў КДБ і больш не чапалі. Дый што з яго, хлапчука, было ўзяць? Як, зрэшты, і з усіх нас, апроч хіба Кіма, які быў значна старэйшы і ўжо сядзеўу турме як антысаветчык. Мы не ведалі, што з намі будзе, і, натуральна, баяліся.
На допытах я ўсё чакаў пытанняў пра Освальда, але ні мяне, ні кагосьці іншага пра яго не распытвалі. Потым, абмяркоўваючы тое, што ў каго пыталіся і што хто адказваў, мы прыйшлідавысновы.што гэбэшнікі ведалі праАмерыканца значна больш, чымся мы. Але не Амерыканец найбольш нас цікавіў — не ён жа нас здаў. І не Палкоўнік, бо ён даваў паказанні, як і ўсе мы, ужо на допытах. Тады хто? «Хто сярод нас стукач?» — вось галоўнае пытанне ўсіх нашых абмеркаванняў. Яго задае і аўтар Менскага раману — і гэтаксама, як і ўсе, не дае адказу. Хоць усе падазравалі А. Б., які з’явіўся ў нашай кампаніі найпазней і як бы невядома адкуль: ніхто яго не запрашаў — сам прыйшоў. Ды падазрэнні так і засталіся падазрэннямі, з цягам часу развеяўшыся разам з залатым пылам нашага юнацтва.
Залаты пыл юнацтва, які лятае ў пранізанай святлом прасторы Менскага раману Ўладзіміра Някляева, — галоўнае, што ў рамане ёсць. Хай не ўсё было так, як напісаў аўтар, але вось гэта: наша маладая рамантыка, чысціня нашых юначых парыванняў, сяброўства, кахання, музыкі, паэзіі — усё было так. І апроч смаку газіроўкі з сіропам, яшчэ адчуў я ў рамане смак паветра таго Менску — Менску пачатку 60-х, «апошніх гадоў адлігі, вясновы пах якой ледзьве даносіўся да Менску з Масквы, перацякаў з левага берага Свіслачы на правы, ад Круглай плошчы да пляца Волі, блукаў па вуліцах Маркса і Энгельса і, завіваючыся, губляўся ў псеўдаантычных калонах Тэатра юнага гледача...»
He магу адмовіць сабе ў асалодзе яшчэ раз прайсціся разам з аўтарам Менскага раману па вулках і завулках, вуліцах і плошчах нашага юнацтва! Па старой, якой ужо няма, Нямізе — хоць трохі, хоць квартал. «Старая Няміга — нават не вуліца, а даўжэзны калідор вялізнай камунальнай кватэры. Справа і злева — драўляныя і жалезныя, каваныя брамы і брамкі ў двары і дворыкі, у якія проста так не зойдзеш, бо нехта, седзячы пры керагазе ці дыван выбіваючы, абавязкова спытае: «А вы да каго будзеце?..» «Да Косці Ворана...» «Косця-я-я!.. — адразу ж прагалёкае на ўвесь двор, на ўсю Нямігу той, хто спытаў. — Шпэндрык да цябе нейкі!..» — і зноў зоймецца керагазам ці дываном, залаты пыл з яго выбіваючы, і нават не спрабуй даводзіць некаму ў тым пыле, што ты не шпэндрык. He ведаюць цябе на Нямізе, значыць, шпэндрык.