Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
1 ІЦедровнцккй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжне Монсеево. С. 271.
2 Тамсама. С. 272.
фараона»; «Сустрэча Іосіфа з братамі»; «Сустрэча Іосіфа з Іакавам»; «Іакаў благаслаўляе Яфрэма і Манасію, сыноў Іосіфа» (пры гэтым перакрыжаваныя рукі Іакава сімвалізуюць крыж Ісуса, Іакаў — Хрысціянскую Царкву, а Яфрэм і Манасія — адпаведна — язычнікаў і іудзеяў, якія павінныя, з пункту гледжання Царквы, прыняць хрысціянства).
Нанова адкрывае гісторыю Іосіфа еўрапейская літаратура Новага часу. Нямецкі пісьменнік Ганс Якаб Крыстоф Грымельсгаўзэн (каля 1622—1676) стварае напрыканцы жыцця раман «Цнатлівы Іосіф», у якім, выкарыстоўваючы традыцыі шахрайскага (пікарэскнага) рамана, распавядае пра прыгоды героя і адначасова стварае ў яго вобразе эталон маральнай чысціні, які проціпастаўляе разбэшчанасці свайго часу. Вядома, што дэталёва апрацаваць гісторыю Іосіфа марылі такія славутыя пісьменнікі, як Гётэ і Леў Талстой. Гэты сюжэт вабіў іх сваёй невычэрпнай глыбінёй, магчымасцю паказаць на прыкладзе жыццёвага шляху Іосіфа шлях чалавека наогул, пошукі ісціны, духоўнае ўзыходжанне, а таксама прыцягваў сваёй сцісласцю, за якой адкрываюцца бязмежныя сэнсы. Так, вядома, што шаснаццацігадовы Гётэ напісаў разгорнутую навэлу (ці невялікі раман) пра Іосіфа, але потым палічыў, што твор атрымаўся слабы, і спаліў яго. Тлумачачы, навошта ён, яшчэ падлетак, узяўся за такі знешне просты, а ўнутрана вельмі глыбокі сюжэт, шасцідзесяцігадовы Гётэ пісаў у сваёй аўтабіяграфіі «Паэзія і праўда» пра тое, як абуджалі яго фантазію ўсе гісторыі патрыярхаў, але асабліва — гісторыя Іосіфа, «народжанага ў страсным шлюбным каханні»: «Спакойным і ясным паўстае ён перад намі і сам прадказвае сабе будучае ўзвышэнне над сваёй сям’ёй. Увагнаны братамі ў бяду, ён і ў рабстве захоўвае стойкасць і праведнасць, не паддаецца небяспечнейшым спакусам, ратуецца дзякуючы прароцкаму дару і па заслугах удастойваецца высокіх пашанаў. ...Спакоем і велічнасцю душы ён выдаўся ў свайго прадзеда Аўраама, цярплівасцю і ўменнем захоўваць вернасць — у дзеда Ісаака. ...Надзвычайна чароўны гэты бясхітрасны аповед, толькі ўжо вельмі кароткі, так што міжволі ўзнікае жаданне распрацаваць яго падрабязней» (паводле перакладу Н. Ман)1.
1 Гёте 14. В. Собранне сочнненпй: В 10 т. М., 1976. Т. 3. С. 118.
Вось гэтае жаданне — распрацаваць кароткую біблейную прыпавесць падрабязней — і натхніла на стварэнне вялікага рамана пра Іосіфа і яго братоў, пра жыццё ўсіх яўрэйскіх патрыярхаў славутага нямецкага пісьменніка XX ст. Томаса Мана, які слушна лічыў Гётэ сваім галоўным настаўнікам.
Раман Т. Мана «Іосіф і яго браты» (1933—1942) — філасофскі, культуралагічны, раман-міф — стаў адной з найбуйнейшых з’яваў літаратуры XX ст. На матэрыяле даволі кароткай прыпавесці (а на самой справе — на матэрыяле ўсяго эпасу пра патрыярхаў) пісьменнік разгарнуў велізарнае (у рукапісе — 2 тысячы старонак машынапіснага тэксту) шматкаляровае эпічнае палатно пра нараджэнне і сталенне чалавека духоўнага, індывідуальнага «я», якое адкрывае Для сябе Бога і толькі так становіцца індывідуальнасцю. Увага Мана да вобраза Іосіфа дыктавалася імкненнем адысці ад вонкавай надзённасці і дасягнуць асаблівай філасофскай канцэнтрацыі вобраза, каб на старонках кнігі паўстаў «чалавек, які з рэлігійнай палкасцю шукае самога сябе, які пытае, адкуль ён прыйшоў і куды ідзе, што ён такое і ў чым яго сутнасць, дзе яго месца ў сусвеце, які прагне пранікнуць ў таямніцу быцця, разгадаць адвечную загадку, што зноў і зноў паўстае перад намі: “Чым ёсць чалавек?”»1. Т. Ман падкрэсліваў, што ён невыпадкова ўзяў матэрыял яўрэйскіх паданняў (як невыпадковыя і гады, у якія ён працаваў над раманам): сваім «Іосіфам» — і раманам, і вобразам галоўнага героя — пісьменнік кідаў выклік фашызму, таму «канчатковаму вырашэнню» яўрэйскага пытання, якое захацелі ажыццявіць нацысты. Іосіф пад пяром Т. Мана — і жывы канкрэтны чалавек, і адначасова чалавек-міф, сімвал, які мае простае (пры ўсёй складанасці рамана і міфалагічных алюзіяў і падтэкстаў у ім) прачытанне: чалавек добры, чалавек жыве не нянавісцю, а любоўю. Пісьменнік падкрэсліваў, што яго зварот да матэрыялу Старога Запавету быў невыпадковы: «Мой выбар, несумненна, стаяў у скрытай сувязі з сучаснасцю, палемізаваў з ёю, ішоў насуперак вядомым тэндэнцыям, якія ўнушалі мне найглыбейшую
1 Манн Т. йоснф н его братья: Доклад. С. 705.
агіду і былі асабліва недазволеныя для немцаў: я маю на ўвазе вар’яцкія ідэі расавага пераўзыходжання, што з’яўляюцца галоўным чыннікам створанага на патрэбу чэрні фашысцкага міфа. Напісаць раман пра духоўны свет іудзейства было задачай вельмі своечасовай, — менавіта таму, што яна здавалася несвоечасовай»1. Так, у рамане чарнасоценнаму міфу расавай нянавісці проціпастаўлены высокі міф любові да бліжняга — і блізкага, і больш далёкага, да ўсяго чалавецтва, праз лёс яўрэйскіх патрыярхаў выяўленыя адзінства і духоўныя пошукі ўсяго чалавецтва. Пісьменнік лічыў, што ў яго рамане «міф быў выбіты з рук фашызму, тут ён увесь — ажно да найдрабнейшай клетачкі мовы — працяты ідэямі г у м а н і з м у...»2
Т. Ман параўноўвае па сваіх задачах створаны ім раман з гётэўскім «Фаўстам»: «“Фаўст” — гэта сімвалічны вобраз чалавецтва, і нечым падобным да такога сімвала імкнулася стаць пад маім пяром гісторыя пра Іосіфа»3. Можна ўпэўнена канстатаваць, што пісьменнік цалкам справіўся са сваёй задачай. Шлях чалавечага «я», нараджэнне яркай індывідуальнасці з калектыўнай архаічнай прапамяці — у цэнтры яго рамана, які бясконца, з высокім гумарам, іграе найскладанейшымі культурнымі асацыяцыямі і архетыпамі. На думку пісьменніка, на прыкладзе лёсу Іосіфа мы бачым вылучэнне індывідуальнасці мастакоўскага тыпу і вяртанне гэтага «я», якое, здаецца, узводзіць сябе ў абсалют, да калектыву, да вышэйшага служэння людзям. Для Т. Мана гэта ў пэўнай меры і яго ўласны шлях, і шлях усяго чалавецтва, якое, як верыць Біблія, не толькі падае, але і ўзыходзіць. Вобраз прыгожага ва ўсіх сэнсах чалавека — гэта і мара аб прыгожым чалавецтве, аб ладзе жыцця, вартым чалавека як вобраза Божага. «Сімвалічны вобраз чалавецтва, — што ж, бадай, мой твор меў пэўнае права ўпаўголаса называць сябе гэтым імем. Бо ён вёў ад пачатку ўсіх пачаткаў...»4 Раман уражвае велізарнай пластычнай сілай і адначасова глыбінёй пранікнення ў старажытнаяўрэйскую менталь-
1 Манн Т. Моснф н его братья: Доклад. С. 710.
2 Тамсама. С. 706.
3 Тамсама. С. 711.
4 Тамсама. С. 713.
насць, у найглыбейшыя сэнсы Пісання, перадусім звязаныя з ідэямі непарыўнага Саюзу паміж Богам і чалавекам, несупыннага — сумеснага! — духоўнага руху Бога і чалавека, іх узаемнай неабходнасці адзін аднаму. Пісьменнік кажа пра свой раман: «Шлях, які вядзе ўдалячынь, рух наперад, змяненне, развіццё вельмі моцна адчуваюцца ў гэтай кнізе, уся яе тэалогія выводзіцца з яго, дакладней, з яе трактоўкі ўласцівай Старому Запавету ідэі С а ю з у паміж Богам і чалавекам, гэта значыць думкі пра тое, што Богу не абысціся без чалавека, чалавеку — без Бога і што імкненне таго і другога да найвышэйшых мэтаў пераплятаюцца паміж сабою»1.
Раман Т. Мана завяршаецца на пранізліва-высокай ноце пяшчоты і любові: «Так гаварыў ён [Іосіф] з імі, і ўсе яны смяяліся і плакалі разам, і ўсе цягнуліся рукамі да яго, які стаяў сярод іх, і датыкаліся да яго, і ён таксама іх гладзіў. I на гэтым канчаецца прыгожая, прыдуманая Богам гісторыя пра ЮСІФА I ЯГО БРАТОЎ» (паводле перакладу С. Апта)2. Гэта фінальная сцэна тычыцца яшчэ аднаго выпрабавання, якое даў Бог і Свайму улюбёнцу Іосіфу, і яго братам. I яшчэ не зусім скончылася біблейная гісторыя.
...Стары Іакаў, які баіцца паверыць свайму шчасцю (знайшоўся дарагі сэрцу сын, паўтарэнне яго Рахелі!), перасяляецца з усім сваім родам да Іосіфа ў Егіпет. Як памятаем, яго ўмацоўвае на гэтым шляху і абяцае не пакідаць Сам Бог. «I ўзялі яны скаціну сваю і маёмасць сваю, якую набылі ў зямлі Кенаанскай, і прыйшлі ў Егіпет, — Йаакоў і ўвесь род яго з ім. // Сыноў сваіх і сыноў сваіх сыноў, што пры ім, дачок сваіх і дачок сыноў сваіх, і ўвесь род свой прывёў ён з сабою ў Егіпет» (Быц 46:6—7). Тора малюе вельмі чуллівую сцэну доўгачаканай сустрэчы бацькі з сынам: «I запрог Ёсэф калясніцу сваю, і падняўся насустрач Йісраэлю, бацьку свайму, у Гошэн, і з’явіўся да яго, і паў на шыю яго, і доўга плакаў на шыі яго. // I прамовіў Йісраэль Ёсэфу: магу цяпер я памерці [спакойна], убачыўшы твар твой, бо ты жывы» (Быц 46:29—30). Іосіф пасяляе бацьку і братоў у мясцовасці Гошэн (Ге-
1 Манн Т. Носнф н его братья: Доклад. С. 713.
2 Тамсама. С. 701.
сэм) у дэльце Ніла, дзе маглі яны на раскошных пашах пасвіць свае статкі, і прадстаўляе бацьку і братоў фараону.
Перад смерцю Іакаў, які пражыў у Егіпце семнаццаць шчаслівых гадоў, бо ўсе яго дзеці былі разам з ім і жылі ў згодзе, бярэ з Іосіфа клятву, што той разам з братамі пахавае яго ў Ханаане, у Зямлі Абяцанай. Ён верыць, што яго дзеці вернуцца туды: «1 Бог будзе з вамі, і верне вас у зямлю бацькоў вашых» (Быц 48:21). Іакаў благаслаўляе дзяцей Іосіфа, а потым і кожнага са сваіх сыноў. Пры гэтым асаблівае ўказанне на высокае прызначэнне роду Іосіфа хаваецца ў благаславенні яму праз яго сыноў — па сутнасці, благаславенні ўсяму народу Ізраіля (і яно, узгадаем, паўтараецца і сёння ў іўдзейскай традыцыі напярэдадні кожнай Суботы ў благаславенні бацькоў сынам): «I благаславіў Ёсэфа, і сказаў: Бог, перад Якім хадзілі бацькі мае, Аўраам і Йіцхак, Бог, Які пасе мяне з той пары, як я існую, да сёння, // Анёл, што збавіў мяне ад усялякага зла, няхай благаславіць хлопчыкаў гэтых; і няхай нарачэцца імя маё і імя бацькоў маіх, Аўраама і Йіцхака, і няхай распладзяцца яны ў мностве сярод зямлі» (Быц 48:15—16). I яшчэ адно благаславенне вылучаецца з усіх — благаславенне Іудзе: «Йегуда! Цябе ўхваляць браты твае. Рука твая на храбціне ворагаў тваіх; паклоняцца табе сыны бацькі твайго. // Малады леў Йегуда, ад здабычы ты, сын мой, паднімаешся. // He адыдзе скіпетр ад Йегуды і заканадавец з асяроддзя нашчадкаў яго, пакуль не прыйдзе Прымірыцель, і яму — пакорнасць народаў» (Быц 49:8—9, 10). Гэтыя словы і іудзейская, і хрысціянская традыцыі разглядаюць як прароцтва аб тым, што менавіта з роду Іуды выйдзе царская дынастыя Ізраіля (нашчадкам Іуды будзе Давід) і ўрэшце рэштаў (праз Давіда) — асаблівы Памазанік Божы, Машыях, Месія (у хрысціянстве — Ісус Хрыстос). Але і словы пра лёс роду Іосіфа асабліва адгукаюцца ў яўрэйскім рэлігійным каментары: магчыма, гэта ўказанне на тое, што спачатку прыйдзе Месія з калена Іосіфа, і гэты Месія загіне ў пакутах за людзей і пракладзе шлях Збавіцелю з калена Іуды, з дому Давідава... Так ці інакш, але перад смерцю Іакаў, які набыў надзвычайны прарочы дар, убачыў духоўным зрокам усю гісторыю — і сваіх сыноў, і далёкіх сваіх нашчадкаў, і гісторыю ўсяго чалавецтва.