• Часопісы
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    Якія ж кнігі ўвайшлі ў Стары і Новы Запаветы? Што прынцыпова новае выявілася ў іх у параўнанні з акаляючымі культурамі? Што паставіла Біблію ў цэнтр свядомасці чалавека еўрапейскай цывілізацыі?
    У склад Старога Запавету ўваходзяць 39 кананічных кніг (ёсць яшчэ некананічныя, або дэйтэракананічныя, ці другаснакананічныя; яны не ўвайшлі ў свой час у склад яўрэйскай Бібліі і былі прызнаныя ў Бібліі хрысціянскай ніжэйшымі па ступені сваёй святасці). У арыгінальным каноне, г. зн. у Танаху, яны лічацца як 24 кнігі (пэўныя з 39 аб’ядноўваюцца разам) і падзяляюцца на тры часткі — своеасаблівы трыпціх, у якім кожны наступны раздзел з’яўляецца лагічным працягам, дапаўненнем папярэдняга і своеасаблівым каментарам да яго. Першы раздзел — Тора (Закон) — складаюць пяць эпічных і заканадаўчых кніг. Згодна з рэлігійнай традыцыяй (як яўрэйскай, так і хрысціянскай), іх аўтарам з’яўляецца прарок Майсей, які запісаў іх з вуснаў Самога Бога (навуковы падыход крыху адрозніваецца, але і з пункту гледжання многіх сучасных біблеістаў менавіта Майсеем запісаная самая старажытная заканадаўчая частка Торы). Таму Тора мае яшчэ адну назву — Пяцікніжжа Майсеева, і ў яго склад уваходзяць наступныя кнігі: Бэрэшыт («У-Пачатку»), Шэмот, або Шмот («Імёны»), Вайікра («I заклікаў»), Бэмідбар («У пустыні»), Дварым («Словы»); у хрысціянскай Бібліі, прынамсі ў славянскай, ім адпавядаюць Быццё, Зыход, Левіт, Лічбы, Другазаконне. Другі раздзел — Прарокі — пачынаецца таксама з эпічных тэкстаў: гэта Кніга Йегашўа (на іўрыце — Йегошўа) бін Нуна (Ісуса Навіна) — своеасаблівы біблейны ваярскі эпас; Кніга Суддзяў — найстаражытнейшая хроніка з элементамі ваярскага эпасу; 1-я і 2-я Кнігі прарока Шэмуэля (Самуіла; у славянскай Бібліі — 1-я і 2-я Кнігі Царстваў); 1-я і 2-я Кнігі Цароў (у славянскай Бібліі — 3-я і 4-я Кнігі Царстваў) — таксама гістарычныя хронікі. Далей ідуць пятнаццаць прароцкіх сачыненняў — кніг, напісаных прарокамі. Гэта адзін з самых арыгінальных і непаўторных жанраў старажытнаяўрэйскага пісьменства, які моцна паўплываў на сусветную культуру, і перш за ўсё — на еўрапейскую. Прароцкія кнігі на-
    пісаныя ад першай асобы, якая нясе ў сабе асаблівы сэнс: гэта «Я» Бога, якое гаворыць праз «я» прарока, гэта феномен двуадзінай свядомасці, прычым два «я» не зліваюцца, а застаюцца самімі сабою. Прарок нясе людзям Боскую волю, Боскі голас, які, напэўна, гучыць у глыбінях яго духу, дзе толькі і робіцца магчымым, паводле знакамітага нямецкага містыка Майстра Экхарта, спасціжэнне Бога. Традыцыйна прарокі, што пакінулі нашчадкам запісаныя імі кнігі, падзяляюцца на трох вялікіх прарокаў — Йешаягу (Ісаю), Йірмеягу (Іерамію), Йехэзкэля (Іезэкііля) — і астатніх дванаццаць (на іўрыце — трэй-асар), альбо, згодна з хрысціянскім вызначэннем, «малых» прарокаў (зразумела, што «малымі» яны завуцца з-за невялікіх памераў іх кніг). У хрысціянскай Бібліі прароцкія кнігі завяршаюць сабою старазапаветны тэкст, і гэта мае асаблівую рацыю, аб чым пойдзе гаворка крыху пазней. У іудзейскім каноне (протаканоне ў адносінах да канона хрысціянскага) за прароцкімі кнігамі ідзе раздзел «Пісанні», і сам множны лік слова, вынесенага ў загаловак раздзела, падкрэслівае, што ён складаецца з больш самастойных, менш звязаных паміж сабою знешнім сюжэтам кніг (але патрэбна памятаць, што гэтая самастойнасць дастаткова адносная). Гэты раздзел — самы цікавы ў сваёй жанравай разнастайнасці, бо ўключае ў сябе самыя філасафічныя і паэтычна дасканалыя творы, натхнёныя, згодна з рэлігійнай традыцыяй — іудзейскай і хрысціянскай, Духам Святым (тады як Тора дадзеная Самім Богам, a прароцкія кнігі замацавалі непасрэдна дадзенае іх аўтарам Адкрыццё Божае). У трэці раздзел уваходзяць шэдэўры лірыкі ў розных яе мадыфікацыях: Псалтыр — вялікая Кніга Псальмаў, зборнік рэлігійна-філасофскай лірыкі; Песня Песняў (Песня Песням) — лірыка-драматычная любоўна-эратычная і рэлігійна-філасофская паэма; Эклесіяст, або Эклезіяст (Кніга Прапаведніка ў сабранні), — лірычная рэлігійна-філасофская паэма; Кніга Плачу (Плач Іераміі) — лірычная жалобная паэма, стылізаваная ў форме народнага плачу. Своеасаблівым сплавам лірыкі і эпасу з’яўляецца Кніга Іёва (Іова) — ліра-эпічная філасофская паэма, у цэнтры якой праблема тэадыцэі — праблема асэнсавання жыцця і апраўдання Самога Бога перад
    тварам пакутаў нявінных у свеце, які створаны Богам. Гэтая кніга, як і Эклесіяст, мае дачыненне да так званай літаратуры мудрасці, што ўзнімае найскладанейшыя, нават невырашальныя праблемы быцця і чалавечай свядомасці. Літаратуру мудрасці прадстаўляе таксама вялікая кніга афарыстыкі — Кніга Прыпавесцяў Саламонавых, якая нясе ў сабе парады жыццёвай мудрасці, вучэнне аб тым, як выхаваць чалавека, што будзе размяжоўваць Дабро і Зло, хадзіць шляхамі Бога і выконваць Яго запаведзі. 3 прыпавесці-афарызма вырастае і іншая мадыфікацыя прыпавесці: аповесць-прыпавесць, у якой сюжэт служыць для ілюстрацыі таго ці іншага рэлігійна-філасофскага і маральнага тэзіса. Гэта Кніга Рут (Руф), Кніга Эстэр (Эсфір). Да гэтага жанру мае дачыненне і Кніга прарока Йоны (Іоны), але яна знаходзіцца сярод прароцкіх кніг. Вельмі важнае значэнне мае Кніга Даніэля (у хрысціянскай Бібліі — Кніга прарока Данііла). Менавіта ў ёй упершыню крышталізуюцца рысы жанру апакаліпсісу — Ддкрыцця пра фінал гісторыі і пераход яе ў эсхаталогію, пра Найвышэйшы Суд і надыход Царства Месіі (пры гэтым выкарыстоўваецца форма відзежаў з кінематаграфічна нагляднымі, але вельмі цяжкімі для тлумачэння, эзатэрычнымі сімваламі). У хрысціянскім Пісанні Кніга прарока Данііла залічана да кніг вялікіх прарокаў, яе вобразнасць і стылістыка сталіся вельмі важнымі для новазапаветных тэкстаў, асабліва для Апакаліпсісу, або Адкрыцця Іаана (Яна) Багаслова. У трэцюю частку яўрэйскай Бібліі ўвайшлі таксама гістарычныя хронікі, што апавядаюць аб вяртанні іудзеяў з Вавілонскага палону. Яны напісаныя непасрэднымі сведкамі і ўдзельнікамі гэтага працэсу і нясуць у сваіх назвах іх імёны: Кніга Эзры (Ездры), Кніга Нэхём’і (Нээміі). Завяршаюць канон таксама хронікі, якія так і мянуюцца ў арыгінале: 1-я і 2-я Кнігі Хронік (Дзіврэй гаямім). У славянскай Бібліі за імі замацавалася назва, што прыйшла з грэчаскага перакладу Старога Запавету (з Септуагінты), — Кнігі Параліпоменан. Апошняе слова азначае па-грэчаску «запаўненне прабелаў». I сапраўды, гэтыя кнігі апавядаюць пра тыя ж гістарычныя падзеі, што і Кнігі Царстваў, але некаторыя эпізоды і сюжэты падаюць скарочана, адпаведна прынцыпу аналаў, а некаторыя да-
    даюць, дапаўняюць, разгортваюць (у хрысціянскай Бібліі яны размешчаны непасрэдна за Кнігамі Царстваў).
    У склад Новага Запавету ўвайшлі 27 кніг. Галоўны корпус тэкстаў складаюць чатыры Евангеллі — ад Мацвея, Марка, Лукі, Іаана (Яна). Слова Евангелле ў перакладзе з грэчаскай мовы (Euaggelion, або Euangelion) азначае «Дабравесце» — Добрая вестка пра нараджэнне Ісуса Хрыста, Яго жыццё, Яго вучэнне, Яго трагічную смерць і Уваскрэсенне (перадусім апошняе). Абавязковае даданне «ад» (не проста Дабравесце Мацвея, але Дабравесце ад Мацвея) — паказальнік асаблівага аўтарства, непадобнага да нашага сённяшняга: гэта Дабравесце, замацаванае духоўным аўтарытэтам Мацвея або іншых евангелістаў, перададзенае з іх вуснаў і, магчыма, запісанае не толькі імі самімі, але і іх вучнямі. Дабравесце — асаблівы сінкрэтычны жанр, які ўвабраў у сябе рысы і хронікі, і афарыстыкі (напрыклад, найслыннейшая Нагорная пропаведзь Ісуса Хрыста ў 5— 7-м раздзелах Дабравесця ад Мацвея), і гамілетыкі (мастацтва прапаведніцтва, гутаркі з народам), і філасофскай алегарычнай прытчы, і ма’асэ (на іўрыце — «дзеянне»; апбвед пра жыццё і ўчынкі праведнікаў), і мартыралогіі (аповед пра пакутніцкую смерць праведніка), і інш. Але перш-наперш Евангеллі нясуць вучэнне Хрыста і вялікую і радасную вестку пра Выратаванне для ўсяго чалавецтва. Акрамя таго, у Еіовы Запавет уваходзяць Дзеянні Апосталаў, Саборныя Пасланні Апосталаў (асобныя кнігі, хоць і вельмі невялікія па памерах), чатырнаццаць Пасланняў апостала Паўла, з якіх, па сутнасці, пачалася хрысціянская літаратура. Яны працягваюць традыцыі літаратуры мудрасці, павучання (дыдактыкі, афарыстыкі), гамілетычнага жанру. Асаблівае месца займае Адкрыццё апостала Яна Багаслова, што абапіраецца на традыцыі старазапаветнай апакаліптыкі і разважае аб складаных шляхах чалавечай гісторыі, непазбежным сканчэнні няправеднай гісторыі і надыходзе Месіянскай эры — Валадарства Божага. Нягледзячы на ўсе далейшыя разыходжанні іудзейскай і хрысціянскай традыцыяў, Стары і Новы Запаветы, з пункту гледжання хрысціянства, складаюць адзінае непадзельнае семантычнае поле, што вельмі добра сфармуляваў святы Аўгустын: «Новы Запавет хаваецца ў Старым, Стары — адкрываецца ў Новым». Гэта значыць, што без
    асэнсавання адкрыццяў Старога Запавету немагчыма пасапраўднаму глыбока зразумець змест новазапаветных тэкстаў, а сам Стары Запавет і яго неабходнасць становяцца зразумелымі ў сувязі з падзеямі і ідэямі, якія паўстаюць у Новым Запавеце. Яшчэ ў II ст. Хрысціянская Царква рэзка асудзіла гнастычныя секты за спробу супрацьпаставіць Бога Старога Запавету і Ісуса Хрыста. На справе гэта вяло толькі да адрыву ад хрысціянства наогул. Згодна з хрысціянскай канцэпцыяй, Хрыстос — не «іншы» Бог, Ён ёсць увасабленне Самога Бога, дакладней — Слова Божага, Логаса, Ён — Сын Божы і чалавечы, што нарадзіўся, каб здзейсніць абвешчанае ў Старым Запавеце, адкрытае ўпершыню народу Божаму. Вось чаму Другі Ватыканскі Сабор запісаў у «Дэкларацыі аб адносінах Царквы да нехрысціянскіх рэлігіяў» (1967) асаблівае вызначэнне ў дачыненні да яўрэйскага народа: «Даследуючы таямніцу Царквы, Святы Сабор памятае пра сувязі, што паядналі духоўна народ Новага Запавету з нашчадкамі Аўраама... Царква не можа забыцца, што яна прыняла Ддкрыццё Старога Запавету праз народ, з якім Бог, па Сваёй невымоўнай літасці, пажадаў заключыць старажытны Саюз... Паводле апостала, яўрэі і сёння застаюцца, дзеля айцоў, улюбёнымі Бога, чые дарункі і прызванні непарушныя»1. Святы Сабор апелюе тут да святога апостала Паўла, які рашуча не прымаў думку пра тое, што Бог мусіць «адвергнуць народ Свой» (Рым 11:1). Ён сцвярджаў, што яўрэі, нават тыя, якія не прынялі Хрыста, застаюцца «ў дачыненні да выбрання ўлюбёнымі Божымі дзеля айцоў. Бо дары і прызванне Божае неадменныя» (Рым 11:28— 29). Пагэтаму перш-наперш патрэбна зразумець, якія вялікія ідэі і адкрыцці звязваюць у адно непарушнае цэлае два Запаветы.