• Часопісы
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    Шляхамі Адвечнай Кнігі, альбо Біблія як увасобленая метагісторыя
    Успамінаю пра дзеянні Госпада, Успамінаю пра цуды старажытныя, I разважаю пра ўсе справы Твае, I апавядаю пра зробленае Табой. Божа, у святасці шляхі Твае! Хто бог, што вялікі, як Бог?
    Ты — Бог, што цуды стварыў,
    Ты выявіў сярод народаў сілу Тваю...
    (Пс 77/76:12—15)
    Адно з найвялікшых адкрыццяў Бібліі — адкрыццё гісторыі як асэнсаванага і мэтаскіраванага працэсу. Час ужо не паўстае ў выглядзе вялізнага замкнёнага кола, як у язычніцкіх культурах, але набывае сэнс і напрамак: ён рушыць наперад да поўнага трыумфу Боскай дабрыні, да ажыццяўлення ў сусветным маштабе запаведзяў Божых. Сама ідэя Запавету-Саюзу паміж Богам і чалавекам — ідэя, якая мае перадумовай свядомую волю, — цягне за сабою ідэю паступальнага руху, магчымага толькі для свабоднай волі, здольнай адгукнуцца на заклік Бога. Так матэрыялізацыяй Запавету становіцца Зыход, так гісторыя асэнсоўваецца чалавечай свядомасцю як дыялог паміж чалавекам і Богам, паміж Я і Вечным Ты (паводле вызначэння слыннага іудзейскага філосафа-экзістэнцыяліста XX стагоддзя, стваральніка канцэпцыі філасофскага дыялагізму Марціна Бубера). Пачынаючы са Старога Запавету, Біблія ўвасобіла найвялікшую духоўную парадыгму — Адкрыццё Бога ў гісторыі і праз гісторыю. Такім чынам, Біблію немагчыма зразумець па-за кантэкстам гісторыі, і перадусім — яўрэйскай гісторыі.
    Паводле словаў Мікалая Бярдзяева, галоўны сюжэт, што назаўжды ўвасоблены ў тэкстах Торы (Пяцікніжжа Майсеева), можна вызначыць як «сустрэчу народа з Богам шляхам гісторыі»1. Разважаючы пра асаблівы лёс яўрэйскага народа, які нельга растлумачыць аніякімі пазітывісцкімі ці марксісцкімі законамі, вядомы рускі філосаф пісаў: «Яўрэйству належыць абсалютна выключная роля
    1 Бердяев Н. А. Смысл нсторнн. С. 71.
    ў нараджэнні свядомасці гісторыі, у напружаным пачуцці гістарычнага лёсу, менавіта яўрэйствам унесены быў у светавое жыццё чалавецтва пачатак гістарычнага»1. Так, стрыжань Святога Пісання складае абвостранае пачуццё гісторыі, адчуванне яе недарэмнасці, наканавання Божага ў гістарычным шляху народа. Але пры ўсім гэтым Біблію мала хвалюе гісторыя фактаў, хаця яны там ёсць у вялікім мностве. На старонках вялікай Кнігі паўстае нешта большае за эмпірычную гісторыю — метагісторыя, духоўная гісторыя, гісторыя Адкрыцця, гісторыя пошукаў сэнсу жыцця і ўласнага прызначэння. Менавіта таму гэтая гісторыя стала амаль што вычарпальнаю парадыгмаю гістарычнага быцця ў пошуках Бога і перад тварам Яго, Свяшчэннай гісторыяй і разам з тым засталася самай што ні ёсць сапраўднай гісторыяй народа. Суайчыннік і сучаснік Мікалая Бярдзяева, рускі рэлігійны філосаф, айцец Сяргей Булгакаў пісаў: «Змест міфа датычыцца быцця Боскага, на лініі судакранання з чалавечым. Магчымае пранікненне ў Боскі свет і праз абалонку эмпірычнага, знутры. У такім выпадку чалавечая гісторыя, не пакідаючы быць гісторыяй, у той жа час міфалагізуецца, бо спасцігаецца не толькі ў эмпірычным, часавым выяўленні сваім, але і ноуменальнай, звышчасавай існасці; так званая Свяшчэнная гісторыя, г. зн. гісторыя выбранага народа Божага, і ёсць такая міфалагізаваная гісторыя: падзеі жыцця яўрэйскага народа раскрываюцца тут у сваім рэлігійным значэнні, гісторыя, не пакідаючы быць гісторыяй, становіцца міфам»2. Такім чынам, ні яўрэйская, ні хрысціянская Біблія (апошняя, як ужо адзначалася, увабрала ў сябе першую) не можа быць зразуметая без асэнсавання падзеяў гісторыі народа Божага і таго няпростага і таямнічага шляху, што прайшла Кніга, станаўленне якой неадрыўнае ад сталення народа. Біблія сінтэзавала гістарычны досвед яўрэйскага народа і зрабіла яго парадыгмаю гістарычнага лёсу кожнага народа, усяго чалавецтва. Нездарма Гётэ сказаў, што Біблія сапраўды з’яўляецца Кнігаю народаў, бо лёс аднаго народа яна робіць сімвалам лёсу ўсіх астатніх.
    1 Бердяев Н. А. Смысл нсторнн. С. 68.
    2 Булгаков С. Свет невечерннй. М., 1994. С. 61.
    Калі ж пачалася гісторыя, што ўсведамляецца самой Бібліяй як дыялог паміж Богам і чалавекам? Пры гэтым варта заўважыць, што пачатак дыялога заўсёды належыць Усёмагутнаму: гэта Ён, спрадвечна і кроўна зацікаўлены ў чалавеку, выклікае яго на дыялог, прыкладае найвялікшыя намаганні, каб узняць найлепшае і найскладанейшае сваё стварэнне, якому Ён падараваў свабоду волевыяўлення, да вышыняў маральнай дасканаласці. Пасля многіх і многіх няўдалых спробаў Бог шукае таго, хто здолее прыняць цалкам Яго вобраз і Яго слова ў сваю душу, хто стане — добраахвотна і толькі добраахвотна! — носьбітам Запавету з Ім. Яўрэйская гісторыя і пачынаецца прыкладна чатыры тысячы гадоў таму назад (г. зн. на пераломе 3-га і 2-га тысячагоддзяў да н. э.) менавіта з таго, паводле біблейнага тэксту, што першы яўрэй Аўраам (дакладней у арыгінале — Аврагам, у перадачы лацінскай Бібліі — Ab­raham (Абрагам)) адгукнуўся на голас Божы і рушыў на заклік Усявышняга да зямлі Кенаан (Ханаан), што абяцаная была Аўрааму і яго нашчадкам Самім Богам (адсюль — Зямля Абяцаная, або Зямля Запаветная). Але яшчэ раней бацька Аўраама Тэрах (у славянскай Бібліі — Фара) з не зусім зразумелай прычыны пакінуў са сваім патрыярхальным кланам старажытны горад Ур — былы шумерскі, a потым акадскі (вавілонскі) цэнтр на беразе ракі Еўфрат. Тэрах пераправіўся са сваімі людзьмі і са сваімі статкамі на другі бок Еўфрата і пачаў вандраваць, пераходзячы з аднаго аазіса ў другі. Што паведамляюць наконт гэтага гісторыя і археалогія? Сапраўды, нейкае племя (ці клан) заходніх семітаў на пачатку 2-га тыс. да н. э. выселілася з Паўночнай Месапатаміі, дзе на нагор’і жылі арамейцы, ці арамеяне, мова якіх, як і іўрыт, належыць да семіцкай моўнай групы (заходнесеміцкай падгрупы), у СірыйскаАравійскую паўпустыню і пачало весці напаўкачавы лад жыцця. Можа, менавіта гэтае перасяленне цераз Еўфрат і пастаянныя вандроўкі адбіліся ў найстаражытнейшым найменні народа — іўрь'ім (дакладней — іврім), што значыць на мове іўрыт (слова з тым жа коранем) «прышэльцы», «перасяленцы», «тыя, хто прыйшлі з другога боку [ракі]». Адсюль, ад гэтай саманазвы (у адзіночным ліку — іврі, «яўрэй»), паходзіць і грэчаскае ebraios, і візан-
    тыйскае ebreos (эврэос), ад якога ў сваю чаргу ўтвораныя і рускае еврей, і беларускае яўрэй', ад гэтай саманазвы — і лацінскае hebraeus, ад якога бяруць пачатак італьянскае ebreo, іспанскае Hebreo, нямецкае Hebraer, англійскае Hebrew, французскае Hebreu і яшчэ адна беларуская форма гэтага слова, што прыйшла менавіта праз лаціну, — габрэй', адсюль і гебраістыка — навука пра габрэйскую старажытнасць, пра тэксты на іўрыце (яўрэйскаму народу падчас яго доўгай і складанай гісторыі прыйшлося выступаць пад рознымі імёнамі). Але цікава і вельмі шматзначна, што ў Бібліі (у Кнізе Быцця) Аўраам названы ўпершыню яўрэем менавіта пасля таго, як ён паслухаўся голасу Бога, прыйшоў у Ханаан і пасяліўся сярод амарэяў (амарэйцаў) у дуброве Мамрэ: Аврагам га-Іврі — Аўраам Яўрэй, ці Аўраам Габрэй (Быц 14:13). Акрамя таго, у Пяцікніжжы паведамляецца, што Аўраам меў арамейскія карані. Што ж вынікае з гэтага? Напэўна тое, што вызначэнне «яўрэй» мае, на думку самой Торы, не толькі этнічны, але і рэлігійна-этычны сэнс: Аўраам быў названы так менавіта таму, што ён рушыў на Божы заклік, асмеліўся кардынальна змяніць сваё жыццё, перайсці на іншы бераг ужо не толькі ў прамым, але і ў глыбінным сэнсе, пайсці нязведаным шляхам Адзінабожжа. Ад Аўраама — за вялікую яго веру, чысціню душы, геніяльную інтуіцыю — Бог і вырашыў стварыць Свой выбраны народ — выбраны, каб ажыццявіць задуму Усявышняга, якая датычыць лёсу ўсяго чалавецтва, усяго свету (патрэбна заўважыць, што ў сувязі з гэтым з самых даўніх часоў прыналежнасць да яўрэйскага народа, або да народа Ізраіля, як ён яшчэ завецца ў Бібліі, вызначалася і вызначаецца зараз, згодна з рэлігійным яўрэйскім законам, не толькі паходжаннем ад гэтага народа, але перш за ўсё прыняццем запаведзяў Торы, законаў іудаізму, што пацвярджае не толькі нацыянальны, але і універсальны характар гэтай рэлігіі).
    Такім чынам, пачаткам Свяшчэннай гісторыі становіцца дыялог паміж Богам і Аўраамам. Згодна з паданнем, гэта адбылося ў горадзе-дзяржаве Харан, дзе Тэрах пасля доўгіх вандровак спыніўся са сваім кланам. Усявышні адкрыўся Аўрааму пад імем Эль Шаддай (Бог Моцны; старажытны семіцкі корань Эль мае значэнне «сіла, моц»
    і ў словазлучэнні Эль Эльён можа быць перакладзены як Усёмагутны) і прапанаваў яму заключыць з Ім адвечны Запавет. Калі Аўраам і яго нашчадкі будуць верныя Запавету, то яны стануць выбраным народам Божым і атрымаюць у спадчыну Зямлю Запаветную — Кенаан (Ханаан). Могуць узнікнуць пытанні: а ці адбыўся на самой справе той дыялог паміж Богам і Аўраамам? хто можа гэтае пацвердзіць? Адкажам: ніхто, акрамя самой Бібліі. Няма знешніх, «аб’ектыўных» крыніцаў і сведкаў — для тых, хто ставіць Біблію пад сумненне. Але ж ніхто не можа і абвергнуць гэтага. I ў рэшце рэштаў важна тое, што калісьці нарадзілася сама ідэя Запавету паміж Богам і чалавекам, стала набыткам чалавечай свядомасці і пачала крок за крокам пераробліваць свядомасць, а разам з ёю — рэчаіснасць. I важна, што разам з ростам свядомасці, з усё больш глыбокім спасціжэннем Бога, складалася і набывала свае канчатковыя контуры Святое Пісанне.
    Найстаражытнейшы этап яўрэйскай гісторыі, адлюстраваны ў Кнізе Быцця, пачынаючы са славутага 12-га раздзела, з закліку да Аўраама — Лэх-лэха! («Устань і ідзі!»), працягнуўся амаль на чатырыста гадоў — прыкладна з 2000 да 1600 г. да н. э. Ён атрымаў назву «Эпоха Патрыярхаў», бо менавіта ў гэты час жылі першапачынальнікі выбранага Богам народа, патрыярхі (або праайцы, на іўрыце — авот): Аўраам, яго сын Йіцхак (Ісаак) і сын апошняга Йаакоў (дакладней — Йааков\ у беларускай транслітэрацыі — Іакаў (Якаў), альбо Якуб). Ад Іакава, што ад Самога Бога атрымаў сваё другое імя — Йісраэль (Ізраіль1), паходзіць — праз яго дванаццаць сыноў — увесь яўрэйскі народ, або народ Ізраіля. Імёны дванаццаці сыноў Іакава-Ізраіля зрабіліся эпонімамі дванаццаці каленаў (плямёнаў) Ізраілевых, якія склалі адзіны народ — ам Йісраэль («народ Ізраіля»), Чым больш вывучае біблейная археалогія гэты найстаражытнейшы этап Свяшчэннай гісторыі, тым больш упэўніваецца, што ў Кнізе Быцця сапраўды адбіліся рэаліі жыцця людзей менавіта той эпохі — эпохі Сярэдняй бронзы і тэкст Бібліі гаворыць нам толькі праўду. Так, доўгі час гісторыкі, якія вывучалі старажыт-